Ворша (футбольны клюб)
Ворша | |
Поўная назва | Футбольны клюб «Ворша» |
---|---|
Заснаваны | 1951 |
Горад | Ворша, Беларусь |
Стадыён |
Гарадзкі Умяшчальнасьць: 2582 |
Чэмпіянат | Першая ліга |
· 2024 | 10 месца |
«Ворша» — футбольны клюб зь Беларусі. Колеры — сіня-белыя. З 2015 году выступае ў Першай лізе чэмпіянату Беларусі.
Адну зь мянушак «раёншчыкі» клюб атрымаў праз тое, што раней у горадзе адбываліся масавыя бойкі паміж жыхарамі розных раёнаў. Больш нэўтральная мянушка — «ільняныя» — нарадзілася праз тое, што ў горадзе працуе буйны ільнокамбінат.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заснаваны ў 1951 годзе пад назвай «Труд». Большую частку сваёй гісторыі клюб выступаў пад назвай «Старт». Выступаў у чэмпіянаце БССР, пераважна ў найвышэйшым дывізіёне. У 1971 годзе дайшоў да фіналу Кубка БССР, але атрымаў у ім паразу ад жодзінскага «Тарпэда». У тым жа годзе гуляў супраць ленінградзкага «Дынама» ў 1/16 фіналу Кубка СССР сярод аматарскіх калектываў і выбіў суперніка. Але ў 1/8 фіналу саступіў рыскаму клюбу зь лікам ВЭФ 1:3. Меў назвы ЗШМ і «Машынабудаўнік».
У 1990-х гадах клюб меў назву «Легмаш» (да 1994 году), а таксама «Максім-Ворша» (1995), «Максім-Легмаш» (1996). Дружына здолела выйсьці ў Другую лігу, дзе правяла некалькі сэзонаў да 2001 году, калі празь фінансавыя чыньнікі была вымушаная зьняцца з чэмпіянату. Праз тры гады клюб павярнуўся ў Другую лігу, але гэтым разам клюб здолеў толькі ў 2005 выйсьці ў дывізіён вышэй, пасля чаго зноў апынуўся ў Другой лізе, дзе доўгі час знаходзіўся ў канцы табліцы. З 2005 па 2007 гады клюб меў назоў «Ворша-Белаўтасэрвіс».
У сярэдзіне сэзона 2013 году ў клюб прыйшлі некалькі дасьведчаных гульцоў, якія мелі досьвед выступаў у Найвышэйшай лізе і ў замежных чэмпіянатах. У выніку гэта дазволіла «Воршы» ўзьняцца на 6 радок. У сэзоне 2014 году каманда ўпэўнена правяла першы этап, дзе здабыла першае месца ў групе, не атрымаўшы аніводнай паразы. У фінальным этапе «Ворша» таксама спачатку рухалася на першым месцы, але пазьней шэраг няўдачаў адкінуў каманду на трэці радок. Толькі ў апошнім туры, дзякуючы нічыі з «Крумкачамі», «Ворша» засталася на трэцім радку і атрымала месца ў Першай лізе. Станам на 2014 год «Ворша» была самым папулярным клюбам Другой лігі паводле глядацкага інтарэсу — гэта была адзіная каманда, што зьбірала ў сярэднім больш за тысячу чалавек на матчы.
У сэзоне 2015 году дружына займала пазыцыю ўнізе турнірнай табліцы і заняла 14 месца пры 16 удзельніках. У сэзоне 2016 году быў павялічаны бюджэт клюбу, дзякуючы чаму ягоны склад папоўніў шэраг дасьведчаных гульцоў, а галоўным трэнэрам быў прызначаны Юры Канаплёў, які доўгі час працаваў зь «Віцебскам». «Ворша» здолела замацавацца ў сярэдзіне турнірнай табліцы і заняла 7 месца з 14 камандаў. У сэзоне 2017 году, не зважаючы на добры пачатак, «Ворша» хутка апынулася ў сярэдзіне турнірнай табліцы і заставалася там да сканчэньня сэзону, заняўшы 10 месца пры 16 удзельніках.
У пачатку 2018 году новым галоўным трэнэрам каманды стаў Вячаслаў Акшаеў. «Ворша» добра распачала сэзон, але потым стала трываць паразы. У жніўні трэнэрам замест Акшаева быў прызначаны Сяргей Вехцеў. Істотна зьмяніўся склад каманды, які быў папоўнены віцебскімі футбалістамі. Сэзон каманда скончыла на 12 месцы пры 15 удзельніках. Вехцеў заставаўся трэнэрам і ў сэзоне 2019 году, калі «Ворша» стала 10-й, а нападнік клюбу Дзьмітры Іваноў з 17 галамі стаў другім бамбардзірам Першай лігі. У сэзоне 2020 году «Ворша» адмовілася ад актыўнага супрацоўніцтва зь «Віцебскам» і пачала запрашаць гульцоў з Магілёву і Расеі. Галоўным трэнэрам сэзон пачынаў Аляксандар Вопсеў, у кастрычніку яго замяніў Мікалай Бранфілаў, аднак вынікі амаль не зьмяніліся — «Ворша» амаль увесь сэзон правяла ў сярэдзіне і ніжняй палове табліцы, а скончыла турнір на 11 месцы.
