Перайсьці да зьместу

Салідарнасьць (прафзьвяз)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Салідарнасьць»
польск. "Solidarność"

Cьцяг
Дата ўтварэньня 17 верасьня 1980 (44 гады таму)
Тып прафэсійны саюз
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Штаб-кватэра Пястаўскія валы, д. 24[1]
Месцазнаходжаньне Гданьск
Каардынаты 54°21′29″ пн. ш. 18°38′51″ у. д. / 54.35806° пн. ш. 18.6475° у. д. / 54.35806; 18.6475Каардынаты: 54°21′29″ пн. ш. 18°38′51″ у. д. / 54.35806° пн. ш. 18.6475° у. д. / 54.35806; 18.6475
Дзейнічае ў рэгіёнах Польшча
Сяброўства Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў (Бэльгія)
Афіцыйныя мовы польская
Старшыня Пётар Дуда
Колькасьць валянтэраў 586 901 (2015 год)
Сайт solidarnosc.org.pl

«Салідарнасьць» — незалежны самакіроўны прафэсійны саюз Польшчы, створаны ў верасьні 1980 року.

Перарос у шырокі грамадзка-палітычны рух, які зрабіў значны ўнёсак у барацьбу польскага народу з камуністычным рэжымам.

Стачка ў Гданьскай вэрфі

Прафсаюз паходзіць са страйкавага руху працаўнікоў улетку 1980. З самага пачатку працоўны рух быў маральна падтрыманы такімі польскімі інтэлектуаламі, як Тадэвуш Мазавецкі, Яцэк Курань, Адам Міхнік, Ёжэф Тышнэр ды іншымі прадстаўнікамі крытычна настроенай да камуністычнага рэжыму польскай інтэлігенцыі, а таксама каталіцкаю царквою. Істотная практычная падтрымка страйкавага руху таксама надышла з краінаў Захаду: ЗША, ФРН ды інш.

Чыньніком вялікай хвалі маніфэстацыяў стала падвышэньне коштаў на мяса 1 ліпеня 1980 р. Спачатку страйкі мелі лякальны характар, але неўзабаве пашырыліся па ўсёй Польшчы. Повадам для выбуху страйку 14 жніўня на гданьскай вэрфі імя Леніна стаў загад дырэкцыі пра звальненьне з працы кранаўшчыцы Ганны Валентыновіч, якая была сымбалічнаю фігураю на ўсім Балтыйскім узьбярэжжы яшчэ з часоў страйку 1970 р.

Адразу быў заснаваны страйкавы камітэт на чале зь Лехам Валэнсам. Камітэт высунуў патрабаваньне з 21 палітычных, сацыяльных і эканамічных тэзаў, дзе цэнтральным пунктам была згода камуністычнай дзяржавы з існаваньнем незалежных прафсаюзаў. Пасьля доўгіх перамоваў 31 жніўня камуністычны ўрад мусіў прыняць гэтую ўмову.

«Салідарнасьць» стала першым у краінах савецкага блёку незалежным грамадзкім рухам у форме прафэсійнага саюзу, які аб’яднаў пад лёзунгам мірных зьменаў прадстаўнікоў усіх слаёў грамадзтва. У шэрагі «Салідарнасьці» ўвайшлі амаль 10 млн чалавек, кожны трэці дарослы паляк. Сярод іх былі нават сябры камуністычнай партыі Польшчы.

Пад ціскам СССР з аднаго боку, а зь іншага — з-за прагненьня любым коштам утрымаць у краіне ўладу Польскай аб’яднанай працоўнай партыі група вайскоўцаў на чале зь міністрам абароны Польшчы генэралам Войцехам Ярузэльскім абвясьціла пра ўвядзеньне ў ноч на 13 сьнежня 1981 року ваеннага становішча, фактычна ўвёўшы ў краіне вайсковую дыктатуру на ўзор вайсковых хунтаў краінаў Лацінскай Амэрыкі. У вялікіх местах была ўведзеная камэнданцкая гадзіна ды вайскова-паліцэйскае патруляваньне. Кіраўнікі апазыцыі, у тым ліку Лех Валэнса, былі арыштаваныя і інтэрнаваныя. 8 кастрычніка 1982 пасьля прыняцьця новага закону аб прафсаюзах «Салідарнасьць» была цалкам забароненая і вымушаная перайсьці да падпольных формаў працы.

