Біблія
Бі́блія (па-грэцку: βιβλία — «кнігі», «звод кніг»[1][2]) — збор старажытных рэлігійных тэкстаў, кананізаваны ў юдаізьме і хрысьціянстве[1][2]. Хрысьціянская Біблія складаецца зь дзьвюх частак — Старога Запавету, кнігі якога прызнаюцца ў юдаізме, ды Новага Запавету, створанага пасьля жыцьця Ісуса Хрыста. Некаторыя групы ў хрысьціянстве ўключаюць у адзін ці абодва Запаветы сьвятыя пісаньні, сярод якіх самыя значныя завуцца апокрыфамі. У Стары Запавет уваходзяць кнігі, напісаныя да нараджэньня Хрыстовага і прынятыя хрысьціянскай царквой у склад пісаньня. Збольшага, ён супадае зь юдэйскай Бібліяй, але адрозьніваецца ад яе парадкам кніг і расстаноўкай акцэнтаў.
Біблія для большасьці хрысьціян уключае Новы Запавет, які апісвае жыцьцё і вучэньне Хрыста, лісты апостала Паўла ды іншых прыхільнікаў раньняе хрысьціянскае царквы, а таксама Кнігу Адкрыцьця. Новы Запавет уключае 27 кніг, галоўнай асобай якіх зьяўляецца Хрыстос. Большасьць кніг былі напісаныя на старажытнай грэцкай мове.
Аўтарства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Біблія пісалася рознымі аўтарамі на працягу многіх стагодзьдзяў, згодна з традыцыйным пунктам гледжаньня ў хрысьціянстве — з XV стагодзьдзя да н. э. па I стагодзьдзе н. э. Многія сьвецкія дасьледчыкі прытрымліваюцца меркаваньняў аб больш позьнім паходжаньні кніг Старога Запавету. Некаторыя сучасныя дасьледчыкі прытрымліваюцца думкі пра тое, што большасьць кніг Старога Запавету і ўсё Эвангельля былі напісаныя ананімнымі аўтарамі[3]. Тэксты Эвангельляў існавалі ў ананімным выглядзе да пачатку другога стагодзьдзя, калі ім было прыпісана аўтарства[4].
Гістарычныя цэрквы лічаць, што сапраўднасьць кніг Сьвятога Пісаньня сьведчыць сьвятаайцоўская спадчына: сьвятыя мужы першых стагодзьдзяў, якія маглі чуць казаньне Эвангельля, альбо ад саміх апосталаў ці ад іх бліжэйшых вучняў, склалі канон кніг, якія можна было назваць Сьвятым Пісаньнем (у адрозьненьне ад паданьняў і апокрыфаў). Лічыцца, што сапраўднасьць кніг вызначаецца па адпаведнасьці зьместу кніг апостальскай веры.
У XVIII стагодзьдзі дакладнасьць традыцыйнага прыпісваньня біблейскіх кніг канкрэтным аўтарам была пастаўлена пад сумнеў[4]. У цяперашні час некаторыя навукоўцы лічаць, што большасьць кніг былі адрэдагаваныя і зьменены, і па гэтай прычыне аднавіць зьмест арыгінала ў наш час амаль немагчыма[5].
Стары Запавет
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кананічны тэкст Старога Запавету ўключае 39 кніг, некананічны грэцкі пераклад Сэптуагінта — на 11 кніг болей. Тэкст Старога Запавету напісаны на арамейскай мове, якая ў той час ужывалася жыдамі ў паўсядзённым жыцьці. Паводле юдаісцкай традыцыі Стары Запавет (Танах) дзеліцца на 3 часткі: «Закон» (Тора), «Прарокі» (Нэвіім) і «Пісаньні» (Кетувім).
