Перайсьці да зьместу

Футбол

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Футбаліст»)
Футбол

Футбо́л, або но́жны шпурля́к[1] (па-ангельску: football, літаральна нажны мяч) — найбольш папулярны[2][3][4][5] ў сьвеце від спорту. У футбол гуляюць дзьве каманды па адзінаццаць гульцоў з кожнага боку, якія спрабуюць патрапіць сфэрычным мячом у браму суперніка (забіць гол). Перамагае тая зь дзьвюх камандаў, якая заб’е болей галоў. Асобная гульня ў футбол завецца матчам. У футбол гуляюць каля 250 мільёнаў гульцоў у больш чым 200 краінах сьвету, што робіць яго самым папулярным відам спорту ў сьвеце. Гульня вядзецца на прамавугольным поле. Паводле правілаў гуляць дазволена любой часткай цела, акрамя рук.

Брамнікі зьяўляюцца адзінымі гульцамі, якім дазволена кранацца мяча рукамі ці браць яго у рукі ў той час калі ён знаходзіцца ў гульні і толькі ў сваёй штрафной плошчы. Палявыя гульцы ў асноўным выкарыстоўваюць ногі, каб ударыць або перадаць мяч, але могуць выкарыстоўваць сваю галаву ці тулава каб прабіць па мячу ці аддаць перадачу.

У залежнасьці ад рэгламэнту футбольнага спаборніцтва гульня можа скончыцца нічыёй, калі дзьве каманды забілі аднолькавую колькасьць мячоў ці ня здолелі правесьці гол у браму суперніка, ці для выяўленьня пераможца гульня пераходзіць у дадатковы час ці сэрыю пэнальці. Першыя правілы гульні былі складзены ў Анґельшчыне Футбольнай асацыяцыяй у 1863 годзе. Футболам на сёньня рэгулюе міжнародная арґанізацыя ФІФА, якая ў прыватнасьці арґанізуе чэмпіянат сьвету раз на чатыры гады[6]. Таксама існуе вялікая колькасьці рэгіянальных і нацыянальных фэдэрацыяў, якія таксама ладзяць свае турніры.

Правілы футбола рэгулююцца FIFA. На цяперашні момант дзейнічаюць правілы з 17 пунктаў і колькасных дадаткаў. Дакладныя правілы, якія дзейнічаюць на сёньняшні дзень, можна знайсьці на сайце FIFA[7]. Распрацоўкай правілаў і дадаткаў займаецца IFAB.

Асноўныя правілы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Каманды-суперніцы складаюцца зь ня болей чым 11 гульцоў, зь якіх 10 — палявыя і 1 — брамнік. У часе матча кожная каманда можа замяніць да трох гульцоў, прычым гульцы, якіх замянілі, больш ня могуць выйсьці на поле. Матч ня можа пачацца або працягвацца, калі ў якой-небудзь камандзе меней за 7 гульцоў.

Поле — прастакутнае (даўжыня: ад 100 да 110 м; шырыня: ад 64 да 75 м), падзеленае ўпоперак на дзьве роўныя часткі. У супрацьлеглых канцах поля знаходзяцца брамкі камандаў (шырыня: 7.32 м, вышыня: 2.44 м). На полі таксама разьмячаюцца штрафныя пляцоўкі каля брамак і круг у цэнтры поля. У часе гульні мяч павінен заставацца ў плошчы поля.

Гуляюць скураным (альбо з падобнага матэрыялу) мячом сфэрычнай формы, дыямэтрам ад 68 да 70 см, вагой ад 410 да 450 г.

Матч вядзе рэфэры, рашэньні якога зьяўляюцца канчатковымі ў час гульні. Яму дапамагаюць памочнікі рэфэры, якія сочаць за афсайдамі, за тым, калі мяч пакідае поле, за тым, ці быў забіты гол і інш.

Матч доўжыцца намінальна два пэрыяды па 45 хвілін, да якіх рэфэры можа дадаць дадатковы час (у выпадку заўважных спыненьняў гульні на працягу асноўнага часу). Пэрыяды падзяляе 15-хвілінны перапынак.

Трапленьне мяча ў плошчу брамкі лічыцца голам.

Брамнік мае права лавіць мяч у рукі у сваёй штрафной пляцоўцы. Астатнія гульцы і брамнік па-за межамі штрафной пляцоўцы ня маюць права датыкацца мяча рукамі.

Гульцы ня маюць права адбіраць мяч з выкарыстаньнем сілавых прыёмаў. У выніку, калі гулец парушае правілы па-за межамі сваёй штрафной пляцоўкі, пацярпелая каманда атрымлівае права на штрафны ўдар. У выніку парушэньня ў штрафной, пацярпелая каманда атрымлівае права на пэнальці (асобны ўдар з адлегласьці ў 11 мэтраў у брамку, якую абараняе толькі брамнік). За парушэньні рэфэры можа вынесьці папярэджаньне (жоўтая картка), альбо выдаліць гульца (чырвоная картка). Дзьве жоўтыя карткі аўтаматычна выклікаюць выдаленьне.

Лічыцца, што гулец знаходзіцца ў афсайдзе (па-за гульнёй), калі бліжэй да рамкі суперніка за яго толькі адзін гулец супрацьлеглай каманды. Калі адзін з гульцоў перадае мяч (робіць пас) гульцу сваёй каманды, які знаходзіцца ў афсайдзе, гэта лічыцца парушэньнем.

Сам па сабе футбол ня мае клясычнай гісторыі[8]. Не зважаючы на падабенствы да іншых гульняў зь мячом, якія існавалі ў розных частках сьвету, ФІФА заяўляе, што не існуе аніякай гістарычнай сувязі паміж футболам і якой-небудзь антычнай гульнёй па-за Эўропай[9]. Гісторыя футболу ў Ангельшчыне вядомая прынамсі з VIII стагодзьдзя[10]. Сучасныя правілы футболу грунтуюцца на намаганьнях сярэдзіны XIX стагодзьдзя ўніфікаваць шматлікія варыянты гульні, якія існавалі ў публічных школах Ангельшчыны[11].

Старажытныя папярэднікі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Хлопчыкі гуляюць у цзюцзю.

Гульня, у якой мяч б’юць нагамі, існавала ў многіх краінах цягам усёй гісторыі. Кітайская спаборніцкая гульня цзюцзю (蹴鞠), што літаральна перакладаецца як «удар мячом», нагадвае сучасны футбол, а таксама мае рысы баскетболу і валейболу[12][13]. Гэта найстаражытнейшая вядомая форма гульні з ударам па мячы, пацьверджаная гістарычнымі крыніцамі. Упершыню яна была зафіксаваная як практыкаваньне ў вайсковай хроніцы эпохі Хань[14]. Гульцы ў цзюцзю перадавалі мяч адзін аднаму, не даючы яму дакрануцца да зямлі. Потым мяч перадавалі прызначанаму гульцу, які спрабаваў трапіць ім у фэнлюй янь, ток бок акруглае колца, усталяванае на слупе вышынёю 10–11 мэтраў[12]. У часы дынастыі Хань у час ад 206 да н. э. да 220 н. э. цзюцзю было стандартызаванае, а правілы былі ўсталяваныя[15]. Шаўковы шлях спрыяў распаўсюду цзюцзю па-за межы Кітаю, асабліва ягонага варыянту, папулярнага ў эпоху Тан, калі быў вынайдзены надзьмуты мяч, які замяніў набіваны мяч[16]. Іншыя ўсходнеазіяцкія гульні, як то кемары ў Японіі і чук-гук у Карэі, таксама былі пад уплывам цзюцзю[17][18]. Кемары ўзьнікла пасьля 600 году, у час Асукі. Гэта была цырыманіяльная, а не спаборніцкая гульня, у якой удзельнікі падкідвалі мяч, зроблены з скуры жывёлы[19]. У Паўночнай Амэрыцы існавала гульня пасукуакагавог, у якую гулялі алганкіны. Яе апісвалі як амаль ідэнтычную народнаму футболу, які ў той жа час існаваў у Эўропе, дзе мяч трэба было прабіць праз браму[20].

Фаінінда і эпіскірас былі грэцкімі гульнямі зь мячом[14][21]. Вобраз гульца ў эпіскірас, выяўлены на рэльефе на стэле, якая была створаная паміж 375—400 гадамі да н. э., а зараз захоўваецца ў Нацыянальным археалягічным музэі Атэнаў, і выяўлены на трафэі чэмпіянату Эўропы[8]. Атэнэй, які пісаў у 228 годзе н. э., згадвае рымскую гульню гарпастум. Фаінінда, эпіскірас і гарпастум улучалі ў свае правілы выкарыстаньне рук і сілавую барацьбу. Усе яны, відаць, больш нагадвалі рэгбі, барацьбу і валейбол, чым тое, што мы сёньня вызначаем як сучасны футбол[15][22][23][24][25][26].

Сярэднявечныя папярэднікі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Матч кальча на пляцы ў Флярэнцыі на выяве флямандзкага мастака Яна ван дэр Страта.

У Сярэднявеччы адной з найбольш прыкметных гульняў, падобных да сучаснага футболу, было флярэнтыйскае кальча, якое ўзьнікла ў італьянскай Флярэнцыі[27]. Яшчэ адзін сярэднявечны від спорту, які можна лічыць раньняй формай футболу, суль, у якую гулялі ў Францыі з XII стагодзьдзя, дзе мяч перамяшчалі рукамі, нагамі і кіямі[28]. Як і ў выпадку зь неўнармаваным народным футболам, продкам усіх сучасных футбольных відаў, гэтыя сярэднявечныя гульні ўлучалі больш гульню рукамі, чым удары нагою[29][9].

Пачатак упарадкаваньня

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Раньні варыянт арыгінальных рукапісных «Правілаў гульні», распрацаваных з боку Футбольнай асацыяцыі Эбэнэзэрам Кобам Морлі ў 1863 годзе, выстаўлены ў Нацыянальным музэі футболу ў Манчэстэры.

