Перайсьці да зьместу

Эўрапейская акадэмія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эўрапейская акадэмія
лац. Academia Europaea
Абрэвіятура ЭА
Дата ўтварэньня 5 верасьня 1988 (37 гадоў таму)
Тып Навуковая
Юрыдычны статус Некамэрцыйная арганізацыя
Мэта Спрыяньне дасканаласьці дасьледаваньня
Месцазнаходжаньне Лёндан (Ангельшчына)
Каардынаты 51°31′15″ пн. ш. 0°07′43″ з. д.HGЯO
Дзейнічае ў рэгіёнах Барсэлёна (Гішпанія), Бэрген (Нарвэгія), Грац (Аўстрыя), Уроцлаў (Польшча)
Сяброўства 3261 навуковец з 54 краінаў (2015)
Афіцыйныя мовы Ангельская
Старшыня Сірд Клётынг
Кіроўны орган Управа
Бюджэт £562,3 тыс.[1] (2014; $922,9 тыс.)[2]
Колькасьць супрацоўнікаў 2 (2015)
Сайт www.ae-info.org

Эўрапейская акадэмія — міжнародная навуковая ўстанова, заснаваная ў верасьні 1988 году ў Кембрыджы (Ангельшчына). З 1997 году праводзіць узнагароджаньне залатым мэдалём за ахвяраваньне на дасьледаваньне. Таксама штогод уручае стыпэндыі Бургена 10 дактарам навук на дасьледаваньні. Мае галаўную сядзібу ў Лёндане (Ангельшчына), весткавы асяродак у Грацы (Аўстрыя) і 3 асяродкі ведаў: Барсэлёна (аўтаномная супольнасьць Каталёнія, Гішпанія), Бэрген (графства Хордалян, Нарвэгія) і Ўроцлаў (Ніжнесылескае ваяводзтва, Польшча). З 1993 г. выдае па-ангельску ў Кемрыджы штоквартальны навуковы часопіс «Эўрапейскі агляд»(en). На 2015 г. улучала 3261 навукоўца з 52 краінаў, якія праводзілі дасьледаваньні ў 20 галінах (багаслоўе, біяхімія, гісторыя, грамадазнаўства, землязнаўства, інфарматыка, літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства, матэматыка, мовазнаўства, мэдыцына, правазнаства, псыхалёгія, усходазнаўства, фізыка, фізыялёгія, хімія, цыталёгія, эвалюцыйная біялёгія, эканоміка). Найбольш (334; 10%) навукоўцаў працавалі ў галіне фізыкі. 3252 навукоўцы (99,7%) мелі ўзрост больш за 40 гадоў. 2917 (90%) навукоўцаў паходзілі з 36 краінаў Эўропы. З Брытаніі, дзе месьцілася галаўная сядзіба ўстановы, паходзілі 535 навукоўцаў (18% ад агульнага ліку навукоўцаў з Эўропы; найбольш). Па адным навукоўцы прадстаўлялі Беларусь (зь 2011 г. доктар тэхнічных навук Сяргей Абламейка; аддзел фізыкі), Люксэмбург і Чарнагорыю[3].

Паводле 4-га пункту Мэмарандуму, Эўрапейская акадэмія мела паўнамоцтвы:

  • распаўсюджваць вынікі дасьледаваньняў;
  • ажыцьцяўляць агляд надзённых справаў, датычных навуковых дасьледаваньняў у Эўропе;
  • заахвочваць міжгаліновыя міжнародныя дасьледаваньні, датычныя Эўропы;
  • прадстаўляць зацікаўленасьці дасьледнікаў у заканадаўчых сходах, урадах, унівэрсытэтах, СМІ, гандлёвых, прамысловых і прафэсійных установах Эўропы;
  • дапамагаць супрацы дасьледнікаў з навукова-дасьледчымі асяродкамі Эўропы ў галіне падрыхтоўкі;
  • ладзіць навуковыя выставы, зьезды, нарады, сустрэчы, сэмінары і чытаньні;
  • наймаць супрацоўнікаў, набываць і збываць уласнасьць, узводзіць будынкі;
  • зьбіраць і перадаваць дабрачынныя ахвяраваньні, укладаць наяўныя сродкі і браць пазыкі[4].
  • Сход. Склікаецца штогод. Складаецца зь сябраў Акадэміі. Аднойчы на 3 гады абірае зь ліку эўрапейскіх сябраў старшыню, яго намесьніка, скарбніка і 3—5 сябраў у Раду.
  • Рада. Абіраецца на 3 гады. Складаецца са старшыні, яго намесьніка, скарбніка, загаднікаў 20 навуковых аддзелаў і 3—5 абраных Сходам сябраў. Аднойчы на 3 гады абірае ва Ўправу 3—6 сябраў са свайго складу. Штогод з 1992 году выбірае навукоўца для ўзнагароджаньня мэдалём(de) Эразма.
  • Управа. Абіраецца на 3 гады. Складаецца з старшыні, яго намесьніка, скарбніка і 3—6 сябраў, абраных Радай са свайго складу. Склікаецца прынамсі двойчы на год. Прымае новых сябраў у Акадэмію[5].

