Язафат Булгак
Язафат Булгак. Мастак Я. Хруцкі, 1838 г. | |
Герб «Сыракомля» | |
XIX мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі | |
---|---|
1817 — 1838 | |
Папярэднік | Рыгор Кахановіч |
Наступнік | Ёсіф Сямашка |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 20 красавіка 1758 |
Памёр | 25 лютага 1838 |
Пахаваны | |
Род | Булгакі |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп |
Язафат Булгак (20 красавіка 1758, Слонімскі павет — 25 лютага 1838) — беларускі[1] царкоўны дзяяч. Япіскап тураўскі (1790—1795) і берасьцейскі (1798—1828), мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і усяе Русі (з 1817), архіяпіскап полацкі (з 1833). Доктар тэалёгіі і кананічнага права (1785).
Супрацьстаяў уладам Расейскай імпэрыі ў справе ліквідацыі Грэцка-каталіцкай царквы і гвалтоўнага яе далучэньня да Ўрадавага сыноду (Маскоўскага патрыярхату). Ягоная сьмерць зьняла апошнюю перашкоду да забароны расейскімі ўладамі Уніі — аднаго з захадаў палітыкі русіфікацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік шляхецкага роду Булгакаў гербу «Сыракомля». Меў кузэна Юрыя Булгака, япіскапа пінскага і тураўскага, зь якім яго нярэдка блыталі.
Навучаўся ў школе пры Жыровіцкім манастыры (1763—1774), працягваў адукацыю ў Рыме (1782—1785).
У 1774 годзе ўступіў у ордэн базылянаў. Выкладаў у манастырскіх школах у Беразьвеччы (цяпер Глыбоцкі раён) і Жыровічах. Быў япіскапам тураўскім і каад’ютарам Пінскай япархіі.
За часамі маскоўскага гаспадара Паўла I спрыяў вяртаньню да Уніі парафіяў, якія расейскія ўлады гвалтоўна далучылі да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі. У 1797 годзе даслаў папскаму нунцыю ў Расейскай імпэрыі Л. Літу запіскі пра ўціск уніятаў у Кіеўскай і Пінскай япархіях.
У 1798 годзе атрымаў прызначэньне япіскапам берасьцейскім, ягоная рэзыдэнцыя спачатку месьцілася ў Наваградку, потым з 1810 году — у Жыровічах. Будучы грэка-каталіцкім мітрапалітам, адначасна з 1818 году быў старшынём 2-га (уніяцкага) дэпартамэнту Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу (з 1828 году — асобнай Грэка-каталіцкай калегіі). Імкнуўся ўзвысіць значэньне базылянаў у царкве (прызначэньне іх прадстаўніка ў сябры 2-га дэпартамэнту ў 1819 годзе, праект аб’яднаньня Літоўскай і Беларускай правінцыяў ордэна і інш.).
Узмацненьне ва ўнутранай палітыцы царызму расейскіх нацыяналістычных[1] тэндэнцыяў зь сярэдзіны 1820-х гадоў прывяло да зьмяншэньня ролі ўніяцкай япархіі і асабіста Я. Булгака. У агоным атачэньні зьявіліся маладыя дзеячы (Ё. Сямашка, А. 3убко, В. Лужынскі і інш.) — прыхільнікі збліжэньня, а потым і аб’яднаньня з Урадавым сынодам Расейскай імпэрыі (Маскоўскім патрыярхатам).
Вядомы фатограф Ян Булгак у сваёй кнізе «Край дзіцячых гадоў»[2] апавядаючы пра знакамітых людзей уласнага роду, з спасылкай на працу Мар’яна Дубецкага, пісаў[3]:
… толькі яго [Я. Булгака] слушнасьць і незгінаемая пазыцыя ўстрымалі цара Мікалая і расейскі ўрад ад спробаў яшчэ раней зьнішчыць аб'яднаньне цэркваў. Мітрапаліт памёр у 1838 року пры вельмі трагічных абставінах. Выклікаў ці прысьпешыў ягоную сьмерць цар Мікалай, які доўга ўпрошваў яго прыняць схізму, і калі апошні нязломна супрацівіўся і адхіляў усякі ціск, цар на каленях маліў яго адмовіцца ад супраціву дзеля шчасьця Расеі, а ў канцы, абураны непадатлівасьцю біскупа, устаў і ўдарыў яго, патураючы сваёй дзікай усходняй натуры. Біскуп упаў, а празь некалькі дзён завяршыў жыцьцё. | ||
Нягледзячы на тое, што Я. Булгак памёр грэка-каталіком, І. Сямашка і іншыя пахавалі яго ў царкве Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі[4].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
М. Казакевіч, 1843 г.
-
Невядомы мастак, 1888 г.
-
Невядомы мастак, 1890 г.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Антонаў В., Філатава А. Булгак Ігнацій Іасафат // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 123.
- ^ Булгак Я. Край дзіцячых гадоў / Уклад. і аўтар уступ. арт., пер. з польск. мовы Т. Вяршыцкая. — Менск: Беларусь, 2004. С. 20.
- ^ Трацяк І. Мітрапаліт Язафат Булгак: пазіцыя ў рэфармаванні Грэка-Каталіцкай Царквы // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: у 2 ч. Ч. 1 / Рэдкал.: С. Марозава і інш. — Горадня: ГрДУ, 2009.
- ^ Надсан А. Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус. — Менск: Бел-Франс, 2004.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Юрка Віцьбіч. Паданьне аб таямнічым сьвятле // Наша Вера. № 1 (11), 2000.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Язафат Булгак — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў