Перайсьці да зьместу

Ватыкан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Папскі Пасад»)
Ватыкан
лац. Vatykan

Status Civitatis Vaticanæ
Stato della Citta del Vaticano
Сьцяг Ватыкану Герб Ватыкану
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Inno e Marcia Pontificale»
Месцазнаходжаньне Ватыкану
Афіцыйная мова Лаціна, італьянская
Сталіца Ватыкан
Форма кіраваньня
Папа рымскі
Дзярж. сакратар
Абсалютная тэакратычная манархія
Францішак
Pietro Parolin
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
256-е месца ў сьвеце
0,44 км²
0
Насельніцтва
 • агульнае (2022)
235-е месца ў сьвеце
1000[1]
Канфэсійны склад каталікі (100%)[2]
Валюта Эўра (EUR)
Часавы пас
 • улетку
CET (UTC+1)
CEST (UTC+2)
Незалежнасьць
— ад Італіі

11 лютага 1929
Аўтамабільны знак V
Дамэн верхняга ўзроўню .va
Тэлефонны код +379
Мапа Ватыкану
Мапа Ватыкану

Ватыкан (па-італьянску: Stato della Città del Vaticano) — незалежная дзяржава-горад і цэнтар Рымска-каталіцкай царквы[1], рэзыдэнцыя яе главы — папы рымскага. Знаходзіцца ў заходняй частцы Рыму. Тэрыторыя — 0,44 км². У Рыме й яго ваколіцах Ватыкану таксама належаць тры саборы (у імя найсьв. Панны Марыі, сьв. Яна Лятэранскага й сьв. Паўла па-за Сьценамі), шэраг палацаў і вілаў агульнай плошчай 0,7 км². Паблізу Рыму ў замку Кастэль-Гандольфа знаходзіцца летняя загарадная рэзыдэнцыя папы рымскага.

Ватыкан, па сутнасьці, ня мае свайго сталага насельніцтва. На яго тэрыторыі пражывае Папа, кіраўнікі Рымскай курыі, службоўцы ватыканскіх установаў, вайскоўцы Папскай швайцарскай гвардыі. Паводле зьвестак на 2004 год, у ватыканскіх установах працуе каля трох тысячаў супрацоўнікаў, зь якіх маюць рэлігійны сан 1300 чалавек. Ватыканскае грамадзянства носіць адміністрацыйны характар. У пэрыяд свайго знаходжаньня на службе ватыканскім супрацоўнікам падаецца падданства Сьвятога Прастолу, а ў выпадках паездак за мяжу (за межы Італіі) выдаюцца службовыя або дыпляматычныя пашпарты Сьвятога Прастолу. Афіцыйныя мовы — лаціна (у паўсядзённым жыцьці на ёй амаль ніхто не гаворыць і яна выкарыстоўваецца выключна ў афіцыйных друкаваных дакумэнтах Ватыкану й падчас набажэнстваў). У дыпляматычнай перапісцы выкарыстоўваецца француская. Паўсядзённымі й гутарковымі па частаце ўжываньня зьяўляюцца італьянская, гішпанская, ангельская, нямецкая й француская мовы. Грашовая адзінка — эўра. Папская дзяржава па дагаворы з урадам Італіі ў абмежаваных маштабах чаканіць таксама ўласную манэту — ватыканскі эўра, прызначаны ў асноўным для нумізматаў.

Галоўнымі афіцыйнымі сьвятамі зьяўляюцца — дзень абраньня актуальнага Папы (13 сакавіка)[1], Божае Нараджэньне й Вялікдзень.

Гістарычна цяперашні Ватыкан стаў пераемнікам Папскай вобласьці. У 756 годзе франскі кароль Піпін Кароткі (бацька Карла Вялікага) у выніку супрацьборства зь лянгабардамі й бізантыйцамі падарыў папу Стэфану II Рым і некалькі правінцыяў у цэнтральнай Італіі, што склала гістарычнае ядро Папскай дзяржавы, так званай «спадчыны сьвятога Пятра». Ватыкан на сёньняшні дзень зьяўляецца самым старым дзяржаўным утварэньнем. Інстытуты ягонай дзяржаўна-царкоўнай улады наўпрост ўзыходзяць да Рымскай імпэрыі. Папская дзяржава спыніла сваё існаваньне 20 верасьня 1870 году, калі войскі караля Эмануіла II Савойскага падчас завяршэньня аб’яднаньня краіны ўвайшлі ў «вечны горад» і абвесьцілі яго сталіцай Італіі. Папа катэгарычна не пагадзіўся з гвалтоўным захопам Рыму і не прызнаў ягоную анэксію. Паўстала «рымскае пытаньне».

