Юльян Бакшанскі
Julian Bokszański | |
Герб «Сякера» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1824 Тупальшчына, Сьвянцянскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя, цяпер Смаргонскі раён Гарадзенскай вобласьці, Рэспубліка Беларусь |
Памёр | 4 красавіка 1863 вёска Сьвечкі, Вялейскі павет, Віленская губэрня цяпер Маладэчанскі раён Менскай вобласьці, Рэспубліка Беларусь |
Пахаваны | |
Род | Бакшанскія |
Бацькі | Юзэф Бакшанскі Юстына Бакшанская (у дзявоцтве - Невяровіч) |
Рэлігія | каталік |
Юлья́н Бакша́нскі, сустракаецца таксама Юліян Бакштанскі (па-польску: Julian Bokszański (Boksztański), па-летувіску: Julianas Bakšanskis; 1824[a], маёнтак Тупальшчына, Сьвянцянскі павет, Віленская губэрня, цяпер Смаргонскі раён Гарадзенскай вобласьці — 4 красавіка 1863, вёска Сьвечкі, Вялейскі павет, Віленская губэрня, цяпер Маладэчанскі раён Менскай вобласьці) — публіцыст, рэвалюцыянэр, аўтар знакамітай «Адозвы да смаргонскіх сялян», удзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў на тэрыторыі Ашмянскага й Вялейскага паветаў[3][2]. Падпісваўся імем «Бакшчанін» (па-польску: Bokszczanin)[4].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Юльян Бакшанскі паходзіў са шляхецкага роду Бакшанскіх гербу «Сякера» (па-польску: Topór) (ці гербу «Здань» (па-польску: Zdań)[5]). Бацька Юзэф паходзіў родам са Смаргоні, быў судзьдзёй, уладальнікам маёнтку Тупальшчына і кіраваў дзяржаўным маёнткам Смаргонь, які калісьці належаў графу Каралю Пшэзьдзецкаму, але быў канфіскаваны за ўдзел гаспадара ў Лістападаўскім паўстаньні і перайшоў ва ўласнасьць дзяржавы[6][7][2]. За ўдзел Юльяна Бакшанскага ў паўстаньні маёнтак Тупальшчына, які быў паезуіцкім[b], а таксама маёнтак Васілеўшчына, былі канфіскаваныя[8]. Маці Юльяна Юстына Бакшанская паходзіла з роду Невяровічаў гербу «Паўкозіч(pl)».
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1838 годзе Юльян Бакшанскі пачаў вучыцца ў Віленскай гімназыі[6][1]. Удзельнічаў у дзейнасьці польскіх тайных гурткоў, чытаў Адама Міцкевіча і Юльюша Славацкага[1][9]. У 1841 г. дырэктар гімназыі Ўсьцінаў знайшоў сярод сшыткаў Бакшанскага забароненыя вершы[9][1]. Справа была перададзеная ў сьледчы камітэт, а Юльян Бакшанскі быў арыштаваны[9]. Пазьней ён сьведчыў, што гэты пэрыяд узмацніў у ім нянавісьць да царызму:
За чытаньне нявінных вершаў «мяне, пятнаццацігадовага юнака, арыштоўваюць, губяць будучыню, трымаюць у турме й судзяць як вязьня палітычнага»[9].
Арыгінальны тэкст (пол.)
Za czytanie niewinnych wierszy «mnie, piętnastoletniego młodzieńca, aresztują, rujnują moją przyszłość, trzymają w więzieniu i sądzą jak więźnia politycznego»[9].
|
||
Ссылка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За сувязь з тайнымі студэнцкімі гурткамі й хаваньне забароненых кнігаў у 1842 року сасланы ў Разанскую губэрню[9]. У Разані працаваў у губэрнскім кіраваньні[9]. У губэрнскім кіраваньні ён быў вымушаны працаваць у сваім па 14 гадзінаў на содні, не атрымліваючы ніякага заробку на працягу першых гадоў[9]. Быў пазбаўлены права выезду за межы гораду й ліставаньня з роднымі[9]. Калі ён прадставіў мясцоваму губэрнатару сваё цяжкае матэрыяльнае становішча, атрымаў цынічны адказ, што ён дазваляе Бакшанскаму скончыць жыцьцё самагубствам[9]. У роспачы ён няўдала паспрабаваў зьдзейсьніць самагубства[9][1]. Выйшаўшы са шпіталя, ён напісаў скаргу імпэратару, «у пакараньне» за што быў кінуты ў турму на год[9]. У пачатку 1846 году быў вызвалены й атрымаў дазвол вярнуцца на Радзіму[9].
Адозва да смаргонскіх сялянаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1846 годзе вярнуўся ў Вільню[7], дазвол на гэта расейскія ўлады далі па просьбе бацькі Юльяна[1]. Пад уражаньнем ад выступленьняў у Кракаве й Галіцыі(pl) ўключыўся ў палітычную дзейнасьць[7]. Натхнёны сялянскімі выступамі на тэрыторыі сучасных Беларусі й Летувы ў 1846—1847 гадах, ён пачынае разумець важнасьць сацыяльнага чыньніку змаганьня з Расейскай імпэрыяй і шукаць апірышча ў сялянах. У сакавіку 1847 году ён вярнуўся ў родны маёнтак Тупальшчына, дзе ў красавіку 1847 году напісаў знакамітую «Адозву да смаргонскіх сялян», у якой заклікаў аб’яднацца зь мяшчанамі й салдатамі й выступіць супраць памешчыкаў[7][1]. Выказваў ідэю аб рашаючай ролі народных мас у жыцьці грамадзтва, разглядаў народнае паўстаньне як асноўны сродак вырашэньня сацыяльных і нацыянальных праблем. У маёнтку Тупальшчына ў той час працягвалася супрацьстаяньне сялянаў зь Юзэфам Бакшанскім[10].
У 1844 годзе Юзэф Бакшанскі быў пазбаўлены права на кіраваньне маёнткам Смаргонь, што належаў калісьці Каралю Пшэзьдзецкаму[10]. Сяляне патрабавалі павялічэньня надзелаў, у выніку чаго распачаліся выступленьні[10]. У 1846 годзе для падаўленьня сялянскіх выступленьняў і прымусу сялянаў да выкананьня паншчыны ў ваколіцах Смаргоні былі прыцягнуты войскі й паліцыя[10]. Батальён расейскіх жаўнераў заставаўся ў ваколіцах Смаргоні й ў 1847 годзе, бо незадавальненьне сялянаў не зьнікала й напружаньне надалей заставалася[10]. На гэтай глебе, распаленай змаганьнем паміж сялянамі й фальваркам, і выйшла адозва Бакшанскага[10].
Адозва Бакшанскага была адным з этапаў больш шырокага пляну, які павінен быў прывесьці да сялянскага паўстаньня. Бакшанскі потым сьведчыў, што заключыў дамову з Маскоўскім чыгуначным будаўнічым таварыствам аб прадастаўленьні кантынгенту рабочых[10]. З гэтай мэтай ён накіраваўся ў Ашмяны, дзе пачаў вярбоўку сялянаў для працы на будаўніцтве чыгункі[10]. Такім чынам, ён атрымаў бы больш блізкі доступ да сялянаў, а дазвол, выдадзены чыгуначнай кампаніяй, дастаткова гарантаваў бы асабістую бясьпеку ў выпадку ўмяшаньня павятовых уладаў[10]. Яго намерам было назіраць за найбольш энэргічнымі сялянамі, пасьля чаго падрыхтаваць іх стаць кіраўнікамі паўстаньня[10]. А ў выпадку адсутнасьці жадаючых, ён зьбіраўся выправіцца па вёсках[10]. Падрыхтаваўшы сялянаў, Бакшанскі меў намер пачаць паўстаньне, плянуючы яго ў шырокім размаху[11]. Яму здавалася, як ён сьведчыў, што пад уплывам падзеяў у Галіцыі глеба была настолькі падрыхтавана, што «варта толькі падняць бунт, і падзеі пойдуць сваёй хадой»[11]. Сяляне павінны былі ісьці на Вільню, абыходзячы Ашмяну, дзе разьмяшчаліся моцныя адьдзелы расейскіх войскаў[11]. Завяршальным этапам быў захоп Вільні[11]. Аналіз зьместу адозвы Бакшанскага паказвае, што аўтар імкнуўся ўсяліць у сялян перакананьне, што яны