Кембрыдзкія правілы, упершыню складзеныя ў Кембрыдзкім унівэрсытэце ў 1848 годзе, аказалі асабліва моцны ўплыў на разьвіцьцё наступнага футбольнага ўнармаваньня, у тым ліку наўпрост футболу. Правілы былі складзеныя ў Трыніці-каледжы на сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў школаў з Ітану, Гэраў, Рэгбі, Ўінчэстэру і Шрусбэры. Аднак яны не былі ўнівэрсальна ўхваленыя ўсімі. У 1850-я гады шмат клюбаў, не павязаных з школамі ці ўнівэрсытэтамі, узьнікалі ва ўсім ангельскамоўным сьвеце, каб гуляць у розныя формы футболу. Некаторыя зь іх распрацавалі ўласныя зборы правілаў, а асабліва найбольш вядомым стаў футбольны клюб Шэфілду, заснаваны ў 1857 годзе былымі вучнямі публічных школаў[30], што прывяло да стварэньня Шэфілдзкай футбольнай асацыяцыі ў 1867 годзе. У 1862 годзе Джон Чарлз Трынг з школы Апінггэму таксама распрацаваў уплывовы набор правілаў[31].

Гэтыя працяглыя намаганьні прывялі да стварэньня Футбольнай асацыяцыі ў 1863 годзе, якая ўпершыню сабралася на паседжаньне раніцаю 26 кастрычніка 1863 году ў Лёндане[32]. Адзінай школай, прадстаўленай на гэтай сустрэчы, была Чартэргаўс. У выніку гэтая Футбольная асацыяцыя апублікавала першы поўны збор правілаў пад назвай «Правілы гульні», якія і сфармавалі сучасны футбол[33]. Правілы забаранялі бег зь мячом у руках, удары па галёнках суперніка, падсечкі і захопы гульцоў[34]. Адзінаццаць клюбаў пад кіраўніцтвам сакратара Футбольнай асацыяцыі Эбэнэзэра Коба Морлі ратыфікавалі першапачатковыя трынаццаць правілаў гульні[32]. Праблемным пытаньнем сталі спрэчкі наконт удараў па галёнках супернікаў, які дванаццаты клюб «Блэкгіт» хацеў захаваць, і таму выйшаў з асацыяцыі[32]. Іншыя ангельскія рэгбійныя клюбы рушылі за імі і не далучыліся да Футбольнай асацыяцыі, а замест гэтага ў 1871 годзе разам з «Блэкгіт» яны стварылі Рэгбійны футбольны зьвяз. Правілы Футбольнай асацыяцыі 1863 году дазвалялі гульню рукамі ў выпадку, калі гулец захоплевае мяч рукамі і крычыць «марк!», што давала яму права на неатакаваны ўдар нагою з той кропкі, дзе быў злоўлены мяч, а таксама правілы не прадугледжвалі папярэчыны, што рабіла гульню вельмі падобнай да футболу віктарыянскага часу, які ў той жа час пачаў разьвівацца ў Аўстраліі. Шэфілдзкая футбольная асацыяцыя працягвала гуляць паводле ўласных правілаў да 1870-х гадоў, а Футбольная асацыяцыя паступова адаптавала некаторыя зь іх, пакуль розьніца паміж гульнямі ня зьнікла[35].

Гульцы клюбу «Астан Віла» з кубкам Футбольнай асацыяцыі.

Найстарэйшым у сьвеце футбольным спаборніцтвам уважаецца Кубак Футбольнай асацыяцыі, заснаваны футбалістам і крыкетчыкам Чарлзам Ўільямам Олкакам. Ангельскія клюбы змагаюцца ў ім з 1872 году. Першы афіцыйны міжнародны футбольны матч таксама адбыўся ў 1872 годзе, калі зборныя Шатляндыі і Ангельшчыны сустрэліся ў Глазга, зноў жа з ініцыятывы Олкака. Ангельшчына таксама ёсьць радзімай першай у сьвеце футбольнай лігі, заснаванай у Бірмінггэме ў 1888 годзе дырэктарам «Астан Вілы» Ўільямам Макгрэгарам[36]. Першапачатковы фармат улучаў 12 клюбаў зь Мідлэнду і Паўночнай Ангельшчыны[37]. «Правілы гульні» былі вызначаныя Міжнароднай радай футбольных асацыяцыяў (ІФАБ)[38]. Рада была створаная ў 1886 годзе[39] пасьля сустрэчы ў Манчэстэры прадстаўнікоў Футбольнай асацыяцыі, а таксама аналягічных структураў з Шатляндыі, Ўэйлзу і Ірляндыі. Міжнародная футбольная арганізацыя ФІФА была заснаваная ў Парыжы ў 1904 годзе. Яна абвесьціла, што будзе прытрымлівацца «Правілаў гульні», ухваленых Футбольнай асацыяцыі[40]. Рост папулярнасьці міжнароднага футболу прывёў да таго, што ў 1913 годзе прадстаўнікі ФІФА былі ўлучаныя ў ІФАБ. Сёньня рада складаецца з чатырох прадстаўнікоў ФІФА і аднаго прадстаўніка ад кожнай з чатырох брытанскіх асацыяцыяў[41].

Пераможны гол нямецкага футбаліста Марыё Гёцэ ў фінале чэмпіянату сьвету 2014 году.

Цягам большай часткі XX стагодзьдзя Эўропа і Паўднёвая Амэрыка былі дамінуючымі рэгіёнамі ў футболе. Чэмпіянат сьвету, заснаваны ў 1930 годзе, стаў галоўнай сцэнай, дзе гульцы абодвух кантынэнтаў маглі выявіць сваю вартасьць і сілу сваіх нацыянальных камандаў[42]. У другой палове стагодзьдзя былі створаныя Кубак эўрапейскіх чэмпіёнаў і Кубак Лібэртадорэс, а чэмпіёны гэтых двух клюбных турніраў змагаліся ў Міжкантынэнтальным кубку, каб вызначыць, якая каманда ёсьць найлепшай у сьвеце[43].

У XXI стагодзьдзі Паўднёвая Амэрыка працягвае выхоўваць некаторых з найлепшых футбалістаў сьвету[44], але ейныя клюбы адсталі ад эўрапейскіх клюбаў, якія часта падпісваюць найлепшых гульцоў з Лацінскай Амэрыкі і іншых рэгіёнаў[42][44]. Тым часам футбол істотна пашырыўся ў Афрыцы, Азіі і Паўночнай Амэрыцы[44], і цяпер гэтыя рэгіёны ў клюбным футболе могуць прынамсі быць ня горшымі за Паўднёвую Амэрыку[45]. Што да нацыянальных камандаў, краіны Карыбскага басэйну і Акіяніі (апроч Аўстраліі) пакуль ня здолелі заявіць пра сябе ў міжнародным футболе[46][47], у той час як эўрапейцы і паўднёваамэрыканцы працягваюць дамінаваць на мужчынскіх чэмпіянатах сьвету, бо аніводная каманда па стане на 2026 год зь іншых рэгіёнаў яшчэ не дасягала нават фіналу[42][44].

Футбол гуляюць на прафэсійным узроўні ва ўсім сьвеце. Мільёны людзей рэгулярна наведваюць стадыёны, каб падтрымаць свае ўлюбёныя клюбы[48], а мільярды глядзяць матчы па тэлебачаньні або ў інтэрнэце[49][50]. Вельмі вялікая колькасьць людзей таксама гуляе ў футбол на аматарскім узроўні. Паводле дасьледаваньня ФІФА, апублікаванага ў 2001 годзе, больш за 240 мільёнаў чалавек з больш як 200 краінаў сьвету рэгулярна гуляюць у футбол[51]. Футбол мае найвышэйшую тэлевізійную аўдыторыю ў сьвеце сярод усіх відаў спорту[52].

Разнастайнасьці футболу ў Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Існуе шэраг разнастайнасьцяў футболу, што былі распаўсюджаны ў сьвеце. Такія гульні былі ў Кітаі, у Старажытных Грэцыі ды Рыме, у Сярэднявечнай Італіі. І тое — ня дзіўна, бо для праводжаньня гульні шмат падручных рэчаў ня трэба (мяч, поле, брама, сетка)[53].

Так, дзе-нідзе, амаль па ўсёй тэрыторыі Заходняе Беларусі, аддаўна гулялі ў «кілёду»[54]. Мяч («кіля», ці таксама «кіля») рабілі скураным, у сярэдзіну шчыльна клалі салому ды іншае сухое траўе.

У памежжы Беларусі, Украіны ды Польшчы, на Берасьцейшчыне, была яшчэ адна гульня, падобная да «кілёды» — «жада» (джада)[55]. Розьніца — толькі адна брама на абедзьве каманды, дзе стаялі абодва брамнікі (брамцы — ад «брамец»), якія ажно маглі перахопліваці колі («коля» — круглы скураны мяч), каб атрымаці «дату» («дата» — нібы паўгол), а тры даты — гэта «жада», альбо «джада» (сапраўдны гол). Хаця дадзеную гульню можна аднесьці й да падабенства з рэгбі, бо, на самой справе, гулялі таксама руччам (проста загадзя дамаўляліся, якім будзе спаборніцтва між «вальгамі» («вальга» — каманда гульцоў)[56].

У аматарскім ці дваравым футболе могуць ня дзейнічаць некаторыя правілы (напрыклад, можа быць меншая колькасьць гульцоў, абмежаваньні на поле і інш.).

Таксама існуюць такія папулярныя варыянты з сваімі правіламі, як футзал (футбол у памяшканьні) і пляжны футбол. У Беларусі з дапамогай апэратара мабільнай сувязі velcom прапагандуецца трохбаковы футбол.

Значнымі тэмпамі разьвіваецца жаночы футбол.

У кожнай краіне футбольныя клюбы звычайна аб’яднаныя ў асацыяцыі або лігі, якія арганізуюць афіцыйныя турніры паміж сабой. Зь іх ліку вызначаюцца чэмпіён краіны і каманды, што будуць браць удзел у міжнародных клюбных спаборніцтвах. Адзіннай сыстэмы спаборніцтваў не існуе, і кожная нацыянальная ліга арганізуе іх паводле ўласных традыцыяў[57].

Матч мадрыдзкага «Рэалу» і «Барсэлёны» 2009 году. Іхняе супрацьстаяньне мае назву Эль-Клясыка.

