Беларуская моладзь (гурток)
Белару́ская мо́ладзь — гурток нацыянальна сьвядомай, пераважна студэнцкай моладзі ў Менску. Існаваў з восені 1920 г. да лістапада 1922 г. Зарэгістраваны ў Наркамаце асьветы БССР.
Месьціўся ў памяшканьні былога клюбу «Беларуская хатка», тут пад эгідай гуртка працаваў «Клюб беларускай моладзі — Беларуская хатка». Задачы: пашыраць нацыянальную сьвядомасьць сярод моладзі і грамадзтва, дапамагаць увядзеньню беларускай мовы ў школах і грамадзкіх установах, выхоўваць сяброў гуртка ў нацыянальным духу.
У клюбе працавалі сэкцыі: тэатральная (кіраўнік А. Ляжневіч, Цэрах, У. Фальскі), літаратурная (кіраўнік Я. Колас), мастацкая (Юдовіч), музычная (Скальская), танцавальная (Ч. Родзевіч). 3 гуртком супрацоўнічалі Я. Купала, Я. Лёсік, Ц. Гартны, У. Тэраўскі. Сябры гуртка бралі ўдзел у агульна-гарадзкіх нацыянальна-культурных мерапрыемствах, падтрымлівалі сувязі з арганізацыямі беларускай моладзі ў Віцебску, Горы-Горках, Магілёве, Слуцку, Маскве і інш. Плянавалася выданьне маладзёжнага часопісу і скліканьне агульнабеларускага зьезду беспартыйнай моладзі.
Сябры гуртка і клюбу праводзілі культурныя мерапрыемствы, заснавалі беларускі хор (кіраўнік Тэраўскі). 30 ліпеня 1921 г. на базе клюбу створаная культурна-асьветная арганізацыя «Хата беларускага мастацтва», якая, аднак, самастойна не працавала. Дзейнасьць гуртка і клюбу рэзка крытыкавалася савецкімі партыйнымі і камсамольскімі органамі. Пасьля рэквізыцыі ўладамі ў канцы 1922 г. памяшканьня хаткі дзейнасьць перанесеная ў БДУ, гурток рэарганізаваны ва Ўсебеларускае студэнцкае аб’яднаньне БДУ.
Пасьля скасаваньня аб’яднаньня ў пачатку 1923 г. гурток аднавіў працу як Беларускі гурток вывучэньня анархізму (зарэгістраваны ў БДУ), правёў некалькі сходаў і дыскусіяў. Вясной 1923 г. пасьля ўмяшаньня ЦК КП(б)Б рэгістрацыя гуртка скасаваная. Магчымасьці стварэньня легальнай арганізацыі беларускай моладзі былі вычарпаныя. Сябры гурткоў уключыліся ў работу легальных студэнцкіх прафсаюзных і навуковых арганізацыяў.
Сябрамі гуртка былі паэты А. Александровіч і А. Дудар, драматург Я. Рамановіч, артыст Б. Платонаў, гісторыкі Т. Забела і Я. Кіпель, літаратуразнаўцы і крытыкі А. Адамовіч, П. Каравайчык, а таксама У. Сянько, А. Комар, Б. Бузаноўская, В. Шыкар, В. Даўгаленка, А. Вольскі, В. Дзятка, В. Камар, С. Грамыка, А. Гураў, сёстры Юцкевіч і Габрыновіч, Чайкоўская, Мунвіз, Аксельрод, Апацёнак, Казакевіч, Юдовіч, М. Адзярыха, М. Пашковіч, Я. Пашковіч і інш.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Васілеўскі, Ю. Р. «Беларуская моладзь» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — С. 382.
- Кіпель, Я. «Беларуская хатка» // Беларуская моладзь. — 1960. — № 5. — С.
- Кіпель, Я. Студэнцтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Менску (пачатак 20-х гадоў) // Беларуская моладзь. — 1961. — № 9. — С.
- Рамановіч, Я. «Беларуская хатка» // Горад і годы. — Мн., 1967.