Перайсьці да зьместу

Сымона дэ Бавуар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сымона дэ Бавуар
Simone de Beauvoir
Сымона дэ Бавуар, Жан-Поль Сартр, Чэ Гевара. Куба, 1960
Сымона дэ Бавуар, Жан-Поль Сартр, Чэ Гевара. Куба, 1960
Імя пры нараджэньні Simone-Ernestine-Lucie-Marie Bertrand de Beauvoir
Дата нараджэньня 9 студзеня 1908
Месца нараджэньня Парыж, Францыя
Дата сьмерці 14 красавіка 1986 (78 гадоў)
Месца сьмерці Парыж, Францыя
Школа/традыцыя экзыстэнцыялізм, фэмінізм, заходні марксізм
Пэрыяд філязофія XX стагодзьдзя
Кірунак фэмінізм, экзыстэнцыялізм
Асноўныя зацікаўленасьці палітыка, фэмінізм, этыка
Значныя ідэі фэміністычная этыка, экзыстэнцыялістычны фэмінізм
Аказалі ўплыў Жан-Поль Сартр
Наступнікі Юдзіт Батлер, Джэрміна Грыр
Сайт Інфармацыйная старонка (фр.)

Сымона дэ Бавуар (па-француску: Simone de Beauvoir; 9 студзеня 1908 — 14 красавіка 1986) — француская філёзафка-экзыстэнцыялістка, пісьменьніца, ідэалягіня фэміністычнага руху. Сяброўка й аднадумка Жан-Поль Сартра (абодва былі супраць шлюбу).

Тэарэтыца ня толькі фэмінізму, але й экзыстэнцыялізму. Нароўні з Сартрам, Камю й Мэрлё-Панці актыўна ўдзельнічала ў выпрацоўцы, станаўленьні й распаўсюджваньні атэістычнага экзыстэнцыялізму. Аўтарка шматлікіх эсэ, раманаў, навэляў, мэмуараў, у дадатак, таленавітая эпісталярніца. Сузаснавальніца часопісу «Новы час» (Les Temps modernes). Двухтомнае эсэ «Другі пол» (1949), якое было забаронена ў Ватыкане й СССР[1], хутка ператварылася ў сапраўдную біблію фэмінізму й сталася тэарэтычным штуршком да фэмінісцкай рэвалюцыі ў другой палове XX стагодзьдзя ў заходнім сьвеце[2].

Жан-Поль Сартр і Сымона дэ Бовуар

Нарадзілася 9 студзеня 1908 у Парыжы, атрымала строгае буржуазнае выхаваньне, што апісана ў яе кнізе «Успаміны маладой прыстойнай дзяўчыны» (Mémoires d’une jeune fille rangée, 1958). Вывучала філязофію ў Сарбоне, дзе пазнаёмілася з будучым правадыром сучаснага экзыстэнцыялізму Жан-Полем Сартрам.

