Перайсьці да зьместу

Вайна Маскоўскае дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1492—1494 гадоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Маскоўска-літоўская вайна
Дата: 1492—1494
Месца: Украіна, Беларусь, Расея
Вынік: Вечны мір (1494)
Супернікі
  Вялікае Княства Літоўскае, Рускае й Жамойцкае
Вялікая Орда
Вялікае княства Маскоўскае
  Крымскае ханства
Камандуючыя
Казімер IV
Аляксандар Ягелончык
Іван ІІІ
Мэнґлі Ґірэй

Вайна 1492—1494 гадоў (Памежная вайна) — першая адкрытая вайна Вялікага княства Маскоўскага, у саюзе з Крымскім ханствам, супраць Вялікага Княства Літоўскага, Рускага й Жамойцкага за г. зв. «отчину» — усходнеславянскія землі, якія знаходзіліся ў складзе Літвы. Адзін з асноўных вынікаў — пераход Вярхоўскіх княстваў у склад Масковіі.

Да 1480-х гг. Вялікае Княства Літоўскае падпарадкавала сабе Наўгародзкую рэспубліку, Вялікае княства Цьвярское, а ў 1487 г. маскоўскія войскі ўзялі Казань і зрабілі сваім васалам Казанскае княства. Адначасова ў Маскве фармуецца дактрына «Трэцяга Рыму» й маскоўскія князі пачынаюць актыўна «зьбіраць рускія землі», якія раней належалі да Кіеўскай Русі.

Вайне папярэднічалі памежныя канфлікты, якія пачасьціліся з 1486, калі ваяводы Івана ІІІ напалі й абрабавалі Любуцк, Мцэнск і Вяземскае княства. Вясною 1492 году Іван ІІІ накіраваў да польскага караля й вялікага князя літоўскага Казімера IV пасла з праграмай тэрытарыяльных дамаганьняў, аднак той вярнуўся назад, даведаўшыся пра раптоўную сьмерць Казімера (7 чэрвеня 1492 году ў Горадні). Склалася спрыяльная сытуацыя для вайны. У жніўні войска на чале з Ф. Целяпнём-Абаленскім, накіраванае на Любуцк і Мцэнск, папаліла гарады, а баяр і жыхароў забрала ў палон. Увосень маскоўскія ваяводы занялі Хлепень і Рагачоў. У гэты час у Маскву перабеглі князі з памежных раёнаў ВКЛ — С. Ф. Варатынскі, М. Р. Мязецкі, А. і В. Бялеўскія, А. Ю. Вяземскі, што дазволіла Івану ІІІ авалодаць землямі ў вярхоўях Акі. Пры дапамозе князёў-перабежчыкаў былі занятыя Мязецк, Сярпейск, Масальск, спалены Апакаў, пазьней войска князя Д. В. Шчэні захапіла Вязьму. Рыхтуючыся да пашырэньня ваенных дзеяньняў, вялікі князь маскоўскі сабраў войска ў Вялікіх Луках, Ноўгарадзе, Пскове й Цьверы, заклікаў крымскага хана Менглі-Гірэя нанесьці ўдар па ВКЛ з поўдня. У 1493 годзе маскоўскае пасольства наведала князя Конрада Мазавецкага й магістра Тэўтонскага ордэну з прапановай стварыць супраць Ягайлавічаў ваенны альянс. ВКЛ не было гатовае да абароны, таму вялікі князь Аляксандар накіраваў сваіх паслоў у Крым, Заволжскую Арду й да свайго брата польскага караля Яна Альбрэхта з просьбай аб дапамозе. Каб спыніць агрэсію, віленскі двор прапанаваў выдаць дачку Івана ІІІ Алену замуж за вялікага князя Аляксандра. Гэта паслужыла пачаткам перамоваў, у час якіх маскоўскі ўрад імкнуўся заняць як мага больш тэрыторыі ВКЛ.

Вялікае пасольства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Вялікае пасольства» вялікага князя Аляксандра, у склад якога ўваходзілі троцкі ваявода П. Яновіч, жмудзкі староста С. Я. Кезгайла, Войтка Яновіч і пісар Хведар Грыгор’еў, прыбыло ў Маскву ў студзені 1494 году. У выніку складаных перамоваў было дасягнутае пагадненьне аб новай мяжы паміж дзяржавамі. Да маскоўскай дзяржавы адышлі Вяземскае княства й землі ў басэйне Верхняй Акі (Вярхоўскія княствы), дзе дакладная мяжа не была вызначаная, што пакідала падставы для будучых канфліктаў. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзіяў на Ноўгарад Вялікі, Пскоў, Цьвер, Разань, прызнала ўсе «ад’езды» вярхоўскіх князёў. Пасольства ВКЛ правяло таксама перамовы аб сватаньні Аляксандра да дачкі Івана ІІІ і, атрымаўшы станоўчы адказ, прадстаўляла вялікага князя на заручынах.

  • Базилевич К. В. Внешняя политика Русского централизованного государства. Вторая половина 15 в. М., 1952.
  • Греков И. Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы 14-16 вв. М., 1963.
  • Natanson-Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz. 1. Lwów, Warszawa, 1922.