Перайсьці да зьместу

Акупацыя Балтыйскіх дзяржаваў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Акупа́цыя Балты́йскіх дзяржа́ваў[1] (акупацыя Прыбалтыкі) — працэс вайсковага захопу і далучэньня Латвіі, Летувы і Эстоніі ў склад сьпярша Савецкага Саюзу паводле дамоўленасьцяў 1939 року з нацысцкаю Нямеччынаю, пазьней Трэцім Райхам у 1941—1944, і зноў Савецкім Саюзам з 1944 па 1991 рокі[2][3][4][5]

Плянаваны і рэальны падзел Усходняй Эўропы паводле пакту Молатава — Рыбэнтропа

Савецкая акупацыя (1940—1941)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 жніўня 1939 року Савецкі Саюз і Нямеччына заключылі дзесяцігадовы пакт аб ненападзе (Пакт Молатава — Рыбэнтропа), да якога быў прыкладзены сакрэтны пратакол пра падзел «сфэраў уплыву» між бакамі ў Паўночнай і Ўсходняй Эўропе[6]. Эстонія разам з Латвіяй ды Фінляндыяй трапіла ў савецкую сфэру ўплыву. Праз год другім сакрэтным пратаколам сюды была аднесеная і тэрыторыя Летувы[7].

28 верасьня 1939 на запатрабаваньне СССР Эстонія падпісала дагавор пра ўзаемадапамогу, паводле якога давала дазвол на разьмяшчэньне на сваёй тэрыторыі савецкіх вайсковых базаў і 25-тысячнага кантынгенту з кастрычніка 1939 року.

У траўні-чэрвені 1940, пасьля таго, як Нямеччына напала на Францыю, СССР абвінаваціў балтыйскія дзяржавы ў вайсковай змове супраць сябе, і выставіў ультыматымы з патрабаваньнем даць дазвол на ўвод у гэтыя дзяржавы неабмежаванай колькасьці войскаў. Кіраваць працэсам стварэньня савецкай рэспублікі ў Эстоніі быў прызначаны Андрэй Жданаў. У кожнай з трох краінаў былі ўтвораныя «народныя» ўрады, скліканыя з камуністаў і «спачуваючых(en)». Пад савецкім наглядам гэтыя ўрады прызначылі выбары ў новыя «народныя сходы», удзел у якіх маглі ўзяць толькі па-прасавецку настроеныя выбарцы. Гэтыя новаабраныя сходы былі скліканыя толькі дзеля аднае мэты — прыняцьця рашэньня пра ўваход у склад Савецкага Саюзу. Іхнія рашэньні ў жніўні былі ўхваленыя Вярхоўным Саветам СССР дзеля наданьня законнасьці ўсяму працэсу. Эстонія стала рэспублікай у складзе СССР 6 жніўня 1940. Прэзыдэнт незалежнай Эстоніі Канстантын Пятс быў арыштаваны і дэпартаваны ў СССР, дзе памёр у Цьвярской вобласьці. У чэрвені 1941 камуністычны ўрад пачаў масавыя дэпартацыі «ворагаў народа»; паводле ацэнак, з Эстоніі былі дэпартаваныя 60 000 грамадзянаў.

Гэты пэрыяд савецкай акупацыі скончыўся з нападам на СССР нацысцкай Нямеччыны.

Нямецкая акупацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 чэрвеня 1941 Нямеччына напала на СССР. Балтыйскія дзяржавы віталі нямецкія войскі як вызваленцаў ад савецкага рэжыму. Аднак спадзевы на аднаўленьне незалежнасьці неўзабаве зьніклі, балтыйскія тэрыторыі было заплянавана ўлучыць у склад Трэцяга райху, асыміляваць «падыходзячых элемэнтаў» і вынішчыць «непадыходзячых».