Беларуская назва |
Лацінская назва |
Грэцкая назва |
Назва ў Танаху | ||
---|---|---|---|---|---|
Быцьцё | Genesis | Γένεσις | בְּרֵאשִׁית | ||
Выхад | Exodus | Ἔξοδος | שְׁמוֹת | ||
Лявіт | Leviticus | Λευϊτικòν | וַיִּקְרָא | ||
Лікі | Numeri | Ἀριθμοὶ | בְּמִדְבַּר | ||
Другі закон | Deuteronomium | Δευτερονόμιον | דְּבָרִים | ||
Кніга Ісуса сына Нава | Iosue | Ἰησοῦς | יְהוֹשֻׁעַ | ||
Кніга Судзьдзяў | Iudicum | Κριταὶ | שׁוֹפְטִים | ||
Кніга Рут | Ruth | Ροὺθ | רוּת | ||
Першая кніга Царстваў | I Samuelis | Βασιλειων Α' | שְׁמוּאֵל א׳ | ||
Другая кніга Царстваў | II Samuelis | Βασιλειων Β' | שְׁמוּאֵל ב׳ | ||
Трэцяя кніга Царстваў | I Regum | Βασιλειων Γ' | מְלָכִים א׳ | ||
Чацьвёртая кніга Царстваў | II Regum | Βασιλειων Δ' | מְלָכִים ב׳ | ||
Першая кніга Летапісаў | I Paralipomenon | Παραλειπομένων Α' | דִּבְרֵי הַיָּמִים א׳ | ||
Другая кніга Летапісаў | II Paralipomenon | Παραλειπομένων Β' | דִּבְרֵי הַיָּמִים ב׳ | ||
Кніга Эздры | Esdrae | Ἒσδρας | עֶזְרָא | ||
Кніга Нээміі | Nehemiae | Νεεμιας | נְחֶמְיָה | ||
Кніга Эстэр | Esther | Ἐσθὴρ | אֶסְתֵּר | ||
Кніга Ёва | Iob | Ἰῶβ | אִיּוֹב | ||
Псалтыр | Psalmorum | Ψαλμοὶ | תְּהִלִּים | ||
Кніга Выслоўяў Саламонавых | Proverbiorum | Παροιμιαι | מִשְׁלֵי | ||
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка | Ecclesiasticus | Ἐκκλησιαστὴς | קֹהֶלֶת | ||
Найвышэйшая Песьня Саламонава | Canticum Canticorum | ᾎσμα | שִׁיר הַשִּׁירִים | ||
Кніга прарока Ісаі | Isaiae | Ἠσαΐας | יְשַׁעְיָהוּ | ||
Кніга прарока Ераміі | Ieremiae | Ιερεμίας | יִרְמְיָהוּ | ||
Ераміін Плач | Lamentationes | Θρῆνοι | אֵיכָה | ||
Кніга прарока Езэкііля | Ezechielis | Ἰεζεκιὴλ | יְחֶזְקֵאל | ||
Кніга прарока Данііла | Danielis | Δανιὴλ | דָּנִיֵּאל | ||
Кніга Асіі | Osee | Ὡσηὲ | הוֹשֵׁעַ | ||
Кніга Ёіля | Ioel | Ἰωὴλ | יוֹאֵל | ||
Кніга Амоса | Amos | Ἀμὼς | עָמוֹס | ||
Кніга Аўдзея | Abdiae | Ἀβδιοὺ | עֹבַדְיָה | ||
Кніга Ёны | Ionae | Ἰωνᾶς | יוֹנָה | ||
Кніга Міхея | Michaeae | Μιχαίας | מִיכָה | ||
Кніга Навума | Nahum | Ναοὺμ | נַחוּם | ||
Кніга Абакума | Habacuc | Αμβακοὺμ | חֲבַקּוּק | ||
Кніга Сафона | Sophoniae | Σοφονίας | צְפַנְיָה | ||
Кніга Агея | Aggaei | Ἁγγαῖος | חַגַּי | ||
Кніга Захарыі | Zachariae | Ζαχαρίας | זְכַרְיָה | ||
Кніга Малахіі | Malachiae | Μαλαχίας | מַלְאָכִי |
Новы Запавет
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Новы Запавет уключае 27 кніг, напісаных на старажытнагрэцкай мове, у якіх апісваецца жыцьцё і дзейнасьць Ісуса Хрыста — 4 Дабравесьці, пашырэньне ягонага вучэньня. Таксама значную частку Новага Запавету складаюць лісты або пасланьні да тагачасных вернікаў Рымскай імпэрыі ў Грэцыі, Малой Азіі, Палестыны ды Рыму. Сканчаецца Новы Запавет кнігай Апакаліпсіс.
Беларуская назва |
Лацінская назва |
Скарачэньне | Мова арыгінала | ||
---|---|---|---|---|---|
Бел. | Поўн. | Мін. | |||
Эвангельле паводле Мацьвея | Evangelium secundum Matthaeum | Мт | Mt | Mt | Грэцкая (Кайнэ) |
Эвангельле паводле Марка | Evangelium secundum Marcum | Мр,Мк | Mk | M,Mk | Грэцкая (Кайнэ) |
Эвангельле паводле Лукі | Evangelium secundum Lucam | Лк | Lk | L,Lk | Грэцкая (Кайнэ) |
Эвангельле паводле Яна | Evangelium secundum Ioannem | Ян | Jn | Jn,Jo | Грэцкая (Кайнэ) |
Дзеяньні Апосталаў | Actus Apostolorum | Дзеян | Acts | A | Грэцкая (Кайнэ) |
Ліст да Рымлянаў | Epistula ad Romanos | Рым | Rom | Ro | Грэцкая (Кайнэ) |
Першы ліст да Карынцянаў | Epistula I ad Corinthios | 1 Кар | 1 Cor | 1C | Грэцкая (Кайнэ) |
Другі ліст да Карынцянаў | Epistula II ad Corinthios | 2 Кар | 2 Cor | 2C | Грэцкая (Кайнэ) |
Ліст да Галятаў | Epistula ad Galatas | Гал | Gal | G | Грэцкая (Кайнэ) |
Ліст да Эфэсянаў | Epistula ad Ephesios | Эф | Eph | E | Грэцкая (Кайнэ) |
Ліст да Піліпянаў | Epistula ad Philippenses | Піл | Phil | Phi | Грэцкая (Кайнэ) |
Ліст да Каласянаў | Epistula ad Colossenses | Кал | Col | C | Грэцкая (Кайнэ) |
Першы ліст да тэсалёнікійцаў | Epistula I ad Thessalonicenses | 1 Тэс | 1 Thess | 1Th | Грэцкая (Кайнэ) |
Другі ліст да тэсалёнікійцаў | Epistula II ad Thessalonicenses | 2 Тэс | 2 Thess | 2Th | Грэцкая (Кайнэ) |
Першы ліст да Цімафея | Epistula I ad Timotheum | 1 Цім | 1 Tim | 1T | Грэцкая (Кайнэ) |
Другі ліст да Цімафея | Epistula II ad Timotheum | 2 Цім | 2 Tim | 2T | Грэцкая (Кайнэ) |
Ліст да Тытуса | Epistula ad Titum | Тыт | Tit | T | Грэцкая (Кайнэ) |
Ліст да Філімона | Epistula ad Philemonem | Флм | Philem | P | Грэцкая (Кайнэ) |
Ліст да Габрэяў | Epistula ad Hebraeos | Гбр | Heb | H | Грэцкая (Кайнэ) |
Ліст Якава | Epistula Iacobi | Як | Jas | Ja | Грэцкая (Кайнэ) |
Першы ліст Пятра | Epistula I Petri | 1 Пят | 1 Pet | 1P | Грэцкая (Кайнэ) |
Другі ліст Пятра | Epistula II Petri | 2 Пят | 2 Pet | 2P | Грэцкая (Кайнэ) |
Першы ліст Яна | Epistula I Ioannis | 1 Ян | 1 Jn | 1J, 1Jn | Грэцкая (Кайнэ) |
Другі ліст Яна | Epistula II Ioannis | 2 Ян | 2 Jn | 2J, 2Jn | Грэцкая (Кайнэ) |
Трэці ліст Яна | Epistula III Ioannis | 3 Ян | 3 Jn | 3J, 3Jn | Грэцкая (Кайнэ) |
Ліст Юды | Epistula Iudae | Юд | Jude | J | Грэцкая (Кайнэ) |
Адкрыцьцё Яна Багаслова | Apocalypsis Ioannis | Адкр. | Rev | R | Грэцкая (Кайнэ) |
Пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Біблія зьяўляецца найбольш перакладанай кнігай у сьвеце. На 31 студзеня 2007 року Біблія выдадзеная на 438 мовах, акрамя таго Новы Запавет перакладзены яшчэ на 1168 моваў, а на 848 моваў Біблія перакладзена часткова. Згодна са зьвесткамі кнігі рэкордаў Гінэса агульны наклад аддрукаваных Біблій з 1815 па 1975 склаў 2,5 мільярды асобнікаў.
На беларускую мову
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі Беларусі сьпісы асобных біблейскіх кніг або іх фрагмэнтаў зьявіліся, верагодней за ўсё, пасьля хрышчэньня Русі (986—988). На працягу многіх стагодзьдзяў Біблія на тэрыторыі сучаснай Беларусі чыталася на царкоўнаславянскай мове. Вядомы дзясяткі рукапісаў XI—XV стагодзьдзяў на царкоўнаславянскай мове. Магчыма, перапісваньнем сьвятых кніг займалася Эўфрасіньня Полацкая (XII ст.). Пра сталую біблейскую традыцыю на тэрыторыі Беларусі сьведчаць рукапісныя помнікі: Аршанскае, Полацкае, Друцкае Эвангельлі, Смаленскі псалтыр і інш.
Першым унікальным навукова-папулярным друкаваным выданьнем Бібліі на роднай мове, блізкай да тагачаснай старабеларускай літаратурнай мовы, была Біблія Ф. Скарыны. 6 жніўня 1517 году ён выпускае Псалтыр, потым амаль кожны месяц — новую кнігу Бібліі. За два гады ён выдаў 23 ілюстраваныя кнігі. У першую беларускую Біблію выдавец уключыў амаль паўсотні ілюстрацыяў: шматлікія застаўкі, іншыя дэкаратыўныя элемэнты, якія гармануюць зь вёрсткай старонак, шрыфтам і тытульнымі лістамі. У яго праскіх выданьнях мноства арнамэнтальных упрыгожаньняў і графічных ініцыялаў. У сакавіку 1525 ў Вільні Скарына выпусьціў «Апостал» («Дзеі і пасланьні апосталаў»).
Наступным значным перакладам зьявілася праца Васіля Цяпінскага. Ён быў вядомым прыхільнікам Рэфармацыі ў Беларусі, заснаваў у сваім маёнтку Цяпіна друкарню. Ён выдаў Эвангельля ад Мацьвея, Марка і пачатак Лукі на дзьвюх мовах: царкоўнаславянскай і беларускай.
Пазьней у 1563 выдадзена Берасьцейская Біблія (Радзівілаўская Біблія). Выданьнем біблейскіх кніг займаўся Сымон Будны, Іван Фёдараў і Пётар Мсьціславец, Сьпірыдон Собаль, Максім Вашчанка(be) й іншыя[2].
На працягу XVII—XIX стагодзьдзяў не было зроблена ні аднаго перакладу на беларускую мову.
На пачатку 1920-х гадоў баптысцкі прэсьвітар зь Берасьця Лукаш Дзекуць-Малей пераклаў Эвангельле на беларускую мову. Пазьней свае паслугі перакладу прапанаваў Антон Луцкевіч. Ён і далучыўся да працы Дзекуць-Малея. У 1931 годзе выйшаў іх сумесны пераклад Новага Запавету і псалмоў. Наступны пераклад па храналёгіі належыць да Вінцэнта Гадлеўскага, які скончыў пераклад Новага Запавету да 1930 году, аднак супрацьстаяньне каталіцкіх уладаў дазволіла выпусьціць Новы Запавет толькі ў 1939 г. Вінцэнт пачаў перакладаць і Стары Запавет, аднак загінуў падчас вайны ад рук гестапа. Яго працу працягнуў Пётар Татарыновіч. Аднак пераклад Гадлеўскага і Татарыновіча моцна насычаны палянізмамі. Наступны пераклад зьвязаны зь імем Янкі Станкевіча. Ён першы, хто перавёў ўсю Біблію на беларускую мову. Варта згадаць пераклады Мікалая Мацукевіча, Яна Пятроўскага, Міхася Міцкевіча (брата Якуба Коласа), Анатоля Клышкі, Уладзіслава Чарняўскага. У 2002 годзе Васіль Сёмуха выдаў у Менску пераклад ўсёй Бібліі[6] на беларускую мову тарашкевіцай. З 1989 году ажыцьцяўляе дзейнасьць па перакладзе Сьвятога Пісаньня Беларуская Біблейская камісія, арганізаваная пры Беларускай Праваслаўнай Царкве мітрапалітам Філарэтам. На дадзены момант зроблены пераклад чатырох Эвангельляў і рыхтуецца да друку Дзеяньні Апосталаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Культуралогія…
- ^ а б в Чалавек і грамадства:…
- ^ Harris, Stephen L., Understanding the Bible. Palo Alto: Mayfield. 1985.
- ^ а б Donald Guthrie, New Testament Introduction (Leicester, England: Apollos, 1990), pp. 37—40
- ^
- John Mill, Novum Testamentum Graecum, cum lectionibus variantibus MSS. (Oxford 1707)
- E. Nestle, Einfürung in das Griechische Neue Testament,Göttingen, 1897, S. 23.
- Bruce M. Metzger, Bart D. Ehrman The Text of the New Testament: Its Transmission, Corruption and Restoration, Oxford University Press, 2005, p. 154.
- Bart D. Ehrman: Misquoting Jesus — The Story Behind Who Changed the Bible and Why, p. 90 (review)
- ^ Біблія на беларускай мове
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. -Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6.
- Г. В. Сініла. Біблія як феномен культуры і літаратуры. Мінск: Беларуская навука, 2003.
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 207 с. — 4250 ас. — ISBN 5-343-00151-3
- Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. -Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Біблія — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў