61-я зьнішчальная авіябаза
61-я зьнішчальная авіябаза | |
Нарукаўны знак (2017 год) | |
Зьяўляецца часткай | Вайскова-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны Беларусі |
---|---|
Месцазнаходжаньне | Баранавічы (Берасьцейская вобласьць) |
Тып | авіябаза |
Вышыня | 184 мэтры н.у.м. |
Час выкарыстаньня | з 1941 году |
Стан | дзейны |
Уласьнік | Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь |
Кіраўнік | Юры Пыжык |
Былыя кіраўнікі | Аляксандар Марфіцкі (2004—2007) |
Заваёўнікі | Нямецкая дзяржава, СССР |
Бітвы | Беластоцка-Менская бітва (1941), апэрацыя «Багратыён» (1944) |
Падзеі | 31 сьнежня 1992 г. — прысяга на вернасьць Беларусі |
Каардынаты | 53° пн. ш. 26° у. д. / 53° пн. ш. 26° у. д.Каардынаты: 53° пн. ш. 26° у. д. / 53° пн. ш. 26° у. д. |
61-я зьнішчальная авіябаза |
61-я зьнішча́льная авіяцы́йная ба́за (61 заб) — база Заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі, што месьціцца ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць).
На 2016 год 61-я авіябаза была адзінай у Беларусі, дзе месьціліся самалёты-зьнішчальнікі[1].
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2016 год на лётнішчы 61-й зьнішчальнай авіябазы ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць) знаходзілася 37 самалётаў-зьнішчальнікаў «МіГ-29»: 20 самалётаў «МіГ-29БМ», 9 — «МіГ-29Б» і 8 — «МіГ-29УБ»[2]. У лістападзе 2019 году на ўзбраеньне паступілі першыя 2 зьнішчальнікі «Су-30СМ»[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У чэрвені 1941 году ў ходзе Нямецка-савецкай вайны 2-і паветраны флёт Паветранага войска Нямеччыны разьмясьціў на аэрадроме Баранавічы 3-е крыло 1-й эскадрыльлі бамбавікоў «Юнкерс Ю 87». У ліпені 1943 году на лётнішчы знаходзілася 2-е крыло 3-й эскадрыльлі зьнішчальнікаў «Юнкерс Ю 88». Паўторна нямецкія войскі выкарыстоўвалі лётнішча з кастрычніка 1943 году па ліпень 1944-га. Ад верасьня 1944 году да сакавіка 1945 году на аэрадроме знаходзіліся палкі 1-й авіядывізіі далёкага дзеяньня Вайскова-паветраных сілаў Чырвонай арміі. З 1944 году па кастрычнік 1950-га ў Баранавічах разьмяшчалася 144-я зьнішчальная авіядывізія СПА. Таксама з красавіка 1944-га па травень 1945 году на лётнішчы месьціўся штаб і кіраўніцтва 45-й бамбавальнай дывізіі з 3-ма палкамі, якая пазьней зноў месьцілася ў на лётнішчы Баранавічы з 7 лістапада 1951-га па 1 красавіка 1960 году. Адначасна з 9 жніўня 1945 году па травень 1947-га на лётнішчы знаходзілася 1-я штурмавая авіядывізія. У студзені 1951 году на аэрадроме Баранавічы стварылі 39-ю зьнішчальную авіядывізію СПА ў складзе 3-х палкоў, зь якіх 61-ы і 129-ы ўтварылі на аснове 445-га і 439-га ў саміх Баранавічах. Асноўным самалётам стаў «МіГ-15», першыя 7 зь якіх паставілі ўзімку. У 61-м авіяпалку таксама было па 3 самалёты «Па-2» і «Як-11». Першым камандзірам 61-га зап СПА быў палкоўнік Васіль Шашонак. У 1951—1953 гадах летчыкі 61-га палка ўдзельнічалі ў Карэйскай вайне, таму на аэрадроме Баранавічы ў той час знаходзіўся 12-ы цяжкі авіяполк на самалётах «Ту-4». За 1950-я гады ў Баранавічах асвоілі самалёты «МіГ-15бзс», «МіГ-17», «МіГ-17П» і «МіГ-17ПФ». У 1959 годзе 61-ы авіяполк пераўзброілі звышгукавым перахопнікам «Су-9». У 1961 годзе ў 61-ы полк улучылі эскадрыльлю