Кіроўныя органы ў кожнай краіне выбудоўваюць сыстэму лігаў, якія звычайна складаюцца зь некалькіх дывізіёнаў. Каманды цягам сэзону набіраюць пункты ў залежнасьці ад вынікаў, як то звычайна тры пункты за перамогу, адзін за нічыю і нуль за паразу. Гэтыя вынікі заносяцца ў табліцу, якой каманды разьмяшчаюцца паводле колькасьці набраных пунктаў. У Старым Сьвеце (Афрыка, Азія і Эўропа) звычайна кожная каманда гуляе з кожнай іншай удома і на выезьдзе ў фармаце кругавога турніру. У канцы сэзону, які звычайна ў большасьці краінаў доўжыцца з жніўня да траўня, каманда, што заняла першае месца, абвяшчаецца чэмпіёнам. У Беларусі сэзон ладзіцца паводле схемы вясна-восень, калі футбольны сэзон звычайна пачынаецца з сакавіка і сканчваецца ў лістападзе. Некалькі найлепшых камандаў зь ніжэйшых дывізіёнаў могуць быць павышаныя ў найвышэйшыя дывізіёны, а адна або некалькі камандаў, што фінішуюць унізе табліцы, паніжаюцца ў дывізіён ніжэй[58]. Каманды, якія фінішуюць у верхняй частцы нацыянальнай лігі, таксама могуць атрымаць права гуляць у міжнародных клюбных турнірах у наступным сэзоне. Большасьць краінаў дапаўняюць лігавую сыстэму адным або некалькімі кубкавымі турнірамі, якія ладзяцца ў сыстэме на выбыцьцё. У Беларусі такім турнірам ёсьць Кубак Беларусі. Сярод іх — нацыянальны кубак, які можа быць адкрыты для ўсіх камандаў лігавай сыстэмы краіны, як прафэсійных, гэтак і аматарскіх, і арганізуецца нацыянальнай фэдэрацыяй[59].

У некаторых краінах у найвышэйшых дывізіёнах выступаюць высокааплатныя зоркі, а ў меней буйных краінах, у ніжэйшых дывізіёнах і ў многіх жаночых клюбах гульцы могуць быць паўпрафэсіяналамі, якія сумяшчаюць футбол зь іншай працай, або наагул быць аматарамі. Пяцьцю наймацнейшымі эўрапейскімі лігамі лічацца Прэм’ер-Ліга (Ангельшчына)[60], Бундэсьліга (Нямеччына), Ля Ліга (Гішпанія), Сэрыя А (Італія) і Ліга 1 (Францыя), якія прывабліваюць большасьць найлепшых футбалістаў сьвету. Гэтак у сэзоне 2006—2007 гадоў кожная зь іх мела агульныя выдаткі на заробкі, якія перавышалі 600 млн эўра[61]. У сэзоне 2021—2022 гадоў гэтыя лігі разам атрымалі 17,2 млрд эўра прыбыткаў ад тэлевізійных кантрактаў, квіткоў, спонсарства ды зь іншых крыніцаў[62]. У сэзоне 2022—2023 гадоў клюбы «вялікай пяцёркі» мелі сукупныя выдаткі на заробкі 13 млрд эўра, прычым кожная ліга выдаткоўвала больш за 1,8 млрд эўра. Дзеля параўнаньня, агульны прыбытак гэтых лігаў сягаў 19,6 млрд эўра[63].

Міжнародныя спаборніцтвы ў футболе перадусім падзяляюцца на два тыпы, як то спаборніцтвы з удзелам нацыянальных зборных і спаборніцтвы з удзелам клюбаў з розных краінаў і нацыянальных лігаў. Без дадатковых удакладненьняў пад «міжнародным футболам» звычайна маюць на ўвазе першы тып, то бок матчы нацыянальных зборных дзяржаваў[64]. У выпадку міжнародных клюбных турніраў міжнародны характар вызначаецца краінай паходжаньня клюбаў, а не нацыянальнасьцю іхных гульцоў[65].

Францускі футбаліст Усман Дэмбэле з кубкам сьвету ў руках.

Найбуйнейшым і найбольш прэстыжным міжнародным футбольным спаборніцтвам уважаецца чэмпіянат сьвету, арганізаваны ФІФА. Турнір ладзіцца кожныя чатыры гады з 1930 году, за выняткам 1942 і 1946 гадоў, якія былі адмененыя праз Другую сусьветную вайну. Больш за 200 нацыянальных камандаў бяруць удзел у кваліфікацыйных турнірах у межах кантынэнтальных канфэдэрацыяў, каб атрымаць месца ў фінальнай частцы[66]. Фінальная стадыя ўлучае 48 зборных, якія змагаюцца ў асобным турніры цягам чатырох тыдняў[67]. Чэмпіянат сьвету ёсьць найбольш аглядальная і найбольш папулярная спартовая падзея ў сьвеце. Гэтак паводле ацэнак турнір 2022 году глядзелі 5 мільярдаў чалавек, то бок больш за 60% насельніцтва плянэты[68]. На чэмпіянаце сьвету 1958 году на сусьветную арэну выйшаў Пэле, чыя слава супала з выбуховым распаўсюдам тэлебачаньня, якое шматкроць узмацніла ягоную прысутнасьць паўсюль[69]. Жаночы чэмпіянат сьвету таксама ладзіцца кожныя чатыры гады з 1991 году. Паводле сучаснага фармату, пашыранага ў 2023 годзе, нацыянальныя зборныя змагаюцца за 31 месца ў трохгадовай кваліфікацыі, а каманда краіны-гаспадыні атрымлівае аўтаматычнае месца як 32-я ўдзельніца[70].

