Перайсьці да зьместу

Аўстралія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Jarash (гутаркі | унёсак) у 22:46, 15 ліпеня 2023. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Аўстралія
Commonwealth of Australia
Сьцяг Аўстраліі Герб Аўстраліі
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Advance Australia Fair»
Месцазнаходжаньне Аўстраліі
Афіцыйная мова няма, ангельская (дэ-факта)
Сталіца Канбэра
Найбуйнейшы горад Сыднэй
Форма кіраваньня канстытуцыйная манархія
Карл III
Дэйвід Гэрлі
Энтані Альбанэз
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
6-е месца ў сьвеце
7 741 220 км²
1
Насельніцтва
 • агульнае (2016)
 • шчыльнасьць
52-е месца ў сьвеце
24 016 400
3,1/км²
СУП
 • агульны (2020)
 • на душу насельніцтва
18 месца ў сьвеце
$1 329 878 тыс
$51 680
Валюта Аўстралійскі даляр (AUD)
Часавы пас
 • улетку
UTC+8 да UTC+10,5 (UTC+8 да +10,5)
+8 да +11,5 (UTC+8 да +11,5)
Незалежнасьць
— ад Вялікабрытаніі

1 студзеня 1901
Аўтамабільны знак AUS
Дамэн верхняга ўзроўню .au
Тэлефонны код +61
Мапа Аўстраліі
Мапа Аўстраліі

Аўстралі́йскі Зьвяз (па-ангельску: Commonwealth of Australia), Аўстра́лія (па-ангельску: Australia, ад лац. austrālis — «паўднёвы») — дзяржава ў Паўднёвым паўшар’і, чалец Садружнасьці нацыяў. Сталіцай дзяржавы зьяўляецца горад Канбэра. Разьмешчана на мацерыку Аўстралія, высьпе Тасманія і некалькіх іншых выспах Індыйскага і Ціхага акіянаў. Шостая паводле плошчы дзяржава сьвету, адзіная дзяржава, якая займае цэлы мацярык. На поўнач ад Аўстралійскага Саюзу разьмешчаныя Ўсходні Тымор, Інданэзія і Папуа-Новая Гвінэя, да паўночнага ўсходу — Вануату, Новая Каледонія і Саламонавы выспы, на паўднёвы ўсход — Новая Зэляндыя. Найкарацейшую адлегласьць паміж галоўнай выспай Папуа-Новай Гвінэяй і матэрыковай часткай Аўстралійскага Саюзу складае ўсяго 145 км, а адлегласьць ад аўстралійскай выспы Боігу да Папуа-Новай Гвінэі — усяго 5 кілямэтраў.

Назва

Назва «Аўстралія» паходзіць ад назвы «Terra Australis», якую ўжывалі эўрапейцы да XVIII стагодзьдзя. Гэты лацінскі выраз азначае: terra — «зямля», australis — «паўднёвая».

Гісторыя

Паводле ацэнак засяленьне аўстралійскага кантэненту чалавекам пачалося каля 65 тысячаў да 70 тысячаў гадоў назад[1], празь міграцыю людзей з Паўднёва-Ўсходняй Азіі[2]. Гэтыя першыя жыхары былі продкамі сучасных карэнных аўстралійцаў[3]. Тубыльная аўстралійская культура зьяўляецца адной з самых старажытных цывілізацыяў на Зямлі[4].

Да часу перасяленьня эўрапейцаў большасьць карэнных аўстралійцаў зьяўляліся паляўнічымі і зьбіральнікамі са складанай эканомікай і структурай грамадзтва[1]. Культура тубыльцаў была вуснай, а духоўныя каштоўнасьці грунтаваліся на павазе да зямлі і веры ў час сноў[5]. Тубыльцы астравоў праліву Торэса, якія этнічна зьяўляюцца мэланэзійцамі, існавалі за кошт разьвіцьця сэзоннага садаводзтва і рыбнага промыслу[6]. Паўночныя берагі Аўстраліі спарадычна наведвалі маракі макасарцы з поўдня вострава Сулавэсі[7].

Ангельскі дасьледчык Джэймз Кук склаў першую мапу ўсходняга ўзьбярэжжа Аўстраліі.

Для эўрапейцаў першапачаткова Аўстралію адкрылі партугальцы, якія ў гэтыя гады будавалі свае гандлёвыя базы ў Індыі, Паўднёвай Азіі і Кітаі. Аўстралія іх не зацікавіла, таму што была незаселеная, і мела неспрыяльныя для эўрапейцаў кліматычныя ўмовы. Першым жа датаваным зьяўленьнем эўрапейцаў на аўстралійскім мацерыку ў 1606 годзе ёсьць прыбыцьцё нідэрляндцаў[8]. Першым карабелем і экіпажам, які падыйшоў да берагу зьяўляецца карабель «Дэйфкен» на чале з капітанам Вілемам Янсзоонам[9]. Ён падыйшоў да берага да паўвострава Кейп-Ёрк на пачатку 1606 году, і высадзіўся 26 лютага на рацэ Пэнэфатэр недалёка ад сучаснага гораду Ўэйпа. Нідэрляндцы дасьледвалі ўсё заходняе і паўночнае ўзьбярэжжы і назвалі кантынэнт «Новай Галяндыяй», але не зрабілі спробы стварыць нейкія паселішчы. Ўільям Дампір, ангельскі дасьледчык, высадзіўся на паўночна-заходнім узьбярэжжы Новай Галяндыі ў 1688 годзе і зноўку ў 1699 годзе на зваротным шляху[10]. У 1770 годзе Джэймз Кук зьдзейсьніў падарожжа ўздоўж усходняга ўзьбярэжжа, пазначыўшы яго на мапе, і назваўшы яго Новым Паўднёвым Ўэйлзам. Гэтая тэрыторыя была аб’яўленая ім валоданьнямі Вялікабрытаніі[11].

З прычыны страты сваіх амэрыканскіх калёніяў у 1783 годзе брытанскі ўрад накіраваў Першы флёт пад камандаваньнем капітана Артура Філіпа, каб заснаваць новую калёнію ў Новым Паўднёвым Ўэйлзе. У 1787 годзе на кантынэнт прыбылі першыя брытанскія караблі з арыштантамі з Ангельшчыны, Шатляндыі і Ўэйлзу, большасьць зь іх у выніку заставаліся ў Аўстраліі. Першае паселішча пад назовам Порт-Джэксан было створанае ў Сыднэйскай бухце, а 26 студзеня 1788 году, дзень афіцыйнага ўзьняцьця сьцягу над горадам лічыцца нацыянальным сьвятам Аўстраліі[12][13]. Брытанскае паселішча было заснаванае і на востраве Тасманія ў 1803 годзе, яно стала асобнай калёніяй у 1825 годзе. Вялікабрытанія афіцыйна зацьвердзіла свой сувэрэнітэт над заходняй часткай Заходняй Аўстраліі ў 1828 годзе. Асобныя калёніі былі ўтвораныя з частак Новага Паўднёвага Ўэйлзу, як то Паўднёвая Аўстралія ў 1836 годзе, Вікторыя ў 1851 годзе, і Кўінзлэнд ў 1859 годзе. Рэгіён Паўночная тэрыторыя была заснаваная ў 1911 годзе, як асобная частка вылучаная з Паўднёвай Аўстраліі. Паўднёвая Аўстралія была заснавана як «вольная правінцыя», то бок сюды не высылаліся прысуджанья да зьняволеньня з мэтраполіі. Вікторыя і Заходняя Аўстралія таксама першапачаткова былі «вольнымі правінцыямі», аднак пазьней прымал нявольнікаў[14]. Зь цягам часу празь ціск збоку пасяленцаў высылка зьняволеных была забаронена, а апошні такі карабель з арыштантамі прыбыў да кантынэнту ў 1848 годзе[15].