Тым ня меней, грамадзкая незадаволенасьць, якая ўзрастала цягам наступных рокаў, сіла апазыцыі і ўплыў царквы, эканамічныя праблемі і міжнародная сытуацыя змусілі ўладу да шэрагу саступак. Былі праведзеныя палавінчатыя рэформы палітычнай сыстэмы, укараняючы прынцыпы, што выкарыстоўваюцца ў дэмакратычных ладах.

Найбольш актыўныя сябры «Салідарнасьці», асабліва яе правае крыло, перайшлі да падпольных формаў барацьбы. У чэрвені 1982 ва Ўроцлаве паўстала падпольная палітычная арганізацыя «Салідарнасьць, што змагаецца» (сьпярша пад назваю «Ўгода салідарнасьці, што змагаецца»). Ініцыятарам стварэньня і кіраўніком арганізацыі стаў Корнэль Маравецкі, дэлегат 1-га Зьезду прафсаюзу «Салідарнасьць» у Гданську (1981). У адрозьненьне ад «Салідарнасьці» — грамадзкага руху — гэтая арганізацыя ад самага пачатку стала арганізацыяй з суворым сяброўствам, кансьпірацыяй і набыла палітычны характар.

Падчас ваеннага становішча звыш 10 000 чалавек зьняволілі ў турмах і месцах інтэрнаваньня. Яшчэ 40 чалавек загінула пры здушэньні стачак. Звыш 200 000 чалавек пакінула Польскую Народную Рэспубліку. На кіроўныя пасады ў Польскай аб’яднанай працоўнай партыі (ПАПП) накіравалі 32-х афіцэраў Польскага войска. На дзяржаўныя пасады прыйшлі 88 вайскоўцаў, зь іх 11 сталі міністрамі і іх намесьнікамі, а 13 — ваяводамі. У ходзе чыстак чынавенства ад прыхільнікаў апазыцыі пасады займалі выведнікі. У 1982 годзе ўвоз сыравіны ў Польшчу зьменшыўся на 40% у выніку заходніх санкцыяў. Пры гэтым у 1982 годзе інтэрнаваны старшыня прафсаюзу «Салідарнасьць» Лех Валэнса заявіў у размове зь міністрам унутраных справаў Польшчы Чэславам Кішчакам, што быў прыхільнікам старшыні ўраду Войцеха Ярузэльскага і ўхваляў ваеннае становішча і польска-савецкае сяброўства. Увосень 1982 году выведка ПНР адзначыла зьмяншэньне ліку падпольных суполак «Салідарнасьці» і шэсьцяў[2].

Падпольле і Перабудова

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1984 годзе МУС Польшчы зазначыла немагчымасьць падпольнага накіраваньня работнікаў супраць дзяржаўнага ладу. У 1985 годзе Служба бясьпекі Польшчы паставіла за мэту ўзьдзеяньня на «Салідарнасьць» «разгубленасьць у лягеры праціўніка і параліч яго адзінства і дзеяньня». МУС Польшчы ў якасьці спосабаў узьдзеяньня згадваў: 1) безупынную дэзынфармацыю, 2) паглыбленьне разыходжаньняў між асобамі і групамі ў кіраўніцтве. Пры гэтым МУС Польшчы налічыў 350 падпольных суполак «Салідарнасьці», 1500 актывістаў, 10 000 распаўсюднікаў матэрыялаў, сувязных і друкароў самвыдату. Агулам на 40-мільённую ПНР згадваўся лік каля 34 000 падпольнікаў. У 1986 годзе выведка ПНР узламала шыфр «Салідарнасьці» для сувязі са сваімі прадстаўнікамі ў заходніх краінах. Каталіцкі прымас Польшчы Юзаф Глемп заклікаў да вызваленьня палітычных вязьняў дзеля дыялёгу. Пры гэтым, паводле апытаньня 1986 году, 66% сябраў ПАПП лічылі сябе хрысьціянскімі вернікамі. У ліпені 1986 году на паседжаньні Палітычнага бюро КПСС Міхаіл Гарбачоў заявіў, што гаспадарчыя цяжкасьці замінуць Савецкаму Саюзу падтрымліваць «саюзьнікаў у Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе», што зьмяніла настрой кіраўніцтва і грамадзтва Польшчы. Пасьля абвяшчэньня амністыі ў верасьні 1986 году Лех Валэнса распачаў утварэньне Часовай рады «Салідарнасьці» для будучых перамоваў з урадам ПНР. У кастрычніку Валэнса разам з групай апазыцыйных інтэлектуалаў заклікаў скасаваць гаспадарчыя санкцыі ЗША супраць ПНР[2].