Пасьля працяглага пэрыяду непаразуменьня паміж урадам Італіі й Сьвятым Прастолам бакі пайшлі на ўрэгуляваньне адносінаў. 11 лютага 1929 году былі падпісаныя Лятэранскія дамовы (Канкардат), паводле якіх прызнавалася сувэрэннасьць ватыканскай дзяржавы. У 1984 годзе Італія й Ватыкан падпісалі новы Канкардат. У адрозьненьне ад папярэдняга, паводле якога каталіцызм афіцыйна аб’яўляўся дзяржаўнай рэлігіяй, новы канкардат надае італьянцам фармальна поўную волю выбару рэлігіі.

Палац урада Ватыкана

З пункта погляду дзяржаўнага ладу Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія, якая не перадаецца паводле спадчыны[3]. Глава дзяржавы — папа рымскі. У выпадку ягонай адсутнасьці або сьмерці бягучымі справамі Ватыкану кіруе камэрленг Сьвятой Рымскай царквы, выконваючы ролю месцаназіральніка ў папярэдні час перад выбарам новага папы. Папу належыць вярхоўная заканадаўчая, выканаўчая й судовая ўлада. У ягоную кампэтэнцыю ўваходзіць прэзэнтацыя Ватыкану ў міжнародных адносінах, заключэньне, ратыфікацыя й дэнансацыя міжнародных дагавораў й канкардатаў, прыём дыпляматычных прадстаўнікоў і прызначэньне прадстаўнікоў Ватыкану ў іншых краінах. Папа абіраецца пажыцьцёва калегіяй кардыналаў. Абраньне зьдзяйсьняецца на канклаве (лац. пад ключом) зь ліку кардыналаў шляхам таемнага галасаваньня большасьцю ня меней за дзьве траціны галасоў. Вышэйшыя кансультатыўныя органы: Сусьветны сабор Рымска-каталіцкай царквы, Калегія кардыналаў і Біскупскі сынод. Сусьветны (або Ватыканскі) сабор склікаецца пэрыядычна раз у некалькі дзясяткаў гадоў для абмеркаваньня найболей важных царкоўных праблем. Апошні сабор склікаўся ў 1962—1965 гадах (21 Сусьветны або Ватыканскі сабор).

Калегія кардыналаў, то бок дарадчы орган пры Папе, зьбіраецца для абмеркаваньня найболей важных царкоўных справаў і для выбараў Папы. Падчас абраньня пантыфіка ў калегіі (канклаве) могуць удзельнічаць толькі кардыналы маладзейшыя за 80 гадоў, прызначаныя Папам пажыцьцёва. Так, зь цяперашніх 189 кардыналаў 174 прызначаныя Янам Паўлам II. Каля траціны кардыналаў уваходзяць у склад Рымскай курыі (урад Ватыкану), дзе засяроджанае практычнае кіраўніцтва рэлігійнай, палітычнай і эканамічнай дзейнасьцю Ватыкану. У склад Рымскай курыі ўваходзяць Дзяржаўны сакратарыят, 9 кангрэгацыяў (духоўныя ведамствы), 3 трыбуналы, 12 папскіх радаў і камісіяў, іншыя ведамствы.

Дзейным папам рымскім зьяўляецца Францішак, які зьяўляецца выхадцам з Аргентыны. Ён быў абраны на гэтую пасаду ў 2013 годзе.

