Ар’ен Робэн
| Ар’ен Робэн | ||
| Пэрсанальная інфармацыя | ||
|---|---|---|
| Нарадзіўся | 23 студзеня 1984[1][2][3] (41 год) | |
| Рост | 180 см | |
| Вага | 80 кг | |
| Пазыцыя | атакуючы паўабаронца, правы ўінгер | |
| Клюбы | ||
| Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
| 2000—2002 | Гронінген | 46 (8) |
| 2002—2004 | ПСВ Эйндговэн | 56 (18) |
| 2004—2007 | Чэлсі | 67 (15) |
| 2007—2009 | Рэал Мадрыд | 50 (11) |
| 2009—2019 | Баварыя | 201 (99) |
| 2020—2021 | Гронінген | 7 (0) |
| Зборныя | ||
| 2001—2002 | Нідэрлянды (да 19)[d] | 8 (2) |
| 2001—2003 | Нідэрлянды (да 21)[d] | 8 (1) |
| 2003—2017 | Нідэрлянды | 96 (37) |
Ар’ен Робэн (па-нідэрляндзку: Arjen Robben; нар. 23 студзеня 1984 году, Бэдум, Нідэрлянды) — колішні нідэрляндзкі футбаліст, які выступаў за нацыянальную зборную Нідэрляндаў на пазыцыі нападніка ці ўінгера зь левай нагой. Зьяўляецца чэмпіянам чатырох краінаў: Нідэрляндаў, Ангельшчыны, Гішпаніі й Нямеччыны.
Клюбная кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Робэн нарадзіўся й вырас у невялікім мястэчку Бэдум, разьмешчанай побач з горадам Гронінген, дзе й пачаў гуляць у футбол у мясцовым клюбе.
«Гронінген»
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гульня Робэна й ягоныя футбольныя здольнасьці прыцягнулі ўвагу да яго скаўтаў клюбу «Гронінген». У лістападзе 2000 году Робэн упершыню апынуўся ў заяўцы першай каманды клюбу, аднак на поле гэтак і ня выйшаў. 3 сьнежня 2000 году ў матчы супраць «Ваальвэйку» упершыню выйшаў на зьмену на 79-й хвіліне. У хуткім часе футбаліст заняў месца ў асноўным складзе каманды. Улетку 2002 году быў набыты клюбам «ПСВ Эйндговэн» за 3,9 млн эўра.
ПСВ
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У першым сэзоне за ПСВ Робэн правёў 33 матчы і забіў 12 галоў[4]. Па заканчэньні сэзону яго назвалі гульцом году ў ПСВ разам зь іншым нападнікам Матэяй Кежманам, зь якім Робэн стварыў тандэм у нападзе каманды, названы заўзятарамі ПСВ «Бэтмэн і Робэн». У сакавіку 2004 года пераехаў у ангельскі клюб «Чэлсі»[5].
«Чэлсі»
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Робэн быў вымушаны прапусьціць пачатак свайго першага сэзону ў Ангельшчыне з-за траўмы, атрыманай у таварыскай гульні з італьянскім клюбам «Рома», дзе Ар’ен у сутыкненьні з Аліўе Дакурам атрымаў пералом плюсьневай косткі. У выніку ён змог дэбютаваць у складзе «арыстакратаў» толькі ў лістападзе 2004 года, у гульні чэмпіянату Ангельшчыны супраць «Эвэртана», дзе быў прызнаны гульцом матчу. Свае першыя матчы Робэн правёў добра, за што атрымаў тытул гульца месяца ў АПЛ[6].
«Рэал Мадрыд»
[рэдагаваць | рэдагаваць код]22 жніўня 2007 году Робэн стаў гульцом «Рэалу», падпісаўшы кантракт на 5 гадоў. За пераход ўінгера «Рэал» выплаціў «Чэлсі» суму ў 36 млн эўра. Гэтая купля стала 5-й па суме трансфэрам у гісторыі «Рэалу», пасьля Зынэдына Зыдана, Луіша Фігу, Дэйвіда Бэкгэма й Раналда[7].
