Перайсьці да зьместу

Мухаеды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Кіраў (вёска)»)
Мухаеды
лац. Muchajedy
Дата заснаваньня: перад 1394 годам
Былая назва: сяло Імухаедаўскае (аднойчы; а часьцей Мухаедаўскае), Мухаедавічы
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Нараўлянскі
Сельсавет: Мухаедаўскі
Насельніцтва: 210 чал. (2006)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2355
Паштовы індэкс: 247812
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°30′4″ пн. ш. 29°25′42″ у. д. / 51.50111° пн. ш. 29.42833° у. д. / 51.50111; 29.42833Каардынаты: 51°30′4″ пн. ш. 29°25′42″ у. д. / 51.50111° пн. ш. 29.42833° у. д. / 51.50111; 29.42833
Мухаеды на мапе Беларусі ±
Мухаеды
Мухаеды
Мухаеды
Мухаеды
Мухаеды
Мухаеды
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Мухае́ды[1][2] (Махае́ды[a]; з 1939 году — Кі́раў[4]) — вёска ў Беларусі, на рацэ Храпуні. Цэнтар Мухаедаўскага сельсавету Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзіцца на шашы Р37.

За 38 км на поўдзень ад Нароўлі, 35 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (на лініі Каленкавічы — Оўруч), 216 км ад Гомеля.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найраней сяло Імухаедаўскае згаданае ў грамаце князя Васіля Ўладзімеравіча, як меркаваў У. Б. Антановіч, невядомага зь іншых крыніцаў сына кіеўскага князя Ўладзімера Альгердавіча, які калісьці трымаў Оўруцкую воласьць, маючы свой удзел на Палесьсі. Аднак, больш пераканаўчай выглядае вэрсія, згодна зь якой, чацьвёрты сын вялікага князя літоўскага Альгерда ад першага шлюбу зь віцебскай князёўнай Марыяй атрымаў пры нараджэньні княскае імя Ўладзімер і хроснае імя Васіль, у гонар князя Ўладзімера (Васіля) Сьвятаслававіча[5]. Інакш кажучы, падараваньне царкве сьвятога Васіля Вялікага ў Оўручы зроблена самым Уладзімерам Альгердавічам[b][8] не пазьней 1394 году:

мы Василей Володымеровичъ, князь, придали есмо на церковъ Светого Великого Василъя мурованого, въ мЂсте Овручу, подъ селомъ Имухоедовскимъ, островъ Тростеницу, обрубный, и зъ оного идетъ десятъ ведеръ меду, и даватъ маютъ у Полохачове зъ земли Петниское чотыри ведръ меду, а y Вербковичахъ — ведро меду, у Гажине — ведро меду, у Павъловичахъ — полъведра меду, у Вуглохъ — ведъро меду, съ тыхъ селъ уси маютъ давати не задержуваючи настоятелемъ тое церкви на Покърову Святую въ осень…
Герб Ліс роду Івашэнцавічаў
Мухаедавічы ў пазямельнай спрэчцы 1522 г.
Герб Астоя роду Служкаў

Потым добры сталі выслугай зямянаў Івашэнцавічаў. Сярод іншых сёлаў, якія месьціліся ў Кіеўскім павеце і аднайменным ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага[c], Мухаедавічы згаданыя 25 чэрвеня 1509 году ў прывілеі караля Жыгімонта Старога «шляхотъне врожонымъ дворяномъ» Багдану, Андрэю і Зьмітру Івашэнцавічам. У дакумэнце сказана, што фартуна належала яшчэ іхнаму дзядзьку пану Раману, а пазьней яе трымаў муж стрыечнай сястры каралеўскі «зрадъца» князь Іван Глінскі[10], былы ваявода кіеўскі.

На грунты ў Мухаедавічах, аднак, прэтэндавалі і іншыя гаспадарскія слугі. Паны Васіль Балгавіцінавіч і Сенька Бабінскі ў 1522 годзе апэлявалі да караля, маўляў, зямяне Зьміцер і Макар Івашэнцавічы занялі і карыстаюцца не сваім. Апошнія адказалі, што тое ім падаравана манархам на вечнасьць. Кароль Жыгімонт загадаў абодвум бакам стаць перад ім з дакумэнтамі, якія пацьвярджаюць падараваньні. Напэўна, ў наступным годзе ўдзельнікі цяжбы неяк падзялілі між сабой Мухаедаўскія і прылеглыя добры[11].

Як вынікае зь ліста-пастановы 1551 году князя Фрыдэрыка (Сямёна) Глебавіча Пронскага, ваяводы кіеўскага, дзяржаўцы чарнобыльскага, уладальнікі Мухаедавічаў, у ліку якіх і пароднены з панамі Івашэнцавічамі гаспадарскі зямянін Ждан Служка, не жадалі выконваць тое, што «отъ славное памети небожъчика Володимера наданное»[d], бо пра яго ўжо і ня ведалі[8].

ЛЂта Божого Нароженя тисеча петсотъ петдесятъ первого, месеца декабъря третего дня, индикта десятого а при томъ и на томъ праве быль его милость панъ Богъданъ Семашъко, маршалокъ господарский. Жаловалъ мнЂ богомолецъ господарский Григорей, свещенникъ Светого Великого Василия, мурованого, протопопа зъ Овручого, на земянъ господарскихъ: пана Ждана Служку и Стужинковича и иншимъ, ижъ дей мнЂ; и на церковъ Божию Светого Василия, мурованого, дани повинное не даютъ и давать не хочутъ не ведати для чого зъ селъ и зъ острововъ наданыхъ приходячого меду пресного, и доводилъ того вписомъ евангелиемъ святымъ отъ славное памети небожъчика Володимера наданное и одъ иншихъ такъже вписане на тую церъковъ; я видечи въ томъ евангелий уписы розные, на разныхъ месцахъ наданые и написаные, казалемъ слово одъ слова съ того евангелия выписать для лепъшое вЂры…_я теды, выслухавъши и видечи доводы слушъные, старые, изъ тыхъ селъ дань повинна естъ оддавать и я теды симъ моимъ листомъ напоминаю и росказую вамъ всЂмъ, написаннымъ въ томъ евангелию, абы тому богомолцу, на тую церковъ, тые дани сполняли и отдавали, ижъ естъ речъ повинная, абы мне о то на васъ болшъ не докучалъ, а где бы давать не хотЂли — грабить васъ кажемо конечне

У люстрацыі Оўруцкага замку 1552 году[e] засьведчана, што сяло Мухаедавічы было ў валоданьні паноў Макаравічаў Івашэнцавічаў[12].

У ходзе адміністрацыйнай рэформы 1565—1566 гадоў Мухаедавічы были аднесены да Кіеўскага павету пры разьмежаваньні яго з паветам Мазырскім: «… а оттоль на замочокъ Хабное, до реки Уши, оттоль на село Мухоедовичи, а отъ Мухоедовичъ до Словешни, а Словешнею доловъ ажъ до Припети, по правои стороне поветъ Киевскии, а по левои Мозырскии…»[13].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Мухаедавічы з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[14].

Карона Каралеўства Польскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З падатковага рэестру Кіеўскай зямлі (ваводзтва) 1581 году вынікае, што 3-ма дымамі асадных сялянаў у вёсцы Мухаедавічы валодалі ігумен і чарняцы Сьвята-Мікалаеўскага Пустынскага манастыра ў Кіеве. 19 асадных дымоў, 2-е агароднікаў былі ў валоданьні пані Служчыны, пані Іванавай і пані Мікалаевай. Яшчэ 4-ма асаднымі дымамі валодаў пан Рыгор Макаравіч. З асадных выбіралася па 15 грошаў, з агароднікаў — па 6 грошаў[15]. У 1585 годзе частку Мухаедавічаў, што належала Пустынскаму манастыру набылі паны Кміты[16].

9 чэрвеня 1598 году пан Мікалай Служка, староста крычаўскі, запісаў у пажыцьцёвае валоданьне сваёй жонцы пані Ганьне з дому Тхарэўскіх добры Мухаедавічы, Вуглы, Апачычы. 12 ліпеня 1602 году панства Лукаш Сапега з жонкай Зофіяй Кміцянкай паклікалі да судовай адказнасьці Крыштафа, падсудка менскага, і Аляксандра, двараніна ЯКМ, Служкаў за наезд на трыманы імі ад айцоў Мікольскага Пустынскага манастыра ў Кіеве востраў Чэрняхоўскі, што месьціўся ў ваколіцах вёскі Мухаедавічы, ды ўчыненыя там ўсялякія рабункі. 3-м жніўня 1604 году пазначаная дамова паміж Паўлам і Хведарам Багданавічамі, братанічам іхным Андрэем Івашэнцавічам адносна падзелу добраў у Оўруцкай воласьці Кіеўскага ваяводзтва Мухаедавічаў, Апачына, Ясенічаў, Загальцаў, Вароніна, Барысава, Мутыжына, Скухрычаў, Капылова, Навасельцаў і Саўкоў, а таксама дворышчаў у месьце Кіеве; вялося таксама пра ўлагоджваньне непаразуменьняў міх князямі Пятром і Стэфанам Збараскімі і панам Мікалаем Макаравічам Івашэнцавічам.

Аляксандар Служка, ваявода менскі

17 траўня 1613 году пан Крыштаф, ваявода вэндэнскі, і Аляксандар, староста рэчыцкі, Служкі ці не ўпершыню абвінавацілі пана Лукаша Сапегу і жонку яго Зофію ў незаконным узяцьці ў заставу і ўжываньні іхных дзедзічных добраў Мухаедавічаў, Вуглоў, Белага Берага, а таксама вёскі Апачычына[f], запатрабавалі ад Сапегаў адкупнога за няпраўныя дзеяньні, а разам і пакіданьня маёнтку. Але яшчэ 19-м жніўня 1613 году датаваныя дзьве справы. У першай зь іх панства Лукаш і Зофія Кміцянка Сапегі судзіліся з панам Стэфанам Лозкам за падданых, зьбеглых да ягонага Ражава з Тоўстага Лесу, Мухаедавічаў і Смалігавічаў. У другой пан Гапон і іншыя Трыпольскія вялі цяжбу з сужэнствам Сапегамі аб насланьні імі людзей чарнобыльскіх, антонаўскіх, ліпскіх, дзянісаўскіх, мухаедаўскіх на грунты і вёску Ключнікаўскія ды ўчыненьні там розных гвалтаў. У судовай позве ад 1 чэрвеня 1618 году пан Аляксандар і іншыя Служкі ў чарговы раз абвінавацілі сужэнства Лукаша і Зофію з Кмітаў Чарнабыльскіх Сапегаў у гвалтоўным заняцьці добраў Мухаедавічы, Вуглы, Белы Бераг і Апачычы. 9 ліпеня т. г. Служкі запатрабавалі ад Сапегаў вяртаньня вёскі Ханеўскай, заснаваный на грунтах мухаедаўскіх, а разам самых Мухаедавічаў зь іншымі вышэйназванымі вёскамі. А 22 чэрвеня і 9 ліпеня 1618 году пан Каспар Пэплоўскі судзіўся быў з самымі панамі Крыштафам і Аляксандрам Служкамі, уладальнікамі Мухаедавічаў, як і з панам Лукашам Сапегай, уладальнікам Антонава, у справе заняцьця і прыўлашчваньня імі грунтоў Планінскіх (Плаксінскіх), каля Мухаедавічаў leżących, аддадзеных яму ЯКМ пажыцьцёва[g][18].

Кіеўскі мітрапаліт Пётар Магіла. Партрэт XVII ст.

Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва, у 1628 годзе з 18 дымоў osiadłych і з 4 агароднікаў sioła Mochoiedowicz пана Аляксандра Служкі, менскага кашталяна, рэчыцкага старосты, і нашчадкаў нябожчыка пана Крыштафа, ваяводы вэндэнскага, Рэмігіяна і Рафала Служкаў выплачвалася адпаведна па тры і па паўтара злотых[19].

22 сьнежня 1646 году праваслаўны мітрапаліт Пётар Магіла завяшчаў калегіюму Брацкага Багаяўленскага манастыра ў Кіеве 20 000 злотых на добрах Апачыцы і Мухаедавічы, набытых ад нашчадкаў вэндэнскага ваяводы Крыштафа Служкі. Тую ж нерухомасьць завяшчаў і свайму брату пры ўмове, што выкупіць яе за названую суму ў айцоў-калегіятаў. Але брат, як скардзіліся пазьней манахі, у часы ваеннага ліхалецьця адабраў ў іх падараванае і прадаў пану Сапегу.