Зьнешняя палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Швайцарская гвардыя

Сьвяты Прастол падтрымлівае дыпляматычныя адносіны з 178 дзяржавамі. Роля Ватыкану ў міжнароднай палітыцы, ягоны ўплыў у сьвеце грунтуюцца на вялізнай колькасьці вызнаўцаў-каталікоў — 1,1 млрд чал. Правадыром ягонай палітыкі зьяўляецца каталіцкае духавенства, то бок 1,9 млн манахаў і каля 0,5 млн сьвятароў, каля 2 тысячаў манаскіх ордэнаў, найбольш буйнымі зь якіх зьяўляюцца ордэны езуітаў, якія налічваюць 26 тысячаў чальцоў, францысканцаў, 45 тысячаў чальцоў, салезіянцаў, капуцынаў, бэнэдыктынцаў, дамініканцаў.

Ватыкан дзейнічае таксама праз гэтак званыя сьвецкія каталіцкія арганізацыі: прафзьвязныя, культурныя, моладзевыя, жаночыя і іншыя арганізацыі. Значная колькасьць з гэтых арганізацыяў уваходзяць у канфэрэнцыю міжнародных каталіцкіх арганізацыяў, праца якіх каардынуецца Дзяржаўным сакратарыятам Ватыкану. Пад пэўным уплывам Ватыкану знаходзяцца клерыкальныя палітычныя партыі ў розных краінах сьвету. У апошні час роля, якую гуляе Ватыкан у міжнародных адносінах стала больш значнай, асабліва на фоне росту ліку глябальных праблемаў, якія закранаюць інтарэсы ўсяго чалавецтва. Гэтаму шмат у чым спрыяў Ян Павал II, усталяваныя ім асабістыя кантакты са шматлікімі значнымі дзяржаўнымі дзеячамі. Ён з прыкметным палітычным рэзанансам рабіў рэгулярныя паездкі па сьвеце — падлічана, што Ян Павел II за гады свайго пантыфікату падчас падарожжаў праехаў агульную адлегласьць роўную чатыром адлегласьцям ад Зямлі да Месяца.

Кіраўніцтва Ватыкану ўдзельнічае ў рашэньні ключавых міжнародных праблемаў, уключаючы ліквідацыю зброі масавага зьнішчэньня, урэгуляваньне рэгіянальных канфліктаў, ахове навакольнага асяродзьдзя. У цэнтры ўвагі Ватыкану — праблемы сьвету, які разьвіваецца, як то адсталасьць, голад і галеча, беспрацоўе. Таму не выпадкова, што большасьць сваіх паездак Ян Павел II зьдзейсьніў у Азію, Афрыку й Лацінскую Амэрыку. Ватыкан зрабіў важны ўнёсак у пачатак і паступальнае разьвіцьцё агульнаэўрапейскага працэсу. Ён выяўляе значную цікавасьць да блізкаўсходняга мірнага працэсу, да пытаньня аб статусе Ерусаліму, а таксама да ўрэгуляваньня сытуацыі ў Іраку й у іншых канфліктных зонах плянэты.

Тэрыторыя Ватыкана паводле Лятэранскай дамовы
Ватыканскія сады

Клімат Ватыкана такі ж як у Рыме, умераны міжземнаморскі клімат зь мяккай дажджлівай зімой зь верасня да сярэдзіны траўня і гарачае сухое лета ад траўня да жніўня. Ёсьць некаторыя мясцовыя асаблівасьці, частыя туманы й раса, якія выкліканыя вялікімі памерамі базылікі Сьвятога Пятра, вышынёй на якой яна месьціцца і вялікімі памерамі брукаванай плошчы.

Ватыкан зьяўляецца самай маленькай дзяржавай у сьвеце, маючы плошчу толькі каля 44 гектараў. У ліпені 2007 году Ватыкан пагадзіўся стаць першай вугляродна-нэўтральнай дзяржавай. Яны плянуюць зрабіць гэта за кошт кампэнсацыі выкідаў вуглякіслага газу[4].

Назва «Ватыкан» зьявілася яшчэ да прыняцьця хрысьціянства ў Старажытным Рыме й паходзіць ад назвы гор[5]. Менавіта на гэтай тэрыторыі месьцяцца Базыліка Сьвятога Пятра, Апостальскі палац, Сыкстынская капэла і музэі, якія былі пабудаваныя разам зь іншымі будынкамі. Гэты раён быў часткай Рыму да 1929 году, калі быў аддзелены ад гораду. Ватыкан месьціцца на заходнім беразе Тыбра.

