Перайсьці да зьместу

Дэйвід Бэкгэм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дэйвід Бэкгэм
Дэйвід Бэкгэм
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 2 траўня 1975 (49 гадоў)
Лёндан, Ангельшчына
Рост 183 см
Вага 80 кг
Пазыцыя паўабаронца
Моладзевыя клюбы
1989—1990
1990—1991
1991—1993
Брымздаўн Ровэрз
Тотэнгэм Готспур
Манчэстэр Юнайтэд
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1993—2003
1995
2003—2007
2007—2012
2009
2010
2013
Манчэстэр Юнайтэд
Прэстан Норт Энд
Рэал Мадрыд
Лос-Анджэлес Гэлаксі
Мілян
Мілян
Пары Сэн-Жэрмэн
265 (62)
5 (2)
116 (13)
98 (18)
18 (2)
11 (0)
10 (0)
Зборныя
1996—2009 Ангельшчына 115 (17)

Дэ́йвід Ро́бэрт Джо́зэф Бэ́кгэм (па-ангельску: David Robert Joseph Beckham; нар. 2 траўня 1975 году, Лёндан, Ангельшчына) — былы ангельскі футбаліст, гуляў на пазыцыі паўабаронцы. На працягу кар’еры выступаў за клубы «Манчэстэр Юнайтэд», «Прэстан Норт Энд», «Рэал», «Мілян» і «Пары Сэн-Жэрмэн», а таксама абараняў колеры зборнай Ангельшчыны, у якой ён зьяўляецца рэкардсмэнам па ліку згуляных матчаў сярод палявых гульцоў[2]. Асабліва вядомы сваімі высокімі навыкамі выкананьня стандартаў і штрафных удараў. У 2011 годзе быў прызнаны самым высокааплатным футбалістам сьвету[3].

Футбольная кар’ера Бэкгэма пачалася пасьля падпісаньня прафэсійнага кантракту з «Манчэстэр Юнайтэд» у якім ён дэбютаваў у 1992 годзе ў веку 17 гадоў[4]. Бэкгэм выйграў з «Манчэстэр Юнайтэд» 6-чэмпіёнскіх тытулаў Прэм’ер-лігі, двойчы Кубак Ангельшчыны і аднойчы Лігу чэмпіёнаў. У 2003 годзе ён перайшоў у «Рэал Мадрыд», у якім выступаў на працягу чатырох сэзонаў[5], выйграўшы чэмпіянат Гішпаніі ў сваім апошнім сэзоне ў камандзе[6]. У студзені 2007 году Бэкгэм падпісаў з клюбам МЛС «Лос-Анджэлес Гэлаксі» пяцігадовы кантракт на суму 32,5 млн даляраў[7]. Зьяўляючыся гульцом «Гэлаксі» Бэкгэм выступаў за італьянскі «Мілян» на правах арэнды ў 2009 і 2010 гадох.

Калі хлопцу споўнілася 13 гадоў, яго запрасілі ў юнацкія акадэміі знакамітых лёнданскіх клюбаў, сярод якіх мацнейшымі былі «Арсэнал» і «Тотэнгэм». Юнак абраў апошні клюб. Да таго часу ён ужо гуляў за дзіцячыя каманды акругі Эсэкс.

Неўзабаве ён склаў папярэдні кантракт з «Манчэстэр Юнайтэд». Паводле ўгоды ён мусіў два гады адбыць шкаляром, а потым два гады правучыцца ў моладзевай акадэміі «Манчэстэр Юнайтэд» і, нарэшце, займець 2-гадовы прафэсійны кантракт з клюбам. Ён наведваў акадэмію манчэстэрскага клюбу зь веку 15 гадоў і ў 1992 годзе выйграў з камандай моладзевы Кубак Ангельшчыны, які Манчэстэр ня браў 28 гадоў. Сам Бэкгэм вызначыўся голам у другім фінальным матчы супраць «Крыстал Пэлас». У верасьні таго ж году ён упершыню згуляў за асноўную каманду «Манчэстэр Юнайтэд», замяніўшы Андрэя Канчэльскіса ў матчы Кубка лігі супраць «Брайтану».

Бэкгэм выконвае кутні ў фінале Кубка Ангельшчыны 1999 году.

Па дэбюце Бэкгэм доўга не трапляў у асноўны склад. У сэзоне 1994—1995 гадоў ён гуляў на правах арэнды ў складзе «Прэстану», а вярнуўшыся ў Манчэстэр, упершыню згуляў у матчы чэмпіянату Ангельшчыны 2 красавіка 1995 году ў матчы супраць «Лідс Юнайтэд» (0:0). Лета 1995 году стала пераломным для клюбу. Алекс Фэрг’юсан прадаў трох ключавых гульцоў каманды, як то Пола Інса, Марка Г’юза і Андрэя Канчэльскіса, усклаўшы больш адказнасьці на маладых гульцоў клюбу, сярод якіх быў Бэкгэм, а таксама Нікі Бат і Раян Гігс. Аднак, пасьля некалькіх крыўдных паразаў каманда выбыла з гонкі за чэмпіёнскі тытул і ў студзені адставала ад «Ньюкаслу» на 12 пунктаў. Але другая палова сэзону была нашмат лепшай, то бок «чырвоныя д'яблы» занялі першае месца ў чэмпіянаце і здабылі Кубак Ангельшчыны. Бэкгэм згуляў 33 гульні ў чэмпіянаце краіны і забіў 7 галоў.

У сэзоне 1998—1999 гадоў каманда, усё яшчэ ачоленая Фэрг’юсанам, мела моцную і якасную гульню. У выдатнай форме былі ўсё лідэры каманды, у тым ліку і сам Бэкгэм. «Манчэстэр Юнайтэд» зрабіў трэбл, то бок займеў тры трафэі цягам аднаго сэзону. Да перамогі ў Прэм’ер-лізе і Кубку Ангельшчыны дадаўся самы прэстыжны эўрапейскі трафэй — Кубак чэмпіёнаў. Пры гэтым ангельцы ў фінале зь мюнхэнскай «Баварыі» зрабілі цуд. Нямецкі клюб адкрыў лік на 6-й хвіліне і ўтрымліваў перавагу наступныя 84 хвіліны, то бок да канца асноўнага часу. На першай хвіліне дадатковага часу Дэйвід Бэкгэм выканаў кутні, а па шэрагу рыкашэтаў Тэдзі Шэрынггэм ураўнаў лік. Яшчэ празь дзьве хвіліны ангельцы зьдзейсьнілі неверагоднае, то бок пасьля чарговай падачы кутняга Бэкгэмам вырашальны гол забіў Уле-Гунар Сульшэр. У гэтым залатым складзе Бэкгэм уважаўся адной з самых вялікіх зорак, а паводле апытаньня на «Залаты мяч» ён быў другім пасьля ўсіх футбалістаў сьвету пасьля Рывалду. Праз год «Манчэстэр Юнайтэд» зноў стаў пераможцам Прэм’ер-лігі. У тым сэзоне Бэкгэм забіў 6 галоў. У 2001 годзе «чырвоныя д’яблы» трэці раз запар сталі ўладальнікамі залатых мэдалёў айчыннага першынства.

Бэкгэм у кашулі «Рэалу» на выяве разам з Зыданам.

