Перайсьці да зьместу

Віетнам

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віетнам
віет. Cộng hòa Xã hội chủ nghĩa Việt Nam
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн
Tiến Quân Ca[1]
Віетнам
Дата заснаваньня: 2 ліпеня 1976, 2 верасьня 1945 і 1804
Афіцыйная мова: віетнамская
Сталіца: Ханой
Найбуйнейшы горад: Хашымін
Форма кіраваньня: камуністычная аднапартыйная дзяржава
Генэральны сакратар
Прэзыдэнт:
То Лам
Лыонг Кыонг
Прэм’ер-міністар: То Лам
Лыонг Кыонг
Заканадаўчы орган: Нацыянальны сход
Выканаўчы орган: урад Віетнаму[d]
Плошча: 331 344,82 км²
Насельніцтва: 100 300 000
Валюта: донг (₫)
СУП
па ППЗ:  $1559 млрд (2024)
— 26-е месца
па ППЗ на душу насельніцтва:  $15 470 (2024)
— 106-е месца
намінальны: $4623
— 119-е месца
Індэкс дэмакратыі: 2,94[2]
Каэфіцыент Джыні: 36,8
ІРЧП: 0,726
Часавы пас: Віетнамскі стандартны час
Аўтамабільны знак: VN
Бок аўтамабільнага руху: праваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .vn
Тэлефонны код: +84
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
vietnam.gov.vn (анг.)
chinhphu.vn (віет.)

Віетна́м, Віет Нам (па-віетнамску: Аўдыё Việt Nam , вымаўл. [viət˨ næm˧]), афіцыйна — Сацыялісты́чная Рэспу́бліка Віетна́м (віет. Cộng hòa Xã hội chủ nghĩa Việt Nam) — краіна ў паўднёва-ўсходняй Азіі, якая месьціца ва ўсходняй частцы паўвостраву Індакітай, цалкам ахопліваючы ўсходняе ўзьбярэжжа паўвострава. Насельніцтва краіны паводле ацэнак на 2023 год складае 100 млн жыхароў (15-е месца ў сьвеце), плошча — 331 344,82 км² (66-е месца ў сьвеце). Назва Віетнам перакладаецца як «Паўднёвы Віет», якая афіцыйна ўпершыню была ўжыта ў 1802 годзе імпэратарам Гія Лонгам і адноўлена ў 1945 годзе падчас заснаваньня незалежнай краіны пад кіраўніцтвам Ха Шы Міна. Віетнам мяжуе з Кітаем на поўначы, Лаосам на паўночным захадзе, Камбоджай на паўднёвым захадзе і выходзіць да Паўднёва-Кітайскага мора на ўсходзе[3]. Сталіцай краіны зьяўляецца горад Ханой, пры гэтым найбольшым паводле колькасьці насельніцтва зьяўляецца Хашымін.

Паўночная частка сучаснага Віетнаму амаль тысячу гадоў знаходзілася пад уладай кітайскіх імпэратараў з 111 году да н. э. да 939 году н. э. Як незалежная краіна Віетнам утварыўся ў 939 годзе, пасьля перамогі віетнамскіх сілаў ў бітве на рацэ Бач Занг над кітайскімі. Далейшае кіраваньне асобнай віетнамскай дынастыі каралёў прывяло да паступовага пашырэньня краіны на поўдзень Індакітаю. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя паўвостраў быў калянізаваны французамі. Пасьля японскай акупацыі ў 1940 годзе віетнамцы распачалі першую Віетнамскую вайну за незалежнасьць краіны. 2 верасьня 1945 году прэзыдэнт Хашымін абвесьціў незалежнасьць Віетнаму ад Францыі пад новым імём Дэмакратычная Рэспубліка Віетнам. У 1954 годе Віетнам абвесьціў перамогу ў вайне супраць Францыі. Паводле дамовы тэрыторыя краіны была падзелена на дзьве дзяржавы — Паўночны Віетнам з сацыялістычнай арыентацыяй і Паўднёвы Віетнам з капіталістычным укладам. Канфлікт паміж двума бакамі актывізаваўся ў 1965 годзе ў паўнавартасную вайну зь непасрэдным умяшаньнем ЗША ў яе. Вайна доўжылася да 1973 году і скончылася перамогай Паўночнага Віетнаму. Краіна была аб’яднаная пад адзіным камуністычным урадам, але заставалася беднай і палітычна ізаляванай. У 1986 годзе Камуністычная партыя Віетнаму ініцыявала шэраг эканамічных і палітычных рэформаў, якія паклалі шлях краіны да інтэграцыі ў сусьветную эканоміку[4].

Станам на 2010 год краіна ўсталявала дыпляматычныя адносіны з 178 краінамі сьвету. З 2000 году тэмпы эканамічнага росту Віетнама зьяўляюцца аднымі з самых высокіх у сьвеце. Дзякуючы даволі пасьпяховым эканамічным рэформам краіна атрымала магчымасьць у 2007 годзе увайсьці ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Акрамя таго, Віетнам зьяўляецца сябрам Асацыяцыі дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва, Руху недалучэньня і Міжнароднай арганізацыі франкафоніі.

Францускі Індакітай у 1913 годзе

Гісторыя віетнамскай дзяржаўнасьці налічвае 2,5 тысячаў гадоў, на працягу якіх захоўвалася адзіная культура з цэнтрам у дэльце ракі Чырвонай. Самай старажытнай віетнамскай дзяржавай лічыцца Ванланг, якая існавала ў сярэдзіне 1 тысячагодзьдзя да н. э. Аўлак і Намвіет, якія зьмянілі яе ў II стагодзьдзі да н. э., былі захопленыя Кітаем. Пэрыяд «паўночнай залежнасьці», які доўжыўся прыкладна тысячу гадоў, скончыўся толькі ў X стагодзьдзі з абвяшчэньнем незалежнай дзяржавы Дайкавіет, пасьпяхова адбіўшай спробы кітайцаў аднавіць сваё панаваньне. Кітайскае панаваньне спрычынілася да істотнага культурнага ўплыву кітайскае культуры ў краіне (перайманьне герагліфічнае пісьмовасьці, кітаізмаў, некаторых традыцыяў).

Стаўшы адной з наймацнейшых дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, Дайвіет у XIII стагодзьдзі адбіў тры ўварваньні манголаў. У XV стагодзьдзі пасьля працяглай барацьбы краіна падпарадкавала дзяржаву Чампа, якая знаходзілася ў цэнтральнай частцы сучаснага Віетнаму, у XI, XV і XVIII стагодзьдзях Дайвіет пасьпяхова абараняў сваю незалежнасьць у войнах супраць кітайцаў.

У XVII стагодзьдзі Дайвіет распаўся на два княствы пад намінальнай уладай імпэратараў дынастыі Ле. У XIX стагодзьдзі краіну аб’ядналі кіраўнікі дынастыі Нгуенаў, якія перанесьлі сталіцу з паўночнага гораду Тхангланг (сучасны Ханой) у цэнтар у горад Хюэ.

У пэрыяд з 1615 па 1753 гады францускія гандляры актывізаваліся ў рэгіёне Занг Чонг, тамака і зьявіліся каталіцкія місіянэры. Пасьля затрыманьня некалькіх місіянэраў з тае прычыны, што віетнамскі манарх адчувае пагрозу з боку бесьперапыннай хрысьціянізацыі, францускі флёт атрымаў дазвол ад свайго ўраду на ўмяшаньне ў справы Віетнаму ў 1834 годзе з мэтай вызваленьня місіянэраў. Незалежнасьць каралеўства Віетнаму паступова размывалася Францыяй, чаму спрыяў шэрагу ваенных захопаў паміж 1859 і 1885 гадамі. У 1862 годзе паўднёвая трэць краіны стала францускай калёніяй Кашыншына. Да 1884 году ўся краіна апынулася пад уладай Францыі, а цэнтральнай і паўночнай часткі Віетнама былі падзеленыя на два пратэктары: Анам і Танкін. Тры віетнамскія калёніі былі фармальна аб’яднаныя ў зьвяз Францускага Індакітаю ў 1887 годзе, часткамі якога зьяўляліся таксама суседнія Камбоджа і Лаос. Француская адміністрацыя ўвяла значныя палітычныя і культурныя зьмены ў жыцьцё віетнамскага грамадзтва. Гэта была распрацавана сыстэма заходняга стылю сучаснай адукацыі, а таксама шырока распаўсюджваўся каталіцызм. Большасьць францускіх пасяленцаў ў Індакітаі былі сканцэнтраваны ў Кашыншына, а таксама ў рэгіёнах Сайгону і ў Ханою, якая сталася сталіцай калёніі. У Анаме была захаваная намінальная ўлада імпэратара.

