Беларускі вучыцельскі хаўрус
Белару́скі вучы́цельскі хаўру́с — прафэсіянальна-палітычная арганізацыя беларускіх настаўнікаў у 1917—1920 гадах. Створаны ў Менску паводле ініцыятывы настаўнікаў — дэлегатаў зьезду беларускіх арганізацыяў і партыяў. Сярод заснавальнікаў Язэп Лёсік, Палута Бадунова, Адам Русак, Міхаіл Ганчарык, Ванда Лявіцкая і іншыя. Меў аддзяленьні ў некаторых паветах і валасьцях. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі народнае асьветы. Меў на мэце згуртоўваць настаўнікаў і дзеячаў народнае адукацыі, якія лічылі неабходным весьці навучаньні на беларускай мове ня толькі ў школе, але й у ВНУ. Аказваў матэрыяльную падтрымку настаўнікам, якія адкрывалі беларускія школы. У 1918 годзе прадстаўнікі хаўрусу ўваходзілі ў склад Рады БНР. У пэрыяд польскае акупацыі (1919—1920) хаўрус процідзейнічаў спробам уладаў абмежаваць нацыянальныя правы беларусаў у галіне асьветы.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7 С. 438