Асноўныя даты жыцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • 9 студзеня 1908 году — Сымона дэ Бавуар нарадзілася ў багатай шляхецкай сям’і.
  • 1913 — ідзе ў школу Cours Désir.
  • 1917 — знаёміцца з Элізабэт Лякуэн (Заза з «Успамінаў маладой прыстойнай дзяўчыны»).
  • 1919 — сям’я абанкручваецца. Першая спроба пяра пісьменьніцы.
  • 1921—1922 — будучая пісьменьніца канфліктуе зь сям’ёй. Губляе веру ў Бога ва ўзросьце 14 гадоў.
  • 1924 — пасьпяхова завяршае сярэднюю адукацыю. Цікавіцца філязофіяй.
  • 1925 — першае каханьне з кузэнам Жакам.
  • 1927 — пачынае пісаць свае першыя раманы. Супрацоўнічае з сацыяльнай камандай Рабэра Гарыка. Знаёміцца з Марысам Мэрлё-Панці.
  • 1928 — атрымлівае дыплём па філязофіі.
  • 1929 — становіцца выкладніцай філязофіі. Знаёміцца з Сартрам.
  • 1931—1933 — выкладае філязофію ў Марсэлі.
  • 1932—1936 — выкладніца філязофіі ў Руане.
  • 1936 — назначаецца на пост выкладніцы філязофіі ў Парыж.
  • 1937 — разам з Сартрам усталёўваюцца ў Парыжы.
  • 1938 — раман з Жак-Ляранам Бостам. Пачынае пісаць свой першы раман «Госьця».
  • 1943 — выходзіць у сьвет ейны раман «Госьця». Пачынае пісаць другі раман «Чужая кроў».
  • 1945 — зьяўляецца раман «Чужая кроў», піша п’есу «Лішнія раты», актыўна піша для газэтаў — артыкулы пра Партугалію Салазара. Разам з Сартрам і Мэрлё-Панці ствараюць часопіс «Les temps modernes» (Новы Час).
  • 1947 — зь лекцыямі едзе ў ЗША, дзе знаёміцца зь пісьменьнікам Нэльсанам Альгрэнам з Чыкага.
  • 1949 — у сьвет выходзіць «Другі пол». Не зважаючы на крытыку з боку правых і левых, а таксама царквы, эсэ мае калясальны посьпех у кнігарнях.
  • 1950 — разрыў з Н. Альгрэнам.
  • 1952 — сыходзіцца з Клёдам Ланзманам.
  • 1953 — «Другі пол» выходзіць па-ангельску. Неймаверны посьпех, не зважаючы на слабы пераклад.
  • 1954 — атрымлівае Ганкураву прэмію за раман «Мандарыны».
  • 1956 — крытыкуе СССР за напад на Вугоршчыну.
  • 1957 — піша эсэ пра Кітай — «Доўгі шлях».
Апошні прытулак Жан-Поль Сартра й Сымоны дэ Бовуар на могілках Манпарнас
  • 1958 — пачынае пісаць мэмуары, першую частку — "Успаміны маладой прыстойнай дзяўчыны".
  • 1960 — выступае супраць вайны ў Альжыры.
  • 1964 — пасьля сьмерці маці піша аповесьць (найлепшая проза дэ Бавуар, па словах Сартра) «Вельмі мяккая сьмерць».
  • 1968 — у друку зьяўляецца зборнік навэляў «Вымераханая кабета». Актыўна ўдзельнічае ў студэнцкім рокашы.
  • 1970 — зьяўляецца ейнае фундамэнтальнае эсэ «Старасьць».
  • 1972 — удзельнічае ў фэмінісцкіх акцыях за легалізацыю спаронаў.
  • 1974 — дэ Бавуар едзе ў Партугалію, каб падтрымаць «рэвалюцыю гвазьдзікоў».
  • 1975 — Атрымлівае Ерусалімскую прэмію.
  • 1980 — сьмерць Сартра.
  • 1981 — публікуе апошнюю частку мэмуараў «Цырымонія разьвітаньня». Адаптуе Сільвію Лё Бон.
  • 1983 — атрымлівае «дацкага Нобэля» — прэмію Sonning.
  • 1986 — памірае ў Парыжы. Пахаваная на могілках Манпарнас побач з Сартрам.

Размова аб дэ Бавуар будзе няпоўнай, калі не прыгадаць яе рэвалюцыйнай ролі ў адраджэньні фэмінізму ў XX стагодзьдзі — гэтая ейная заслуга. Хоць не яна вынаходніца фэмінізму, тым ня менш, на сучасным этапе менавіта яна надала яму вагі, увяла яго ў філязофскае рэчышча, стала асноўнай тэарэтыцай сучаснай фэмінісцкай думкі. Хаця, як зазначала сама філёзафка, яна ня думала аб такім шумлівым і скандальным водгульлі, калі пісала «Другі пол» (франц. Le Deuxième Sexe), бо яна проста спрабавала, між іншым па парадзе Сартра, патлумачыць жаночую загнанасьць і адсутнасьць у гісторыі. І ёй удалося — на гэтым эсэ вырасьлі некалькі генэрацыяў францускіх кабетаў, якія так і называліся «генэрацыі Бавуар». Але ня толькі францужанкі ўдзячныя ёй, іншыя эўрапейкі й паўночныя амэрыканкі, калі твор зьявіўся на іншых мовах, пачалі з новай сілай змагацца за вызваленьне ад прыгнёту — палітычнага й побытавага адначасова. Сымона дэ Бавуар часта ўспрымаецца як маці сучаснага фэмінізму. Сама пісьменьніца ніколі не дыстанцыянавалася ад фэмінізму, а, наадварот, усяляк падкрэсьлівала сваю схільнасьць, а таксама схільнасьць Ж.-П. Сартра да ідэяў фэмінізму. Ад тэарэтычнага фэмінізму канца 50-ых гадоў яна пераходзіць да фэмінізму практычнага, вулічнага так бы мовіць, калі выбітная пісьменьніца ўдзельнічае ў маніфэстацыях у абарону сацыяльных і сэксуальных правоў жанчынаў. Пры гэтым варта падкрэсьліць, што Сымона дэ Бавуар стаяла на пазыцыях гэтак званага ўнівэрсалісцкага фэмінізму. Што азначае, што вядомая экзыстэнцыялістка адмаўляла ідэю жаночай сутнасьці, жаночай прыроды й выключна жаночых каштоўнасьцяў. Яна лічыла, што жанчына — гэта такі ж чалавек, як і мужчына. Пры гэтым яна прызнавала, што жанчына была зьведзена ў чалавечай гісторыі да аб’екту й маргіналізаванай асобы. Фізыялёгія, мацярынства, натуральна, адрозьніваюць жанчыну ад мужчыны, але гэта не дае падставы весьці размову аб іншым, новым, альтэрнатыўным жыцьці. На думку пісьменьніцы, у мужчыны й жанчыны ўсё ж-такі больш супольнага, чым адрознага (адкуль і ейнае ўнівэрсалісцкае бачаньне гісторыі палоў)[3].

