Каталіцкая Царква

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Рымска-каталіцкая царква»)
Каталіцкая Царква
лац. Ecclesia Catholica

Базыліка Сьвятога Пятра ў Ватыкане.
Юрыдычны статус рэлігійнае аб’яднаньне
Мэта пашырэньне каталіцкае хрысьціянскай веры
Штаб-кватэра Ватыкан
Дзейнічае ў рэгіёнах увесь сьвет
Папа Рымскі Францішак
Кіроўны орган рымская курыя
Сайт vatican.va

Рыма-Каталіцкая Царква або Рыма-Каталіцкі Касьцёл — прыняты з канца XVII стагодзьдзя неафіцыйны тэрмін для абазначэньня той часткі Заходняй Царквы, якая засталася ў камунікацыі з Рымскім біскупам пасьля Рэфармацыі XVI стагодзьдзя. Каталіцтва зьяўляецца найбольш распаўсюджанай хрысьціянскай канфэсіяй, разам з пратэстанцтвам і праваслаўем. На 2017 год налічвалася прыблізна 1,3 мільярдаў ахрышчаных каталікоў у сьвеце. Як найстарэйшая й найбуйнейшая ў сьвеце міжнародная ўстанова, з усіх функцыяваных на сёньня[1], яна згуляла прыкметную ролю ў гісторыі й разьвіцьці Заходняе цывілізацыі. Касьцёл узначальвае біскуп Рыму, вядомы як Папа. Ягоная цэнтральная адміністрацыя мае назоў Сьвяты Пасад.

Каталікі прытрымліваюцца нікейскага сымбалю веры. Каталіцкая царква абвяшчае, што яна ёсьць адзінай, сьвятой, каталіцкай і апостальскай царквой, заснаванай Ісусам Хрыстом згодна зь ягоным Вялікім даручэньнем[2][3], а біскупы царквы зьяўляюцца пераемнікамі апосталаў Хрыста, а таксама, што Папа Рымскі ёсьць прамым пераемнікам Сьвятога Пятра, галоўнага апостала, прызначанага самім Ісусам Хрыстом. Царква сьцьвярджае, што яна прытрымліваецца першапачатковай хрысьціянскай веры, захоўваючы непахіснасьць, перададзеныя сакральныя традыцыі[4]. Лацінская царква, дваццаць тры ўсходнія каталіцкія цэрквы й такія інстытуцыі, як то жабрацкія ордэны, закрытыя манаскія ордэны й трэція ордэны адлюстроўваюць розныя тэалягічныя й духоўныя акцэнты, якія сфармаваліся ў рамках Каталіцкае Царквы[5]. Каталіцкая Царква яднаецца на адзінстве дагматыкі, але можа дапушчаць рознасьць у літургіі.

Зь сямі сакрамэнтаў эўхарыстыя зьяўляецца галоўнай, якая літургічна адзначаецца падчас імшы. Касьцёл вучыць, што пры пасьвячэньні сьвятара ахвярны хлеб і віно становяцца целам і крывёю Хрыста. Панна Марыя шануецца ў Каталіцкім Касьцёле як Маці Боская й Каралева Нябесная, ушаноўваецца ў догмах і адданасьцях[6]. Царкоўнае вучэньне ўключае ў сабе Боскую Міласэрнасьць, асьвячэньне празь веру й эвангелізацыю Дабравесьця, а таксама каталіцкае сацыяльнае вучэньне, якое падкрэсьлівае добраахвотную падтрымку хворых, бедных і пацярпелых празь цялесныя й духоўныя справы міласэрнасьці. Каталіцкая царква зьяўляецца найбуйнейшым няўрадавым арганізатарам адукацыі й аховы здароўя ў сьвеце[7].

Каталіцкая царква аказала значны ўплыў на заходнюю філязофію, культуру, мастацтва й навуку. Каталікі жывуць па ўсім сьвеце, пашырыўшы сваю прысутнасьць празь місіі, дыяспару й хрышчэньні. З XX стагодзьдзя большасьць вернікаў насяляюць паўднёвае паўшар’е праз сэкулярызацыю ў Эўропе й узмацненьне перасьледу на Блізкім Усходзе. З канца XX стагодзьдзя Каталіцкая царква ёсьць аб’ектам крытыцы праз свае падыходы да вучэньняў датычнае сэксуальнасьці, няздольнасьць да вырашэньня пытаньня з жанчынамі сьвятарамі, а таксама праз справу з сжксуальным гвалтам з удзелам духавенства.

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каталіцкая Царква характарызуецца моцнай герархічнай структурай. Найвышэйшае месца ў герархіі займае Папа Рымскі (лац. Pontifex Maximus), аднак фармальна, ён зьяўляецца толькі біскупам Рыму. Ён зьяўляецца прызнаным чальцом царквы, як пераемнік апостала Пятра, намесьнікам Хрыста на зямлі й бачным кіраўніком Царквы, які абіраецца пасьля сьмерці свайго папярэдніка або з прычыны адмовы дзейніючага пантыфіка выканьня сваіх абавязкаў.

Сусьветны сабор зьяўляецца сходам усіх біскупаў дзеля вырашэньня пытаньняў першараднай важнасьці. Усе рэзалюцыі сабору праходзяць пры ўмове адабрэньня папам. Паводле зьвестак каталіцкай царквы за ўсю гісторыю быў праведзены 21 Сусьветны сабор, але іншыя канфэсіі прызнаюць толькі першыя сем саветаў, якія мелі месца да расколу ўсходняга й заходняга хрысьціянства.

Асноўнымі адміністрацыйнымі адзінкамі ў структуры каталіцкай царквы зьяўляюцца дыяцэзіі й парафіі, і дапаможнымі мэтраполіі й дэканаты. Каталіцкая царква ў звычайным парадку рэгулюецца абсалютнай, неабмежаванай уладай папы. Аднак, калі няма неабходнасьці выкарыстаньня ўлады папы непасрэдна ўжываюць кананічнае права.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Mark A. Noll (2009). «The New Shape of World Christianity» Downers Grove, IL: IVP Academic. — С. 191.
  2. ^ «Vatican congregation reaffirms truth, oneness of Catholic Church». Catholic News Service.
  3. ^ Bokenkotter, Thomas (2004). «A Concise History of the Catholic Church». New York: Doubleday. — С. 7. — ISBN 978-0-307-42348-1.
  4. ^ Catechism of the Catholic Church. Vatican.
  5. ^ Colin Gunton. «Christianity among the Religions in the Encyclopedia of Religion». Religious Studies, Vol. 24, нумар 1 — С. 14.
  6. ^ «The Four Marian Dogmas». Catholic News Agency.
  7. ^ Agnew, John (12 February 2010). «Deus Vult: The Geopolitics of Catholic Church». Geopolitics. 15 (1). — С. 39—61. DOI:10.1080/14650040903420388.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]