Перайсьці да зьместу

Стары Корнін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Стары Корнін
Населены пункт
  • Мясцовая назва: Stary Kornyn, Staroje Kornyno
  • Былая назва: Корнін
Краіна Польшча
Ваяводзтва Падляскае
Павет Гайнаўскі
Гміна Дубічы Царкоўныя
Першыя згадкі 1571
Часавы пас
Каардынаты 52°42′16,40″ пн. ш. 23°27′00,50″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 146 чал. (2013)[1]
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код (+48) 85
Паштовы індэкс 17-204
Нумарны знак BHA
Стары Корнін на мапе Польшчы
Стары Корнін
Стары Корнін
Стары Корнін

Стары́ Ко́рнін (па-польску: Stary Kornin, па-падляску: Stary Kornyn, Staroje Kornyno[2]) — вёска ў Гайнаўскім павеце Падляскага ваяводзтва Польшчы. Знаходзіцца ў гміне Дубічы Царкоўныя.

Жыхары вёскі ў большасьці этнічныя беларусы, якія карыстаюцца падляскім дыялектам, праваслаўныя (прыход сьв. Міхала Арханёла на месцы[3]). Дзеля набліжанасьці мясцовай гаворкі да ўкраінскай мовы ў меншай часткі жыхароў украінская нацыянальная ідэнтыфікацыя.

Царква сьв. Міхала Арханёла (1893 г.)

Вёска была заснаваная дваранінам Астафеем Халецкім у бельскім старастве каля 1570 году. Знаходзілася тады ў межах бельскага лясьніцтва з цэтрам у Лядах. Мужыкі, якія асяляліся ў Корніне паходзілі зь вёсак пад Бельскам і Дарагічынам. Корнін разьмяшчаўся на 30 валоках зямлі і быў цэнтрам войтаўства для суседніх вёсак Вітава, Карыціскі ды Істок.

Пачаткова Стары Корнін прыналежаў да парафіі ў недалёкім Старым Беразове (сёньня там царква не існуе), але ў 1631 годзе намаганьнямі жыхароў Корніна была пабудаваная драўляная царква ў гонар сьв. Міхала і сьв. Ганны (па сёньняшні дзень захаваўся камень з надпісам: СОЗДАН СЕЙ ХРАМ РОКУ 1631. Першым парахам корнінскай царквы быў а. Сімяон Сімановіч. Ад 1639 году парафія ў Старым Корніне была ўніяцкай. Войны сяр. 17 ст. амаль поўнасьцю зруйнавалі вёску, а мясцовыя жыхары былі вымушаныя ўцякаць з сваіх хатаў. У 1676 г. пражывала тут толькі 19 жыхароў. З канца 17 ст. пачынаецца працэс аднаўленьня вёскі, прыехалі сюды таксама першыя шляхціцы (пераважна са зьбяднелых сем’яў Барановічаў, Жахоўскіх, Сялінскіх і Рашкоўскіх).

У 1709 годзе ў Корніне зьявіўся абраз Божай Маці, які пачаў прыцягваць туды пілігрымаў. Мясцовая царква атрымалася надта малой і ў 1719 годзе да яе была прыбудаваная званіца. Сьведчаньнем агромнай папулярнасьці пілігрымак да Старога Корніна зьяўляецца кніга цудаў пры іконе Корнінскай Божай Маці з 1716—1724 гадоў, якая захавалася ў Цэнтральным Дзяржаўным Гістарычным Архіве ў Санкт-Пецярбургу[4]. У 1724 годзе Ян Клемэнс Браніцкі падараваў грошы на пабудову новай царквы. Была яна закончаная ў 1733 годзе і асьвячаная ў гонар сьв. Міхала Арханёла[5].

Царква сьв. Ганны (1773 г.)

У 1773 годзе была пабудаваная новая царква сьв. Ганны (перабудаваная ў 1860, 1892 і 1903 гадах існуе па сёньняшні дзень). З 1838 году парахам тутэйшай парафіі (з 1839 г. праваслаўнай) быў а. Келясьцін Брэн(pl), які на пачатку 50. гадоў стварыў першае этнаграфічнае апісаньне беларускай вёскі на Падляшшы[6]. Новая царква сьв. Міхала была пабудаваная ў 1893 годзе. Корнінская ікона Божай Маці была вывезеная ў Расею ў 1915 годзе і ніколі больш не вярнулася на сваё месца.

У міжваенны пэрыяд Стары Корнін прыналежаў да гміны Орля Бельскага павету Беластоцкага ваяводзтва. Паводле польскага перапісу насельніцтва 1921 г. пражывалі тут 245 жыхароў (4 каталікоў, 225 праваслаўных ды 16 габрэяў; 13 корнінцаў былі запісаныя палякамі, 224 беларусамі, 7 габрэямі ды 1 русінам)[7]. У 1919—1921 гг. пасьля вяртаньня зь бежанства ў Старым Корніне і суседніх парафіях спрабаваў адрадзіць унію настаўнік і сьвятар Трахім Сямяцкі, які быў вядомы па сваіх кантактах з расейскімі католікамі ўсходняга абраду ў Пецярбургу.

Пасьля Другай сусьветнай вайны Стары Корнін быў далучаны да гміны Дубічы Царкоўныя.

  1. Główny Urząd Statystyczny. Bank Danych Lokalnych. (пол.) Праверана 27 красавіка 2015 г.
  2. Pudlaśki nazvy. Stary Kornyn svoja.org Праверана 29 красавіка 2015 г.
  3. Сайт парафіі сьв. Міхала Арханёла ў Старым Корніне (пол.) Праверана 29 красавіка 2015 г.
  4. Антон Мірановіч (1997) Księga cudów przed ikoną Matki Bożej w Starym Korninie dokonanych (пол.) Białoruskie Towarzystwo Historyczne: Białystok Праверана 29 красавіка 2015 г.
  5. Яанна Корх Parafia w Starym Korninie w XVI-XVIII wieku (пол.) Białoruskie Zeszyty Historyczne, Беларускі гістарычны зборнік, 14, с. 74-88 Праверана 29 красавіка 2015 г.
  6. Ірына Матус Celestyn Bren — duchowny i etnograf (пол.) Białoruskie Zeszyty Historyczne, Беларускі гістарычны зборнік, 27, с. 175-175 Праверана 29 красавіка 2015 г.
  7. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej : opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 5. Województwo białostockie, с. 16 (пол.) Праверана 29 красавіка 2015 г.