«Баварыя» Мюнхэн
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Улетку 2009 году Робэн быў выстаўлены на трансфэр. Прычынай гэтага стала купля «Рэалам» двух футбалістаў, Крыштыяну Раналду й Кака[8]. Неўзабаве Робэн быў набыты нямецкім клюбам «Баварыя» (Мюнхэн), які заплаціў за трансфэр галяндца 25 млн эўра[9]. У складзе Баварыі адзначыўся ў фінале Лігі чэмпіёнаў УЭФА 2013 году, забіўшы пераможны гол у фінале[10]. У 2014 годзе трапіў у сьпіс футбалістаў, якія маглі атрымаць узнагароду ФІФА "Залаты мяч"[11]. У лютым 2019 году цікавасьць да набыцьця Робэна вяўляў ФК Токіё[12]. У складзе Баварыі стаў васьміразовым чэмпіёнам Нямеччыны. 4 ліпеня 2019 года аб'явіў пра сканчэньне кар'еры. За 19 гадоў ён правёў 602 гульні, забіў 210 галоў, атрымаў 28 узнагарод.
Кар’ера ў зборнай
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У складзе зборнай Нідэрляндаў Робэн дэбютаваў 30 красавіка 2003 году ў таварыскім матчы супраць зборнай Партугаліі, які скончыўся ўнічыю зь лікам 1:1, у гэтай гульні Робэн замяніў на 77-й хвіліне Марка Овэрмарса, таксама ў гэтай гульні дэбютаваў іншы малады футбаліст, Вэсьлі Снэйдэр[13]. Адзначыўся ў гульні з Коста-Рыкай у чвэрцьфінале Чэмпіянату сьвету 2014 году[14][15]. У зборнай правёў 96 гульняў і заняў шостае месца сярод футбалістаў з найбольшай колькасьцю гульняў за зборную Нідэрляндаў паводле стану на 6 верасьня 2018 года. Забіў 37 галоў за зборную (падзяліў чацьвёртае месца з Дэнісам Бэргкампам паводле стану на 6 верасьня 2018 года).
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Клюбныя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]ПСВ:
- Чэмпіён Нідэрляндаў: 2003
- Уладальнік Супэркубка Нідэрляндаў: 2004
«Чэлсі»:
- Чэмпіён Ангельшчыны (2): 2005, 2006
- Уладальнік Супэркубка Ангельшчыны: 2005
- Уладальнік Кубка лігі (2): 2005, 2007
- Уладальнік Кубка Ангельшчыны: 2007
«Рэал»:
- Чэмпіён Гішпаніі: 2008
- Уладальнік Супэркубка Гішпаніі: 2008
«Баварыя»:
- Чэмпіён Нямеччыны (8): 2010, 2013, 2014, 2015, 2016, 2017, 2018, 2019
- Уладальнік Кубка Нямеччыны (5): 2010, 2013, 2014, 2016, 2019
- Уладальнік Супэркубка Нямеччыны (5): 2010, 2012, 2016, 2017, 2018
- Пераможца Лігі чэмпіёнаў: 2013
- Уладальнік Супэркубка Эўропы: 2013
- Пераможца клюбнага чэмпіянату сьвету: 2013
Міжнародныя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Нідэрлянды:
- Срэбраны прызэр чэмпіянату сьвету: 2010
Асабістае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Робэн мае траіх дзяцей: сыноў Люка 2008 году нараджэньня і Кая (2012 год нараджэньня) і дачку Лін 2010 году нараджаньня.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ а б в Arjen Robben // Transfermarkt (мн.) — 2000.
- ^ а б в ARJEN ROBBEN // Argentine Soccer Database (гішп.)
- ^ а б в Arjen Robben // As (гішп.) — Madrid: PRISA, 1967. — ISSN 1888-6671
- ^ Honderdste competitieduel voor Arjen Robben (нід.) PSV.nl
- ^ Arjen Robben kiest voor het Engelse Chelsea (нід.) PSV.nl
- ^ FA Premier League Seasonal awards 2004/05 Архіўная копія ад 11 сьнежня 2006 г.
- ^ Robben determined to prove his worth. abc.net
- ^ «Могучий голландец». sports.ru
- ^ Bayern Munich seal Robben signing. bbc.co.uk
- ^ “Баварыя” стала пераможцам футбольнай Лігі чэмпіёнаў (відэа). euroradio.fm
- ^ ФІФА апублікавала спіс прэтэндэнтаў на прэмію "Залаты мяч" -2014 zviazda.by
- ^ FC Tokyo expresses interest in acquiring Bayern Munich's Arjen Robben. The Japan Times
- ^ Kluivert marca un tanto histórico a pase de Makaay. hemeroteca
- ^ Хільмановіч У. Аранжавы ровень небяспекі.(недаступная спасылка) БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ
- ^ Коста-Рика - Нидерланды 0:0, 05.07.2014 - футбольный матч
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Профіль на афіцыйным сайце «Баварыі Мюнхэн»
- Профіль на афіцыйным сайце «Чэлсі»
- Статыстыка на сайце National Football Teams