Паводле Лятэранскай дамовы, некаторыя будынкі Сьвятога Прастола, якія зараз знаходзяцца на тэрыторыі Італіі, у першую чаргу гэта Кастэль Гандольфа й іншыя базылікі, атрымалі экстэрытарыяльны статус, аналягічны статусу замежных пасольстваў[6]. Гэты статус атрымалі й іншыя структуры й будынкі Ватыкана, якія аказаліся раскіданымі па ўсім Рыме й Італіі. Кастэль Гандольфа й іншыя базылікі патрулююцца ўнутранымі паліцэйскімі агентамі дзяржавы Ватыкан, а не італьянскай паліцыі. Плошча Сьвятога Пятра паводле звычая ахоўваецца сумесна.

На тэрыторыі Ватыкана знаходзяцца Сады Ватыкана (італ. Giardini Vaticani)[7], на долю якіх прыпадае больш за палову тэрыторыі дзяржавы. Сад, створаны ў эпоху Адраджэньня й эпоху барока, ўпрыгожаны фантанамі й скульптурамі.

Сады займаюць каля 23 га й займаюць большасьць Ватыканскага пагорку. Самы высокі пункт складае 60 мэтраў над узроўнем мора. Каменныя сьцены зьвязваюць вобласьць на поўначы, поўдні й захадзе.

Сады ўзыходзяць да Сярэднявечча, калі вінаграднікі й фруктовыя сады былі распаўсюджаны на поўначы Папскага Апостальскага палаца[8]. У 1279 годзе папа Мікалай III перанёс сваю рэзыдэнцыю назад у Ватыкан зь Лятэранскага палаца й абгародзіў гэтую тэрыторыю сьценамі[9]. Ён сплянаваў Ватыканскі сад.

Ватыкан мае некалькі асноўных крыніцаў прыбыткаў, галоўным зь іх ёсьць Інстытут рэлігійных справаў, які, фактычна, зьяўляецца ватыканскім банкам, бюджэт якога складае штогод некалькі млрд даляраў ЗША. Банкамат гэтага банку маюць інтэфрэйс на лацінскай мове, які, напэўна, зьяўляецца адзіным такім банкаматам у сьвеце[10]. Сярод іншых крыніцаў прыбытку варта адзначыць ахвяраваньні вернікаў і фінансавая й эканамічная дзейнасьць уласных прадпрыемстваў, то бок у папскай загараднай рэзыдэнцыі, напрыклад, наладжана вытворчасьць шырокай гамы малочных прадуктаў пад маркай «Фаторыя Пантыфічыя». Акрамя таго Ватыкан мае прыбытак ад продажу паштовых марак, манэтаў, мэдалёў і сувэніраў турыстам, а таксама паступленьні ад музэяў і публікацыяў. Прыбытак і ўзровень жыцьця сьвецкіх працаўнікоў супастаўлены з заробкам калегаў, якія працуюць у Рыме[11]. Іншыя галіны прамысловасьці ўключаюць паліграфію, выраб мазаікі й вытворчасьць супрацоўнікам уніформы.

Сьвяты Пасад зьдзяйсьняе шырокую прадпрымальніцкую дзейнасьць, у тым ліку фінансавую. Валодае значнай нерухомасьцю ў Эўропе, Лацінскай Амэрыцы, супрацоўнічае зь міжнароднымі банкамі й манаполіямі. Каля 3/4 капіталаў Ватыкану ўкладзена ў Італіі. Толькі ў Італіі яму належыць 482 тысячаў га апрацоўваемых плошчаў, уключаючы некалькі тысячаў гектараў у раёне Рыму. Значная частка нерухомасьці «вечнага гораду» таксама належыць Ватыкану праз шэраг страхавых кампаніяў.

Ватыкан выпускае ўласныя манэты. Ён выкарыстоўвае эўра ў якасьці сваёй валюты з 1 студзеня 1999 году, дзякуючы спэцыяльным пагадненьням з Эўрапейскім зьвязам. Але выраб сваіх уласных манэтаў і банкнотаў ня быў ўведзены да 1 студзеня 2002 году. Выпуск эўра-манэтаў строга абмежаваны дамовай, хоць і зьяўляецца некалькі большым, чым звычайна дапускаецца ў год[12]. З-за сваёй рэдкасьці, ватыканскія эўра-манэты высока цэняцца калекцыянэрамі. Да прыняцьця эўра Ватыкан выкарыстоўваў у якасьці ўласнай валюты ватыканскую ліру, якая мелі адзіны курс зь італьянскай лірай.

Групы паломнікаў, якія прыбываюць у Ватыкан з розных краінаў сьвету й турысты ўносяць свой унёсак у бюджэт Сьвятога Прастола. Штогод ягоная сума ў сярэднім складае каля 90 млн даляраў ЗША. Дзяржава Ватыкан, у якой працуюць каля 4 тысячаў чалавек[1], мела станоўчае сальда ў памеры 6,7 млн эўра ў 2007 годзе, але сутыкнуўся з дэфіцытам у 2008 годзе большым за 15 мільёнаў эўра[13].

Музэі Ватыкану

Практычна ўсё насельніцтва Ватыкана — падданныя Сьвятога Стальца, бо падданства Ватыкана не існуе, якія маюць пашпарт і зьяўляюцца прыслужнікамі Каталіцкай Царквы.

На 2005 году з 557 падданых Сьвятога Стальца 58 — кардыналы, 293 чалавекі маюць статус духавенства й зьяўляюцца чальцамі папскіх прадстаўніцтваў, 62 — іншыя прадстаўнікі духавенства, 101 — чальцы швайцарскай гвардыі, а астатнія 43 — цывільныя. У 1983 годзе ў Ватыкане не зарэгістравана ніводнага навароджаннага. Нябольш за палову, 246 грамадзянаў, захавалі сваё першае грамадзянства. Грамадзянства Ватыкану не спадкаецца й ня можа быць набыта з прычыны нараджэньня ў горадзе. Яно можа быць атрымана толькі на выснове служэньня Сьвятому Стальцу й скасавана з прычыны спыненьня працоўнай дзейнасьці ў Ватыкане.

Артыкул 9 Лятэранскага пагадненьня 1929 году паміж Ватыканам і Італіяй паведамляе, што калі асоба перастае быць грамадзянінам Ватыкану й ня мае грамадзянства любой іншай краіны, яму даецца італьянскае грамадзянства. Этнічна, большасьць зь іх зьяўляюцца італьянцы, з-за выключэньнем чальцоў швайцарскай гвардыі. Да «дзённага» насельніцтва Ватыкана адносяцца таксама каля 4 тысячаў працуючых там італьянцаў, але якія жывуць па-за межамі Ватыкана. У 2005 годзе ў Ватыкане было зарэгістравана 111 шлюбаў.

«П’ета» Мікелянджэлё зьяўляецца адным з самых вядомых ватыканскім твораў мастацтва

Ватыкан зьяўляецца домам для некаторых з самых вядомых твораў мастацтва ў сьвеце. Базыліка Сьвятога Пятра, якую пасьлядоўна будавалі такія архітэктары як Даната Брамантэ, Мікелянджэлё, Джакама дэла Порта, Карлё Мадэрна й Джаваньні Лярэнца Бэрніні зьяўляецца вядомым творам архітэктуры эпохі Адраджэньня. Сыкстынская капэла знакаміта сваімі фрэскамі, якія ўключаюць у сябе творы П’етра Пэруджына, Дамэніка Гірляндаё й Сандра Батычэльлі, а таксама вядомая праца Мікелянджэлё Страшэнны суд на столі капэлі. Сярод вяломых мастакоў, якія ўпрыгожвалі інтэр’еры Ватыкана варта адзначыць таксама Рафаэля й Фра Анжэліка.

Бібліятэка Ватыкана й калекцыі музэяў Ватыкана маюць высокае гістарычнае, навуковае й культурнае значэньне. У 1984 годзе Ватыкан быў дададзены ЮНЭСКО ў сьпіс аб’ектаў сусьветнай спадчыны, гэта толькі адзіны такі выпадак, калі ў сьпіс патрапіла цэлая дзяржава[14]. Акрамя таго, гэта адзінае месца на сёньняшні дзень зарэгістраванае ЮНЭСКО як цэнтар засяроджваньня культурных каштоўнасьцяў.