Пасьля японскай акупацыі 1941—1945 гадох у выніку перамогі Жнівеньскай рэвалюцыі Віетнам 2 верасьня 1945 году быў абвешчаны незалежнай дзяржавай — Дэмакратычнай Рэспублікай Віетнам (ДРВ). Усьлед за гэтым больш за восем гадоў (1945—1954) краіна адстойвала свой сувэрэнітэт у вайне супраць Францыі. Першым прэм’ер-міністрам і прэзыдэнтам Паўночнага Віетнаму стаў Ха Шы Мін.

Тэрарыстычны акт у Сайгоне падчас Віетнамскай вайны

У ліпені 1954 году былі падпісаныя Жэнэўскія дамовы, якія замацавалі незалежнасьць, сувэрэнітэт, тэрытарыяльную цэласьць краіны і якія прадугледжвалі ейнае мірнае існаваньне. Аднак выкананьне дамоваў было сарванае паўднёва-віетнамскай адміністрацыяй пры падтрымцы ЗША. Амэрыканцы і іхныя хаўрусьнікі ўвялі свае войскі ў Паўднёвы Віетнам, а ў 1964—1968 і ў 1971—1972 гадох падвяргалі ДРВ масіраваным бамбаваньням з паветра і мора. Такім чынам, ад самага пачатку існаваньня дзяржавы на поўдні краіны мела месца вайна ў Віетнаме). 27 студзеня 1973 году ў Парыжы была падпісаная Дамова аб спыненьні вайны і аднаўленьні міру. Войскі ЗША і воінскія кантынгенты іхных хаўрусьнікаў пакінулі краіну. 30 красавіка 1975 году ў выніку наступу Віетнамскага народнага войска і паўстаньня мясцовага насельніцтва паўднёва-віетнамскі рэжым быў скінуты. 25 красавіка 1976 году адбыліся ўсеагульныя выбары ў Нацыянальны Сход адзінай дзяржавы, які 2 ліпеня таго жа году абвесьціў аб узьяднаньні краіны і стварэньні Сацыялістычнай Рэспублікі Віетнам.

У 1978 годзе ў адказ на тэрор з бок чырвоных кгмэраў, якія гвалтавалі віетнамскіх жыхароў у памежных рэгіёнах Анзянг і К’ензянг, Віетнам зьдзейсьніў пасьпяховае ваеннае ўварванне ў Камбоджу і перамог кгмэраў захапіўшы Пнампэнь. У выніку ў Камбоджы паўстаў новы правіетнамскі сацыялістычны ўрад Народнай Рэспублікі Кампучыі, які кіраваў краінай да 1989 году. Гэтыя падзеі, аднак, пагоршылі адносіны Віетнаму з Кітаем, які падтрымліваў чырвоных кгмэраў, у выніку чаго адбылася кітайска-віетнамская вайна ў 1979 годзе, дзе Віетнам атрымаў вайсковую і гуманітарную падтрымку з боку СССР.