Футбольны турнір быў прысутны на кожных летніх Алімпійскіх гульнях з 1900 году, за выключэньнем гульняў 1932 году ў Лос-Анджэлесе, калі ФІФА і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) ня здолелі дамовіцца адносна статусу аматарскіх гульцоў[71][72]. Да стварэньня чэмпіянату сьвету Алімпіяда, асабліва ў 1920-я гады, была найпрэстыжнейшай міжнароднай футбольнай падзеяй. Першапачаткова турнір арганізоўваўся выключна для аматараў[40]. З часам распаўсюду прафэсіяналізму, розьніца ва ўзроўні паміж чэмпіянатам сьвету і Алімпіядай павялічвалася. Найбольшую выгаду атрымлівалі краіны савецкага блёку ва Ўсходняй Эўропе, дзе вядучыя спартоўцы атрымлівалі дзяржаўную падтрымку, але фармальна заставаліся аматарамі. У 1948—1980 гадах 23 з 27 алімпійскіх мэдалёў былі заваяваныя ўсходнеэўрапейскімі краінамі, і толькі Швэцыя (золата 1948, бронза 1952), Данія (бронза 1948, срэбра 1960) і Японія (бронза 1968) парушылі іхнае дамінаваньне. На летніх Алімпійскіх гульнях 1984 году ў Лос-Анджэлесе МАК дазволіў удзел прафэсійным гульцам. З 1992 году мужчыны-ўдзельнікі павінны цяпер быць маладзейшыя за 23 гады, хале з 1996 году кожная зборная можа ўлучыць трох гульцоў старэйшых за 23[73]. Жаночы футбольны турнір быў дададзены ў 1996 годзе, але ў адрозьненьне ад мужчынскага, у ім выступаюць нацыянальныя зборныя без узроставых абмежаваньняў[74].

Гішпанцы Фэрнанда Торэс, Хуан Мата і Сэрхіё Рамас па перамозе ў чэмпіянаце Эўропы 2012 году.

Пасьля чэмпіянату сьвету найважнейшымі міжнароднымі футбольнымі спаборніцтвамі лічацца кантынэнтальныя чэмпіянаты, якія арганізуюцца кожнай кантынэнтальнай канфэдэрацыяй і ладзяцца паміж нацыянальнымі зборнымі. Да ліку гэтым турніраў ставяцца чэмпіянат Эўропы (УЭФА), Кубак Амэрыкі (КОНМЭБОЛ), Кубак афрыканскіх нацыяў (КАФ), Кубак Азіі (АФК), Залаты кубак (КОНКАКАФ) і Кубак нацыяў (АФК)[75]. Гэтыя турніры не заўсёды абмяжоўваюцца толькі камандамі з адпаведных канфэдэрацыяў, але часам на іх запрашаюць гасьцявыя зборныя зь іншых кантынэнтаў[76]. Кубак канфэдэрацыяў ФІФА ладзіўся паміж пераможцамі ўсіх шасьці кантынэнтальных чэмпіянатаў, дзейным чэмпіёнам сьвету і краінай-гаспадыняй наступнага чэмпіянату сьвету. Яго звычайна разглядалі як папярэдні турнір перад чэмпіянатам сьвету, таму ён ня меў такой прэстыжнасьці, як сам мундыяль[75]. Турнір быў спынены пасьля розыгрышу 2017 году, а ягонае месца ў календары заняў пашыраны Клюбны чэмпіянат сьвету[77]. У 2022 годзе быў адноўлены турнір Фіналісыма, у якім сустракаюцца пераможцы Кубка Амэрыкі і чэмпіянату Эўропы[78]. У канцы 2010-х гадоў паўсталі Лігі нацыяў УЭФА і КОНКАКАФ, каб замяніць таварыскія матчы ў двухгадовым цыкле паміж буйнымі турнірамі[79].

Найбольш прэстыжнымі клюбнымі спаборніцтвамі ўважаюцца кантынэнтальныя чэмпіянаты, якія звычайна разыгрываюцца паміж нацыянальнымі чэмпіёнамі, напрыклад, Ліга чэмпіёнаў УЭФА ў Эўропе і Кубак Лібэртадорэс у Паўднёвай Амэрыцы. Пераможцы кожнага кантынэнтальнага турніру змагаюцца ў Міжкантынэнтальным кубку ФІФА, які ладзіцца штогод, і ў Клюбным чэмпіянаце сьвету ФІФА, які арганізуецца раз на чатыры гады[80].

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Беларускі футбол

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. https://twitter.com/paczvarny/status/1645412545333739520/photo/1
  2. "Overview of Soccer". Encyclopædia Britannica.
  3. Guttman, Allen (1993). "The Diffusion of Sports and the Problem of Cultural Imperialism".
  4. Dunning, Eric (1999). "The development of soccer as a world game". Sport Matters: Sociological Studies of Sport, Violence and Civilisation.
  5. Mueller, Frederick; Cantu; Van Camp, Steven (1996). "Team Sports". Catastrophic Injuries in High School and College Sports. Champaign: Human Kinetics. — С. 57. — ISBN 0-87322-674-7.
  6. 2002 FIFA World Cup TV Coverage. FIFA.
  7. [Regulations of the game https://web.archive.org/web/20070507040050/http://www.fifa.com/en/regulations/index.html]. FIFA.com
  8. 1 2 Fury as FIFA finds a field of dreams in China // Bangkok Post, 05.06.2014 г. Архіўная копія ад 18.03.2023 г.
  9. 1 2 The birth of Association Football. Historiana.
  10. History of Football – Britain, the home of Football. FIFA. Архіўная копія ад 01.07.2007 г.
  11. Bailey, Steven Living Sports History: Football at Winchester, Eton and Harrow // The Sports Historian. — 1995. — Т. 15. — № 1. — С. 34—53. — DOI:10.1080/17460269508551675
  12. 1 2 Origins of Cuju in China. www.fifamuseum.com. Архіўная копія ад 13.01.2023 г.
  13. Sports. Encyclopedia Britannica. Архіўная копія ад 17.04.2021 г.
  14. 1 2 Classic Football History of the Game. FIFA. Архіўная копія ад 25.12.2012 г.
  15. 1 2  Murray, Scott Football For Dummies. — John Wiley & Sons, 2010. — С. 33–. — ISBN 978-0-470-66440-7
  16. Yang, Lin Chinese Ju and World Football // Advances in Social Science, Education and Humanities Research. — 2018. — Т. 120. — С. 276—281.
  17. History of Football – The Origins. FIFA. Архіўная копія ад 03.08.2015 г.
  18. Managing Football: An International Perspective. — London: Routledge, 2010. — ISBN 978-1-136-43763-2
  19. History of Football, Part 2: The Aztec and The Oriental Version of the Game. Bleacher Report (29.01.2009). Архіўная копія ад 19.02.2023 г.
  20.  Roberts, Mike The same old game: the true story of the ancient origins of football. — Barcelona: RobertsBCN Publications. — ISBN 978-1-4610-9319-0
  21. A gripping Greek derby. FIFA (08.03.2013). Архіўная копія ад 02.11.2020 г.
  22. Nigel Wilson, Encyclopedia of Ancient Greece, Routledge, 2005, p. 310
  23. Google Books. Nigel M. Архіўная копія ад 05.12.2016 г.
  24. Google Books. Sports and Games of the Ancients: (Sports and Games Through History). Архіўная копія ад 06.12.2016 г.
  25. Don Nardo, Greek and Roman Sport, Greenhaven Press, 1999, p. 83
  26. Google books. Sally E. D. Архіўная копія ад 06.12.2016 г.
  27. Calcio e historia del Fútbol. ExpertFootball.com. Архіўная копія ад 29.06.2012 г.
  28.  Ruff, Julius Violence in Early Modern Europe 1500–1800. — Cambridge University Press, 2001. — ISBN 978-0-521-59894-1
  29. Rugby Football History. Rugby Football History. Архіўная копія ад 25.05.2017 г.
  30.  Harvey, Adrian Football, the first hundred years. — London: Routledge, 2005. — ISBN 978-0-415-35018-1
  31. Winner, David. The hands-off approach to a man’s game // The Times, 28.03.2005 г. Архіўная копія ад 23.01.2014 г.
  32. 1 2 3 History of the FA. The Football Association. Архіўная копія ад 25.01.2013 г.
  33. Football Association 1863 Minute Book // British Library Архіўная копія ад 13.09.2024 г.
  34. The Football Association // Bell’s Life in London, 28.11.1863 г. Архіўная копія ад 20.09.2023 г.
  35.  Young, Percy M. Football in Sheffield. — S. Paul, 1964. — С. 28–29.
  36. The History of the Football League. The Football League (22.09.2010). Архіўная копія ад 01.05.2011 г.
  37. Parrish, Charles; Nauright, John Soccer around the World: A Cultural Guide to the World's Favorite Sport. — Santa Barbara, CA: ABC-CLIO, 2014. — ISBN 978-1-61069-302-8
  38. IFAB. FIFA. Архіўная копія ад 08.10.2011 г.
  39. The International FA Board. FIFA. Архіўная копія ад 22.04.2007 г.
  40. 1 2 Where it all began. FIFA. Архіўная копія ад 08.06.2007 г.
  41. The IFAB: How it works. FIFA (04.03.2010). Архіўная копія ад 29.01.2021 г.
  42. 1 2 3 Townsend, Jon (30.05.2015) The continental kings of Europe and South America. These Football Times. Архіўная копія ад 06.10.2022 г.
  43. FIFA Council approves key organisational elements of the FIFA World Cup. FIFA (27.10.2017). Архіўная копія ад 24.12.2022 г.
  44. 1 2 3 4 Why Europe and South America dominate World Cup. Hindustan Times (08.12.2022). Архіўная копія ад 28.12.2022 г.
  45. The reasons why South American teams are now struggling at the Club World Cup. MARCA (10.02.2023). Архіўная копія ад 12.02.2023 г.