складаюць «амаль усю сілу нацыі» і «ўсю вайсковую моц»[11]. Асноўная роля сялян у вытворчасьці матэрыяльных даброт магла цалкам гарантаваць незалежнасьць вёскі ад памешчыцкага двару[11]. Залежнасьць ад памешчыкаў неапраўданая, бо ўсе людзі роўныя[11]. У адозьве Бакшанскага была спроба растлумачыць крыніцы саслоўнай няроўнасьці, характэрнай для ўсіх вядомых зваротаў да сялянаў таго пэрыяду[11]. Пераконваючы сялян у тым, што прыгоннае права існавала не заўсёды, Бакшанскі піша, што шляхта, маючы за сабой «сілу маральную, гэта значыць адукацыю ці розум», і «пазнаўшы слабасьць неадукаванасьці, вырашыла праз той свой розум завалодаць сялянамі»[11]. Такая трактоўка, верагодна, зьяўляецца перажыткам асьветніцкіх поглядаў на ролю розуму ў сацыяльных працэсах[11]. Зварот Бакшанскага да галіцкага досьведу асабліва паказальны, бо мясцовыя сяляне «першымі зразумелі сваё жаласнае становішча… і ў 1846 г. сумеснымі сіламі зьнішчылі сваіх паноў і ўладароў»[12]. Акрамя сялянаў Бакшанскі ў сваёй адозьве зьвяртаўся таксама і да жаўнераў з заклікам выступіць разам супраць «афіцэраў, ураднікаў і паноў»[13][12].
Сваю адозву Бакшанскі адправіў 8 красавіка 1847 году поштаю на імя смаргонскага войта Кучэўскага[14]. Апошні, які не ўмеў чытаць, перадаў яго ў валасное кіраваньне, дзе ў прысутнасьці зацікаўленых сялянаў з усёй воласьці зьмест адозвы голасна зачытаў валасны пісар[14]. Зьмест праклямацыі, нярэдка скажоны, вокамгненна разышоўся па ўсім Ашмянскім павеце, а хутка ахапіў і суседнія паветы[14]. Праклямацыю атрымаў з валасной управы паліцэйскі афіцэр Банькоўскі, які меў намер перадаць адозву сваім уладам на наступны дзень[14]. У той час, карыстаючыся адсутнасьцю Банькоўскага, яго жонка дазволіла знаёмым зрабіць копіі звароту[14]. У выніку некалькі дзесяткаў асобнікаў разышліся па шматлікіх паветах, што выклікала ўсеагульны ажыятаж[14]. Наконт выяўленьня аўтара звароту расейскі ўраднік Буксгоэўдэн выказаў упэўненасьць, што яго напісаў чалавек, які добра дасьведчаны «пра людзей, у рукі якіх зварот павінен быў трапіць[14]. Усе гэтыя людзі маюць такія характарыстыкі, што ні адзін зь іх ня мог захаваць у таямніцы зьмест пракламацыі й быў вымушаны абнародаваць яго ў абавязковым парадку з-за сваёй непісьменнасьці альбо неасьцярожнасьці й пэўнай балбатлівасьці…»[14]. Мясцовыя ўлады паведамлялі, што па ўсёй мясцовасьці сяляне «зьбіраюцца натоўпамі, раяцца й гавораць адзін аднаму ўсялякія дзіўныя рэчы…»[14]. У выніку была створана сьледчая камісыя[15]. 17 ліпеня 1847 Бакшанскі быў арыштаваны ў маёнтку сваёй цёткі Ганараты Шымкевіч[16]. Паліцыя знайшла яго сьлед, выявіўшы пячатку, якой быў пазначаны ліст са зваротам да сялянаў. Падчас паліцэйскага ператрусу ў маёнтку Бакшанскага знайшлі цікавыя матэрыялы. Сярод шматлікіх дакумэнтаў была знойдзена цыдулка, у якой згадвалася пра існаваньне нейкага Зьвязу сяброў чалавецтва[17].