Карэннае насельніцтва, паводле ацэнак, складала ад 750 тысячаў да 1 млн чалавек у 1788 годзе[16], зьнізіўшыся за часам перасяленьня эўрапейцаў, галоўным чынам, празь інфэкцыйныя захворваньні[17]. Іншыя загінулі ў выніку канфліктаў з пасяленцамі[18]. Палітыка ангельскага ўраду, скіраваная на асыміляцыю тубыльцаў, пачынаючы з «Акту аб абароне тубыльцаў» 1869 году, прывяла да разбурэньня сацыяльных сувязяў унутры грамадзтва карэнных жыхароў і, магчыма, спрыяла зьніжэньню колькасьці карэннага насельніцтва[19].

Унутраныя вобласьці кантынэнта заставаліся недасьледаваныя да пачатку ХІХ стагодзьдзя. Большасьць дасьледчыкаў, якія кіраваліся ў глыб аўстралійскіх пустэльняў, не вярталіся. Нават у нашы дні гэта застаецца адным з самых складаных месцаў на Зямлі.

Палітыка

Аўстралія зьяўляецца ўдзельнікам Брытанскай Садружнасьці Нацыяў, захоўвае ў дзяржаўных дакумэнтах назву дамініён. Палітычная будова краіны фармальна фэдэрацыйная канстытуцыйная манархія, зь дзьвюхпалатным парлямэнтам. Канстытуцыя краіны была прынятая ў 1900 годзе, згодна зь ёй кіраўніком дзяржавы зьяўляецца кароль Аўстраліі (цяпер Карл III), які ажыцьцяўляе сваю ўладу праз губэрнатара. Тытул караля Аўстраліі быў дадзены брытанскаму манарху ў 1971 годзе аўстралійскім парлямэнтам.

Практычна кіраўніком Аўстраліі зьяўляецца губэрнатар і прэм’ер-міністар Аўстраліі. Заканадаўчая ўлада належыць дзьвюхпалатнаму парлямэнту, дэпутаты якога выбіраюцца на ўсеагульных выбарах: Сэнат на шасьцігадовы тэрмін, налічвае 76 сэнатараў (па 12 прадстаўнікоў ад кожнага штату і па два прадстаўнікі ад Паўночнай тэрыторыі і Аўстралійскай сталічнай акругі) і Палата Прадстаўнікоў з трохгадовым тэрмінам дзеяньня, якая налічвае 150 дэпутатаў, якія выбіраюцца прапарцыянальна колькасьці насельніцтва.

Выканаўчая ўлада належыць ураду, які фармальна кіруецца губэрнатарам, але фактычна падпарадкоўваецца прэм’ер-міністру. Прэм’ер-міністар назначаецца ад імя каралевы губэрнатарам.

Права выбаршчыка маюць усе грамадзяне, пачынаючы з 18 гадоў. Галасаваць павінны ўсе грамадзяне, штраф за ня ўдзел у выбарах складае 50 аўстралійскіх даляраў.

Судовая ўлада ў краіне належыць Вышэйшаму Фэдэральнаму Суду (гаспадарчыя справы) і Аўстралійскі Нацыянальны Суд.

Кожны аўстралійскі штат мае сваю канстытуцыю, дзьвюхпалатны парлямэнт (за выключэньнем Куінслэнду, дзе існуе аднапалатны парлямэнт) і ўрад, на чале якога стаіць губэрнатар, які па прапанове аўстралійскага парлямэнту назначаецца брытанскім манархам. Штаты дзеляцца на графствы, акругі і гарады.

Геаграфія

Аўстралія гэта шостая па велічыні краіна ў сьвеце. Самая высокая шчыльнасьць насельніцтва знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны. Аўстралійскі кантынэнт зьяўляецца самым плоскім з астатніх, зь сярэдняй вышынёй 330,9 м над узроўнем мора.

Плошча Аўстраліі складае 7 741 220 км²[20]. Паўночнае і ўсходняе ўзьбярэжжа Аўстраліі выходзіць у Арафурскае, Каралавае, Тасманава, і Тыморскае моры; заходняе і паўднёвае ў Індыйскі акіян. Недалёка ад Аўстраліі знаходзяцца вялікія выспы: Новая Гвінэя і Тасманія. Уздоўж паўночна-ўсходняга ўзьбярэжжа Аўстраліі цягнецца самы вялікі ў сьвеце каралавы рыф — Вялікі бар’ерны рыф.

Аўстралія выцягнутая з захаду на ўсход на 4000 км, а з поўначы на поўдзень на 3128 км. Даўжыня берагавой лініі складае 34 218 км.

Большую частку паверхні краіны займаюць пустэльні і паўпустэльні. Самымі вялікімі пустэльнямі зьяўляюцца Вялікая Пяшчаная пустэльня, Вялікая пустэльня Вікторыя. Іншыя пустэльні — Пустыня Сымпсана, Тырары. На ўсходзе ад пустэльні Вікторыя знаходзіцца паўпустэльня Вялікі Артэзіянскі Басэйн. На ўсходзе мацерыка знаходзяцца невысокія горы Вялікі Водападзельны хрыбет з самым высокім пунткам — гарой Касьцюшка (2228 м). Найніжэйшы пункт Аўстраліі — возера Эйр (15 мэтраў ніжэй за ўзровень мора).

Адміністрацыйны падзел

Аўстралія складаецца з шасьці штатаў і двух мацерыковых тэрыторыяў:

  1. Тэрыторыя фэдэральнай сталіцы (мацерыковая тэрыторыя)
  2. Новы Паўднёвы Ўэйлз
  3. Вікторыя
  4. Кўінзлэнд
  5. Паўднёвая Аўстралія
  6. Заходняя Аўстралія
  7. Тасманія
  8. Паўночная тэрыторыя (мацерыковая тэрыторыя)

Эканоміка

Грашовая адзінка — аўстралійскі даляр (1 аўстр. дал. = 0,75 дал. ЗША.)

Аўстралія — высокаразьвітая індустрыяльна-аграрная краіна. Эканамічнае разьвіцьцё характарызуецца стабільнасьцю і ўстойлівасьцю. Сукупны ўнутраны прадукт складае каля 1925 млрд аўстр. дал. (2020, ацэнка Міжнароднага валютнага фонду), узровень інфляцыі — каля 3%, беспрацоўе — каля 5% (2021 год)[20]. Уліковая стаўка — каля 6%.

Ключавая роля ў эканоміцы належыць перапрацоўчай, горназдабыўной і сельскагаспадарчай галінам, у значнай ступені арыентаваным на зьнешнія рынкі. Галоўныя галіны перапрацоўчай прамысловасьці: машынабудаваньне і мэталаапрацоўка, харчовая, хімічная і нафтаперапрацоўчая, чорная і каляровая мэталюргія, выдавецка-паліграфічная. Горназдабыўная прамысловасьць абапіраецца на запасы разнастайных карысных выкапняў і мае вядучую ролю ў фармаваньні экспарту краіны: вугаль, прыродны газ, уранавыя, жалезныя, полімэталічныя руды, баксыты, сьвінец, медзь, каштоўныя мэталы, дыямэнты і інш. У сельскай гаспадарцы вядучае месца займае жывёлагадоўля. Аўстралія — найбуйнейшы ў сьвеце вытворца і пастаўшчык высакаякаснай поўсьці, а таксама адзін з асноўных экспарцёраў мясамалочных прадуктаў, пшаніцы, цукру. Значная частка аўстралійскага экспарту прыходзіцца на прадукцыю аграрнага сэктара і здабываючай прамысловасьці. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяваньне і транспартныя сродкі, тавары шырокага спажываньня, хімічныя тавары, мэдыкамэнты.

Аб’ём замежных інвэстыцый у краіне — каля 980 мільярдаў аўстралійскіх даляраў. Замежны капітал у асноўным засяроджаны ў паслугах і нерухомасьці, прамысловай вытворчасьці і якая здабывае прамысловасьці.

Культура

Нацыянальнае сьвята — Дзень Аўстраліі (26 студзеня). У гэты дзень у 1788 г. было заснавана першае паселішча эўрапейцаў.

У краіне абавязковая адукацыю для дзяцей ад 6 да 15 гадоў. Дзейнічаюць 39 унівэрсытэтаў, 35 каледжаў, а таксама 4 інстытуты. Агульная колькасьць студэнтаў ВНУ — звыш 700 тыс.чал. (зь іх замежных студэнтаў — 174 тыс. чал.).

Шырока разьвітыя сродкі масавай інфармацыі. Аўстралія займае адно зь вядучых месцаў у сьвеце па колькасьці пэрыядычных выданьняў на душу насельніцтва.

Дэмаграфія

Насельніцтва краіны налічвае каля 26,5 млн чалавек[20].

Самымі вялікімі гарадамі Аўстраліі зьяўляюцца:

Прыкладна 63,8% насельніцтва Аўстраліі зьяўляюцца хрысьціянамі; 2,1% — будысты; 3,2% — мусульмане; 2,7 — індусы; 38,4% — атэісты[20]. Сярод хрысьціянаў самай вялікай групай зьяўляюцца каталікі (20%) і англікане (9,8%).

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ а б Sáenz R., Embrick D. G., Rodríguez N. P. The International Handbook of the Demography of Race and Ethnicity. — Springer, 2015. — С. 602. — ISBN 978-90-481-8891-8
  2. ^ Oppenheimer S. Out of Eden: The Peopling of the World. — Little, Brown Book Group, 2013. — С. 111. — ISBN 978-1-78033-753-1
  3. ^ «The spread of people to Australia». Australian Museum.
  4. ^ «Aboriginal Australians the oldest culture on Earth». Australian Geographic.
  5. ^ Galván J. A. They Do What? A Cultural Encyclopedia of Extraordinary and Exotic Customs from around the World. — ABC-CLIO, 2014. — С. 83. — ISBN 978-1-61069-342-4
  6. ^ Early Aussie Tattoos Match Rock Art Discovery News Архіўная копія ад 3 сакавіка 2008 г.
  7. ^ MacKnight, CC The Voyage to Marege: Macassan Trepangers in Northern Australia. — Melbourne University Press, 1976.
  8. ^ Barber P., Barnes K., Erskine N. Mapping Our World: Terra Incognita To Australia. National Library of Australia. — 2013. — С. 99. — ISBN 978-0-642-27809-8
  9. ^ Smith C., Burke H. Digging It Up Down Under: A Practical Guide to Doing Archaeology in Australia. — Springer Science, 2007. — С. 47. — ISBN 978-0-387-35263-3
  10. ^ Marsh L. History of Australia: understanding what makes Australia the place it is today. — Greenwood, W.A.: Ready-Ed Publications, 2010. — С. 9. — ISBN 978-1-86397-798-2
  11. ^ Goucher C., Walton L. World History: Journeys from Past to Present. — Routledge, 2013. — С. 427—428. — ISBN 978-1-135-08829-3
  12. ^ European discovery and the colonisation of Australia Australian Government: Culture Portal. Department of the Environment, Water, Heritage and the Arts, Commonwealth of Australia Архіўная копія ад 13 сьнежня 2017 г.
  13. ^ Egan T. The Land Downunder. — Grice Chapman Publishing, 2003. — ISBN 978-0-9545726-0-0
  14. ^ Convict Records Public Record office of Victoria Архіўная копія ад 25 сьнежня 2005 г.
  15. ^ 1998 Special Article — The State of New South Wales — Timeline of History Australian Bureau of Statistics
  16. ^ Briscoe, Gordon; Smith, Len The Aboriginal Population Revisited: 70,000 years to the present. — Canberra, Australia: Aboriginal History Inc., 2002. — С. 12. — ISBN 978-0-9585637-6-5
  17. ^ Smallpox Through History Encarta Архіўная копія ад 29 кастрычніка 2009 г.
  18. ^ Attwood, Bain; Foster, Stephen Glynn Frontier Conflict: The Australian Experience. — National Museum of Australia, 2003. — ISBN 9781876944117
  19. ^ Attwood, Bain Telling the truth about Aboriginal history. — Crows Nest, New South Wales: Allen & Unwin., 2005. — ISBN 978-1-74114-577-9
  20. ^ а б в г Аўстралія (анг.) The World Factbook

Вонкавыя спасылкі

Аўстраліясховішча мультымэдыйных матэрыялаў