Перайсьці да зьместу

Віленскі музэй старажытнасьцяў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віленскі музэй старажытнасьцяў
Створаны 11 траўня 1855[1]
Закрыты 1915

Віленскі музэй старажытнасьцяў — музэйная ўстанова ў Вільні, заснаваная ў 1855 годзе Яўстахам Тышкевічам у будынку бібліятэкі Віленскага ўнівэрсытэту.

Адкрыцьцё музэю адбылося 1 сьнежня 1856 году. Свае калекцыі музэю перадалі браты Яўстах і Канстантын Тышкевічы, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Кіркор, Тэадор Нарбут, Міхал Балінскі, Францішак Багушэвіч, Ігнат Кулакоўскі, Адам Плятэр і інш. На момант адкрыцьця музэю экспазыцыя складалася з калекцыі манэт і мэдалёў; калекцыі гравюраў, геаграфічных мапаў і атлясаў; калекцыі карцінаў, партрэтаў і скульптураў; калекцыі дыплёмаў, рукапісаў, аўтографаў гістарычных дзеячоў; мэмарыяльнай калекцыя з скарбамі мясцовых шляхецкіх родаў; археалягічнай калекцыі. Таксама існавала бібліятэка.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) улады Расейскай імпэрыі адабралі шмат экспанатаў з музэю і перавезьлі іх у Маскву. Рэарганізаваны і абмаскалены музэй існаваў зь перапынкамі да Першай сусьветнай вайны[2]. У ім былі аддзелы археалёгіі, этнаграфіі, мастацтва, зброі, мінэралёгіі, арніталёгіі. Пры музэі дзейнічала Віленская археалягічная камісія (1855—1865).

У канцы XIX ст. у фондах музэю налічвалася больш за 12 тысячаў экспанатаў, у тым ліку старажытных рукапісаў XII—XIV стагодзьдзяў, інкунабулаў, рэдкіх выданьняў XV—XVIII стагодзьдзяў, зброі, слуцкіх паясоў, карэліцкіх габэленаў, графікі, скульптуры, партрэтаў магнацкіх родаў (Радзівілаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў), гербаў местаў Вялікага Княства Літоўскага, этрускіх вазаў, японскіх, італьянскіх і кітайскіх тканінаў, бронзавых вырабаў, нумізматычныя калекцыі. Апроч таго, захоўваліся каменныя ідалы з Случчыны, ядры зь Менскага замка, старажытныя рэчы з Калоскай царквы і іншае[3].

У 1919 годзе музэй наноў адкрыўся пры Віленскім ўнівэрсытэце імя Стэфана Баторыя. У 1941 годзе фонды музэю перайшлі да Акадэміі навук Летувы. У 1952 годзе на іх аснове ўтварыўся Віленскі гістарычна-этнаграфічны музэй, які ў 1992 году рэарганізавалі ў Летувіскі нацыянальны музэй.

  1. ^ HistoryНацыянальны музей Літвы.
  2. ^ Каханоўскі Г. Віленскі археалагічны музей // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 285.
  3. ^ Каханоўскі Г. Віленскі археалагічны музей // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 286.