Пры Ватыкане дзейнічаюць Папская акадэмія навук, створаная ў 1603 годзе), якая падпарадкоўваецца непасрэдна Папу й мае сваёй мэтай садзейнічаць дасьледаваньням у вобласьці фізыкі, матэматыкі й прыродазнаўства, а таксама Папская акадэмія сацыяльных навук. Папскія акадэмікі прызначаюцца Папам зь ліку вядомых навукоўцаў у вобласьці матэматычных і прыродазнаўчых навук. Папская акадэмія навук налічвае 78 чальцоў, Папская акадэмія сацыяльных навук — 40 чальцоў.

Ватыкан выдае сотні газэтаў і часопісаў у розных краінах. Афіцыйнае выданьне Ватыкану — штодзённая газэта «Асэрваторэ рамана», якая мае наклад каля 50 тысячаў адзінак. У Сьвятога Прастола маецца сваё агенцтва друку — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Радыё Ватыкану вядзе свае перадачы на 41 мовах, у тым ліку й на беларускай мове, на большасьць краінаў сьвету, у тым ліку на краіны СНД. Пры Ватыкане маецца «Ватыканскі тэлевізійны цэнтар» («Тэлепачэ»). З 1996 году Ватыкан падключаны да сеткі інтэрнэт.

Ватыканская чыгуначная станцыя

Ватыкан мае даволі добра разьвітую транспартную сетку з улікам сваіх памераў, якія складаюцца ў асноўным з плошчы й тратуара. У краіне, якая мае 1,05 кілямэтраў у даўжыню й 0,85 кілямэтраў у шырыню[15], яна мае невялікую транспартную сыстэму, без аэрапортаў або шашы. У Ватыкане месьціцца адна гэлікоптэрная пляцоўка й чыгуначная станцыя, якая належыць да італьянскай чыгуначнай сеткі й цягнецца па тэрыторыі Ватыкану ўсяго 300 мэтраў[16].

Папа Ян XXIII быў першым Папам, як пачаў выкарыстоўваць гэтую чыгунку. Ян Павал II таксама выкарыстоўваў яе, але й даволі рэдка. Чыгунка ў асноўным выкарыстоўваецца для перавозкі грузаў. Ватыкан ня мае аэрапортаў, зьяўляючыся такім чынам адной зь нешматлікіх незалежных дзяржаваў у сьвеце без аэрапорту, але аэрапорты Рыма абслугоўваюць Ватыкан, то бок аэрапорт імя Леанарда да Вінчы—Ф’юмічына і ў меншай ступені, аэрапорт Чампына, служаць у якасьці адпраўнога пункту для міжнародных візытаў Папы[16].

  1. ^ а б в г Holy See (Vatican City) (анг.) The World Factbook. CIA.
  2. ^ Die Welt. Atlas & Almanach. Freitag & Berndt, 1999. (ням.)
  3. ^ «Vatican City (Politics, government, and taxation)». Nations Encyclopedia.
  4. ^ «The Vatican to go carbon neutral». United Press International.
  5. ^ Vatican (search). Online Dictionary.
  6. ^ Treaty between the Holy See and Italy. vaticanstate.va
  7. ^ Map of Vatican City. www.saintpetersbasilica.org. Архіўная копія
  8. ^ «Al Pellegrino Cattolico: The Vatican Gardens». 2008 Al Pellegrino Cattolico s.r.l. Via di Porta Angelica 81\83 (S.Pietro) I- 00193 Roma, Italy.
  9. ^ «Official Vatican City State Website: A Visit to the Vatican Gardens». 2007-08 Uffici di Presidenza S.C.V.
  10. ^ Seán P. O’Malley (28 September 2006). «A Glimpse Inside the Vatican & Msgr. Robert Deeley’s Guest Post».
  11. ^ «Holy See (Vatican City): Economy». CIA — The World Factbook.
  12. ^ «Agreements on monetary relations (Monaco, San Marino, the Vatican and Andorra)». Activities of the European Union: Summaries of legislation.
  13. ^ Holy See’s budget shortfall shrinks in 2008. Christian Telegraph
  14. ^ «Vatican City — UNESCO World Heritage Centre». whc.unesco.org.
  15. ^ «Holy See — State of the Vatican City». Vatican Papal Conclave.
  16. ^ а б Vatican City State Railway Vatican City State Railway «Railways of the World». Sinfin.net.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]