Перайсьці да зьместу

Юрыспрудэнцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Юрыспрудэ́нцыя (правазна́ўства, юрыды́чная наву́ка[a]; лац. jūris prūdentia — веданьне права) — навука аб грамадзкіх нормах, галінах права, гісторыі дзяржавы і функцыянаваньні дзяржаўнага ладу. Філёзафы Старажытнай Грэцыі распрацавалі галоўныя пытаньні вучэньняў аб праве. Праўнікі Старажытнага Рыму стварылі прававыя паняткі і канструкцыі[1].

У пачатку XVI стагодзьдзя ў Беларусі зьявіліся першыя вядомыя навуковыя працы аб правазнаўстве. Цягам XVI стагодзьдзя стварылі першыя ў Эўропе зборы дзейнага права — Статуты Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гадоў. У XVI стагодзьдзі агляды дзяржаўнага ладу ВКЛ напісалі Мікола Гусоўскі (1470—1533), Францішак Скарына (1482—1551) і Сымон Будны (1530—1593). Найбольш значны ўклад у разьвіцьцё правазнаўства ў Беларусі зрабілі Міхаіл Каяловіч (1828—1891), Уладзімер Спасовіч[прыбраць шаблён] (1829—1906), Фёдар Леантовіч(uk) (1833—1911), Мацьвей Любаўскі (1860—1936), Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867—1934) і Іван Іванавіч Лапо (1869—1944)[1].

11 кастрычніка 1918 г. у Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіла Канстытуцыю БНР. 3 лютага 1919 г. у Менску 1-ы Ўсебеларускі зьезд Саветаў ухваліў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. 30 кастрычніка 1921 г. у Менску заснавалі Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (БДУ), які стаў асяродкам правазнаўства ў Беларусі і галоўнай навучальнай установай для падрыхтоўкі праўнікаў. 1 студзеня 1929 г. заснавалі Беларускую акадэмію навук (БелАН), дзе стварылі катэдру савецкага будаўніцтва і права для дасьледаваньня дзейнасьці дзяржаўнага апарату, разьвіцьця заканадаўства і прычыны злачыннасьці. 29 сакавіка 1931 г. Прэзыдыюм БелАН пастанавіў стварыць Інстытут савецкага будаўніцтва і права(be), які ў 1935 г. стаў Інстытутам філязофіі, савецкага будаўніцтва і права. 7 ліпеня 1931 г. з БДУ вылучылі Менскі юрыдычны інстытут (да 1932 г. Менскі інстытут савецкага будаўніцтва і права, з 1954 г. юрыдычны факультэт БДУ)[1].

1 ліпеня 1947 г. у Акадэміі навук БССР аднавілі Інстытут філязофіі і права, дзе ў 1965 г. стварылі 2 сэктары: тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; сацыялёгіі права. Пазьней у Інстытуце ўтварылі 4 аддзелы: 1) дзяржаўнага права і кіраваньня, 2) працоўнага і гаспадарчага права, 3) сельскагаспадарчага і экалягічнага права, 4) тэорыі і гісторыі дзяржавы і права. 9 ліпеня 1999 г. Прэзыдыюм Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пастановай № 66 вылучыў асобны Інстытут дзяржавы і права. Навуковыя дасьледаваньні таксама вяліся ў Акадэміі МУС Беларусі, заснаванай у 1976 годзе[1]. 13 сьнежня 2007 г. А.Лукашэнка Ўказам № 630 далучыў акадэмічны Інстытут дзяржавы і права да Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь, падпарадкаванага Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

  1. ^ Варыянты напісаньня ў адпаведнасьці з БЭ ў 18 тамах. Т.18., кн. 1, Мн., 2004, С. 218.
  1. ^ а б в г д Генадзь Маслыка. Юрыдычная навука // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. — С. 218. — 472 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юрыспрудэнцыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў