Перайсьці да зьместу

Юзэф Несялоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Юзаф Несялоўскі»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Несялоўскі (неадназначнасьць).

Юзэф Несялоўскі (1728 — 8 сакавіка 1814) — дзяржаўны і палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай, апошні наваградзкі ваявода з 1773 году. Пасол на сойм 1756, 1764 (удзельнічаў у абраньні на трон Станіслава Аўгуста Панятоўскага), 1766.

З роду Несялоўскіх гербу Кошбак. Сын Адама Несялоўскага і Анны Бяразоўскай [1].

Дэпутат трыбуналу ВКЛ у 1762, маршалак Скарбовага трыбуналу ВКЛ.

Працаваў у каралеўскай канцэлярыі, дзе спадабаўся каралю Станіславу Панятоўскаму.

Стараста цырынскі з 1756, прэнскі і прапойскі з 1769. Падкаморны наваградзкі, чашнік ВКЛ у 1765, кашталян наваградзкі 1765—1773, ваявода наваградзкі з 1773.

У 1756 як цырынскі стараста абраны паслом наваградзкім на вялікі сойм.

У 1769 ажаніўся з Катажынай Масальскай, дачкою гетмана і сястрою віленскага біскупа. Біскуп адмовіў сястры ў пасадзе, за што Несялоўскі ў 1770 збройна захапіў маёнткі, якія належалі жонцы. Рашэньнем Наваградзкага трыбуналу асуджаны на 6 тыдняў арышту ў Наваградзкай вежы (на працэсе шляхту абараняў бацька Адама Міцкевіча — Мікалай Міцкевіч). Першы высокі службоўца, які атрымаў такі суровы вырак.

Яму належаў маёнтак Новая Мыш, дзе ён прымаў у 1784 караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Заўзяты палітычна праціўнік Антонія Тызэнгаўза.

У 1788—1792 гг. — удзельнік Чатырохгадовага Сойма. Адзін з аўтараў «Узаемных заручынаў абодвух народаў».

Удзельнік паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Віленскі актам паўстаньня 24 красавіка 1794 прызначаны старшынём Найвышэйшай Літоўскай Рады. Пасьля паразы паўстаньня хаваўся ў лясах. У лістападзе 1794 схоплены казакамі. На загад царыцы Кацярыны ІІ вызваланы з-пад арышту. Былі вернуты сэквэстраваныя маёнткі — Новая Мыш, Варонча

Меў сына генэрала войска ВКЛ Франьцішка Ксавэрыя Несялоўскага.

Успамянуты ў «Пане Тадэвушы» Адама Міцкевіча (Кн. І):

А што бы сказаў Несялоўскі, стары ваявода,

што гончых трымае найлепшага ў свеце завода

і дзвесце стральцоў аж дагэтуль абычаем панскім

і мае сяней сто вазоў у дварэ варанчанскім,

а столькі гадоў, як манах, ён сядзіць сабе ў хаце

й не можа ніхто дапрасіцца яго паляваці,

нат Белапятровічу й то не шчадзіў ён адмовы!

— Быліца першая. Гаспадарка. Пераклад: Бр. Тарашкевіча

Кавалер ордэна Сьвятога Станіслава (1772) [2].

  1. ^ M.J. Minakowski, Ci wielcy Polacy to nasza rodzina, wyd. 3, Dr Minakowski Publikacje Elektroniczne, Kraków 2008, ISBN 83-918058-5-9.  (пол.)
  2. ^ Zbigniew Dunun-Wilczyński, Order Świętego Stanisława, Warszawa 2006, s. 180.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]