  46. Robinson, Mark (31.08.2018) Can Caribbean football make an impact at international level?. Caribbean Beat Magazine. Архіўная копія ад 01.12.2021 г.
  47. How Oceania fell off the FIFA map. The Sydney Morning Herald (16.08.2003). Архіўная копія ад 25.02.2023 г.
  48. Ingle, Sean; Glendenning, Barry. Baseball or Football: which sport gets the higher attendance? // The Guardian, 09.10.2003 г. Архіўная копія ад 11.04.2008 г.
  49. TV Data. FIFA. Архіўная копія ад 22.09.2007 г.
  50. 2014 FIFA World Cup reached 3.2 billion viewers, one billion watched final. FIFA (16.12.2015). Архіўная копія ад 19.12.2015 г.
  51. FIFA Survey: approximately 250 million footballers worldwide. FIFA. Архіўная копія ад 15.09.2006 г.
  52. 2006 FIFA World Cup broadcast wider, longer and farther than ever before. FIFA (06.02.2007). Архіўная копія ад 11.01.2012 г.
  53. Резников Алексей. Александрова Лидия. Словарь спортивной терминологии якутского языка в сравнении с подобной лексикой русского языка. Пособие учителям физической культуры (физкультуры) в средних общеобразовательных школах Якутской АССР. Якутск, 1987 - / на расейскае мове / - стар. 59 (артыкул "Футбол")
  54. Каршун Мікола. Ігрышчы й забавы беларускага народу. Вільня, 1937
  55. Радкоўскі Мацей. Ліцьвіны-беларусцы ды іхні быт. Вільня, 1939
  56. Каршун Мікола. Ігрышчы й забавы беларускага народу. Вільня, 1937 - стар. 112 (частка ІV: Агульнае назоўе (слоўнічак))
  57. How is European soccer structured with leagues and cup competitions?. www.bundesliga.com. Архіўная копія ад 23.02.2025 г.
  58. Fort, Rodney European and North American Sports Differences(?) // Scottish Journal of Political Economy. — 09.2000. — Т. 47. — № 4. — С. 431—55. — DOI:10.1111/1467-9485.00172
  59. Rueter, Jeff. What is the U.S. Open Cup? Soccer tournament history, how to watch and Messi’s path to another trophy // The Athletic, 22.08.2023 г. Архіўная копія ад 24.08.2023 г.
  60. Hughes, Ian. Premier League conquering Europe // BBC Sport, 31.03.2008 г. Архіўная копія ад 18.11.2018 г.
  61. Taylor, Louise. Leading clubs losing out as players and agents cash in // The Guardian, 29.05.2008 г. Архіўная копія ад 07.04.2013 г.
  62. Buckingham, Philip. Premier League generated £5.5bn in 2021–22 – more than La Liga and Bundesliga combined // The Athletic, 14.06.2023 г. Архіўная копія ад 02.09.2023 г.
  63. Annual Review of Football Finance: Europe’s Premier Leagues. www.deloitte.com (25.06.2024). Архіўная копія ад 08.01.2025 г.
  64. 5 Key Differences Between International and Club Football. Opta Analyst (22.07.2021). Архіўная копія ад 24.03.2025 г.
  65. 2020 Concacaf Champions League Draw Preview. New York City FC (06.12.2019). Архіўная копія ад 11.04.2025 г.
  66. Ansari, Aarish. FIFA World Cup 2022: Brazil, Germany, England among confirmed teams for Qatar // Olympics, 14.06.2022 г. Архіўная копія ад 27.09.2022 г.
  67. Mayorquin, Orlando. How does the World Cup work? The ultimate soccer showcase, explained // USA Today, 19.11.2022 г. Архіўная копія ад 02.09.2023 г.
  68. Qatar 2022 to be watched by 5bn people, says Gianni Infantino. SportsPro (25.05.2022). Архіўная копія ад 14.11.2022 г.
  69. Goldblatt, David. Pelé set the standards by which footballing greatness is judged // The Guardian, 29.12.2022 г. Архіўная копія ад 05.10.2023 г.
  70. Lewis, Russell. The Women’s World Cup expanded to 32 teams this year. Has the quality suffered? // NPR, 23.07.2023 г. Архіўная копія ад 31.08.2023 г.
  71. Football at the 1936 Berlin Summer Games. Sports Reference. Архіўная копія ад 17.04.2020 г.
  72. Football Equipment and History. International Olympic Committee (IOC). Архіўная копія ад 06.07.2014 г.
  73. Football: Five superstars who have won gold in the Olympics // Olympics.com Архіўная копія ад 06.06.2023 г.
  74. Borg, Simon. Olympic soccer rules, explained: How men's and women's football tournaments work in Tokyo // The Sporting News, 07.08.2021 г. Архіўная копія ад 02.09.2023 г.
  75. 1 2 Molinaro, John F.. Continental champions collide at the Confederations Cup // CBC Sports, 22.05.2009 г. Архіўная копія ад 02.09.2023 г.
  76. Williams, Aidan. Japan, Qatar and the history of guest teams at the Copa América // The Guardian, 12.06.2019 г. Архіўная копія ад 02.09.2023 г.
  77. 2021 FIFA Club World Cup to remain a seven-team tournament // The Athletic, 04.12.2020 г. Архіўная копія ад 02.09.2023 г.
  78. European and South American champions meet in 'Finalissima' Wembley showdown. UEFA.com (22.03.2022). Архіўная копія ад 28.03.2025 г.
  79. Straus, Brian How CONCACAF League of Nations Alters Competitive Landscape for USA, Region // Sports Illustrated. — 17.11.2017.
  80. Organising Committee strengthens FIFA Club World Cup format. FIFA (14.08.2007). Архіўная копія ад 31.05.2008 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]