Юры Назаранка
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Назаранка.
Юры Назаранка | |
Дата нараджэньня | 17 красавіка 1976 (48 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | вайсковец |
Узнагароды |
Юры Генадзевіч Назаранка (нар. 17 красавіка 1976, Слонім, Гарадзенская вобласьць, БССР, СССР) — беларускі вайсковы дзеяч рэжыму Лукашэнкі. Першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, генэрал-маёр з 2020 году. Фігурант санкцыйных сьпісаў ЭЗ, ЗША, шэрагу іншых краінаў.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 17 красавіка 1976 года ў Слоніме Гарадзенскай вобласьці. Бацька — афіцэр, служыў у вайскова–паветраных сілах. Сям’я пераяжджала разам з бацькам па розным кропкам былога Савецкага Саюзу, а пасьля распаду СССР вярнулася ў Беларусь.
У 1997 годзе скончыў факультэт унутраных войскаў Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Па яго заканчэньні быў разьмеркаваны ў 1-ю роту 3-й асобнай Чырвонасьцяжнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня(en) (вайсковая часць 3214), камандаваў ротаю разьведкі спэцыяльнага прызначэньня, быў начальнікам штаба 1-га батальёну, камандзірам 3–га батальёну спэцыяльнага прызначэньня гэтай воінскай часьці. У 1998 годзе прайшоў кваліфікацыйныя выпрабаваньні на права нашэньня крапавага бярэту[1].
З 2007 па 2009 год навучаўся на камандна-штабным факультэце Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь. У чэрвені 2009 году стаў першым намесьнікам камандзіра часьці — начальнікам штабу вайсковай часьці 5526 у Берасьці.
З сакавіка 2010 году па кастрычнік 2014 году служыў у розных падразьдзяленьнях Службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
У кастрычніку 2014 году прызначаны камандзірам Спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня, у лютым 2016 году — камандзірам спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня 3-й асобнай Чырвонасьцяжнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня(en): 16 сакавіка 2016 году міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч пераўтварыў Спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня (САХР) у вайсковую часьць 3032 у складзе 3-й асобнай Чырвонасьцяжнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня(en). Рашэньне зацьвердзілі на прапанову камандзіра САХРа Назаранкі, бо ў атрада зьявіліся ўласныя службы[2].
З сакавіка 2018 году кіраваў штабам Службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь[3]. 15 кастрычніка 2019 году прызначаны намесьнікам міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь — камандуючым унутранымі войскамі[4]. 18 чэрвеня 2020 году Назаранку прысвоена вайсковае званьне генэрал-маёру. 19 лістапада 2020 году прызначаны першым намесьнікам міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь — начальнікам міліцыі грамадзкай бясьпекі[5].
Назаранка кіраваў унутранымі войскамі, якімі ажыцьцяўлялася беспрэцэдэнтна жорсткае здушэньне мірных пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году[6].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- мэдаль «За адзнаку ў вайсковай службе»(be)
- мэдаль «За бездакорную службу»(be) I, II і III ступеняў
Санкцыі ЭЗ, ЗША й іншых краінаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]31 жніўня 2020 году ўключаны ў сьпіс асобаў, на якіх накладзена бестэрміновая забарона на ўезд у Латвію, пяцігадовая забарона на ўезд у Эстонію й забарона на ўезд у Летуву ў сувязі з тым, што «сваімі дзеяньнямі ён арганізаваў і падтрымаў фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня й наступнае гвалтоўнае здушэньне мірных пратэстаў»[7][8]. 29 верасьня 2020 году Назаранка быў дададзены ў санкцыйныя сьпісы Вялікабрытаніі[9] й Канады[10].
2 кастрычніка 2020 году Назаранку ўнесьлі ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША й Чорны сьпіс Эўразьвязу[11][12]. Пры абгрунтаваньні ўвядзеньня санкцыяў ЗША было адзначана, што Назаранка нясе адказнасьць за дзеяньні, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы й інстытуты ў Беларусі: кіраўнік унутраных войскаў МУС, ён знаходзіўся на перадавой, здушая права на мірны пратэст, а таксама публічна падзякаваў вайскоўцам, якія ўдзельнічалі ў разгоне пратэстаў і журналістаў у Менску[11]. Рада Эўрапейскага зьвязу(be) пры ўвядзеньні санкцыяў адзначыла, што Назаранка як намесьнік міністра ўнутраных справаў і камандуючы ўнутранымі войскамі адказны за кампанію рэпрэсіяў і запалохваньня, якую праводзіць МУС, у прыватнасьці ўнутраныя войскі пад яго камандаваньнем, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, у прыватнасьці адвольныя арышты й жорсткае абыходжаньне, у тым ліку катаваньні, мірных дэманстрантаў, а таксама запалохваньне й гвалт у дачыненьні да журналістаў, застаўшыся актыўным пры рэжыме Лукашэнкі ў якасьці першага намесьніка міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь — начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі[13].
13 кастрычніка 2020 году да кастрычніцкага пакету санкцыяў ЭЗ далучылася Швайцарыя[14][15], 20 лістапада — Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя й Украіна[16].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Интервью с командиром специального отряда быстрого реагирования внутренних войск полковником Юрием Назаренко
- ^ Асобную воінскую часць стварылі на базе спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 сакавіка 2016 г. Праверана 15 жніўня 2021 г.
- ^ Лукашенко назначил командующего внутренними войсками
- ^ Указ Президента Республики Беларусь от 15 октября 2019 года № 379 «О Ю. Г. Назаренко»
- ^ Указ Президента Республики Беларусь от 18 июня 2020 года № 219 «О присвоении воинского звания»
- ^ В Беларуси проходят новые акции протеста
- ^ Латвія, Літва і Эстонія ўключылі Лукашэнку і яшчэ 29 чыноўнікаў ў спіс пэрсон нон-грата. ПОЎНЫ СЬПІС
- ^ Лукашенко, ЦИК, силовики. Страны Балтии ввели санкции в отношении белорусских чиновников Архіўная копія ад 2020-09-01 г.
- ^ Политическая хроника дня: Тихановская поговорила с Макроном, белорусский МИД ответил, а позже Великобритания и Канада ввели санкции
- ^ Backgrounder: Belarus sanctions
- ^ а б Treasury Sanctions Belarus Officials for Undermining Democracy Архіўная копія ад 2020-10-02 г.
- ^ 40 беларускіх чыноўнікаў, якія трапілі пад санкцыі Эўразьвязу. Сьпіс
- ^ Consolidated text: Council Decision 2012/642/CFSP of 15 October 2012 concerning restrictive measures in view of the situation in Belarus
- ^ Switzerland joins EU in sanctions against top Belarus officials (анг.). Swissinfo(cs) (2020-10-13). Праверана 2021-09-13 г.
- ^ SECO: Ordinance on measures against Belarus (анг.). Дзяржаўны сакратарыят па эканамічных пытаньнях(de) (2020-10-13). Праверана 2020-09-13 г.
- ^ Declaration by the High Representative on behalf of the EU on the alignment of certain third countries concerning restrictive measures against Belarus (анг.). Рада Эўрапейскага зьвязу(be) (2020-11-20). Праверана 2021-09-13 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 17 красавіка
- Нарадзіліся ў 1976 годзе
- Нарадзіліся ў Слоніме
- Выпускнікі Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь
- Узнагароджаныя мэдалём За бездакорную службу 1 ступені
- Узнагароджаныя мэдалём За бездакорную службу 2 ступені
- Узнагароджаныя мэдалём За бездакорную службу 3 ступені
- Беларускія генэралы
- Намесьнікі міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь
- Беларускія асобы ў Чорным сьпісе ЭЗ
- Беларускія асобы ў сьпісе СВГ