перахопнікаў «Як-25М» з распушчанага 129-га зап. На 1964 год 61-ы зьнішчальны авіяполк меў на ўзбраеньні 22 самалёты «Су-9» і «Су-11», 10 «Як-25М» і «Як-25П», па 4 «МіГ-17» і «МіГ-15», а таксама самалёт сувязі «Як-12М». У 1965 годзе адна эскадрыльля 61-га палка несла дзяжурства ў запалярнай Зямлі Франца-Іосіфа (Архангельская вобласьць) на поўначы Расейскай СФСР. У 1971 годзе 61-ы зап асвоіў вышынныя перахопнікі «МіГ-25П». У 1983-м 2 эскадрыльлі 61-га палка прыступлі да пераўзбраеньня самалётамі «МіГ-23М». У 1984—1991 гадах 61-ы зап знаходзіўся ў складзе 11-га корпуса 2-й асобнай арміі СПА і меў на ўзбраеньні эскадрыльлю перахопнікаў «МіГ-25П» і «МіГ-25ПД», 2 эскадрыльні зьнішчальнікаў «МіГ-23М» і «МіГ-23МЛД». У спалучэньні прымянялі самалёты «МіГ-25ПУ» і «МіГ-23УБ». У чэрвені 1989 году з Усходняй Нямеччыны ў Баранавічы перавялі 911-ы зьнішчальны авіяполк 105-й авіядывізіі са складу 16-й паветранай арміі, пасьля чаго яго распусьцілі ў 1993 годзе. У 1991 годзе 2 эскадрыльлі 61-га авіяпалка перавялі са зьнішчальнікаў «МіГ-23МЛД» на перахопнікі «МіГ-27П»[1].
31 сьнежня 1992 году афіцэры 61-га зьнішчальнага авіяпалка ў складзе Баранавіцкага гарнізону прынялі прысягу на вернасьць Рэспубліцы Беларусь[1]. Увосень 1993 году на ўзбраеньне авіябазы ў Баранавічах паступілі самалёты «МіГ-29»[4]. 5 жніўня 1993 году начальнік Галоўнага штаба Ўзброеных сілаў Беларусі Мікалай Чуркін падпісаў Дырэктыву аб пераўтварэньні аэрадрома Баранавічы ў 61-ю зьнішчальную авіябазу, якая набыла моц 1 студзеня 1994 году. На авіябазе знаходзіліся эскадрыльлі франтавых зьнішчальнікаў «МіГ-29» і перахопнікаў «Су-27П», батальён аэрадромна-тэхнічнага забесьпячэньня, рота сувязі і радыётэхнічнага забесьпячэньня і цэнтар баявога кіраваньня. Камандзірам стаў палкоўнік Генадзь Пермякоў. У 1994 годзе каля 20 тых самалётаў «МіГ-29» у мадыфікацыі «9.13» перадалі ў Баранавічы ад 927-га зап на лётнішчы Асаўцы (Бярозаўскі раён) і ад распушчанага 787-га зап на лётнішчы Рось (Ваўкавыскі раён). Эскадрыльля «МіГ-29» у складзе 2 экіпажаў заступіла на дзяжурства пасьля пуску кіраваных ракетаў «Р-73» па мішэнях «МіГ-6». За 1994 год на авіябазе правялі 55 лётных зьменаў з выкананьнем 91-й стральбы з гарматы, 45 пускаў некіраваных і 22 пускаў кіраваных ракетаў. У 1995 годзе лётную падрыхтоўку выканалі на 88%, бо на 61-й авіябазу паставілі 6151 тону авіяпаліва замест 11 580 вызначаных тонаў. Гадавы налёт на падрыхтаванага лётчыка склаў 28 гадзінаў, на маладога — 25[1]. У 1996 годзе 61-ю зьнішчальную авіябазу наведалі прадстаўнікі дзяржаваў-удзельніцаў Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (Вена, Аўстрыя). Наведваньне ладзілі ў рамках Венскага дакумэнту ад 28 лістапада 1994 году «Аб захадах умацаваньня даверу і бясьпекі»[5]. Тады на базе знаходзілася 30 самалётаў «МіГ-29» і 23 «Су-27П»[2]. У 1996 годзе лётная падрыхтоўка скарацілася да 34% ад вызначанай. У 1995—1996 гадах 36 лётчыкаў, у тым ліку некалькі лётчыкаў-снайпэраў, пакінулі 61-ю авіябазу. У 1998-м навучальныя налёты ўпалі да 26% ад пляну. У 2000-м — да 19%. У 1997—2000 гадах лётчыкі 61-й авіябазы прымалі ўдзел у сумесных з Расеяй вучэньнях з пасадкамі на лётнішчах Бежацк (Цьвярская вобласьць) і Ладзейнае Поле (Ленінградзкая вобласьць)[1].
ХХІ стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2001-м пілёты 61-й авіябазы ў Баранавічах наляталі 413 гадзінаў ад 2880 вызначаных (14%). Сярэдні налёт на лётчыка складаў 10 гадзінаў. У студзені 2002 году 61-я зьнішчальная авіябаза стала часткай Заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня (ЗАТК) Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі. На авіябазе налічвалася 2 эскадрыльлі з 20 самалётаў «Су-27» і 14 зьнішчальнікаў «МіГ-29». Лётчыкі 61-й авіябазы ўзялі ўдзел у вучэньнях Узброеных сілаў Беларусі «Бярэзіна-2002» і «Чыстае неба-2003». 18 чэрвеня 2004 году 61-й зьнішчальнай авіябазе ўручылі беларускі баявы сьцяг. Цягам 2004 году «558-ы авіярамонтны завод» у Баранавічах паставіў на 61-ю авіябазу мадэрнізаваныя зьнішчальнікі «МіГ-29БМ» (беларускі мадэрнізаваны) тыпу «9.11» і 2-мясцовыя «Су-27УБМ1». Іх дапрацоўвалі на заводзе з 2003 году. У сакавіку 2005 году штурман авіябазы Юры Кавалёў разьвіў на зьнішчальніку «МіГ-29БМ» №06 хуткасьць 891 км/гадз падчас замкнёнага маршруту на 1000 км, чым усталяваў сусьветны рэкорд, які ўлічыла Міжнародная авіяцыйная фэдэрацыя (МАФ). Таксама ў сакавіку 2005 году начальнік лётных выпрабаваньняў 61-й заб Аляксандар Бачкароў разьвіў на тым самалёце хуткасьць 1665 і 1060 км/гадз пры замкнёных маршрутах на 100 і 500 км, што МАФ улічыла ў якасьці сусьветных рэкордаў. 4 і 10 сакавіка 2005 году інспэктар бясьпекі палётаў Вячаслаў Броўчанка ўсталяваў 12 сусьветных дасягненьняў у хуткаўздымнасьці рэактыўных самалётаў вагой 16-20 тонаў на «МіГ-29БМ» №07. Самалёт тройчы з грузам у 1 і 2 тоны ды без нагрузкі набраў вышыню 3 км за 51 сэкунду, 6 км — за 1 хвіліну і 7 сэкундаў, 9 км — за 1 хвіл. і 28 сэк. і 12 км — за 2 хвіл. і 14 сэкундаў. На пачатку кастрычніка 2005 году ўпершыню за 7 гадоў лётчыкі 61-й авіябазы прымянілі бомбы вагой 250 кг і гарматы на авіяпалігоне Ружаны (Пружанскі раён) па наземных цэлях. Таксама ў 2005 годзе ўпершыню ажыцьцявілі сумесную трэніроўку Аб’яднанай сыстэмы СПА з расейскім радыёлякацыйным самалётам «А-50». За 2005 год налёталі 771 гадзіну замест 1620 пастаўленых. З 61-й авіябазы правялі 797 заняткаў паветраным боем, 20 бомбакіданьняў і 40 пускаў кіраваных ракетаў у паветраныя цэлі. Гадавы налёт пілётаў вагаўся ад 10 да 50 гадзінаў. У чэрвені 2006 году правялі беларуска-расейскае вучэньне «Шчыт саюза-2006», што дазволіла выканаць 1424 гадзіны палётаў замест 680 вызначаных (209% ад пляну)[1].
10 жніўня 2007 году зьнішчальнікі «МіГ-29» і «Су-27» са складу 61-й зьнішчальнай авіябазы ўпершыню прызямляліся на аўтамагістраль М1 Менск—Берасьце ў Івацэвіцкім раёне[6]. Самалётам «МіГ-29УБ» №65 кіравалі начальнік аддзелу авіяцыі ЗАТК Альфрэд Краўчонак і намесьніка камандзіра 16-й заб Юры Асаўцоў. Самалёт «Су-27УБМ1» №62 пілятавалі камандзір 61-й авіябазы Юры Вараб’ёў і камандзір 1-й эскадрыльлі Анатоль Мароз. З той пары прызямленьне на аўтадарогу ўвайшло ў пералік практыкаваньняў баявой падрыхтоўкі 61-й авіябазы. На 15 лютага 2008 году на 61-й авіябазе знаходзіліся зьнішчальнікі «Су-27П», «МіГ-29» і «МіГ-29БМ». Агнявую моц і лётныя магчымасьці часткі самалётаў палепшылі на «558-ы авіярамонтны заводзе» ў Баранавічах. Лётчыкаў рыхтавалі на трэнажорах імітацыі палёту. Дзейнічала навучальная кляса апэратараў радыёлякацыйнай службы. У той дзень на базе выпрабавалі штурмавік «Су-25», які пасьля рамонту разабралі і даставілі Ўзброеным сілам Сырыі[7]. 15 кастрычніка 2008 году 4 самалёты 14-га зьнішчальнага авіяпалка Расеі заступілі на сумеснае баявое дзяжурства зь беларускай эскадрыльляй 61-й зьнішчальнай авіябазы ў рамках апэратыўнага вучэньня «Восень-2008»[8]. Лётчыкі авіябазы бралі ўдзел у беларуска-расейскім вучэньні «Захад-2009». У жніўні 2010 году на 61-ю авіябазу перавялі лётчыкаў і лётна-тэхнічны пэрсанал авіябазы ў Бярозе. За 2010 год пілёты наляталі па 70 гадзінаў. 8 траўня 2011 году самалёты авіябазы адпрацавалі пасадку на аўтамагістралі між Баранавічамі і Івацэвічамі[9]. 1 лютага 2011 году на 61-й авіябазе ўтварылі тактычную авіягрупу (ТАГ) ў складзе 1-й эскадрыльлі на «Су-27», 2-й і 3-й эскадрыльляў на «МіГ-29». На авіябазе працавала 25 лётчыкаў 1-й клясы і 4 лётчыкі-снайпэры. 6—12 верасьня 2011 году 5 зьнішчальнікаў «МіГ-29» з 61-й авіябазы ўдзельнічала ў вучэньні войскаў Аб’яднанай сыстэмы супрацьпаветранай абароны дзяржаваў-удзельніцаў СНД «Баявая садружнасць-2011», што прайшлі на расейскім палігоне Ашулук у Астраханскай вобласьці[10]. У 2011 годзе прадстаўнікі дзяржаваў-удзельніцаў АБСЭ наведалі 61-ю авіябазу ў рамках Венскага дакумэнту ад 22 сьнежня 2011 году[5]. 14-15 лютага 2012 году ўпершыню за 9 гадоў 48 экіпажаў з 61-й авіябазы пусьцілі кіраваныя ракеты «Р-73» па 24 паветраных мішэнях «САБ-250Т» на Палескім палігоне. Вучэньне ажыцьцявілі на 8 зьнішчальніках «МіГ-29», 2-х «Су-27П» і адным «Су-27УБМ1». 1 сьнежня 2012 году распусьцілі 1-ю эскадрыльлю, а 7 сьнежня яе самалёты — 17 «Су-27П» і 4 «Су-27УБМ1» — вывелі са складу ВПС і войскаў СПА Беларусі[2]. На лістапад 2013 году на ўзбраеньні брыгады, разьмешчанай на базе, знаходзіліся беларускія бесьпілётнікі і самалёты «МіГ-29». Падрыхтоўка дзяжурнага экіпажу да ўзьлёту займала 6,5 хвіліны[11].
