Перайсьці да зьместу

Адкрыцьцё Яна Багаслова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Апакаліпсіс»)
Кніга Новага Запавету

Адкрыцьцё Яна Багаслова


Гістарычныя кнігі
Дыдактычныя кнігі
Прароцкія кнігі

Адкрыцьцё Я́на Багасло́ва ці кніга Апака́ліпсіс — апошняя кніга Новага Запавету Бібліі. Паводле заходняй традыцыі перад кнігай Адкрыцьця стаіць Пасланьне Юды, аднак паводле ўсходняй традыцыі перад кнігай зьмяшчаецца Пасланьне да габрэяў.

Адметнасьці жанру

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
«Сьвяты Ян на Патмасе» працы Геранімуса Босха, каля 1489

Кніга Адкрыцьця ці Апакаліпсіс (грэц. Αποκάλυψη) — апошняя з кнігаў Новага Запавету. Яна належыць да асобага біблейскага жанру — апакаліптычнага. Жанр апакаліптычнай літаратуры быў вельмі пашыраны ў час Старога Запавету, ён прысутнічае сярод кнігаў, як то Кнігі прарокаў Ісаі, Езэкііля, Ёіля і найперш прарока Данііла. Асаблівую папулярнасьць жанр набыў у паміжзапаветны пэрыяд, калі была створана вялікая колькасьць апакаліптычных твораў. Прысутнічае жанр таксама й у Новым Запавеце. Гэтак, 13 разьдзел Эвангельля паводле Марка можа быць аднесены да акаліптычнага жанру. Паколькі хадзіла вялікая колькасьць падобнай літаратуры, то чытачы добра разумелі мову апакаліптыкі, поўную вобразаў, мэтафараў, сымбаляў і знакаў.

Традыцыйна апавяданьне ў апакаліпсісах вядзецца ад вялікай асобы, якой Анёл паказвае зь неба будучыя падзеі ў сымбалічнай, поўнай таемнага сэнсу, форме. Акрамя таго, у літаратуры такога кшталту прысутнічаюць тэмы барацьбы з паганцамі, зьнішчэньне Рыму, зьбіраньне раскіданнага Божага народу, аднаўленьне Ерусаліму, перамога над паганцамі, росквіт і заможнае жыцьцё адноўленага сьвятога гораду. Нягледзячы на тое, што некаторыя з вышэй азначаных тэмаў прысутнічаюць у кнізе Адкрыцьця, кнігу Адкрыцьця нельга лічыць тыповым апакаліпсісам, яна больш нагадвае прароцтва, якое аднак адносіцца ад часу жыцьця аўтара да падзеяў самога канца чалавечай гісторыі.

Адметнасьці кнігі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мова Адкрыцьця значна адрозьніваецца ад астатніх твораў Яна. Перш за ўсё аўтар кнігі як бы разважае граматычнымі й стылістычнімі канструкцыямі сэміцкіх моваў, як то габрэйскай і арамэйскай, таму ягоная грэцкая мова выглядае неяк дзіўна, з моцным усходнім адценьнем. Па-другое, у кнізе прысутнічае вялікая колькасьць граматычных вольнасьцяў, словазлучэньняў, якія ў грэцкай мове рэдка ўжываюцца. Але пры гэтым кніга Адкрыцьця моцна нагадвае Эвангельле паводле Яна, а таксама пасланьні Яна. Толькі ў гэтых кнігах Хрыстос названы Божым Ягнём.

Часьцяком Адкрыцьцё лічаць пэсымістычнай кнігай, але гэтая кніга адна з самых аптымістычных Новага Запавету, таму што ў ёй апавядаецца пра ўсталяваньне Божага Валадарства, аб зьмяненьні сусьвету й аб ажыцьцяўленьні мараў усіх вернікаў жыць у прысутнасьці Бога.

Імя аўтара пазначана ўжо ў першым тэксьце кнігі, ім зьяўляецца эвангеліст Ян Багаслоў, верны служка Бога. За сваю вернасьць Ян быў сасланы на востраў Патмас у Эгейскім моры, дзе ён і атрымаў адкрыцьцё ад Бога. Большасьць з старадаўніх і сучасных дасьледчыкаў зьвязвае аўтара з апосталам Янам, аўтарам Эвангельля й трох пасланьняў (Першага, Другога і Трэцяга). Але ўжо ў II стагодзьдзі былі людзі, якія сумняваліся ў апосталькім паходжаньні кнігі. У Заходняй царкве кніга была прынята ў канон і лічылася апостальскай ужо ў пачатку III стагодзьдзя; тады як ва Ўсходняй царкве доўгі час сумняваліся ў багадухнавеннасьці твору, і толькі ў VII стагодзьдзі кніга была прынятая ў канон. Але ўсё роўна ў набажэнствах у Праваслаўнай царкве кніга не чытаецца.

Кніга напісана ў час самых моцных ганеньняў на хрысьціян. Мэтай кнігі ёсьць падтрымка веры хрысьціянаў падчас выпрабаваньняў. Аўтар абвяшчае аб канчатковай перамоге Хрыста й блізкасьці Ягонага прышэсьця, у чым ажыцьцяўляецца надзея для ўсіх хрысьціянаў. Але ў той жа час на верніках ляжыць вялікая адказнасьць каб не пакланіцца Зьверу з-за страху за сваё жыцьцё, каб не пайсьці на кампрамісы й угоды з дэманічнымі сіламі.

Кніга ўзьнікла дзесьці паміж 67 і 69 гадамі ў часы панаваньня рымскага імпэратара Гальбы й зьяўляецца адным з найстаражытнейшых твораў хрысьціянскай літаратуры, што захаваўся да нашага часу.

Праваслаўная ікона Апакаліпсіс Сьвятога Яна (XVI стагодзьдзе)
Пакараньні чалавецтва падчас апакаліпсісу

Знаходзячыся ў спасылцы, Ян атрымаў ад Хрыста адкрыцьцё пра тое, што здарыцца зь зямной гісторыяй у будучым. Хрыстос загадаў Яну напісаць лісты да сямі цэркваў у Малой Азіі, якія месьцяцца ў гарадох Эфэс, Сьмірна, Пэргам, Тыятыра, Сарды, Філядэльфія й Лядыякія. У іх Хрыстос зьвяртаецца да кожнай царквы з хвалою (акрамя Лядыякіі) і вымоваю (акрамя Сьмірны й Філядэльфіі).

Пасьля гэтага Ян пераносіцца на нябёсы й бачыць вялікую залу Бога, у якой увесь час ідзе нябесная літургія. Ён бачыць у руцэ Бога скрутак, запячатаны на сем пячатак. Ян вельмі жадае прачытаць зьмест скрутка, але на ўсіх нябёсах няма нікога, хто быў бы годным адчыніць сем пячатак. Пасьля вызначаецца, што адно толькі Божае Ягня можа адчыніць скрутак. Потым адна за другой здымаюцца шэсьць пячатак, пры гэтым на небе адбываюцца дзіўныя падзеі: зьяўляюцца чатыры вершнікі, ахвярнік з душамі забітых за Божае Слова, вялікі землятрус. Зьместам сёмай пячаткі зьяўляюцца сем трубаў, у якія на загад Бога трубяць Анёлы, пасьля якіх адбываюцца моцныя бедзтвы, якія ідуць як пакараньне за грахі чалавецтва. Але нягледзячы на шматлікія пакуты й нястачы, людзі ня хочуць адвярнуцца ад сваіх грахоў і злых справаў. Толькі невялікая колькасьць людзей прымаюць выратаваньне, іхная колькасьць вызначана ў 144 тысячі чалавек, дванаццаць тысячаў з кожнага калена Ізраілевага, якіх таксама дванаццаць. Апранутыя ў белую вопратку, яны сымбалізуюць чысьціню, ім абяцана, што яны ўжо больш ня будуць цярпець беды й нястачы.

Зьместам сёмай трубы зьяўляюцца сем пасудзінаў Божага гневу. Анёлы трубяць, і на зямлю звальваюцца шматлікія бедзтвы: вогнены град, вялікая гара, вялікая зорка, зацменьне сонца й зорак, зорка зь неба, чатыры анёлы зь бедзтвамі. Бедзтвы зьнішчаюць адно за другім землю й расьліннасьць на ёй, мора, марскія істоты й караблі, водныя крыніцы, робячы ваду нягоднай да ўжываньня; сонца больш не дае сьвятло, завяршаюць бедзтвы саранча й дзьве цемры вершнікаў, якія робяць жыцьцё людзей асабліва горкім. Але й тыя людзі, што не памерлі ад шасьці бедзтваў, не раскаяліся ў сваіх злачынствах і не адвярнуліся ад ідалаў. Далей прарок бачыць моцнага Анёла, які клянёцца адвечным Богам, што збавеньне наступіць пасьля сёмай трубы. Ян пераносіцца ў нябесны храм і бачыць пакланеньне ў Божым храме.

На небе зьяўляецца цяжарная жанчына й вялікі цмок, які чакае зьесьці Дзіцяці. Але Дзіцяці пасьля нараджэньня было ўзьнесена на неба, а жанчына ўцякла ў пустошу. Разьюшаны цмок, які ёсьць ніхто іншы як д’ябал і сатана, распачынае вайну з астатнім Божым народам. Гэтая барацьба толькі частка вайны на небе, дзе Міхаіл з анёламі скідваюць цмока зь ягонымі анёламі на зямлю. На дапамогу цмоку прыходзіць Зьвер зь сям’ю галавамі і дзесяцьцю гарамі. Ён перамагае Божы народ і ўсталёўвае сваю ўладу над усёй зямлей, ягоны лік 666. Але прарок бачыць Ягня з 144 тысячамі вернікамі ў белым адзеньні, тры анёлы, якія ляцяць пасярод неба, абвяшчаюць пра падзеньне Бабілёну. Гэтым усе вернікі заклікаюцца захоўваць Божыя запаведзі й веру ў Ісуса.

Ян бачыць сымбаль на небе: сем анёлаў зь сям’ю пасудзінамі Божага гневу. Анёлы пачаргова выліваюць пасудзіны на зямлю, і на яе зыходзіць сем бедаў: брыдкія раны на людзях, якія мелі кляймо зьвера, пераўтварэньне мора й крыніцаў у кроў, моцны сонцапёк, цемра над валадарствам зьвера, высыханьне Эўфрату. Асабліва моцнае гора адбываецца пасьля сёмай пасудзіны: адбываецца такі моцны землятрус, які зруйноўвае ўсе гарады, зьнікаюць горы й усе астравы, а ўсьлед падае град. Прарок моцна ўражаны, ён піша, што такіх бедаў не было ад самага існаваньня чававецтва, але Ян з сумам зазначае, што й пасьля гэтага людзі засталіся ў сваіх беззаконьнях.

Ян бачыць распутную жанчыну ў багатым адзеньні, якая сядзіць на зьверы зь сям’ю галавамі зь дзесяцьцю рагамі; яна ўтаямляе Бабілён. Анёл велічна ўзьвяшчае пра падзеньне Бабілёну, які аплакваюць тыя, хто меў вялікі прыбытак ад гандлю зь ім. На нябёсах валадарыць радасьць, таму што Ягня ўступае ў шлюб зь Нявестай, якая ўяўляе сабой Царкву.

Зь неба спускаецца Вершнік на белым кані, які зьяўляецца Самім Панам. Зьвер і ілжэпрарок схоплены, а іхныя прыхільнікі забітыя мячом Вершніка. Наступае Тысячагадовае Валадарства, падчас якога д’ябал і сатана скаваны на тысячу год, а ўсе сьвятыя ўваскрэсьлі для суда над д’яблам і пануюць разам з Хрыстом тысячу год. Пасьля сканчэньня тысячы гадоў сатана зыходзіць на зямлю, зьбірае вялізнае войска з ганебных народаў, якія паўсталі з памерлых, і акружае Божы стан. Адбываецца Страшэнны Суд, прысудам грэшнікам зьяўляецца другая, канчатковая сьмерць.

Ян бачыць новае неба й новую зямлю. Гэта Новы Ерусалім, ён таксама спускаецца зь неба. Прыгажосьць гораду не паддаецца апісаньню, ён будзе домам ня толькі для ўваскрэслых людзей, Сам Бог будзе жыць з выратаванымі. Божае Валадарства будзе бясконцым. Анёл загадвае Яну не запячатваць словы кнігі, бо Другое прышэсьце, а разам зь ім і выратаваньне настане ў хуткім часе. Але яно будзе тычыцца толькі тых, хто вытрымае да канца, хто пранясе веру бязь зьменаў.

Чалавек і цмок, Бэат Льебанскі, XI ст.

Кніга падзелена на 22 разьдзела. Структура кнігі падпарадкавана складанай сымбалічнай лічбавай структуры. Лічба сем шматкратна паўтараецца, яна сымбалізуе Божую паўноту: Ян піша лісты сямі цэрквам, здымаюцца сем пячаткаў, сем анёлаў трубяць у сем трубаў, сем знакаў сымбалізуюць барацьбу сатаны з Царквой, выліваецца сем пасудзінаў злуваньня, сем мараў паказваюць на лёс Бабілёну. Лічба шэсьць, наадварот, азначае непаўнату, мабыць таму імя зьверу схавана ў лічбе 666.

  • Уступ (1:1—8)
  • Бачаньне Хрыста й лісты сямі цэрквам (1:9—3:22)
  • Сем пячаткаў (4:1—8:5)
  • Сем трубаў (8:6—11:19)
  • Цмок і два зьверы (12:1—13:18)
  • Бачаньне на нябёсах (14:1—15:8)
  • Сем посудаў гневу (16:1—21)
  • Пагібель Бабілёну й злых сілаў (17:1—20:10)
  • Суд Божы (20:11—15)
  • Новы Ерусалім (21:1—22:5)
  • Завяршэньне (22:6—21)
  • Gregory K. Beale, «The Book of Revelation», NIGTC, Grand Rapids — Cambridge 1999. ISBN 0-8028-2174-X

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]