Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны
Дата ўтварэньня 1915
Дата спыненьня існаваньня 1917
Юрыдычны статус дабрачынная арганізацыя
Месцазнаходжаньне Менск
старшыня Віктар Чавусаў
старшыня Раман Скірмунт

Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны — дабрачынная арганізацыя для дапамогі бежанцам Першай сусьветнай вайны; адзін з цэнтраў беларускага нацыянальнага руху. Існаваў у Менску зь ліпеня 1915 па 1917 г. як аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, створанага ў Вільні ў красавіку 1915 г.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дабрачынная і культурная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аддзел налічваў каля 50 чалавек (сьнежань 1916). У камітэт праўленьня аддзелу ўваходзілі Віктар Чавусаў (старшыня), Ядвігін Ш., Уладзіслаў Галубок, Аляксандар Астрамовіч, Ванда Лявіцкая, Зоська Верас і яе маці Э. Сівіцкая, Усевалад Фальскі, сярод актывістаў Павал Аляксюк, Максім Багдановіч, Зьмітрок Бядуля, Аркадзь Смоліч.

Аддзел адкрыў некалькі начных прытулкаў для бежанцаў, дзіцячы прытулак у Ратамцы (каля Менску), 2 бясплатныя сталовыя, «Беларускую хатку», заснаваў 2 майстэрні. У красавіку-траўні 1916 г. дзейнічалі курсы па садаводзтве, гародніцтве і пчалярстве. У сьнежні 1916 г. хадайнічаў перад менскім губэрнатарам аб правядзеньні лекцыі Максіма Багдановіча «Беларускае адраджэньне» (хадайніцтва адхілена).

Ператварэньне ў менскі Нацыянальны камітэт (1917)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У студзені 1917 г. аддзел узначаліў Раман Скірмунт, а намесьнікам стаў Усевалад Фальскі.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) у Расеі аддзел аб’явіў сябе Нацыянальным камітэтам (на чале з Раманам Скірмунтам), ад імя якога ў Менску была распаўсюджана ўлётка да працоўных аб неабходнасьці ўтваварэньня ўласнай беларускай дзяржаўнасьці — у той час, калі ўсходняя і цэнтральная БеларусьМенскам) была пад кантролем Часовага ўрада Расеі, а заходняя — пад кантролем нямецкіх войскаў[1]. Як вынікае з тэксту ўлёткі, галоўнай перашкодай на гэтым шляху кіраўнікам камітэта бачылася амаль поўная адсутнасьць нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў і пачуцьця народа адзінай зямлі з-за рознасьці канфэсій: «Мы не палякі і не рускія, мы ад вякоў сядзім тут. Мы гаспадары на сваёй роднай зямельцы. Мы, гаспадары гэтага краю, не будзем лічыцца парабкамі другіх народаў, як нас дагэтуль лічылі. Беларусы, мы адзін народ. Дык злучайцеся ў адно, бо ў еднасьці сіла. Няхай нас ніхто не разьдзяляе, хай не будзе сваркі між беларусам праваслаўным і католікам, бо ўсе мы дзеці адной маткі — Беларусі. Гняздом нашым хай будзе менскі Беларускі камітэт»[2].

4 сакавіка 1917 г. Раман Скірмунт на паседжаньні Менскага аддзелу Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны выказаў прапанову абраць Лявона Зайца дэлегатам для кантактаў зь Менскім Саветам рабочых дэпутатаў[3]. Сувязь гэтая, праўда, была непрацяглай. Пазьней (за памкненьні Скірмунта наладзіць сувязь таварыства і нацыянальнага камітэта з рабочымі Менску для кансалідацыі сіл для дасягненьня аўтаноміі Беларусі) сацыяліст Леанід Заяц абразьліва абзаве Рамана Скірмунта «старым палітыкам і далёкабачным буржуем»[3].

Першай палітычнай нацыянальнай акцыяй камітэту стала арганізацыя і правядзеньне ў Менску шматлюднай маніфэстацыі 6 сакавіка 1917 г. у зале менскай губэрнскай управы, дзе арганізатары выступілі з прамовамі на беларускай мове пра будучыню беларускага народу і «высокія чалавечыя ідэалы»[2]. неўзабаве яшчэ адной акцыяй Нацыянальнага камітэту стаў мітынг у Менску, на якім выступілі Павал Аляксюк, Аркадзь Смоліч, Усевалад Фальскі і Фабіян Шантыр, якія віталі расейскую дэмакратыю, Менскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і заклікалі беларусаў да адзінства і арганізаванасьці[2].

12 сакавіка 1917 г. у менскім кінатэатры «Гигант» камітэт арганізаваў мітынг, на якім выступілі (на беларускай мове) Раман Скірмунт, доктар філязофіі Масоніўс, Аркадзь Смоліч, Лявон Заяц, Павал Аляксюк, Фабіян Шантыр і Касьцецкі. Сход, выказаўшы вітаньне вэтэранам беларускага руху (паручніку Шаблоўскаму і капітану Адамовічу, якія пацярпелі ад царскай улады), і ўпершыню адкрыта выказаў патрабаваньне аб афармленьні палітычнай суб’ектнасьці Беларусі ў форме аўтаноміі ў складзе фэдэратыўнай Расеі. Гэта быў максымум, чаго можна было патрабаваць у тагачасных умовах ад Часовага ўрада Расеі, які неафіцыйна стаяў на прынцыпе «адзінай і недзялімай Расеі». Патрабаваньне плянавалася агучыць і на Ўстаноўчым сходзе Расеі, які Часовы ўрад Расеі зьбіраўся правесьці восеньню 1917 г. — па пытаньні дзяржаўнага ўладкаваньня новай Расеі: у рэзалюцыі менскага сходу было запісана: «Беларусы, стоячы на грунце краёвай аўтаноміі, будуць выбіраць ва ўстаноўчы сход грамадзян, якія падзяляюць гэты прынцып»[4]. Пасьля мітынгу камітэт правёў кампанію «Дзень беларускага значка» па збору сродкаў на беларускі нацыянальны друк: прадаваліся беларускія нацыянальныя значкі з нацыянальных колераў Беларусі — чырвонага і белага[5][6]. Газэта «Минская газета» ад 14 сакавіка 1917 г. паведамляла, што ў гэты дзень на вуліцах Менску «ўпершыню забытая мова забытай беларускай вёскі дамінавала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях, кінэматографах»[6].

Паводле ўспамінаў Вінцэнта Гадлеўскага, выступы Рамана Скірмунта на беларускіх сходах «выдзяляліся і зьместам і формай. Яны былі заўсёды высокапатрыятычныя з беларускага пункту гледжаньня і часам нават проста рэвалюцыйныя, што выклікала ў прысутных буру воплескаў»[6]. Відавочнай бачылася сучасьнікам падзей мэтанакіраванасьць Скірмунта ў адносінах палітычнай суб’ектнасьці Беларусі. Макар Краўцоў (Касьцевіч) успамінаў пазьней: «Калі Скірмунт у кожнае слова стараўся ўлажыць праграму, дык Шантыр сьпяваў гімны рэвалюцыі проста за тое, што яна ўжо сталася, што яна ёсьць. Абодва яны былі тады разам, за адным столікам прэзыдыюму»[6].

Праграма камітэта, дзе пераважалі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады, выказвала патрабаваньне 8-гадзіннага працоўнага дня, гарантаваньня мінімуму заработнай платы, але з падачы яго кіраўніцтва на чале са Скірмунтам імкнулася не падкрэсьліваць клясавых адрозьненьняў, а акцэнтаваць увагу на патрабаваньні аўтаноміі Беларусі ў складзе Расеі[7].

Нацыянальны камітэт у сярэдзіне сакавіка 1917 г. у Менску прыцягнуў актывістаў БСГ да стварэньня цэнтру асьветы навакольнага сялянства[8]. Таксама ў выніку агульнага сходу служачых губэрнскага камітэту ўдалося арганізаваць адмысловую камісію, якая стварыла Часовы менскі камітэт прапаганды асноў новага грамадзкага ладу (Сяргей Кавалік, Павал Аляксюк, У. Марзон і інш.) і пачаць збор ахвяраваньняў для арганізацыі такой прапаганды на расейскай і беларускай мовах[8]. Першы мітынг з такой тэматыкай быў арганізаваны 27 сакавіка 1917 г. у Смалявічах[8].

Самай галоўнай акцыяй беларускага Нацыянальнага камітэта ў Менску, які станавіўся важным палітычным цэнтрам беларускага руху па стварэньні палітычнай суб’ектнасьці Беларусі (ва ўмовах калі Вільня знаходзілася пад нямецкай уладай), было правядзеньне 25-27 сакавіка 1917 г. Зьезда беларускіх нацыянальных арганізацый, які абраў Беларускі нацыянальны камітэт[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сяменчык, М.Я. Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 27.
  2. ^ а б в Сяменчык, М.Я. Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 28.
  3. ^ а б Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 25.
  4. ^ Сяменчык, М.Я.Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 28.
  5. ^ Сяменчык, М.Я. Грамадзка-палітычнае жыцьце ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 28.
  6. ^ а б в г Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 22.
  7. ^ Сяменчык, М.Я.Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 28—29.
  8. ^ а б в Сяменчык, М.Я.Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 29.
  9. ^ Сяменчык, М.Я.Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 27, 29.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]