Юзаф Багуслаў Служка

9 студзеня 1656 году, у самы цяжкі пэрыяд вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай, украінскі гетман Багдан Хмяльніцкі выдаў унівэрсал, якім, акрамя прыбыткаў зь езуіцкіх маёнткаў, падараваў Багаяўленскаму манастыру ня частку, а цэлае сяло Мухаеды на Палесьсі. 31 сьнежня 1659 году, па чалабітнай ігумена Анікія і чарняцоў Багаяўленскага манастыра, маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч пацьвердзіў тое сваёй жалаванай граматай[20]. 6 сакавіка 1660 году права на «село Мухоиди под Хвастовомъ»[h] пацьвердзіў гетман Юры Хмяльніцкі[21].

Пасьля вайны, аднак, Мухаеды вярнуліся да паноў Служкаў. Згодна зь люстрацыяй падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з 58 дымоў вёскі Muchoiedy пана Юзафа Багуслава Служкі, харунжага вялікага літоўскага, выплачвалася 10 злотых[22].

Згаданыя Мухаеды ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1707, 1711 і 1714 гадоў. У 1734 годзе ў Мухаедах налічвалася 30 двароў[i][23].

Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.

На 1738—1741 гады ленным уладальнікам фальваркаў Нароўля, Мухаеды, Вуглы і Прудок быў наваградзкі кашталян Антоні Аскерка[24]. Потым спадчыньнікам маёнткаў Антонаў, Нароўля, Мухаеды і Вуглы стаў сын Рафал Алаізі[25].

Пастанова Генэральнай Канфэдэрацыі Кароны і ВКЛ на канвакацыі Варшаўскай 1764 г.[26]

Паводле тарыфа 1754 году, з 65 двароў[j] (×6 — каля 390 жыхароў) вёскі Muchoidy яго міласьці пана Аскеркі «do grodu» (Оўруцкага замку) меркавалася[k] 10 злотых і 4 грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 40 злотых, 16 грошаў[27].

Ян Мікалай Аскерка.

Канвакацыйны сойм 1764 году прызнаў ленны маёнтак Нароўля зь вёскамі Антонаў, Галоўчыцы, Карпавічы, Мухаеды, Вуглы «y dalszemi wszystkiemi attynencyami» Рафала Алаізія Аскеркі, маршалка Мазырскага павету, яго дзедзічным уладаньнем[28][l]. Пасьля Рафала (†1767) Нароўляй, Бабічамі (будучым Барбаровам), Скрыгалавам, зразумела, і Мухаедамі завалодаў сын Ян Мікалай Аскерка[29].

У матэрыяле Генэральнай візытацыі 13 лютага 1778 году, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, сказана, што Мухаедаўская пад тытулам Сьвятога Мікалая прыходзкая царква ў добрах пана Яна Аскеркі, войскага мазырскага, заставалася ў Мазырскім дэканаце. Але будынак у 1775 г. згарэў. На яго месцы часова пастаўлена невялічкая капліца. Прыход складалі жыхары 60 двароў сяла Мухаеды і 16 двароў вёскі Вуглы. Свайго пароха ў прыходзе на той час не было, таму курыраваў яго адміністратар Тэадор Тышкевіч (Хведар Цішкевіч)[30]. Пазьней гэты сьятар узначаліў прыход, як засьведчана запісам 16 студзеня 1784 году, калі быў ахрышчаны немаўля Павал, сын шляхетных Рыгора і Агаты (Агафіі) Галякоў; кумамі выступілі Даніла Калецкі (Халецкі) і Матрона, жонка Сямёна Ропата[31]. У папярэдняй візытацыі згаданы антымінс Мухаедаўскай царкве, асьвечаны япіскапам пінскім і тураўскім Булгакам[m], з рэліквіямі, пячаткай і подпісам. У візытацыі, выкананай 1 лютага 1787 году каад'ютарам пінскім і тураўскім Язафатам Булгакам, сказана, што Сьвята-Мікалаеўская царква ў Мухаедах, сяле стражніка польнага ліоўскага Аскеркі (Яна Мікалая), належала не да Мазырскага, а да Петрыкаўскага дэканату ды, што на той час ужо быў узьведзены новы яе будынак[32].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мухаеды, Вуглы і Дзёрнавічы на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.</ref>

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мухаеды — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[33]. У крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, сяло Мухаеды названае ў пераліку паселішчаў, адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстаньні 1794 году[34]. На 1797 год сяло Мухаеды, вёскі Вуглы, Буда, слабада Красноўка (Слабада) ў мэтрычнай кнізе Мухаедаўскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы названыя ўладаньнем «господина Гроховского»[35]. Але ўжо ў наступным 1798 г. усе тутэйшыя падданыя запісаныя прыналежнымі да «казённого ведомства» альбо «казённого имения»[36].

Мухаеды і навакольле ў паўстаньні 1831 г.

У чэрвені 1831 году, перад фінальнай бітвай пад вёскай Вуглы, у лясох Мухаедаўскага маёнтку стаялі паўстанцы з Радамышльскага і Оўруцкага паветаў, раней разьбітыя маскоўцамі ў Украіне. Тамсама зьявілася і рэшта адзьдзелу Фелікса Кеневіча, адзінага сфармаванага ў Беларусі, які спрабаваў дзейнічаць у Мазырскім і Рэчыцкім паветах[37].

У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Мухаедаўскага казённага маёнтку была ўтворана воласьць[n] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 229 дзяржаўных сялянаў, 4 (чацьвёра) габрэяў[38]. У 1852 годзе ў Мухаедах пачала дзейніаць школа для дзяцей тых дзяржаўных сяляняў[9].

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 302 жыхары абодвух полаў сяла Мухаеды зьяўляліся прыхаджанамі тутэйшай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы[39].

Мухаеды з прылегласьцямі на мапе Ф. Ф. Шубэрта 1850 г. з праўкамі 1866-68 гг.

У парэформавы пэрыяд Мухаеды адміністрацыйна належалі да Дзёрнавіцкай воласьці. На 1868 год маецца зьвестка пра тое, як мясцовыя жыхары зь нейкай прычыны дамагаліся скасаваньня ў іхным сяле царкоўнага прыходу[3]. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Крыжаўзьдзьвіжанскай прыходзкай царквы названыя настаяцель а. Іаан Сакалоў, в. а. штатнага псаломшчыка Данііл Леляўскі. У прыходзе, акрамя сяла Мухаеды, — вёскі Буда, Красноўка, Вуглы і Вярсожка[40]. На 1879 год царкоўны пры ход налічваў 669 душ мужчынскага і 679 душ жаночага полу верных сялянскага саслоўя; вёска Вярсожка не згаданая, але паведамляецца пра верных з шасьці хутароў[3]. У 1886 годзе ў сяле было 47 двароў, 425 жыхароў, існавала школа[41].

Згодна з даведнікам 1909 году, у сяле Мухаеды налічвалася 168 двароў і 1109 жыхароў[1].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Мухаеды ў складзе Дзёрнавіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[42].

Лясьніцтва нібыта Махаедаўскае, але Буда тут яшчэ Мухаедаўская. 1919 г.
Мухаеды, Буда Мухаедаўская, Красноўка на мапе РККА 1926 г.

1 студзеня 1919 году пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет стаў адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Напярэдадні Нямецка-савецкай вайны ў Мухаедах было 327 двароў і 1119 жыхароў. У чэрвені 1942 і ў ліпені 1943 году акупанты спалілі 321 дом і загубілі 21 вяскоўца[43]. На франтах загінуў альбо прапаў бязь вестак 141 чалавек[9].

  • 2004 год — 159 гаспадарак, 388 жыхароў
  • 2006 год — 210 жыхароў
  1. ^ Ужываная ў раньнія савецкія часы форма Махае́ды не была варыянтам назвы, а ўсяго хіба свавольным яе скажэньнем, нібыта дзеля большай «мілагучнасьці». Асабліва прыдалася, калі ў 1924 г. вёска стала цэнтрам сельсавету. Можна не сумнявацца, што грунтам для ўжываньня формы Махаеды зьявілася сьцьвярджэньне ў «Описании церквей и приходов Минской епархии» (1879) нібыта «Село Мухоеды по древним документам именуется Мохоеды»[3], што ёсьць няпраўдай.
  2. ^ У інтэрпрэтацыі аўтара «Православной энциклопедии» расейскага гісторыка А. В. Кузьміна, падараваньне зьвязваецца зь імем князя кіеўскага (канец XIII або пачатак XIV ст.) і пуціўльскага Ўладзімера Іванавіча. Самую ж грамату выдаў нібыта яго сын пуціўльскі князь Васіль[6]. Апошні, аднак, быў сынам пуціўльскага і оўруцкага князя Андрэя, брата Ўладзімера[7]. Імя Андрэя ў якой бы ня ёсьць форме ў дакумэнце адсутнае. Таму ўдзел у справе кагосьці з князёў Рурыкавічаў, як і запіс на царкву мядовай даніны раней, чым у Кіеве зьявіўся Ўладзімер Альгердавіч, выглядае пакуль непраўдападобна. Як бы адшукалася іншая крыніца...
  3. ^ Яшчэ ня ў «Польскім каралеўстве», як падаваў С. В. Марцэлеў[9]
  4. ^ Князь-ваявода Ф. Пронскі з дарадцамі ў сярэдзіне XVI ст. разабраўся ў сытуацыі, прагледзеўшы дароўныя запісы на старым дабравесьці. Таму наймаверна, што падараваньне царкве было зроблена яшчэ першым кіеўскім князем з дынастыі Гедымінавічаў Уладзімерам Альгердавічам, то бо не пазьней 1394 г. Дык і праблема невядомага сына, князя Васіля, перастае існаваць.
  5. ^ У. Б. Антановіч, укладальнік гэтага тому дакумэнтаў, датаваў яе 1545 годам. Але апісаньні іншых «украинных замков» — Мазырскага, Чарнобыльскага, Асьцёрскага, Віньніцкага, Чаркаскага — пазначаныя 1552 г. І для Оўруцкага гэты год цалкам прыймальны, бо Іосіф Халецкі тады заставаўся дзяржаўцам, а люстрацыя праведзена пры ім.
  6. ^ Сказана, што яны належалі Служкам «з усімі іх прыналежнасьцямі, з баярамі, данінамі, уходамі, езамі рачнымі, гонамі бабровымі, ловамі пташымі».
  7. ^ Ёсьць зьвестка пра больш раньні дакумэнт пад назвай «Danina gruntu y uroczyszcz plakszynskich przy Owruczu y pry Muchoiedowcach.., na Zastawiu urodz. Kasprowi Pepłowskiemu», датаваны 23-м траўня 1614 г.[17]
  8. ^ Лякалізацыя, зразумела ж, памылковая.
  9. ^ У крыніцы паведамляецца пра «ćwierć dymu», дым жа складалі тады 120 двароў.
  10. ^ Усяго налічвалася «ćwierć dymu, szesnastka i chałup pięć», а 1 дым у той час — 320 двароў.
  11. ^ Тут, як і ў тарыфе 1734 г., прыналежнасьць паселішча пазначаная як спрэчная (in controverso). Падобна, што мелася на ўвазе тое, куды мусіць накіроўвацца падымнае, — да Оўруцкага, ці да Мазырскага павету.
  12. ^ У дакумэнце сказана, што ўсе пералічаныя добры месьціліся ў Мазырскім павеце. Такім чынам, на будучыню спрэчнасьць адміністрацыйнай прыналежнасьці Мухаедаў ліквідавалася, хоць у адрозьненьне ад іншых аскеркаўскіх уладаньняў на Нараўляншчыне, яна была экстэрытарыяльнай.
  13. ^ Імаверна, Георгіем, спачыўшым у 1769 г.
  14. ^ Ня варта блытаць з валасьцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павету — парэформавага часу.
  1. ^ а б Ярмолович, Владимир Станиславович. Список населённых мест Минской губернии / сост. В. С. Ярмолович. - Минск: Губ. тип., 1909. - 231, [1] с. (pdf) С. 129
  2. ^ Тапанімія Гомельшчыны: структурна-сэмантычная характарыстыка: манаграфія / Н. Багамольнікава; навук. рэд. А. Станкевіч; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Ф. Скарыны. — Гомель: «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2008. — 242 с. ISBN 978-985-439-436-0. С. 68, 79, 176, 188
  3. ^ а б в Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 96 — 106
  4. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  5. ^ Православная энциклопедия (далей: ПЭ). — Москва, 2004. T. VIII. С. 688
  6. ^ ПЭ. – Москва, 2008. T. XIX. С. 349 – 350
  7. ^ Зотов Р. В. О черниговских князьях по Любецкому синодику и о Черниговском княжестве в татарское время. — С.-Петербург, 1892. С. 115
  8. ^ а б Грамоты великих князей литовских с 1390 по 1569 год, собранные и изданные под редакцией ВладимираАнтоновича и Константина Козловского. — Киев: Университетская типография, 1868. № 37
  9. ^ а б в Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 146
  10. ^ Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 8 (1499—1514). / A. Baliulis ir kt. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1995. С. 320
  11. ^ Русская историческая библиотека (далей: РИБ). Т. XX. Литовская метрика. Т. 1. — Петербург, 1903. Стб. 1038—1039; таксама гл.: Малиновский И. А. Сборник материалов, относящихся к истории панов-рады Великого Княжества Литовского. — Томск, 1901. С. 313—314
  12. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 4. Т. І. Акты о происхождении шляхетских родов в Юго-Западной России. — Киев, 1867. С. 35, 48
  13. ^ РИБ. Т. XXX. Литовская метрика. Отд. 1-2. Ч. 3. Т. 1. — Юрьев, 1914. Стб. 892—893
  14. ^ Volumina Legum (надалей: VL). Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  15. ^ Źródła dziejowe (далей ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 40, 42
  16. ^ Літвін Г. З народу руського. Шляхта Київщини, Волині та Брацлавщини (1569—1648) / Пер. з польськ. Лесі Лисенко. — Київ: Дух і Літера, 2016. С. 148, 166
  17. ^ Руська (Волинська) метрика [Текст] : регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 564
  18. ^ ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — Warszawa, 1894. S. 19 — 20, 66, 201—202, 205, 271, 299, 309, 311, 503—504, 575
  19. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 400
  20. ^ Памятники, изданные Киевскою комиссиею для разбора древних актов. Т. 2 / Издание второе, с дополнениями. — Киев, 1897. С. 430, 432, 448—449, 452
  21. ^ Універсали Івана Мазепи (1687—1709). — Київ; Львів, 2006. Частина ІІ. Додаток І. Документи українських гетьманів (1632—1686). № 15
  22. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 494
  23. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 21, 22, 39, 40, 55, 63, 74, 295
  24. ^ Анішчанка Я. К. Збор твораў у 6 т. Т. 6. Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ у першай палове XVIII ст. Спісы на рус. мове / Я. К. Анішчанка. — Мінск: Выд. В. Хурсік, 2010. С. 255
  25. ^ Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 1. А. / Т. Капіца, А. Леўчык, С.Рыбчонак і інш. — Мінск, 2002. С. 329
  26. ^ Konfederacya Generalna omnium ordinum Regni et Magni Ducatus Lituaniae na Konwokacyi Główney Warszawskiey uchwalona, dnia siodmego miesiąca maja, roku Pańskiego tysiącznego siedmsetnego szesćdziesiątego czwartego. (Konstytucye Wielkiego Xięstwa Litewskiego…)
  27. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 179; гл. таксама: С. 13—15, 20—22
  28. ^ VL. Tom VII. — Petersburg, 1860. S. 87
  29. ^ Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 206
  30. ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240. А. 113адв., 114
  31. ^ НГАБ. Ф. 319. Воп. 2, Спр. 693. А. 18
  32. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240. А. 218, 219адв.
  33. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  34. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 73
  35. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр 494. А. 218—222
  36. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр 496. А. 311, 313адв., 314адв.
  37. ^ Dangel St. Rok 1831 w Mińszczyźnie. — Warszawa, 1925. Tom II. S. 55, 57
  38. ^ Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 7
  39. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 680
  40. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 464
  41. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 112
  42. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  43. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 433

Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.