Менавіта праз раманы пісьменьніца ажыцьцявіла сваю мару экзыстэнцыі, дасягнула, калі ўжыць ейную ж тэрміналёгію, аўтэнтычнага жыцьця. З маладосьці яна марыла стаць раманісткай, таму першыя раманы, якія, дарэчы, былі сустрэтыя зь цяплынёю, надалі ёй сілы й веры ў свой талент. Так, некаторыя раманы будуць пазначаныя прэміяй, як раман «Мандарыны», за які аўтарка атрымала Ганкураву прэмію.

Экзыстэнцыялістка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы Другой сусьветнай вайны ў Парыжы вельмі папулярным быў хрысьціянскі экзыстэнцыялізм на чале з Г. Марсэлям. Жан-Поль Сартр і Бавуар часта сыходзіліся й дэбатавалі з самім Марсэлям, а таксама ягонымі пасьлядоўнікамі. За атэістамі таксама прычапілася назва экзыстэнцыялістаў, хаця на самым пачатку Сартр і Бавуар адмаўляліся ад яе, потым яны аддаліся гэтаму клішэ й сталі надзвычай папулярнымі ў Эўропе. Да экзыстэнцыялісцкіх твораў Бавуар належаць эсэ «Пірус і Сінэас», «За мараль двухсэнсоўнасьці», «Экзыстэнцыялізм і мудрасьць нацыяў» і, канечне, «Другі пол». У адрозьненьне ад надзвычай абстрактнага, часам цьмянага Сартра тэксты дэ Бавуар чытаюцца й успрымаюцца прасьцей, а таму ейныя філязофскія эсэ ўсевядома й даступна тлумачылі людзям ідэі новай філязофіі.

Што датычыцца філязофскай кар’еры, то трэба нагадаць, што яна была прафэсійнай філёзафкай — выкладніцай, адной зь першых выкладніцаў філязофіі Францыі, бо традыцыйна гэтую дысцыпліну выкладалі мужчыны[4]. Ейны ўплыў на разьвіцьцё «сартараўскага» экзыстэнцыялізму дасюль недаацэньваецца: яна ўсё яшчэ лічыцца ягонай «пасьлядоўніцай». Хаця ў першых сваіх раманах, якія, дарэчы, зьявіліся раней за Сартравых філязофскіх эсэ, Сымона дэ Бавуар разважае аб чалавечым жыцьці й складае сваю карціну сапраўднага, «аўтэнтычнага» жыцьця, крытыкуючы фаталізм і прадвызначанасьць. У рамане «Усе людзі сьмяротныя» (франц. Tous les hommes sont mortels) яна цудоўна вызначыла праз мастацкія сродкі асноўныя пастуляты будучага экзыстэнцыялізму-сартрызму ці ўсё ж-ткі бавуарызму? Ды й сам Жан-Поль Сартр, дарэчы, ніколі не хаваў уплыву дэ Бавуар на свае ідэі, у адным з інтэрвію ён заўважыў, што: «Філёзаф – яна, не я». Далей у аповесьці «Вельмі мяккая сьмерць» (франц. Une mort très douce) яна апісвае сьмерць маці, але разам з тым разьвітваецца зь ёю й навучае чытача прымаць сьмерць. Наагул пісьменьніца заўжды давала рады ствараць ня толькі якасныя мастацкія творы, але пры гэтым заўжды сацыяльныя й вытрыманыя ў духу экзыстэнцыялізму.

Мысьлярка палітычнага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сымона дэ Бавуар да ўсяго актыўна цікавілася і аналізавала палітычныя зьявы і падзеі. У шматлікіх інтэрвію, артыкулах і эсэ яна часта выступала, як мысьлярка палітычнага[5]. Пра гэты аспэкт дзейнасьці філёзафкі часта забываюць. Так, у сваіх палітычных эсэ “Сучасная правая думка” (La pensée de droite aujourd'hui ) і “Ці трэба спаліць дэ Сада?” (Faut-il brûler Sade?) яна прапануе комплексную крытыку францускай правіцы і шляхі рэфармаваньня лявіцы[6].

Вядомы пастулят экзыстэнцыялізму аб тым, што жыцьцё будуецца самім чалавекам, а само жыцьцё — просты й цяжкі адначасова выбар той ці іншай мадэлі існаваньня, знайшоў у жыцьці дэ Бавуар просты водгук. На ўласным экспэрымэнце яна прадэманстравала, што быць жанчынай, чалавекам, пісьменьніцай, францужанкай, парыжанкай, інтэлектуалкай досыць проста, калі заставацца рэалісткай і ўспрымаць жыцьцё не як падарунак ці выпрабаваньне, а як штодзённую будоўлю, штодзённы выбар паміж млявасьцю й актыўнасьцю, аўтэнтычным жыцьцём і ўцёкамі ад яго, апусканьнем у містыку, тлумачэньнем усяго ілюзіяй пад назовам «Бог»[7]. На працягу жыцьця чалавек можа зьмяніць думку ці стаўленьне да якой заўгодна зьявы. Аб гэтым піша С. дэ Бавуар у сваіх мэмуарах. Але, як пазначае аўтарка, у адным ейная пазыцыя не зьмянілася на працягу жыцьця — гэта пытаньне атэізму. У «Падсумаваньнях» яна піша, што:


« Па адным пункце мая пазыцыя ніяк не зьмянілася. І я хачу вярнуцца да яго — да майго атэізму. Шмат добрых душаў шкадуюць аб тым, што няшчасны выпадак стаўся прычынай страты маёй веры. У артыкулах ці ў лістах, якія яны адрасуюць мне, я часта чытаю: «Ах, калі б яна жыла сярод сапраўдных хрысьціян!», «Калі б вы прачыталі спачатку Эвангельле, а ўжо потым Імітаваньне!», «Калі б яна стрэла разумнага сьвятара!» Трэба разумець: «Калі б яна сустрэла мяне, то яна б пабудавала жыцьцё як я і мой досьвед пераканаў бы яе». Насамрэч, мая рэлігійная адукацыя была вельмі грунтоўнай; з Эвангельля я ведала напамяць вялікія пасажы. З самай маладосьці і потым ў дарослым жыцьці я сустракала разумных хрысьціян: і менавіта дзякуючы таму, што яны былі разумнымі, яны не лічылі, што сваім уплывам яны могуць выратаваць маю душу. Яны лічылі, што вера залежыць ад бога, ад ягоных намераў, ад ягонай ласкі. Насамрэч, у гэтым і заключаецца тэялягічная бяссэнсіца: спроба патлумачыць прысутнасьць ці адсутнасьць бога выпадковымі і выключна простымі доказамі. »

—Simone de Beauvoir, Tout compte fait, 1970]

Мэмуарыстка й эпісталярніца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У дадатак да раманаў і эсэ пісьменьніца пакінула вялікую спадчыну ў форме мэмуараў, а таксама яна пакінула багатую эпісталярную спадчыну. Ейнае ліставаньне з Сартрам, Бостам, Ланзманам і Альгрэнам складае некалькі тамоў кнігаў. Зрэшты, як ніводны іншы пісьменьнік XX стагодзьдзя, Сымона дэ Бавуар дала рады завяршыць усе тамы мэмуараў, якія яна распачала пісаць яшчэ ў маладыя гады. Ад «Успамінаў маладой прыстойнай дзяўчыны» да «Цырымоніі разьвітаньня» пісьменьніца пакінула 6 тамоў цікавых і дакладных успамінаў пра свае атачэньне й эпоху[8].

