Перайсьці да зьместу

Аляксандар Казімер Сапега

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Аляксандар Сапега.
Аляксандар Казімер Сапега
лац. Alaksandar Kazimier Sapieha
Аляксандар Казімер Сапега. Невядомы мастак, XVII ст.
Аляксандар Казімер Сапега. Невядомы мастак, XVII ст.

Герб Ліс
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 13 траўня 1624(1624-05-13)[1][2]
Памёр 22 траўня 1671(1671-05-22)[1][2] (47 гадоў)
Пахаваны
Род Сапегі
Бацькі Фрыдэрык Сапега
Эва з Скашэўскіх
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп

Алякса́ндар Казіме́р Сапе́га (13 траўня 1624, Мацееў на Валыні — 22 траўня 1671, Вільня) — рымска-каталіцкі і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Каралеўскі сакратар (з 1647), канонік віленскі (з 1649) і варшаўскі (з 1651), біскуп-суфраган віленскі (з 1655), рэфэрэндар духоўны вялікі літоўскі (1657—1659), біскуп жамойцкі (1659—1667) і віленскі (з 1668)[3].

Партрэты А. К. Сапегі: 1709 году (налева) і 2-й чвэрці XIX ст. (направа)

З магнацкага роду Сапегаў гербу Ліс, сын Фрыдэрыка, падкаморага ўладзімерскага, і Эвы з Скашэўскіх. Меў братоў Яна Фрыдэрыка, Тамаша Казімера і Крыштапа Францішка.

Навучаўся ў езуіцкім калегіюме ў Любліне, Віленскай езуіцкай акадэміі, Калегіюме Навадворскага ў Кракаве, з 1638 году ў Кракаўскай Акадэміі. Як каралеўскі сакратар з 1647 году працягваў навучаньне ў галіне кананічнага права ў Падуі (1647), Балёньні (1648), Рыме (1649) і Парыжы.

14 траўня 1650 году стаў прэпазытам віленскага капітулу. 17 ліпеня таго ж году атрымаў капланскія пасьвячэньні. У кастрычніку 1650 году ўвайшоў у біскупскі суд.

Улетку 1659 году як каралеўскі пасланец улагодзіў жаўнерскі бунт у літоўскім войску. На сойме 1662 году ўвайшоў у склад вайскова-скарбовае камісіі, тады ж спрабаваў прымірыць гетманаў Паўла Сапегу й Вінцэнта Корвін-Гасеўскага. У 1666 годзе ўзначаліў па сьмерці брата драгунскую харугву ў літоўскім войску.

12 красавіка 1671 году перанёс Абраз Маці Божай Вастрабрамскай у новую капліцу, дзе ён знаходзіцца ў наш час. Пахавалі біскупа ў касьцёле сьвятога Станіслава ў Вільні[4].

Асноўны артыкул: Ліцьвіны

У 1669 годзе ўклаў Статут Віленскага біскупства, які дазваляў даваць бэнэфіцыі толькі тым іншаземцам, якія ведалі «літоўскую» (лац. litvanica) мову, і загадваў прамаўляць казані ў касьцёлах Віленскага біскупства (абыймала Віцебск і Мазыр, але не абыймала Жамойці) паводле чаргі «адну ў літоўскай мове, адну ў польскай» (лац. «alteram in litvanica, alteram in polonica»)[5][6].

  1. ^ а б Aleksander Kazimierz Sapieha // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  2. ^ а б в Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі (белар.)Мінск: Віктар Хурсік, 2017. — С. 94. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  3. ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 548.
  4. ^ Sapieha E., Saeed-Kałamajska M. Dom Sapieżyński. cz. 2. — Warszawa: Wydawn. Nauk. PWN, 2008. S. 191.
  5. ^ Fijałek J. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. — Kraków, 1914. S. 312.
  6. ^ Віленскі сінод 1669 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 131.