Францішак Ксавэры Несялоўскі
Францішак Ксавэры Несялоўскі (18 сьнежня 1771, Ляхавічы, Наваградзкі павет — 15 верасьня 1845) — вайсковы і дзяржаўны дзеяч ВКЛ.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З шляхецкага роду гербу Кошбак, сын Юзэфа Несялоўскага.
У 1785—1788 гадах навучаўся ў Галоўнай ваеннай школе ВКЛ у Вільні. З 1788 камандзір палка пяхоты войск ВКЛ. У 1792 удзельнічаў у баях з расейскімі войскамі пад Берасьцем, узнагароджаны крыжам «Virtuti Militari».
Браў удзел у падрыхтоўцы паўстаньня 1794 году. Вызначыўся са сваім рэгімэнтам 7 траўня 1794 у бітве пад Палянамі (каля Ашмянаў), у чэрвені — ліпені ў рэйдзе па Курляндыі. У верасьні 1794 трапіў у палон. У Горадні расейскі генэрал Рапнін у адказ на просьбу бацькоў сустрэцца з арыштаваным прапанаваў прысягнуць на вернасьць Кацярыне ІІ, але Несялоўскі не пайшоў на кампраміс.
Вызвалены зьехаў у Нямеччыну. Вярнуўся на Бацькаўшчыну ў 1796. У 1798 абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстаньня і зьняволены ў Вільні. Пасьля вызваленьня падтрымаў плян А. Чартарыйскага адбудаваць дзяржаўнасьць пад пратэктаратам Расеі. З 1807 у складзе судова-адміністрацыйнай камісіі Віленскага ўнівэрсытэту.
У 1812 падтрымаў Напалеона, уведзены ім у склад Вайсковага камітэту ў Вільні. Пазьней у званьні генэрала брыгады прызначаны інспэктарам пяхоты арміі і паспалітага рушэньня ВКЛ. Разам з напалеонаўскай арміяй адступіў за мяжу.
У 1814 пасьля амністыі вярнуўся ў Беларусь, прадаў родавыя маёнткі і выехаў у Польшчу. У 1830 абраны паслом сойму Каралеўства Польскага. Прымаў удзел у паўстаньні 1830—1831 — намесьнік губэрнатара Варшавы, камандзір брыгады пры абароне гораду. Пасьля задушэньня паўстаньня арыштаваны і дэпартаваны ў Волагду.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- НЕСЯЛОЎСКІ Францішак Ксаверы // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.