Такая ідылія была сапсаваная стратай даверу з боку галоўнага трэнэра пасьля паразы 15 лютага 2003 году. У важкай гульні Кубка Ангельшчыны супраць «Арсэналу» (0:2) Фэрг’юсан нібыта кінуў у Бэкгэма буцай і пашкодзіў ягонае левае брыво. Прынамсі, глыбокая рана была бачная доўгі час. У чвэрцьфінале Лігі чэмпіёнаў 2002—2003 гадоў «Манчэстэр Юнайтэд» сустрэўся з мадрыдзкім «Рэалам». Гасьцявая параза зь лікам 1:3 пакінула ангельцам шанец адгуляцца ў матчы ў адказ, але Бэкгэм пачаў матч на лаўцы запасных. Саступаючы зь лікам 2:3, ён двойчы забіў і прынёс камандзе перамогу зь лікам 4:3, але паводле падсумаваньня двубою гішпанцы ўсё роўна прасунуліся далей.

Калі набліжалася трансфэрнае акно лета 2003 году, «Манчэстэр Юнайтэд», здавалася, імкнуўся прадаць Бэкгэма ў «Барсэлёну»[8], і абодва клюбы нават абвесьцілі, што яны дасягнулі згоды аб пераходзе Бэкгэма[9], але замест гэтага ён далучыўся да дзейнага чэмпіёна Гішпаніі «Рэалу» за 37 мільёнаў эўра паводле кантракту на чатыры гады. Бэкгэм быў апошнім падпісаньнем у эпоху Галяктыкас сусьветных зорак, якіх штолета падпісваў прэзыдэнт клюбу Флярэнтына Пэрэс[10]. Гэтая навіна стала моцным ударам для новаабранага прэзыдэнта «Барсэлёны» Жаана Ляпорты, які большую частку сваёй прэзыдэнцкай кампаніі грунтаваў на падпісаньні кантракту з Бэкгэмам[11].

Гулец у апошні свой сэзон у складзе «Рэалу».

Пераход у мадрыдзкі «Рэал» быў абвешчаны ў сярэдзіне чэрвеня і афіцыйна завершаны 1 ліпеня 2003 году, зрабіўшы Бэкгэма трэцім ангельцам, які гуляў за клюб, пасля Лоры Канінггэма і Стыва Макманамана, апошняга зь якіх ён зьмяніў на пазыцыі. Пасьля пасьпяховага мэдычнага абсьледаваньня 2 ліпеня Бэкгэм быў прадстаўлены перад 500 акрэдытаванымі журналістамі з 25 краінаў на баскетбольнай пляцоўцы клюбу, дзе яму перадаў знакамітую кашулю сьметанковага колеру былы гулец «Рэалу» легендарны Альфрэда Дзі Стэфана[12]. Бэкгэм звычайна меў кашулі зь сёмым нумарам, але ён ужо быў заняты ў «Рэале» Раулем. З гэтае прычыны паўабаронца ўзяў сабе 23-і нумар, спаслаўшыся на сваё захапленьне баскетбалістам Майклам Джорданам, які таксама звычайна гуляў пад гэтым нумарам[13].

За тыдзень да прэзэнтацыі Бэкгэма «Рэал» прызначыў Карлуша Кейруша новым галоўным трэнэрам каманды. Папярэдні сэзон гэты адмысловец працаваў у якасьці памочніка Фэрг’юсана ў «Манчэстэр Юнайтэд». У канцы ліпеня 2003 году клюб выправіўся ў тур на Далёкі Ўсход у рамках перадсэзоннай падрыхтоўкі, а таксама каб зарабіць на велізарнай маркетынгавай кампаніі Бэкгэма ў Азіі, дзе ён карыстаўся велізарнай папулярнасьцю. Параўноўваючы ягоны прыём па прыбыцьці ў аэрапорт Куньмін на поўдні Кітаю зь бітламаніяй, Marca выпусьціла газэту з загалоўкам «Бэкгэмаманія ў Кітаі»[14]. Каманда згуляла сустрэчы ў Пэкіне, Ганконгу, Токіё і Бангкоку.

У мадрыдзкай камандзе выніковасьць гульца значна зьнізілася, і клюб прайграваў канкурэнцыю ва ўнутранай арэне «Барсэлёне». За ўсе чатыры гады ў «Рэале» ён толькі аднойчы стаў чэмпіёнам Гішпаніі ў 2007 годзе і здабыў адзіны Супэркубак Гішпаніі. Але за той жа час клюбу здолеў няблага зарабіць на кашулях і сувэнірах, павязаных з футбалістам, ва ўсім сьвеце на суму блізу 440 мільёнаў эўра. Прысутнасьць Бэкгэма ў складзе шмат у чым сталася прычынай папулярнасьці «Рэалу».

У складзе «Лос-Анджэлес Гэлаксі».

Апошні раз ангелец выступаў у складзе «сьметанковых» у сэзоне 2006—2007 гадоў, калі новым галоўным трэнэрам мадрыдзкага «Рэалу» быў прызначаны славуты сваёй дысцыплінаванасьцю Фабіё Капэльлё. Канфлікт паміж ім і Бэкгэмам адбыўся ў студзені 2007 году, калі ангелец ужо склаў працоўную ўгоду з амэрыканскім клюбам «Лос-Анджэлес Гэлаксі». Капэльлё крытыкаваў гульца за тое, што падчас важных матчаў ён клапаціўся толькі пра свае інтарэсы і практычна не ставіў паўабаронцу ў склад каля месяца. Але тады каманда гуляла гэтак слаба, што нават давялося выпусьціць на пляцоўку Бэкгэма. Ангелец адзначыўся голам ў браму «Рэалу Сасьедаду» ў першай гульні пасьля вымушанага перапынку. У чэрвені 2007 году ён стаў чэмпіёнам краіны, а ў канцы таго ж месяца пераехаў у ЗША, дзе 21 чэрвеня правёў першую гульню за новы клюб.

У канцы 2008 году Бэкгэм пастанавіў сабе вярнуцца ў Эўропу, перш за ўсё, каб падтрымліваць форму і статус гульца асноўнага складу. 30 кастрычніка 2008 году «Мілян» абвесьціў аб заплянаваным на 7 студзеня 2009 году пераходе футбаліста на правах арэнды[15]. Пры гэтым сам гулец, спыніўшы магчымыя чуткі, адзначыў, што вяртаньне ў Эўропу не азначае намер пакінуць амэрыканскі клюб.

Бэкгэм у складзе нацыянальнай зборнай Ангельшчыны.

Першае зьяўленьне Бэкгэма ў кашулі нацыянальнай зборнай Ангельшчыны адбылося 1 верасьня 1996 году ў адборачным матчы да чэмпіянату сьвету 1998 году супраць Малдовы[16].

Ангельшчына тады кваліфікавалася на чэмпіянат сьвету 1998 году, але паўабаронца не заўсёды трапляў у стартавы склад Глена Годла. На чэмпіянаце сьвету ён не гуляў у першых двух матчах, але зьявіўся ў заключным матчы групавога этапу супраць зборнай Калюмбіі, дзе адзначыўся сваім першым голам за зборную, бліскуча паклаўшы мяч у браму, перакінуўшы яго цераз мур падчас выкананьня штрафнога ўдара. У 1/8 фіналу каманда саступіла зборнай Аргентыны, а ў пачатку другога тайму Бэкгэм паддаўся на правакацыю Дыега Сымэонэ і наўмысна ўдарыў яго нагой, за што адразу ж атрымаў чырвоную картку і пакінуў поле[17]. Большасьць з СМІ зрабілі юнака галоўным вінаватым за ягоны недысцыплінаванасьць у вырашальнай гульні. Некаторы час пасля гэтага на выязных гульнях за «Манчэстэр Юнайтэд» трыбуны сустракалі яго сьвістам, а ля дома часта былі журналісты.

Пасьля катастрафічнага чэмпіянату Эўропы 2000 году, дзе зборнай Ангельшчыны нават ня выйшла з групавога этапу, у лістападзе новапрызначаны трэнэр «ільвоў» Пітэр Тэйлар прызначыў Бэкгэма капітанам зборнай[18]. Дзякуючы голу Бэкгэма ў браму зборнай Грэцыі, зборная напрамкі кваліфікавалася на чэмпіянат сьвету 2002 году[19].