У сэзоне 2021 году, не зважаючы на істотную зьмену складу, клюб працягваў рабіць стаўку на дасьведчаных футбалістаў, падмацаваўшыся таксама шэрагам маладых выканаўцаў і расейскімі гульцамі. На турнірнай дыстанцыі каманда рухалася роўна, знаходзілася амаль увесь час трохі ніжэй сярэдзіны табліцы. У верасьні 2021 году галоўны трэнэр каманды Мікалай Бранфілаў сышоў з клюбу, некаторы час абавязкі галоўнага трэнэра выконваў ягоны памочнік Алег Чарапнёў, а ў кастрычніку новым трэнэрам быў прызначаны Ігар Чумачэнка, які раней ачольваў магілёўскі «Дняпро». Дружына ўпэўнена замацавалася на 9 месцы пры 12 удзельніках, дзе і скончыла сэзон. У сэзоне 2022 году каманда працягвала знаходзіцца пераважна ў сярэдзіне табліцы. Выступала нестабільна, буйныя паразы чаргаваліся перамогамі над фаварытамі. Чэмпіянат «Ворша» завяршыла на 9 месцы пры 13 удзельніках. У сэзоне 2023 году каманда цягам турніру знаходзілася ў другой палове табліцы і скончыла чэмпіянат на 14-м радку пры 17 удзельніках.
Стадыён
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гульні праводзіць на гарадзкім стадыёне, які ўмяшчае 2582 гледачы. Таксама некаторыя гульні адбываюцца на стадыёнах «Лякаматыў» (2500 гледачоў) і «Пасялковы» (1500 гледачоў).
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Найвышэйшыя дасягненьні ў часы СССР: фіналіст Кубка БССР (1971), 4-е месца ў чэмпіянаце БССР (1971). 4-разовы чэмпіён Віцебскай вобласьці (1968, 1970, 1972, 1977). 4-разовы ўладальнік Кубка Віцебскай вобласьці (1961, 1971, 1972, 1976). 6-разовы срэбраны прызэр чэмпіянату Віцебскай вобласьці (1973, 1980, 1982, 1983, 1984, 1989) и 4-разовы бронзавы (1966, 1974, 1975, 1979).
- Дасягненьні ў чэмпіянатах Беларусі: 8-е месца ў Першай лізе (1996), пераможца Другой лігі (1995).
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Актуальны на 11 жніўня 2024 году
|
|
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сэзон | Ліга | Месца | Г | В | Н | П | РМ | Пкт | Кубак |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2012 | Другая | 17 | 36 | 9 | 8 | 19 | 30–72 | 35 | 1/32 |
2013 | Другая | 6 | 24 | 10 | 5 | 9 | 41–25 | 35 | 1/32 |
2014 | Другая | 3 ▲ | 30 | 20 | 9 | 1 | 59–18 | 69 | 1/64 |
2015 | Першая | 14 | 30 | 3 | 8 | 19 | 24–70 | 17 | 1/16 |
2016 | Першая | 7 | 26 | 9 | 10 | 7 | 43–34 | 37 | 1/16 |
2017 | Першая | 10 | 30 | 10 | 7 | 13 | 48–48 | 37 | 1/8 |
2018 | Першая | 12 | 28 | 8 | 3 | 17 | 33–53 | 27 | 1/16 |
2019 | Першая | 10 | 28 | 9 | 4 | 15 | 33–61 | 31 | 1/32 |
2020 | Першая | 11 | 26 | 7 | 6 | 13 | 30–42 | 24[a] | 1/16 |
2021 | Першая | 9 | 33 | 9 | 7 | 17 | 41–60 | 34 | 1/32 |
2022 | Першая | 9 | 24 | 7 | 6 | 11 | 33–52 | 27 | 1/16 |
2023 | Першая | 14 | 32 | 8 | 7 | 17 | 50–62 | 31 | 1/32 |
Галоўныя трэнэры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сяргей Вехцеў (з жніўня 2018 году)[1]
- Вячаслаў Акшаеў (2018)[2]
- Юры Канаплёў (2016—2017)
- Аляксандар Ладзяны (да 2015 году)
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Клюб быў пазбаўлены 3 пунктаў за ўдзел гульцоў каманды ў дамоўных матчах у сэзонах 2017—2018 гадоў.