Перайсьці да зьместу

Браслаўскі павет

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам RedBot (гутаркі | унёсак) у 16:15, 8 ліпеня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Браслаўскі павет
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус павет Вялікага Княства Літоўскага[d]
Адміністрацыйны цэнтар Браслаў
Дата ўтварэньня 1566
Дата скасаваньня 1795
Старосты Старосты браслаўскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Плошча 5525 км²
Час існаваньня пач. XV1795
Месцазнаходжаньне Браслаўскага павету
Браслаўскі павет на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Брасла́ўскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Плошча 5525 км². Сталіца — места Браслаў.

Месты і мястэчкі: Відзы, Друя, Дрысьвяты, Езяросы, Замошша, Іказьнь, Опса, Плюсы, Слабодка, Угар, Шаркоўшчына.

Гісторыя

Павятовая пячатка, 1792

Упершыню згадваецца ў пач. XV ст. за часамі ваенных дзеяньняў Інфлянцкага ордэна супраць Вялікага Княства Літоўскага. У XV — пач. XVІ стст. існавала буйное Браслаўскае дзяржаўнае ўладаньне ў Віленскім ваяводзтве, вядомае пад раўназначнымі назвамі «павет», «намесьніцтва», «дзяржава», «староства»[1].

У 1504 староста браслаўскі І. Сапега заклаў Іказьненскі замак. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) Браслаўскі павет атрымаў органы шляхецкага самакіраваньня — соймік, земскі суд і інш.

23 студзеня 1793 у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай частка павету (разам з паселішчамі Друя, Іказьнь, Замошша, Казяны) апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. У верасьні 1793 згодна з пастановаю Гарадзенскага сойму з астатняй часткі Браслаўскага, а таксама Сьвянцянскага і Вількамірскага паветаў утварылася асобнае Браслаўскае ваяводзтва (ваяводам прызначылі М. Касакоўскага).

11 траўня 1794 на вуліцах Браслава адбыўся бой паміж паўстанцамі Т. Касьцюшкі і расейскімі акупацыйнымі войскамі, у часе якога места згарэла. Сталіцу Браслаўскага ваяводзтва перанесьлі ў Відзы[2]. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) павет спыніў сваё існаваньне разам з Браслаўскім ваяводзтвам.

Дэмаграфія

У сяр. XVII ст. налічваў 5613 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да Трынаццацігадовай вайны (16541667) колькасьць насельніцтва складала каля 39 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 17 тыс. чал.[3]

Паводле люстрацыі 1775 року мелася каля 5888 дымоў[4]. Станам на 1790 рок налічваў 85 932 жыхары.

Геаграфія

На паўночным захадзе межаваў з Інфлянтамі, на захадзе — з воласьцю Дрысьвяцкага замка, на поўдні ўздоўж ракі Дзісна — зь Мядзельскім паветам (пазьней увайшоў у Ашмянскі павет), на паўночным усходзе і ўсходзе — з Полацкай зямлёю, са складу якой, відаць, вылучыўся ў больш раньні час[5]. Ахопліваў, імаверна, большую частку сучаснага Браслаўскага і меншыя часткі Мёрскага і Шаркоўшчынскага раёнаў.

У склад павету ўваходзіла тэрыторыя Браслаўскага гродавава, Дрывяцкага і Опскага старостваў (у пач. XVІ ст. аб’ядноўваў Апескую, Гарадзіскую, Друйскую, Укольскую і іншыя воласьці[5]) і прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.

Станам на 1790 рок ў складзе павету знаходзіліся 21 места і мястэчка (у межах сучаснага Браслаўскага раёну іх было 10: Браслаў, Друя, Відзы, Дрысьвяты, Іказьнь, Опса, Слабодка, Угар, Замошша, Плюсы; Магдэбурскае права мелі Браслаў, Друя, Угар[6]).

Ураднікі

Асноўны артыкул: Старосты браслаўскія

У Браславе месьціліся падкаморскі, земскі і гродзкі суды, склікалася паспалітае рушаньне. Павятовыя соймікі зьбіраліся на Замкавай гары, тамака ж, паводле пастановы сойму 1590 року, збудавалі дом для пасяджэньняў суду і зьберажэньня архіву[2]. Мясцовая шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.

На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад ВКЛ быў намінаваны кашталян браслаўскі шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў князь Міхал Агінскі. Ён атрымаў прывілей 26.10.1793, а ўжо ў сьнежні таго ж году новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай утварыла Браслаўскае ваяводзтва з адпаведным кашталянам.

Галерэя

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ Мікалай Камінскі, Вячаслаў Насевіч. Браслаўскі павет // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 69.
  2. ^ а б м. Браслаў. Radzima.orgПраверана 7 кастрычніка 2010 г.
  3. ^ Насельніцтва Беларусі ў сярэдзіне ХVІІ ст. па паветах // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  4. ^ Powiat brasławski // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 338.
  5. ^ а б Вячаслаў Насевіч. Браслаўскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 342.
  6. ^ Гісторыя Браслава. Прыдзвінскі край: Гісторыя і сучаснасцьПраверана 7 кастрычніка 2010 г.

Літаратура