Расавая палітыка нацыстаў тут прымянялася збольшага ў дачыненьні да жыдоў. Вынішчэньнем жыдоў у местах Эстоніі займаліся войскі СС, мясцовая палітычная паліцыя, паліцыя бясьпекі і аддзелы эстонскай ваенізаванай арганізацыі «Омакайтсэ». Падразьдзяленьні айнзацгрупы A зьявіліся ў Эстоніі 10 ліпеня 1941 року. Зьнішчэньне жыдоў у Эстоніі прайшло без пагромаў і стварэньня гетаў — у адрозьненьне ад Летувы і Латвіі. Да канца студзеня 1942 року амаль усе эстонскія жыды, што заставаліся на акупаванай тэрыторыі, былі забітыя. 31 студзеня 1942 начальнік паліцыі бясьпекі і СД накіраваў у Бэрлін данясеньне, дзе паведамляў, што «Эстонія ўжо цалкам ачышчаная ад жыдоў». Такім чынам, у Эстоніі ўпершыню ў Эўропе было рэалізаванае «канчатковае рашэньне жыдоўскага пытаньня». Эстонія была абвешчаная «юдэнфрай»[8].

Большасьць эстонскіх жыдоў пасьпелі зьехаць з краіны пасьпелі зьехаць (або былі дэпартаваныя) дапрыходу нацыстаў, таму вайну перажылі калі 75% зь іх. Для большасьці грамадзянаў Эстоніі нямецкі рэжым быў менш жорсткім, чым савецкі, магчыма, з тае прычыны, што ён тут быў мякчэйшы, чым у іншых дзяржавах Усходняй Эўропы. Мясцовыя марыянэткавыя ўрады мелі пэўную самастойнасьць, дзейнічалі школы.

Эстонскія жаўнеры апынуліся з абодвух бакоў барыкадаў. Пасьля абвяшчэньня ўсеагульнай мабілізацыі ў СССР быў сфармаваны 22-і Эстонскі тэрытарыяльны стралковы корпус, які ўдзельнічаў у бітвах пад Порхавым улетку 1941 року, дзе страціў 2000 забітымі ці параненымі, яшчэ 4500 чалавек паланёнымі. 25-30-тысячны 8-ы Эстонскі стралковы корпус(en) страціў ¾ сваёй колькасьці ў бітве за Вялікія Лукі ўзімку 1942—1943, а пасьля ўдзельнічаў ва ўзяцьці Таліну ў верасьні 1944 року.

У студзені 1944 быў абвешчаны прызыў у 1-ю эстонскую дывізію СС, куды ўвайшлі 38 000 дабраахвотнікаў. Яны ўдзельнічалі ў бітвах за Нарву, Танэнбэрскую лінію, Тарту, Талін.

  1. ^  Parrott, Bruce Reversing Soviet Military Occupation // State building and military power in Russia and the new states of Eurasia. — M.E. Sharpe, 1995. — С. 112—115. — ISBN 1563243601
  2. ^ Country Profiles: Estonia, Latvia, Lithuania at UK Foreign Office
  3. ^ The World Book Encyclopedia ISBN 0-7166-0103-6
  4. ^ The History of the Baltic States by Kevin O’Connor ISBN 0-313-32355-0
  5. ^ The Soviet Occupation of the Baltic States // Russian Review. — В. 1. — Т. 14. — С. 36—49.
  6. ^ Modern History Sourcebook: The Molotov-Ribbentrop Pact, 1939 (анг.). Paul Halsall Aug (1997). Праверана 1 красавіка 2016 г.
  7. ^ Christie, Kenneth. Historical Injustice and Democratic Transition in Eastern Asia and Northern Europe: Ghosts at the Table of Democracy. — RoutledgeCurzon, 2002. — ISBN 0-7007-1599-1
  8. ^ Альтман И. А. Глава 4. § 2. Уничтожение евреев в Прибалтике // Холокост и еврейское Сопротивление на оккупированной территории СССР. — СПб: .