На VI зьезьдзе Камуністычнай партыі Віетнаму ў сьнежні 1986 году быў абраны новы ўрад на чале з рэфарматарамі. Ачоліў урад 71-гадовы Нгуен Ван Лін, які стаў новым генэральным сакратаром партыі. Лін і рэфарматары рэалізавалі шэраг рынкавых рэформаў, якія скіравалі пераход краіны ад плянавай эканомікі да сацыялістычнай рынкава-арыентаванай эканомікі. Не зважаючы на тое, што аўтарытэт дзяржавы заставаўся бясспрэчным, урад заахвочваў прыватную ўласнасьць на фэрмы і фабрыкі, праводзіў эканамічнае дэрэгуляваньне і дамагаўся прытоку замежных інвэстыцыяў, захоўваючы пры гэтым кантроль над стратэгічнымі галінамі гаспадаркі. Віетнамская эканоміка пасьля гэтага дасягнула высокіх тэмпаў росту ў сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасьці, будаўніцтве, росту экспарту і замежных інвэстыцыяў. Аднак, гэтыя рэформы таксама прывялі да росту няроўнасьці ў краіне.

У Віетнаме дзейнічае аднапартыйная сыстэма. У цяперашні час дзейная канстытуцыя, якая ў красавіку 1992 году замяніла былую канстытуцыю 1975 году, вызначае цэнтральную ролю камуністычнай партыі Віетнаму ва ўсіх органах улады, у палітыцы і грамадзтве. Генэральны сакратар камуністычнай партыі выконвае шматлікія ключавыя адміністрацыйныя і выканаўчыя функцыі, кантралюючы нацыянальныя арганізацыі і дзяржаўныя партыйныя прызначэньні, а таксама мае вызначальную ролу пры распрацоўцы дзяржаўнае палітыкі. Толькі чальцы асобных афіляваных палітычных арганізацыяў маюць дазвол на ўдзел у выбарах у краіне, да гэтых арганізацыяў адносяцца Віетнамскі айчынны фронт і прадстаўнікі партыяў працаўнікоў і прафзьвязаў. Хоць афіцыйна дзяржава імкнецца да стварэньня сацыялізму, ейная эканамічная палітыка становіцца ўсё больш капіталістычнай[5]. У сваю чаргу, улады былога Паўднёвага Віетнаму прытрымліваліся дэмакратычнага, шматпартыйнага ладу.

Першым прэм’ер-міністрам і прэзыдэнтам быў Ха Шы Мін.

Узброеныя сілы ўключаюць рэгулярны кампанэнт — Віетнамскае народнае войска і войскі Міністэрства грамадзкай бясьпекі, а таксама нерэгулярны — сілы народнага апалчэньня і самаабароны). Органы вышэйшага ваеннага кіраваньня — Цэнтральны вайсковы партыйны камітэт (ЦВПК), Рада нацыянальнай абароны і бясьпекі (РНАІБ), Міністэрства нацыянальнай абароны, Генэральны штаб ВНВ. Вярхоўным галоўнакамандуючым ўзброенымі сіламі і старшынём РНАІБ зьяўляецца прэзыдэнт краіны.

Дачыненьні зь Беларусяй

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віетнам прызнаў незалежнасьць Рэспублікі Беларусь 27 сьнежня 1991 году. Дыпляматычныя адносіны паміж краінамі былі ўсталяваны 24 студзеня 1992 году. У сьнежні 1997 году гандлёвае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Віетнам было пераўтворана ў амбасаду. Амбасада Віетнаму ў Менску была адчынена ў канцы 2003 году. У красавіку 1997 і красавіку 2008 гадоў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведваў Віетнам з афіцыйнымі візытамі, пасьля чаго афіцыйныя прадстаўнікі неаднаразова наведвалі краіны.