8 сьнежня 2013 году на аэрадроме ў Баранавічах разьмясьцілі дзяжурнае зьвяно расейскіх зьнішчальнікаў Су-27 і тэхнічны пэрсанал пасьля таго, як 23 красавіку расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу паведаміў у Менску пра адпаведны намер[12]. Расейскія лётчыкі прыляцелі з авіябазы ў Петразаводзку (Карэлія), адкуль 2 вайскова-транспартныя самалёты Іл-76 таксама прывезьлі інжынэрна-тэхнічнае абсталяваньне[13]. 10 сьнежня 2013 году камандзір Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі Алег Двігалёў аддаў Загад аб заступленьні на сумеснае баявое дзяжурства з расейскімі лётчыкамі 4-х зьнішчальнікаў Су-27П, якія прыбылі з вайсковай часткі 1-га камандаваньня Вайскова-паветраных сілаў Заходняй вайсковай акругі Расеі[14]. 28 сьнежня 2013 году намесьнік старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Зьміцер Касьцюкевіч забараніў пікет 30 сьнежня супраць разьмяшчэньня расейскай авіябазы ў Баранавічах, заяку на які падала Анжаліка Камбалава[13]. 27 лютага 2014 году 1-я зьмена расейскіх лётчыкаў адбыла назад у Расею[15]. 4 сакавіка ў Баранавічы прыбыла 2-я зьмена расейскіх лётчыкаў. Сумеснае паветранае дзяжурства ладзілі згодна з Маскоўскім пагадненьнем ад 3 лютага 2009 году «Аб сумеснай ахове зьнешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторвы і стварэньні Адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны»[16]. 15 сакавіка 2014 году на аэрадроме Баранавічы разьмясьцілі расейскі радыёлякацыйны самалёт А-50[17]. 4 чэрвеня 2014 году радыёлякацыйны самалёт А-50 (на аснове Іл-76) вярнуўся ў Расею пасьля Чэмпіянату сьвету па хакеі з шайбай 2014 году, які праходзіў у Менску 9—25 траўня[18]. За 2014 год экіпажы Беларусі і Расеі выканалі звыш 400 сумесных вылетаў з аэрадрому Баранавічы, дзе штомесяц адбывалася ратацыя расейскіх лётчыкаў[19]. На сакавік 2015 году з аэрадрому Баранавічы сумесныя палёты на «Су-27» ажыцьцяўлялі лётчыкі эскадрыльлі 159-га зьнічальнага авіяпалка Вайскова-паветраных сілаў Расеі[20].
На пачатку верасьня 2015 году 5 зьнішчальнікаў «МіГ-29» з 61-й зьнішчальнай авіябазы прынялі ўдзел у вучэньні сыстэмы СПА СНД «Баявая садружнасьць-2015» на расейскім палігоне Ашулук[21]. 23 верасьня 2015 году ў рамках вучэньня з 61-й зьнішчальнай авіябазай на аўтадарогу ўпершыню пасадзілі самалёт «Ан-26»[22]. 1 сьнежня 2015 году на 61-ю авіябазу прыбылі 10 самалётаў «МіГ-29», адрамантаваных 2-і раз на «558-м авіярамонтным заводзе» ў Баранавічах. Ад красавіка 2014 году рамонт прайшлі 8 баявых і 2 навучальныя самалёты, на якія ўсталявалі відэарэгістратары. Адрамантаваныя самалёты атрымалі найменьне МіГ-29БМ. На 1 сьнежня 2015 году беларускія лётчыкі ўсталявалі на такіх абноўленых самалётах 15 сусьветных рэкордаў у хуткаўздымнасьці і хуткасьці палёту па замкненым маршруце[4]. Дагэтуль для 61-й заб пачынілі яшчэ 2 самалёты «МіГ-29»[23]. У сярэдзіне чэрвеня 2016 году на аэрадром у Баранавічах прыляталі 3 расейскія бамбавікі «Су-34»[24]. 13 лістапада 2019 году ў Баранавічы прыляцелі 2 зьнішчальнікі «Су-30СМ», якія заказалі для Вайскова-паветраных сілаў Беларусі[3].
Камандзіры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Генадзь Пермякоў (1994)
- Валяр’ян Самойла (1994—1999)
- Алег Трацьцякоў (1999—2004)
- Аляксандар Марфіцкі (2004—2007)
- Юры Вараб’ёў (2007—2011)
- Аляксандар Пацехін (2011—2016)[1]
- Юры Пыжык (з 2016 году)
Здарэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 23 траўня 1996 году лётчык 61-й авіябазы Ўладзімер Карват адвёў цаной свайго жыцьця зьнішчальнік «Су-27» ад вёскі Арабаўшчына ў Баранавіцкім раёне пры падзеньні. 21 лістапада 1996 году падпадкоўніку Карвату пасьмяротна прысвоілі першаму ў Беларусі званьне «Герой Беларусі»[25].
- 19 траўня 1997 году падпалкоўнік Сяргей Паграбан разьбіўся ў Баранавіцкім раёне на Су-17.
- 27 жніўня 2009 году ў польскі Радам (Мазавецкае ваяводзтва) вылецеў «МіГ-27УБ» 61-й авіябазы. 30 жніўня намесьнік камандзіра Заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня Аляксандар Марфіцкі і намесьнік камандзіра 61-й авіябазы Аляксандар Жураўлевіч разьбіліся на Радамскім авіясалёне[26].
- 23 верасьня 2010 году камандзір эскадрыльлі Сяргей Каваленка і намесьнік камандзіра зьвяна Аляксандар Жыгайла разьбіліся ў Ганцавіцкім раёне (Берасьцейская вобласьць) на МіГ-29 з 61-й ЗАБ[27].
- 11 лістапада 2014 году разьбіўся самалёт «МіГ-29» 61-й авіябазы, але пілёт пасьпеў катапультавацца[28].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё Антон Паўлаў. Зьнішчальнікі з Баранавічаў (рас.) = Истребители из Барановичей // Узьлёт : часопіс. — Масква: ліпень–жнівень 2016. — № 7-8 (139–140). — С. 34-41. — ISSN 1819-1754.
- ^ а б в Леанід Спаткай. Вайсковая і спэцыяльная авіяцыя Беларусі: стан і пэрспэктывы разьвіцьця (частка 2) (рас.) // Блог пра бясьпеку Беларусі, 20 студзеня 2016 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б Тэлеканал «Беларусь 1». Беларусь атрымала першыя зьнішчальнікі Су-30СМ // Белтэлерадыёкампанія, 13 лістапада 2019 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б У ВПС і войскі ППА паступілі 10 самалётаў МіГ-29 // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 1 сьнежня 2015 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б Кантроль над узбраеньнем // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. 17 красавіка беларуская ваенная авіяцыя правядзе палёты з выкарыстаньнем аэрадромных участкаў дарог // БелаПАН, 17 красавіка 2013 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Васіль Сямашка. Фотарэпартаж з 61-й зьнішчальнай авіябазы беларускіх Ваенна-паветраных сіл у Баранавічах // БелаПАН, 15 лютага 2008 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. Беларуская 61-я зьнішчальная авіябаза і 14-ы зьнішчальны полк ВПС РФ заступілі на сумеснае баявое дзяжурства // БелаПАН, 16 кастрычніка 2008 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Сымон Сьвістуновіч. Сам-насам зь небам // Зьвязда : газэта. — 9 траўня 2013. — ISSN 1990-763x.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. Задачы вучэньняў «Баявая садружнасць — 2011» пасьпяхова выкананыя, паведамляе Мінабароны Беларусі // БелаПАН, 12 верасьня 2011 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Праверка на боегатоўнасьць // Зьвязда : газэта. — 19 лістапада 2013. — № 217 (27582). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ У Беларусь прыляцела дзяжурнае зьвяно расейскіх зьнішчальнікаў Су-27 // «Эўрарадыё», 8 сьнежня 2013 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б Баранавічы: пікет супраць разьмяшчэньня расейскай авіябазы забаронены // Газэта «Новы час», 30 сьнежня 2013 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. У Баранавічах расейскія лётчыкі заступілі на сумеснае з беларусамі баявое дзяжурства // БелаПАН, 10 сьнежня 2013 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Першая зьмена расейскіх лётчыкаў скончыла баявое дзяжурства ў Баранавічах // «Эўрарадыё», 27 лютага 2014 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. Другая зьмена расейскіх лётчыкаў заступіла на баявое дзяжурства на аэрадроме ў Баранавічах // БелаПАН, 5 сакавіка 2014 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Працягваецца другі этап праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл краіны // Белтэлерадыёкампанія, 15 сакавіка 2014 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Мінабароны Беларусі абвяргае зьвесткі пра адлёт расійскіх самалётаў // «Эўрарадыё», 6 чэрвеня 2014 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Вераніка Канюта. «Наша задача — забясьпечыць бясхмарнае неба, абараніць паветраныя межы» // Плацдарм. — 20 сьнежня 2014. — № 11 (40).
- ^ Вераніка Канюта. Паветраная варта // Плацдарм. — 25 сакавіка 2015. — № 3 (43). — С. 3, 4.
- ^ Задачы вучэньня «Баявая садружнасьць-2015» паспяхова выкананыя // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 10 верасьня 2015 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ У рамках лётна-тактычнага вучэньня беларускія лётчыкі ўпершыню адпрацавалі пасадку самалёта Ан-26 на аэрадромны ўчастак дарогі // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 23 верасьня 2015 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. Авіярамонтны завод у Баранавічах выканаў тры кантракты па капітальным рамонце авіятэхнікі ў інтарэсах Узброеных сіл Беларусі // БелаПАН, 2 сьнежня 2015 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Ганна Раманава-Каласоўская, Ганна Кілат з «Інтэкс-прэс». У Баранавічы прыляталі найноўшыя расейскія бамбардзіроўшчыкі // «Эўрарадыё», 21 чэрвеня 2016 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Гісторыя ВПС і войскаў СПА // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Васіль Сямашка. Папярэдняя вэрсія катастрофы беларускага Су-27 — пападаньне птушкі ў паветразаборнік рухавіка зьнішчальніка // БелаПАН, 30 жніўня 2009 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ За два гады беларускія ВПС страцілі сем лётчыкаў // Партал «Беларускі партызан», 30 лістапада 2011 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Пацярпелых і разбурэньняў няма // Міністэрств абароны Рэспублікі Беларусь, 11 лістапада 2014 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Васіль Сямашка. Відэарэпартаж з 61-й зьнішчальнай авіябазы беларускіх Ваенна-паветраных сіл у Баранавічах // БелаПАН, 15 лютага 2008 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- Канстанцін Літвін, «Інтэкс-прэс». Баявыя самалёты селі на трасу М1 пад Баранавічамі // Газэта «Наша ніва», 17 красавіка 2013 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- 10 самалётаў МіГ-29 паступілі ў ВПС і войскі СПА // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 1 сьнежня 2015 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- Музэй баявой славы імя Уладзіміра Карвата ў Баранавічах // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 студзеня 2018 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- Палёт МіГ-29 (рас.) // «Ваен ТБ», 11 лютага 2013 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.