Менскае беларускае прадстаўніцтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Ме́нскае белару́скае прадстаўні́цтва (Белару́скае народнае прадстаўні́цтва) — палітычнае аб’яднаньне беларускіх партыяў і групаў лібэральнай і правацэнтрысцкай арыентацыі ў 1918 — пачатку 1919[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Створанае 25 лютага 1918 з прадстаўнікоў Беларускай народнай партыі сацыялістаў, партыі сацыялістаў-аўтанамістаў, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, Беларускага праваслаўнага аб’яднаньня, Беларускага саюзу зямельных уласьнікаў і інш. У выканаўчы камітэт уваходзілі П. Кульчыцкі, Кіпрыян Кандратовіч, Раман Скірмунт, Вінцэнт Гадлеўскі, Аляксандар Уласаў, Павал Аляксюк, Віктар Чавусаў, Рамуальд Зямкевіч, А. Русецкі. Друкаваны орган — газэта «Беларускі шлях». Месьцілася ў доме, што сёньня мае адрас Валадарскага, 12.

Прадстаўніцтва аб’ядноўвала палітычныя сілы, якія канкуравалі з Беларускай сацыялістычнай грамадой. У праграмных дакумэнтах заявіла, што «прадстаўляе інтарэсы беларускага народу і зьяўляецца палітычным цэнтрам», які абараняе незалежнасьць Беларусі, культуру і самабытнасьць беларускага народу. Выступала супраць нацыяналізацыі зямлі (адзін з сацыял-дэмакратычных захадаў у рамках сацыял-дэмакратычнае палітыкі, якой прытрымлівалася большасьць палітычных дзеячоў БНР) і вылучалася ідэяй беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. Адзін з найвыбітнейшых сябраў таварыства, Раман Скірмунт, да заснаваньня арганізацыі быў другім старшынём Народнага Сакратарыяту, але пры стварэньні таварыства яно заняла палітычную пазыцыю супраць Сакратарыяту[2].

12 красавіка 1918 выканаўчы камітэт «Менскага беларускага прадстаўніцтва» кааптаваны ў склад Рады БНР. На ягонай аснове аформілася правацэнтрысцкая фракцыя, якая арыентавала Раду БНР на супрацоўніцтва зь нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй. 20 красавіка «Менскае беларускае прадстаўніцтва» дамаглося згоды германскага камандаваньня на стварэньне груп беларускіх дарадцаў пры акупацыйнай адміністрацыі (губэрнскіх і павятовых камэндантах) для рэгуляваньня адносінаў насельніцтва з уладай. 25 красавіка 1918 фракцыя «Менскага беларускага прадстаўніцтва» на закрытым пасяджэньні Рады БНР ініцыявала прыняцьце тэлеграмы германскаму кайзэру Вільгельму II, у якой ад імя Рады БНР заяўлялася, што будучыню Беларусі яны бачаць пад апекай германскай дзяржавы. Гэтыя дзеяньні паскорылі працэс палярызацыі сіл у Радзе БНР. У канцы траўня — пачатку чэрвеня 1918 сфармаваўся новы ўрад БНР на чале з Р. Скірмунтам. Ён заклікаў да супрацоўніцтва «ўсе жывыя беларускія сілы ў інтарэсах народу». Але нямецкая арыентацыя прывяла да ізаляцыі прадстаўнікоў «Менскага беларускага прадстаўніцтва» ў Радзе БНР. Пад націскам сацыялістычных фракцыяў урад Скірмунта ў пачатку ліпеня 1918 падаў у адстаўку. Палітычны ўплыў «Менскага беларускага прадстаўніцтва» паступова зьніжаўся, і яно распалася на пачатку 1919.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Менскае беларускае прадстаўніцтва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
  2. ^ Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-074-2.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]