Перайсьці да зьместу

Мовы Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Дзяржаўныя мовы Беларусі»)

На Беларусі ў гутарковым або афіцыйным ужытку існавалі некалькі моваў.

У рускіх княствах для стварэньня заканадаўчых ды летапісных тэкстаў выкарыстоўвалася агульная мова ўсходніх славянаў (старажытнаруская). Пасьля хрысьціянізацыі беларускіх земляў у 10 стагодзьдзі, як мова абрадаў, выкарыстоўваецца царкоўнаславянская, распрацаваная Кірылам і Мятодам.

З 14 па 18 стагодзьдзі ў Вялікім Княстве Літоўскім ужывалася пісьмовая старабеларуская мова, на якой адбіліся некаторыя рысы народных гаворкаў. Гэтаю моваю напісаныя тры статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588 рокаў), летапісы, дзёньнікі. Ёсьць беларускім варыянтам царкоўнаславянскае мовы, упершыню выкарыстаная ў выданьнях Францішка Скарыны; разам з тым яе роля на беларускіх землях часова зьменшваецца.

Польска квітнет лаціною,
Літва квітнет русчызною.
Без той в Польшчэ не прэбудзеш,
Без сей в Літве блазнам будзеш…

Ян Казімер Пашкевіч. 1621.

З 16 стагодзьдзя, калі адбылося зьяднаньне ВКЛ з Польскім Каралеўствам ў канфэдэратыўную Рэч Паспалітую, набірае моцу палянізацыя вышэйшых станаў грамадзтва праз каталіцкую царкву. Польская мова выцясьняе старабеларускую з дзяржаўнага ўжытку, кнігадруку. У 1697 годзе было загадана пісаць афіцыйныя дакумэнты ў ВКЛ толькі польскаю. Аднак гэтая пастанова тычылася пераважна канцылярыі ВКЛ і судоў: некаторыя акты мескіх маґістратаў, цэхаў працягвалі выходзіць беларускаю. Беларуская мова выкарыстоўвалася для навучаньня толькі вуніяцкім ордэнам базылянаў.

Пасьля ўваходу беларускіх земляў у 1772-95 роках у склад Расейскае Імпэрыі, палянізацыя саступае мейсца русіфікацыі сялянаў і дамінаваньню расейскае мовы. Носьбітамі беларускіх гаворкаў засталіся сяляне і мясцовая дробная шляхта. У гэты час існуюць польска-беларускае, расейска-беларускае двухмоўе; значная частка насельніцтва Беларусі — габрэі — карысталіся моваю ідыш.

У 19 стагодзьдзі новая беларуская мова, заснаваная збольшага на народных гаворках знаходзіць дарогу ў літаратуру. Выбітнейшымі ўзорамі беларускае літаратуры першае паловы стагодзьдзя ёсьць творчасьць Яна Чачота, другое — Францішка Багушэвіча.

У 1906 годзе былі заснаваныя кнігавыдавецкая суполка «Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ» і ґазэта «Наша Ніва», якія згуртавалі вакол сябе дзяячоў беларускае культуры, стаўшы рухавіком Беларускага Адраджэньня. Дзякуючы ім адбываліся папулярызацыя і выпрацоўка літаратурных нормаў беларускае мовы.

Паводле Другое Ўстаўное ґраматы, прынятай у 1918 годзе Першым Усебеларускім зьездам «…У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.»

У БССР, створанай у 1920 годзе афіцыйнымі мовамі былі беларуская, расейская, польская, ідыш. Пасьля вайны гэты статус захавалі толькі дзьве першыя, прычым назіралася звужэньне ўжытку беларускае мовы на карысьць расейскай. 26 студзеня 1990 року Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб мовах», згодна зь якім беларускай мове надаваўся статус дзяржаўнае, а расейская ўжывалася, як мова міжнацыянальных зносінаў.

Па выніках рэфэрэндуму 1995 року расейскай мове нададзены аднолькавы статус зь беларускаю.

Суадносіны моваў у Беларусі ў 1999 ды 2009 роках:

беларуская расейская іншыя
1999 (родная) 73,7 % 21,9 % 4,4 %
1999 (хатняя) 36,7 % 62,8 % 0,5 %
2009 (родная) 53, 2 % 41,5 % 5,3 %
2009 (хатняя) 23,4 % 70,2 6,4 %