Таксама ў паперах Бакшанскага быў разьдзел праграмы Зьвязу жанчынаў, які меў мэтай пераадоленьне людзкай няроўнасьці[18]. Юльян Бакшанскі не расказаў сьледчым аб паходжаньні гэтых дакумэнтаў. Польскі гісторык Давід Файнгаўз мяркуе, што гэта мог быць тайны гурток самаадукацыі дзяўчат зь віленскай школы Гэрмана, у якой навучаліся сёстры Юльяна Юзэфа й Анеля Бакшанскія[c][21][1]. Прыватная ўстанова Гэрмана доўгі час была папулярная сярод польскай інтэлігенцыі[21]. Тут выкладаў літаратуру вядомы сваім патрыятызмам Аляксандар Здановіч, які сваю першую лекцыю ва ўстанове Гэрмана пачаў са словаў: «Я маю намер данесьці да вас, спадарыні, важнасьць і веліч ролі жанчыны ў грамадзтве, яе місыі»[21]. Падзеі 1846 г. у Кракаве й Царстве Польскім распалілі патрыятызм школьніц: яны таемна зьбіраліся, чыталі забароненыя вершы, горача кляліся служыць Радзіме[21]. Ператрус, праведзены ў доме Бакшанскіх у Тупальшчыне, выявіў, што ў сястры Юльяна Анелі, вучаніцы школы Германа, быў дзёньнік, які, па словах кіраўніка сьледчай камісыі, «быў поўны надзвычайнай нянавісьці да ўрада» і «ўтрымліваў надзвычай сьмелыя выказваньні супраць сьвятой асобы манарха»[d][21]. Дзёньнік быў напісаны ў прыгожым, квяцістым стылі, незвычайным для пятнаццацігадовай дзяўчыны[21]. У 1846 г. Анеля Бакшанская адзначала, што віленскі дамініканскі кляштар быў ператвораны ў турму, якая напаўняецца ўсё больш і больш, а захопнік беспакарана мучыць народ:
«Божа! Ты вялікі, міласэрны й справядлівы. Ты не захочаш, каб тыя, хто павінен быў быць абаронцам Айчыны, былі пасечаны рукой мярзотнага ката, па загадзе яшчэ больш мярзотнага цара…» ... «Няхай я адна пакутую за ўсю Айчыну, вылі на мяне ўсе няшчасьці, але толькі ня дай мне зьбіцца з дарогі цноты й ня дай, каб мая Айчына і браты пакутавалі, каб Айчына не была вольная...»[21].
Арыгінальны тэкст (пол.)
«Boże! ty jesteś wielki, miłosierny i sprawiedliwy. Ty nie zechcesz, aby wycięto ręką podłego kata, z rozkazu jeszcze podlejszego cara, tych, którzy mieli być obrońcami Ojczyzny...» ... «Niech ja jedna cierpię za całą Ojczyznę, zlej na mnie wszystkie nieszczęścia, lecz nie daj tylko, bym odstępowała z drogi cnoty i by moja Ojczyzna i bracia cierpieli, by Ojczyzna nie była wolna...»[21]
|
||
Вайсковы суд у Вільні, улічваючы, што Бакшанскі другі раз быў абвінавачаны ў антыўрадавай дзейнасьці, прыгаварыў яго ў сьнежні 1847 г. да бестэрміновай катаргі, пасьля зьмякчыў прысуд да 12 гадоў катаргі[1][22][23][24]. Юльян Бакшанскі знаходзіўся на катарзе ў Пятроўскай капальні ў Забайкальскім крае, а потым на вольным пасяленьні ў Краснаярску[22]. У Пятроўску спаткаў Агатона Гілера[1]. Па амністыі 1856 г. вярнуўся ў краіну ў пачатку 1858 г.[22].
Паўстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1863 годзе Юльян Бакшанскі вярнуўся на радзіму. Далучыўся да паўстаньня, як і Кастусь Каліноўскі, належаў да шэрагу найбольш пасьлядоўных рэвалюцыянэраў, якіх адрозна ад «белых» звалі «чырвонымі». Гэты кірунак вызвольнага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэньне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстаньня аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году.
У хуткім часе Юльян Бакшанскі й яго прыхільнікі, якіх называлі «партыяй Бакшанскага» (налічвала 22 асобы), далучыліся да атраду «Алізара» (па-польску: «Olizar»)[e], які фармаваўся ў ваколіцах Смаргоні[29]. Юльян Бакшанскі стаў адным зь кіраўнікоў атраду. Атрад Бакшанскага дзейнічаў на тэрыторыі Ашмянскага й Вялейскага паветаў[30][31]. Галоўнай мэтай было стварыць баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнуць да змаганьня сялянаў, на якіх разьлічваў Юльян Бакшанскі. Атрад Юльяна Бакшанскага са Смаргоні рушыў праз Аборак, Бярозаўцы, Душчыцы(pl)[f], Сарочын(pl)[g] да Гарадку, дзе да іх далучылася некалькі асобаў[32]. У Гарадку атрад Бакшанскага вырашыў нечакана сьхіліць шлях у бок вёскі Сьвечкі, дзе яны спыніліся ў сядзібе Райнальда Куроўскага[32]. Тут, выставіўшы на варту ключвойта з Гарадку Шчарбіцкага, які добраахвотна ўступіў у атрад, паўстанцы спакойна разьмясьціліся ў сядзібе адпачыць[32]. У гэты час атрад расейскіх жаўнераў пад камандай сяржанта Собася[h], які перасьледаваў паўстанцаў, даведаўся ад мясцовых сялянаў, што атрад паўстанцаў накіраваўся ў Сьвечкі[33]. Собась неадкладна даслаў у Маладэчна кур’ера з просьбай прыслаць войскі ў раён Сьвечак[33]. Палкоўнік Колакаў выслаў да Сьвечак пяхоту[33]. Калі 4 красавіка (14 красавіка па старому стылю) 1863 году жаўнеры апынуліся ля сядзібы, Шчарбіцкі зрабіў трывожны стрэл, але адразу здаўся ў палон і заверыў, што яго сілай загналі ў паўстанцкі атрад[34]. Раптам град куль накрыў усю сядзібу[34]. Частка паўстанцаў уцякла праз сад, іншыя дастаткова трапна стралялі праз вокны й дзьверы, некалькі жаўнераў расейскага войска загінула[34]. Кіраўнік атраду «Алізар» уцёк, загінула пяць асобаў: уласна Юльян Бакшанскі, Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі й 15-гадовы Ігнацы Сулістроўскі[i][34][22]. Ужо пасьля бою, жаўнерамі й мясцовымі сялянамі быў забіты ўладальнік сядзібы Райнальд Куроўскі, а сядзіба была спалена[34][33][36].
Палеглыя паўстанцы былі пахаваны ў брацкай магіле на могілках Плябані. Цікава, што недалёка ад Плябані, у 1944 годзе, у 105-гадовым узросьце, памёр апошні ўдзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў, Ігнат Абрамовіч, які пахаваны ў мястэчку Краснае пад Маладэчнам[37].
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На месцы гераічнай сьмерці паўстанцаў, у наш час каля вёскі Плябань устаноўлены крыж і помнік[38][39][40][41][42].
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Матвейчык, Дз. Ч., Удзельнікі паўстання 1863―1864 гадоў: біяграфічны слоўнік: (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі). — Мінск: Беларусь, 2016. — С. 58. — 734 с. — ISBN 978-985-01-1159-3
- Матвейчык, Дз. Ч., Паўстанне 1863—1864 гадоў у Беларусі: нарыс баявых дзеянняў / Дзмітрый Матвейчык. — Мінск : Медысонт, 2013. — 121 с.
- Dawid Fajnhauz, 1863: Litwa i Białoruś. — Warszawa: Neriton, 1999. — С. 120. — 357 с. — ISBN 83-86842-59-8 (пол.)
- Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 213-237. — 401 с. (пол.)
- Wiktoria Śliwowska, Zesłańcy polscy w Imperium Rosyjskim w pierwszej połowie XIX wieku: słownik biograficzny. — Warszawa: Wydawnistwo DiG, 1998. — С. 72. — 835 с. — 500 ас. — ISBN 9788371810206 (пол.)
- Stanisław Łaniec, Litwa i Białoruś w dobie konspiracji i powstania zbrojnego : 1861—1864. — Olsztyn: Ośrodek Badań Nauk. im. Wojciecha Kętrzyńskiego w Olsztynie, 2002. — С. 79. — 196 с. — ISBN 9788387643928 (пол.)
- Ona Maksimaitienė, Lietuvos sukilėlių kovos 1863—1864 m. Vilnius : Mintis, 1969. (лет.)
- Мохнач Н. Н., Идейная борьба в Белоруссии в 30—40е годы XIX в. Мн., 1971. С. 97—102. (рас.)
- Смирнов А. Ф., Революционные связи народов России и Польши. 30-60 годы XIX века. — М., 1962. (рас.)
- Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: сб. документов / АН СССР, Ин-т славяноведения н др. М.; Вроцлав, 1965. С. 529. (рас.)
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ У літаратуры сустракаюцца й іншыя паданыя даты нараджэньня Юльяна Бакшанскага, як 1819[1] і 1823[1] ці 1827[2] год.
- ^ Гэта маёнтак, што да выгнаньня езуітаў у 1820 годзе з Расейскай імпэрыі належаў да езуітаў.
- ^ Пра навучаньне Анелі Бакшанскай у віленскай школе Гэрмана й напісаньне ёю дзёньніка, таксама ў сваіх успамінах узгадвае Альжбета Табэнская[19][20].
- ^ у выніку судова-сьледчых мерапрыемстваў абедзьве сёстры Юльяна Юзэфа й Анеля былі аддадзены пад сьціслы нагляд паліцыі[1].
- ^ «Алізар», таксама «Сьвятолдыч» (па-польску: «Światołdycz»), таксама «Шукста» (па-польску: «Szuksta») - гэта псэўданімы паўстанцага эмісара з Кангрэсаўкі, сапраўднае імя якога - Караль Навакоўскі[25]. Магчыма, што Якуб Гейштар дапусьціў памылку з атрыбуцыяй уладальніка мянушкі «Алізар», а, магчыма, гаворка ідзе аб Каралі Навакоўскім, які падчас паўстаньня трапіць у палон і будзе зьняволены з Кіеўскай цытадэлі[26][27][28].
- ^ Душчыцы - былы засьценак у Гарадоцкай воласьці(lt), сёньня частка вёскі Васькаўцы.
- ^ Сарочын - былы маёнтак у Гарадоцкай воласьці(lt), сёньня частка вёскі Кічына.
- ^ Собась займаўся падрыхтоўкай сялянскіх вартаў, задачай якіх было змаганьне з паўстанцамі, за што сяляне, што ўступалі ў варту, атрымлівалі немалое па тых часах жалаваньне.
- ^ Падпалкоўнік расейскай арміі Лосеў рапартаваў па сутычцы каля Сьвечак, што з боку паўстанцаў загінула 4 чалавека, паранена 10, з расейскага боку - адзін забіты, 7 параненых[35].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж з і к л Wiktoria Śliwowska, Zesłańcy polscy w Imperium Rosyjskim w pierwszej połowie XIX wieku: słownik biograficzny. — Warszawa: Wydawnistwo DiG, 1998. — С. 72. — 835 с. — 500 ас. — ISBN 9788371810206
- ^ а б в Czesław Malewski, Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku : powiaty lidzki, oszmiański i wileński. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 2016. — С. 417. — 958 с. — ISBN 978-83-63352-75-2
- ^ Бокшанский Юлиан // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 69. — 737 с.