Тапаграфічная мапа Віетнаму

Большую частку тэрыторыі займаюць невысокія і сярэдневышынныя горы. Найбольш узвышаная паўночна-заходняя частка — хрыбет Хаангльеншон зь вяршыняй Фаншыпан (3143 м). Уздоўж заходніх межаў цягнуцца горы Чыянгшон зь лякальнымі пласкагор’ямі і плято, найбольшыя зь якіх Кантум і Даклак, што месьцяцца на поўдні краіны. Каля ўзьбярэжжаў маюцца нізіны, найбольш значныя ў дэльтах рэк Мэконг (каля 50 тыс. км²) і Хонгха (каля 15 тыс. км²). Асноўнымі карыснымі выкапнямі, якія знаходзяцца пераважна на поўначы, зьяўляюцца каменны вугаль, жалезная руда, цына, волава, цынк, малібдэн, вальфрам, тытан, баксыты, храміты, марганец, фасфарыты і апатыты. Вялікія запасы нафты і газу сканцэнтраваны ў нетрах шэльфу Паўднёва-Кітайскага мора.

Клімат субэкватарыяльны мусонны, на поўначы трапічны. Зіма на поўдні гарачая, на поўначы халаднаватая, лета ўсюды гарачае. Сярэдняя тэмпэратура студзеня на раўнінах на поўначы складае 15 °C, на поўдні 26 °C, ліпеня адпаведна 28 °C і 29 °C. У гарах халадней. Вылучаюцца 2 сэзоны: летні, які цягнецца зь сярэдзіны траўня да сярэдзіны кастрычніка, — гарачы і дажджлівы; зімовы (зь сярэдзіны кастрычніка да сярэдзіны сакавіка) — цёплы і сухі. Восеньню бываюць тайфуны, у далінах рэк і на ўзьбярэжжы часьцяком назіраюцца разбуральныя паводкі. Ападкі маюць паказчык 1500—2000 мм за год, у гарах да 3000 мм. Большая частка іх прыпадае на летні сэзон.

Рэкі горныя — кароткія, парожыстыя і шматводныя, багатыя гідраэнэргіяй, то бок сумарныя рэсурсы ацэньваюцца ў 15 млрд кВт. На поўдні ніжняе цячэньне ракі Мэконг, на поўначы сярэдняе і ніжняе ракі Хонгха, рака Ма.

Панарама Бухты Халонг, якая занесена ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО
Гандлёвы цэнтар Сайгон ёсьць адным зь першых хмарачосаў у Хашыміне

На кантынэнтальным шэльфе Віетнаму маюцца вялікія запасы нафты і газу. Пераважна на поўначы і паўночным-захадзе засяроджаныя радовішчы вугалю, вальфраму, цынку, волава, апатытавых, жалезных і марганцавых руд, тытана, цыны. Маюцца запасы баксытаў. Краіна багатая гідрарэсурсамі. У апошнія гады эканоміка краіны разьвіваецца досыць высокімі тэмпамі. У 2007 годзе прырост СУП дасягнуў рэкорднага за апошняе дзесяцігодзьдзе паказчыку 8,5 %, у абсалютным вылічэньні — 71,2 млрд даляраў ЗША або 835 даляраў ЗША на душу насельніцтва.

У структуры СУП пераважае прамысловасьць (41,8 %), значную ролю гуляе сфэра паслугаў (38,2 %). У той жа час каля 75 % насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Віетнам зьяўляецца адным зь лідэраў па пастаўках на сусьветны рынак рысу, кавы, гарбаты, чорнага перцу, натуральнага каўчука і некаторых іншых відаў сельскагаспадарчых культураў. Аснову прамысловай вытворчасьці складаюць электраэнэргетыка, нафтавая і вугальная прамысловасьць, актыўна разьвіваюцца электратэхнічная, хімічная, тэкстыльная, харчовая галіны, машынабудаваньне, вытворчасьць будматэрыялаў.

Віетнам падтрымлівае зьнешнеэканамічныя сувязі з больш за 120 дзяржавамі і тэрыторыямі. Зьнешнегандлёвае абарачэньне за 2007 год перавысіла 109 млрд даляраў ЗША, пры гэтым экспарт склаў 48,4 млрд даляраў, імпарт — 60,8 млрд даляраў. Асноўныя лініі экспарту — сырая нафта, швейныя, трыкатажныя і абутковыя вырабы, морапрадукты, электроніка і вылічальная тэхніка, якая зьбіраецца на мясцовых прадпрыемствах зь імпартных камплектуючых, прадукцыя дрэваапрацоўчай прамысловасьці, рыс, натуральны каўчук, кава, гарбата; імпарту — машыны і абсталяваньне, ГЗМ, мэталапракат, сыравіна для лёгкай прамысловасьці, электроніка і камплектуючыя да яе, угнаеньні, хімікаты.

Турызм зьяўляецца важным элемэнтам эканамічнай актыўнасьці ў краіне, складаючы 7,5% ад СУП краіны. Віетнам наведала больш за 12,9 мільёнаў турыстаў у 2017 годзе, павялічыўшыся за год на 29,1%, што робіць краіну адной з найбольш хуткарослых паводле гэтага паказчыку ў сьвеце. Пераважная большасьць наведвальнікаў за 2017 год прыпадала на краіны Азіі, як то Кітай (4 млн), Рэспубліка Карэя (2,6 млн) і Японія (0,8 млн), што склала палову ад усяго турыстычнага патоку. Даволі высокая частка прыпала на краіны Эўропы, як то агулам амаль 1,9 млн. Першае месца сярод эўрапейцаў займае Расея (574 тысячы), затым рушаць Вялікабрытанія (283 тысячы), Францыя (255 тысячаў) і Нямеччына (199 тысячаў). Сярод іншых краінаў сьвету, грамадзяне якіх наведалі Віетнам у 2017 годзе, варта вылучыць ЗША (614 тысячаў) і Аўстралію (370 тысячаў). Самымі наведвальнымі месцамі сталіся гарады Хашымін, Ханой і Халонг, апошні зь якіх падлічваецца разам з затокай Халонг, якая ўключана ў сьпіс Сусьветнае спадчыны ЮНЭСКО. Усе тры места ўваходзяць у лік топ-100 самых наведвальных гарадоў сьвету. Усяго ў краіне знаходзяцца восем аб’ектаў Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Будыйскі храм у Віетнаме

Паводле ацэнак на 2015 год насельніцтва краіны складае больш за 91 млн чалавек, пры гэтым краіна мае станоўчы натуральны прырост. У местах пражываюць 31,9% чалавек. Пераважная нацыянальнасьць — кінь, то бок уласна віетнамцы. Акрамя таго ў Віетнаме пражываюць таксама прадстаўнікі 54 народнасьцяў і некалькіх этнічных групаў, як то таі, тгай, кітайцы, кгмэры, мыонгі, чамы і іншыя. Сярэдняя працягласьць жыцьця складае 71 год.

Афіцыйная мова — віетнамская, зь іншых буйных моваў рэгіёну роднасная кгмэрскай. Распаўсюджаная ў асноўным у прыбярэжнай паласе краіны й буйных гарадох, у сельскай мясцовасьці поўдня й поўначы часта пераважаюць мовы дробных этнасаў, часам няроднасныя віетнамскай. Мова большасьці насельніцтва краіны — віетнамская, адзіная буйная літаратурная мова рэгіёну, што мае пісьмовасьць на лацінскай аснове.

Асноўныя рэлігіі — будызм (10 млн вызнаўцаў) і каталіцтва (5,9 млн.). На поўдні краіны вельмі ўплывовыя сэкты каадай (2,3 млн.) і хоахаа (1,2 млн.).

Усе сродкі масавай інфармацыі зьяўляюцца дзяржаўнымі альбо фармальна належаць грамадзкім арганізацыям або творчым зьвязам. Віетнамскае інфармацыйнае агенцтва мае прадстаўніцтвы ў гарадах Хашыміне і Данангу.

  1. ^ а б в 13.3 // 2013 Constitution of the Socialist Republic of Vietnam
  2. ^ а б 2021 Democracy Index (анг.)EIU, 2022.
  3. ^ China continues its plot in the East Sea. VietNamNet News.
  4. ^ «Vietnam’s new-look economy». BBC News.
  5. ^ The Spoils of Capitalism. Time

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]