Мянушка/псэўданім

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Сымоны дэ Бавуар была мянушка - le Castor (лё Кастор, castor - бабёр па-француску), якую ёй даў у 1929 годзе студэнцкі сябра Рэнэ Габрыэль Эжэн Маё, будучы прафэсар філязофіі і аташэ па культуры ў Лёндане. Ён параўнаў яе з бабром, заўважаўшы да ўсяго, што па-ангельску Beauvoir вымаўляецца як beaver (бабёр - па-ангельску). Мянушку папулярызаваў Жан-Поль Сартр, які любіў баброў, бо "яны жывуць групкамі і вельмі працавітыя"[9]. Так яе называлі выключна блізкія, пісьменьніца ніколі не падпісвала так свае тэксты, таму назва засталася мянушкай і ня стала псэўданімам[10].

  • «Жанчынаю не нараджаюцца, ёю становяцца».
  • «Людзі не нясуць адказнасьці за паразы шлюбу, бо сам інстытут шлюбу першапачаткова перакручаны».
  • «Фатальнасьць пачынае трыюмфаваць, як толькі ты паверыш у яе»[11].

9 студзеня 2008 г. з нагоды 100-годзьдзя зь дня нараджэньня Сымоны дэ Бавуар фэміністка і дасьледніца Юлія Крысьцева заснавала Міжнародную прэмію за свабоду жанчынаў - прэмію Сымоны дэ Бавуар[12].

У 2000 г. у 6-ой акрузе Парыжу, на скрыжаваньні бульвару Сэн-Жэрмэн, вуліцы дэ Рэн і пляцу Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ быў адкрыты пляц Жан-Поля Сартра і Сымоны дэ Бавуар[13]. У 2006 годзе быў адкрыты пешаходны мост Сымоны дэ Бавуар паміж 12-ай і 13-ай акругамі. У 1991 годзе ў ейны гонар быў названы кратэр на Вэнэры[14].

  • 1943: L’Invitée (Госьця), раман,
  • 1944: Pyrrhus et Cinéas (Пір і Кінэас), эсэ,
  • 1945: Le Sang des autres (Кроў іншых ці Чужая кроў), раман,
  • 1945: Les Bouches inutiles (Лішнія раты), п’еса,
  • 1946: Tous les hommes sont mortels (Усе людзі ўміручыя), раман,
  • 1947: Pour une morale de l’ambiguïté (За мараль двухсэнсоўнасьці), эсэ,
  • 1948: L’Amérique au jour le jour (Штодзённая Амэрыка), нарыс,
  • 1949: Le Deuxième Sexe (Другі пол), філязофскае эсэ,
  • 1954: Les Mandarins (Мандарыны), раман,
  • 1955: Privilèges (Прывілеі), эсэ,
  • 1957: La Longue Marche (Доўгі шлях), эсэ,
  • 1958: Mémoires d’une jeune fille rangée (Успаміны маладой прыстойнай дзяўчыны), мэмуары,
  • 1960: La Force de l'âge (Сіла веку), мэмуары,
  • 1963: La Force des choses (Сіла рэчаў), мэмуары,
  • 1962: Djamila Boupacha en collaboration avec Gisèle Halimi et des témoignages de Henri Alleg, Mme Maurice Audin, Général de Bollardière, R.P. Chenu, Dr Jean Dalsace, J. Fonlupt-Esperaber, Françoise Mallet-Joris, Daniel Mayer, André Philip, J.F. Revel, Jules Roy, Françoise Sagan, un portrait original de Picasso et un hommage des peintres Lapoujade et Matta (Джаміла Бупаша);
  • 1964: Une mort très douce (Вельмі мяккая сьмерць), аповесьць,
  • 1966: Les Belles Images (Прыгожыя малюнкі), раман,
  • 1967: La Femme rompue (Вымерханая кабета), навэлі,
  • 1970: La Vieillesse (Старасьць), эсэ,
  • 1972: Faut-il brûler Sade? (Ці трэба спаліць Сада?), эсэ,
  • 1972: Tout compte fait (Падсумаваньне), мэмуары,
  • 1979: Quand prime le spirituel (Калі дамінуе духоўнае), раман,
  • 1981: La Cérémonie des adieux suivi de Entretiens avec Jean-Paul Sartre: août — septembre 1974 (Цырымонія разьвітаньня), мэмуары.

Пасьмяротныя творы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Lettres à Sartre, tome I: 1930—1939, 1990 (Лісты Сартру, першы том),
  • Lettres à Sartre, tome II: 1940—1963, 1990 (Лісты Сартру, другі том),
  • Journal de guerre, septembre 1939 — janvier 1941, 1990, (Ваенны дзёньнік),
  • Lettres à Nelson Algren, traduction de l’anglais par Sylvie Le Bon, 1997 (Лісты Нэльсану Альгрэну),
  • Correspondance croisée avec Jacques-Laurent Bost, 2004 (Крыжаванае ліставаньне),
  • Cahiers de jeunesse, 1926—1930, 2008 (Моладзевыя сшыткі),
  • Malentendu à Moscou, 2013 (Непаразуменьне ў Маскве),
  • Les Inséparables, 2020 («Неразлучныя» ці нават «Неразлучніцы»)[15],
  • Lettres d'amitié (Сяброўскія лісты). 1920—1939. Simone de Beauvoir, Elisabeth Lacoin et Maurice Merleau-Ponty. 2022, Gallimard[16].
  1. ^ SYLVIE CHAPERON, «Le Deuxième Sexe» en héritage
  2. ^ Sylvie CHAPERON, Les années Beauvoir (1945—1970), Paris, Fayard, 2000, 430 p.
  3. ^ У. Іваноў, Вяртаньне да Бавуар (аб актуальнасьці Бавуаравай фэмінісцкай спадчыны), ТОПОС № 3, 2010, c. 71-72, https://en.ehu.lt/wp-content/uploads/2017/11/Topos-2010-3.pdf
  4. ^ Danièle Sallenave, Castor de guerre, Gallimard, «Folio», 2008.
  5. ^ Annabelle Martin Golay, Beauvoir intime et politique. La fabrique des Mémoires. Presses universitaires du Septentrion, 2017, p. 154.
  6. ^ Уладзіслаў Гарбацкі, Дэ Бавуар, як палітычная мысьлярка, ARCHE, 09.01.2013, https://news.arche.by/by/page/ideas/hramadstva-idei/10410(недаступная спасылка)
  7. ^ Simone de Beauvoir, Tout compte fait, Paris, Gallimard,1972, p. 628-632.
  8. ^ Jean-Marc Proust, Les «Mémoires» de Simone de Beauvoir, journal intime de son temps, 17.05.2018, Slate, http://www.slate.fr/story/160525/culture-litterature-memoires-simone-de-beauvoir-pleiade-philosophie-sartre-feminisme-communisme-guerre-algerie
  9. ^ Michel Danthe, Olivier Perrin, Pourquoi Simone de Beauvoir était-elle surnommée «le Castor»?, Le Temps, 26.09. 2015, https://www.letemps.ch/culture/simone-beauvoir-etaitelle-surnommee-castor
  10. ^ Claudine Monteil, Simone de Beauvoir et les femmes aujourd'hui, éditions Odile Jacob, 2011.
  11. ^ Les citations de Simone de Beauvoir
  12. ^ Prix Simone de Beauvoir pour la liberté des femmes. www.prixsimonedebeauvoir.com.
  13. ^ «Sartre et Beauvoir honorés à Saint-Germain», leparisien.fr, 12.04.2000.
  14. ^ «Planetary Names: Crater, craters: de Beauvoir on Venus», planetarynames.wr.usgs.gov, https://planetarynames.wr.usgs.gov/Feature/1436
  15. ^ Уладзіслаў Гарбацкі 15-05-2020 Вяртанне дэ Бавуар, Новы час, https://novychas.by/kultura/vjartanne-de-bavuar
  16. ^ «Lettres d’amitié. 1920-1959», de Simone de Beauvoir, Elisabeth Lacoin et Maurice Merleau-Ponty : la chronique « essai » de Roger-Pol Droit, Le Monde, le 02 décembre 2022, https://www.lemonde.fr/livres/article/2022/12/02/lettres-d-amitie-1920-1959-de-simone-de-beauvoir-elisabeth-lacoin-et-maurice-merleau-ponty-la-chronique-essai-de-roger-pol-droit_6152627_3260.html

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]