5—6 верасьня 1988 году ў Кемрыджы адбыўся ўстаноўчы сход Эўрапейскай акадэміі. У чэрвені 1989 году ў Лёндане Сход сабраў 627 сябраў Акадэміі. 29 студзеня 1990 году 6 давераных асобаў — Арнольд Бурген (старшыня), Давід Магнусан(sv), Руд ван Лісхаўт, Майкл Ацья(en), Браян Флаўэрз(en) і Джордж Портэр — уклалі сабраныя 5000 фунтаў стэрлінгаў у фонд «Эўрапейская акадэмія», што Камісія па дабрачыннасьці Ангельшчыны і Ўэйлзу засьведчыла 18 лютага 1991 году[6].

На кастрычнік 2011 г. Акадэмія ўлучала больш за 2300 навукоўцаў, у тым ліку больш за 40 нобэлеўскіх ляўрэатаў з 35 краінаў Эўропы і 8 краінаў іншых частак сьвету. 21 кастрычніка сябрам Акадэміі стаўся беларускі акадэмік і рэктар БДУ Сяргей Абламейка[7].

  1. Арнольд Бурген(en) (1988—1994; Ангельшчына)
  2. Юбэр Кюр’ян(fr) (1994—1997; Францыя)
  3. Стыг Стрэмгольм(sv) (1997—2003; Швэцыя)
  4. Юрген Мітэльштрас(de) (2003—2009; Нямеччына)
  5. Лярс Валоў(no) (2009—2014; Нарвэгія)
  6. Сірд Клётынг(nl) (з 2014 г.; Нідэрлянды)

Ляўрэаты мэдаля Эразма

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Год МесцаЛяўрэатПаходжаньнеГаліна
1992 Будапэшт (Вугоршчына)Януш Корнаі(hu)ВугоршчынаЭканоміка
1993 Упсала (Швэцыя)Эрнст Мэстмэкер(de)НямеччынаПравазнаўства
1994 Парма (Італія)Лоўрэнс Фрыдман(en)БрытаніяГрамадазнаўства
1995 Кракаў (Польшча)Ален Турэн[прыбраць шаблён]ФранцыяГрамадазнаўства
1996 Барсэлёна (Гішпанія)Губэрт Маркль(de)НямеччынаЭвалюцыйная біялёгія
1997 Гент (Бэльгія)Паўль КрутцэнНідэрляндыЗемлязнаўства
1998 Базэль (Швайцарыя)Пітэр Бэрк(en)БрытаніяГісторыя
1999 Капэнгаген (Данія)Раўль ван Канэгем(nl)БэльгіяГісторыя
2001 Ратэрдам (Нідэрлянды)Эдоарда Бончынэльлі(it)ІталіяЦыталёгія
2001 Джорджыё Бэрнардзі(it)ІталіяБіяхімія
2002 Лісабон (Партугалія)Гаральд Крота(en)БрытаніяХімія
2003 Грац (Аўстрыя)Карл Джэрасі(en)АўстрыяХімія
2004 Хэльсынкі (Фінляндыя)Стыг СтрэмгольмШвэцыяПравазнаўства
2005 Патсдам (Нямеччына)П’ер Лена(fr)ФранцыяЗемлязнаўства
2006 Будапэшт (Вугоршчына)Бэрт ЗакманНямеччынаФізыялёгія
2007 Таледа (Гішпанія)Францыска Маркес-Вільянуэва(es)ГішпаніяЛітаратуразнаўства
2008 Лівэрпул (Брытанія)Сэмір Зэкі(en)БрытаніяФізыялёгія
2009 Нэапаль (Італія)Карлё Гінзбург(it)ІталіяГісторыя
2010 Лёвэн (Бэльгія)Жан Фрэшэ(fr)ФранцыяХімія
2011 Парыж (Францыя)Мануэль Кастэльс(es)ГішпаніяГрамадазнаўства
2012 Бэрген (Нарвэгія)Джэфры Бэрнсток(en),
Томас Гёкфэльт(sv)
Брытанія,
Швэцыя
Фізыялёгія
2013 Уроцлаў (Польшча)Норман ДэвісБрытаніяГісторыя
2014 Барсэлёна (Гішпанія)Курт Мэльгорн(de)НямеччынаІнфарматыка
2015 Дармштат (Нямеччына)Эдыта Гол(en)БрытаніяЛітаратуразнаўства
  1. Эўрапейская акадэмія (анг.) // Камісія па дабрачыннасьці Ангельшчыны і Ўэйлзу(en), 15 верасьня 2015 г. Праверана 21 кастрычніка 2015 г.
  2. Сярэднегадавы абменны курс наперад даляра ЗША на фунт стэрлінгаў за 2014 год (1,6414) (анг.) // Банк Англіі, 2 студзеня 2015 г. Праверана 21 кастрычніка 2015 г.
  3. Статыстыка (анг.) // Эўрапейская акадэмія, 23 сакавіка 2015 г. Праверана 21 кастрычніка 2015 г.
  4. Мэмарандум аб'яднаньня (анг.) // Эўрапейская акадэмія, 22 верасьня 2015 г. Праверана 21 кастрычніка 2015 г.
  5. Статут (анг.) // Эўрапейская акадэмія, 22 верасьня 2015 г. Праверана 21 кастрычніка 2015 г.
  6. Арнольд Бурген, Давід Магнусан, Руд ван Лісхаўт, Майкл Ацья, Браян Флаўэрз, Джордж Портэр. Спачатны давераны чын (анг.) // Эўрапейская акадэмія, 22 верасьня 2015 г. Праверана 21 кастрычніка 2015 г.
  7. Надзея Нікалаева Рэктар БДУ — дзейны член Эўрапейскай акадэміі // Зьвязда : газэта. — 26 кастрычніка 2011. — № 204 (27068). — С. 1. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]