Перайсьці да зьместу

Супрасьлеўскі манастыр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Супрасьлеўскі манастыр
Дабравешчанскі манастыр
Дабравешчанскі манастыр
Краіна Польшча
Места Супрасьля
Каардынаты 53°12′39.48″ пн. ш. 23°20′13.53″ у. д. / 53.2109667° пн. ш. 23.3370917° у. д. / 53.2109667; 23.3370917Каардынаты: 53°12′39.48″ пн. ш. 23°20′13.53″ у. д. / 53.2109667° пн. ш. 23.3370917° у. д. / 53.2109667; 23.3370917
Канфэсія Польская аўтакефальная праваслаўная царква
Архітэктурны стыль готыка
Заснавальнік Аляксандар Хадкевіч
Дата заснаваньня 1498
Статус нерухомая славутасьць[d]
Супрасьлеўскі манастыр на мапе Польшчы
Супрасьлеўскі манастыр
Супрасьлеўскі манастыр
Супрасьлеўскі манастыр
Супрасьлеўскі манастыр на Вікісховішчы

Манасты́р Дабраве́шчаньня Багаро́дзіцы або Зьвестава́ньня Багаро́дзіцы — помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў у Супрасьлі. Знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы места пад адрасам вуліца Манастырская, 1, на беразе ракі Супрасьлі. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, пазьней Сьвятога Пасаду, цяпер — Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Дзее. Твор архітэктуры готыкі і барока. Аб’ект Культурнага рэгістру спадчыны Польшчы.

Супрасьлеўскі манастыр быў адным з галоўных інтэлектуальных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага нароўні з Кіеўска-Пячэрскай лаўрай і Вільняй[1]. Тут дзеялі багатая бібліятэка і друкарня, захоўваўся падараваны мітрапалітам Язэпам Солтанам цудоўны абраз Маці Божай Супрасьлеўскай.

Архітэктурны комплекс манастыра складаецца з цэркваў Зьвеставаньня Багародзіцы і Сьвятога Яна Багаслова, брамы-званіцы, палаца Хадкевічаў (пазьней архімандрытаў) і манастырскіх карпусоў.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Фундацыйная табліца Аляксандра Хадкевіча

У 1497 годзе маршалак Аляксандар Хадкевіч запрасіў інакаў Кіеўска-Пячэрскай лаўры ў родавую сядзібу Гарадок на рацэ Супрасьлі. У 1500 годзе манастыр перанесьлі ва ўрочышча Сухі Груд у Блудаўскай пушчы (цяпер Крышчанская пушча), дзе неўзабаве паўстала места Супрасьля. У 1501 годзе пры манастыры збудавалі драўляную царкву Сьвятога Яна Багаслова (згарэла ў 1650 годзе). У 1510 годзе скончылася будаваньне мураванай царквы Зьвеставаньня Багародзіцы[2]. У 1537 годзе збудавалі мураваную Васкрасенскую царкву, трапезную, камяніцу з кельлямі і млын, выкапалі сажалкі. У манастыры дзеяў скрыптор: захаваліся імёны трох мясцовых кнігапісцаў XVI ст. — Мацьвей Іванавіч у 1507 годзе закончыў перапісваць «Дзесятаглаў», ераманах Паісі перапісаў у 1514 годзе «Служэбнік» і Іван Праскура перапісаў у канцы XVI ст. «Жыціе Варлаама і Ясафа» і «Ізмарад». Паводле вопісу, складзенага ў 1557 годзе архімандрытам Сергіем Кімбарам, манастырская бібліятэка налічвала 203 кнігі (больш за 100 рукапісных).

Партрэты Аляксандра Хадкевіча і Язэпа Солтана з манастыра

У 1614 годзе манастыр прыняў Берасьцейскую унію. У 1645—1652 гадох збудавалі палац Хадкевічаў (пазьней архімандрытаў), у 1695—1697 гадох — манастырскую званіцу, якую адбудоўвалі па пажары ў першай палове XVIII ст.

Абраз Маці Божай Супрасьлеўскай

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1660 годзе маскоўскія захопнікі вывезьлі шмат манастырскіх кніг: у кніжным вопісу часта сустракалася паметка «Масква ўзяла».

Супрасьлеўскія ірмалой і літургіён

У 1695 годзе пры манастыры пачала дзеяць друкарня, якая стала важным цэнтрам кірылічнага кнігадрукаваньня і пашырэньня кніг, надрукаваных кірылічным альфабэтам. У друкарні пабачылі сьвет каля сотні кірылічных выданьняў, а таксама іншыя кнігі рэлігійнага і сьвецкага зьместу, агульнай колькасьцю звыш пяці сотняў пазыцыяў. Сярод найбольш вядомых выданьняў — «Сабраніе прыпадкаў краткае» — першы падручнік багаслоўя на старабеларускай мове, а таксама першы славянска-польскі друкаваны «Лексыкон» і першы кірылічны помнік нотадрукаваньня ў зборніку «Пасьледаваньне пострыгу»[3].

У 1722 годзе мітрапаліт Леў Кішка абраў Супрасьлю сваёй рэзыдэнцыяй і заснаваў пры манастыры мануфактуру з вырабу паперы і новую друкарню. У другой палове XVIII ст. збудавалі мураваныя манаскія кельлі і гаспадарчыя пабудовы.

Манахі падтрымалі паўстаньне 1794 году пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі і ахвяравалі на яго патрэбы 2 тысячы злотых і 82 фунты срэбра, перадалі дзьве паўтарафунтовыя гарматы. У манастырскай друкарні выдаваліся паўстанцкія адозвы і ўнівэрсалы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Супрасьля спярша апынулася ў складзе Прусіі, а з 1807 году — Расейскай імпэрыі, манастыр працягваў дзеяць як уніяцкі. Манахі бралі ўдзел у вызвольным паўстаньні 1830—1831 гадоў.

Па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі манастырскі комплекс у Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1876 годзе рэшткі манастырскага кнігазбору, а таксама дакумэнты і архіў перадалі ў Віленскую публічную бібліятэку.

У 1875 годзе на старых манастырскіх могілках збудавалі царкву Сьвятога Панцеляймона, у 1890 годзе — цёплую царкву Сьвятога Яна Багаслова, у 1901 годзе — царкву Сьвятога Юрыя Пераможцы на новых могілках.

У 1919 годзе манастырскі комплекс перайшоў у дзяржаўны скарб міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1925 годзе ў манастыры разьмясьціліся салезіяне. У 1927 годзе царкву Зьвеставаньня Багародзіцы асьвяцілі як касьцёл.

У 1939 годзе савецкія ўлады разьмясьцілі ў будынках манастыра 4-ы матацыклетны полк РСЧА. За часамі нямецка-савецкай вайны 28 ліпеня 1944 году войскі Трэцяга Райху ўзарвалі галоўную царкву пры адступленьні. З 1948 году ў манастырскіх будынках працавала школа мэханізацыі сельскай гаспадаркі.

У 1958 годзе вернікі адбудавалі царкву Сьвятога Яна Багаслова. У 1984 годзе дзяржава перадала ПАПЦ руіны царквы Зьвеставаньня Багародзіцы. У 1999 годзе завяршылася яе адбудова[4].

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Эўропа ўзрушана сьмерцю Браніслава Герэмэка Агляд друку. News from Poland (14 ліпеня 2008). Праверана 5 чэрвеня 2010 г.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 644.
  3. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 643.
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 645.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Марозава С. Супрасльскі манастыр як буйны інтэлектуальны цэнтр Вялікага княства Літоўскага (XVI—XVIII ст.): гістарыяграфічнае асэнсаванне // Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі: матэрыялы ХХІ Міжнар. навук. канф. «Шлях да ўзаемнасці = Droga ku wzajemnosci» (Беласток, 25—26 верасня 2015 г.) / пад рэд. Б. Сегеня. — Беласток, 2015. — С. 315—326.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]