«Манчэстэр Юнайтэд»:

«Рэал»:

«Лос-Анджэлес Гэлаксі»:

ПСЖ:

Дэйвід і Вікторыя Бэкгэмы ў 2019 годзе.

У 1997 годзе Бэкгэм пачаў заляцацца да Вікторыі Адамз[20] пасьля таго, як яна наведала матч «Манчэстэр Юнайтэд»[21][22][23]. Яна была вядомая як аднай з выканаўцаў поп-гурта Spice Girls, адной з найлепшых брытанскіх папулярных гуртоў таго часу. Каманда Бэкгэма таксама карысталася вялікім посьпехам. Іхныя стасункі імгненна прыцягнулі вялікую ўвагу СМІ. Ён зрабіў ёй прапанову 24 студзеня 1998 году ў рэстаране ў Чэзанце.

4 ліпеня 1999 году пара ўзяла шлюб у замку Латрэлстоўн у Ірляндыі. Партнэр Бэкгэма па камандзе Гэры Нэвіл быў ягоным паджанішнікам на вясельлі[21]. Сродкі масавай інфармацыі не былі запрошаныя на цырымонію, бо Бэкгэмы склалі эксклюзіўную дамову з часопісам OK!, але газэты хутка змаглі атрымаць фатаграфіі з цырымоніі[24]. У Дэйвіда і Вікторыі чацьвёра дзяцей, як то траіх сыноў Брукліна Джозэфа, Рамэо Джэймза, Круза Дэйвіда і дачку Гарпэр Сэвэн. Паведамлялася, што Элтан Джон і Дэйвід Фэрніш ёсьць хроснымі бацькамі Брукліна і Рамэо[25], а іхняй хроснай маці ёсьць Элізабэт Гэрлі. Круз і Гарпэр былі ахрышчаныя ў каталіцтве, а сярод іхных хросных бацькоў былі Эва Лангорыя і Марк Энтані[26].

У пачатку сваёй кар’еры ў «Манчэстэр Юнайтэд» Бэкгэм жыў у доме з чатырма спальнямі ва Ўорсьлі, які ён набыў беспасярэдне ў забудоўніка, калі яму было 20 гадоў у 1995 годзе[27] . У 1999 годзе, неўзабаве па вясельлі, ён і Вікторыя ікупілі загарадны дом плошчай 10 гектараў у Сабрыджўорце ў графстве Гэртфардшыры, які СМІ назвалі Бэкінггэмскім палацам[28][29]. Яны прадалі гэтую маёмасьць у 2014 годзе[30]. Сям’я Бэкгэма на сёньня пражывае ў Бэвэрлі-Гілз у Каліфорніі[31].

Дэйвід Бэкгэм актыўна здымаецца ў рэклямах і розных часопісах пра моду. Таксама ён выпускае ўласную парфумэрыю і лінію адзеньня. У 2005 годзе Бэкгэм заснаваў футбольную школу свайго імя, якая працуе ў Лёндане і Лос-Анджэлесе. У канцы 2009 году было абвешчана, што абедзьве філіі будуць зачынены[32].

5 лютага 2014 году МЛС абвесьціла, што Бэкгэм рэалізаваў свой выбар на куплю каманды пашырэньня за 25 мільёнаў даляраў ЗША, якія ён атрымаў у рамках кантракту, падпісанага ім зь «Лос-Анджэлес Гэлаксі» ў 2007 годзе[33]. Група ўласьнікаў на чале з Бэкгэмам першапачаткова спадзявалася, што каманда з Маямі пачне гуляць у лізе ў 2016 ці 2017 годзе[34]. Пасьля затрымак з завяршэньнем дамовы наконт стадыёну ў студзені 2018 году стала вядома, што каманда пачне гуляць у 2020 годзе[35]. Назва і герб каманды былі апублічаныя 5 верасьня, то бок новая каманда атрымала назву «Інтэр Маямі». Клюб дэбютаваў у МЛС 1 сакавіка 2020 году, зазнаўшы паразу ў гасьцях «Лос-Анджэлесу» зь лікам 1:0.

  1. ^ а б https://web.archive.org/web/20170313222619/http://www.psg.fr/fr/Equipe-Pro/300002/Fiche-Joueur/3122/Beckham-David
  2. ^ Beckham reaches new caps landmark. BBC Sport
  3. ^ Бекхэм стал самым богатым футболистом мира, опередив Роналду и Месси. interfax.ru
  4. ^ Los Angeles Galaxy: Player bio. Los Angeles Galaxy.
  5. ^ Beckham joins Real Madrid. BBC Sport
  6. ^ Beckham bows out with Liga title. BBC Sport
  7. ^ Beckham confirms LA Galaxy move. The Guardian.
  8. ^ Taylor, Daniel (11.06.2003). «Beckham to stay in Spain». The Guardian.
  9. ^ Marcotti, Gabriele (12.06.2003). «Barcelona’s bid for Man Utd star begs questions». CNNSI.com.
  10. ^ «2001 – present – Real Madrid surpasses the century mark». Real Madrid CF.
  11. ^ «Beckham joins Real Madrid». BBC Sport.
  12. ^ «Real unveil Beckham». BBC Sport.
  13. ^ Bolton, Sally (3.06.2003). «The number 23». The Guardian.
  14. ^ «Beckham-mania in China on Real Madrid’s 2003 Asia tour». Marca.
  15. ^ «Beckham to join Milan in January». BBC Sport.
  16. ^ «Moldova 0 – England 3». englandstats.com.
  17. ^ Winter, Henry (1.07.1998). «World Cup 1998; Argentina 2 England 2, Argentina win 4–3 on pens: match report». The Daily Telegraph.
  18. ^ «Beckham quits as England captain». BBC Sport.
  19. ^ «England reach World Cup finals». BBC Sport.
  20. ^ David and Victoria Beckham. The Times.
  21. ^ а б Roberts, Alison (11.04.2005). «David and Victoria Beckham: Can they mend it like Beckhams?». The Independent.
  22. ^ Wills, Juliette (21.07.2013). «Victoria Beckham owes me everything». La Monda.
  23. ^ «American Idols». W.
  24. ^ «Sun pips OK! to Posh wedding photos». BBC News.
  25. ^ Welsh, Daniel (22.12.2019). «Victoria Beckham Shares Photos From Cruz And Harper's Star-Studded Christening». Huffington Post.
  26. ^ «Victoria Beckham Shares Photos From Cruz And Harper’s Star-Studded Christening». HuffPost UK.
  27. ^ Bartlett, Nicola (7.03.2014). «Beckham’s first home up for sale». Manchester Evening News.
  28. ^ Stuart, Julia (31.07.2001). «Beckingham Palace, our lovely home». The Independent.
  29. ^ Hill, Patrick (15.03.2014). «Inside 'Beckingham Palace': David and Victoria’s mansion bought by insurance tycoon for £11.3million». Daily Mirror.
  30. ^ Armstrong, Ashley (4.04.2015). «Neil Utley’s stake in Hastings Direct to be valued at £200m in upcoming IPO». The Daily Telegraph.
  31. ^ David and Victoria Beckham expecting fourth child. BBC News.
  32. ^ «California Branch of David Beckham Academy Closes». Goal.
  33. ^ Kennedy, Paul (20.05.2013). «Beckham is MLS expansion story du jour». Soccer Business Insider.
  34. ^ Mazzei, Patricia (5.02.2014). «Soccer star David Beckham to bring MLS team to Miami». The Miami Herald.
  35. ^ «David Beckham launches Miami Major League Soccer team». BBC Sport.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]