У 1987 годзе Польшча зазнала гаспадарчы крызіс. У студзені 1988 году харчаваньне падаражэла на 40%. Вырасьлі цэны на жыльлёвыя паслугі і праезд. Урад ПНР правёў грамадзкае апытаньне, у ходзе якога налічыў 35% бесстароньніх, 25% маўклівых і па 20% сваіх праціўнікаў і прыхільнікаў. Тым часам, пачаліся стачкі з патрабаваньнем дазволу дзейнасьці прафсаюзу «Салідарнасьць». Дарадцы даклалі Ярузэльскаму пра павальныя мары дэмаралізаванага чынавенства аб прыватным прадпрымальніцтве і пасадах у пасольствах за мяжой. Улетку 1988 году старшыня Рады дзяржавы ПНР Войцех Ярузэльскі заклікаў правесьці «круглы стол» людзей з розных асяродкаў для абмеркаваньня законапраекту аб грамадзкіх аб’яднаньнях. 31 жніўня адбылася сустрэча Валэнсы зь міністрам унутраных справаў Кішчакам, дзе ўмовай паставілі завяршэньне стачак. Гарбачоў заахвоціў Ярузэльскага да палітычнага палагоджаньня. Паводле закрытага апытаньня ПАПП 35% грамадзянаў падтрымлівалі дазвол на дзейнасьць «Салідарнасьці». Увосень 1988 году пачалося аднаўленьне суполак «Салідарнасьці». У сьнежні 1988 году Валэнса стварыў Грамадзкі камітэт пры «Салідарнасьці» са 135 інтэлектуалаў[2].

Круглы стол і выбары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1989 годзе ўхвалілі закон аб арэндзе дзяржаўнай маёмасьці. У выніку 1500 чыноўнікаў і кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемствах скарысталі гэтую магчымасьць узбагачэньня. У справаздачах выведка ПНР адзначыла, што 40% звальненьняў сілавікоў прыпала на гаспадарчыя чыньнікі. Унутраныя апытаньні ў ПАПП засьведчылі, што 64% партыйцаў давяралі галаве каталіцкай царквы Польшчы Юзафу Глемпу, а 58% — генсакратару ПАПП Ярузэльскаму. За «круглы стол» выступаў 81% апытаных грамадзянаў, але 50% былі супраць узаконьваньня «Салідарнасьці». Ярузэльскі меў 3 довады на карысьць перамоваў: 1) магчымасьць гаспадарчай дапамогі ад заходніх урадаў, 2) некалькі месяцаў бяз стачак ад часу абвяшчэньня «круглага стала», 3) байкот выбараў апазыцыяй панізіць яўку да 30%. 6 лютага 1989 году пачаўся «круглы стол» з удзелам 3-х камісіяў: гаспадарчай, палітычных пераўтварэньняў і ў справах прафсаюзаў. Бакі дамовіліся пра вольныя выбары ў Сэнат Польшчы і падзел месцаў у Сойме Польшчы, дзе 65% месцаў мелі заняць прадстаўнікі ПАПП, а 35% — апазыцыя. Таксама ўзгаднілі, што ўвядуць пасаду прэзыдэнта Польшчы, якога абярэ большасьць чальцоў Сойму і Сэнату. Прэзыдэнтам меў стаць генсакратар ПАПП Войцех Ярузэльскі. Пры канцы лютага 1989 году ва ўсёй ПНР налічвалася 623 камітэты прафсаюзу «Салідарнасьць». Пры апытаньні грамадзкай думкі на сустрэчах прыхільнікаў ПАПП за партыйцаў аддавалі менш за палову галасоў. 4 чэрвеня 1989 году на выбарах у Сэнат Польшчы «Салідарнасьць» здабыла 99% месцаў пры яўцы 62%. МУС Польшчы павысіла гатоўнасьць у сваіх частках адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў. На 2-і тур выбараў пайшло 25%. Гарбачоў заявіў, што будзе працаваць з усялякай абранай уладай ПНР. Пасьля гэтага ў Маскве адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі «Салідарнасьці». Галоўнай задачай для Савецкага Саюзу быў працяг існаваньня Арганізацыі Варшаўскай дамовы[2].

Пасол Сойму Польшчы Адам Міхнік, які быў сябрам Грамадзкага камітэту «Салідарнасьці», заклікаў, каб быў «прэзыдэнт ад партыі», а «прэм’ер ад апазыцыі». Але зазнаў крытыку ў самой апазыцыі, дзе заявілі, што «Салідарнасьць» не гатовая да кіраваньня краінай. У 1989 годзе амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Гэрбэрт Буш заклікаў Ярузэльскага вылучацца ў прэзыдэнты Польшчы. На выбарах 19 ліпеня 1989 году Ярузэльскі стаў адзіным вылучэнцам і перамог за кошт 7 галасоў апазыцыі. 24 жніўня старшынёй ураду Польшчы быў абраны Тадэвуш Мазавецкі, які не быў сябрам ПАПП. Неўзабаве моладзь правяла некалькі стачак у будынках ПАПП, а Службу бясьпекі Польшчы замянілі новым ведамствам з удзелам шматлікіх супрацоўнікаў ранейшай службы. Рэйтынг Ярузэльскага складаў 16%. Празь некалькі месяцаў Сойм Польшчы скараціў прэзыдэнцкі тэрмін Ярузэльскага і ўхвалі закон аб усеагульных выбарах. 9 сьнежня 1990 году на прэзыдэнцкіх выбарах перамог Лех Валэнса[2].

  1. Лех Валэнса (2 кастрычніка 1981 — 12 сьнежня 1990)
  2. Мар'ян Кжаклеўскі (23 лютага 1991 — 27 верасьня 2002)
  3. Януш Сьнядак (27 верасьня 2002 — 21 кастрычніка 2010)
  4. Пётар Дуда (ад 21 кастрычніка 2010 году)

Сакрат Яновіч спамінаў:

Лёс кожнае ўлады: барацьбіты прападаюць, а на пасадах расьсядаецца сволач. Тое самае бачым і ў наш цяперашні час — намножылася салідарнікаў, якія ў тую кансьпірацыю ня мелі праблемаў з афіцыйным павышэньнем на службе, з атрыманьнем замежнага пашпарта, з разьмяшчэньнем сваіх дочак і сынкоў у заходніх унівэрсытэтах, з адпачынкам на чарнаморскіх пляжах Баўгарыі або Крыма.

— «Ня жаль пражытага. Успаміны». Сакрат Яновіч[3].

Далей Сакрат Яновіч у 2002 годзе працягваў:

Я цёрся ў падпольнае «Салідарнасьці», меў нямалыя знаёмствы; таксама ў Беластоку. Але сёньняшнім днём я анікога зь іх ня бачу ва ўладах. Сядзяць на пасадах людзі, пра якія й ня чулася, каб яны нешта апазыцыйнае чынілі-рабілі. Якія ў іх заслугі, акрамя поўнае губы, бясьпечнага ўжо самахвальства?

— «Ня жаль пражытага. Успаміны». Сакрат Яновіч[4].

  1. ^ Зьвесткі для сувязі (пол.) // НСПС «Салідарнасьць», 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  2. ^ а б в г д Дзьмітры Гурневіч. Як насамрэч адбыліся перамены ў Польшчы // Беларуская служба Радыё «Свабода», 13 сьнежня 2022 г. Архіўная копія ад 14 сьнежня 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  3. ^  Яновіч, Сакрат Ня жаль пражытага. Ўспаміны / Юры Хмялеўскі. — Беласток: 2002. — С. 119. — 189 с. — (Бібліятэка БЛА Белавежа).
  4. ^  Яновіч, Сакрат Ня жаль пражытага. Ўспаміны / Юры Хмялеўскі. — Беласток: 2002. — С. 119. — 189 с. — (Бібліятэка БЛА Белавежа).