- ^ Eugeniusz Kowalewski, Wspomnienia z przeszłości : przyczynek do historji Powstania Styczniowego na Litwie. — Wilno: Dziennik Wileński, 1907. — С. 49. — 118 с.
- ^ Herby szlachty litewskiej
- ^ а б Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 213. — 401 с.
- ^ а б в г Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 215. — 401 с.
- ^ Матвейчык, Дз. Ч., Удзельнікі паўстання 1863―1864 гадоў: біяграфічны слоўнік: (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі). — Мінск: Беларусь, 2016. — С. 58. — 734 с. — ISBN 978-985-01-1159-3
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 214. — 401 с.
- ^ а б в г д е ё ж з і к Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 216. — 401 с.
- ^ а б в г д е ё ж з і Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 220. — 401 с.
- ^ а б Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 221. — 401 с.
- ^ Stefan Kieniewicz, Historia Polski (1795-1918), Wydanie dziesiąte. — Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1998. — С. 171. — 597 с. — ISBN 83-01-12137-8
- ^ а б в г д е ё ж з Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 224. — 401 с.
- ^ Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 225. — 401 с.
- ^ Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 226. — 401 с.
- ^ Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 227. — 401 с.
- ^ Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 235. — 401 с.
- ^ Elżbieta Tabeńska, Z doli i niewoli : wspomnienia wygnanki. — Kraków: drukiem i nakładem W. Korneckiego, 1897. — С. 17. — 164 с.
- ^ Лідскі летапісец, 2020, №3 (91), с. 70
- ^ а б в г д е ё ж Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 236. — 401 с.
- ^ а б в г Dawid Fajnhauz, Ruch Konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. — Warszawa: Instytut Historii PAN, 1965. — С. 237. — 401 с.
- ^ Спадчына Бакшанскі Юльян.
- ^ Леанід Маракоў Бакшанскі Юльян/Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991.
- ^ Jakub Gieysztor, Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857-1865. T. 2. — Wilno: nakł. Tow. Udz. "Kurjer Litewski", 1913. — С. 285. — 383 с.
- ^ Lejko K. (red.), Kamińska E. (red.), Powstanie styczniowe i zesłańcy syberyjscy T.1. Katalog fotografii ze zbiorów Muzeum Historycznego m.st. Warszawy. — Warszawa: Muzeum Historyczne m.st. Warszawy, 2004. — С. 144. — 798 с. — ISBN 83-88477-25-0.
- ^ Karol Nowakowski
- ^ Zygmunt Odrzywolski, Tunel więzienny w Kijowie. Z czasów powstania polskiego 1863 r.
- ^ Eugeniusz Kowalewski, Wspomnienia z przeszłości : przyczynek do historji Powstania Styczniowego na Litwie. — Wilno: Dziennik Wileński, 1907. — С. 24. — 118 с.
- ^ Dawid Fajnhauz, 1863: Litwa i Białoruś. — Warszawa: Neriton, 1999. — С. 120. — 357 с. — ISBN 83-86842-59-8
- ^ Усевалад Ігнатоўскі, 1863 год на Беларусі: нарыс падзей, Менск, Інстытут гісторыі, 1930.
- ^ а б в Eugeniusz Kowalewski, Wspomnienia z przeszłości : przyczynek do historji Powstania Styczniowego na Litwie. — Wilno: Dziennik Wileński, 1907. — С. 25. — 118 с.
- ^ а б в г Stanisław Łaniec, Litwa i Białoruś w dobie konspiracji i powstania zbrojnego : 1861—1864. — Olsztyn: Ośrodek Badań Nauk. im. Wojciecha Kętrzyńskiego w Olsztynie, 2002. — С. 79. — 196 с. — ISBN 9788387643928
- ^ а б в г д Eugeniusz Kowalewski, Wspomnienia z przeszłości : przyczynek do historji Powstania Styczniowego na Litwie. — Wilno: Dziennik Wileński, 1907. — С. 26. — 118 с.
- ^ Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: сб. документов / АН СССР, Ин-т славяноведения н др. М.; Вроцлав, 1965. С. 115-116.
- ^ Stanisław Zieliński, Bitwy i potyczki 1863-1864; na podstawie materyałów drukowanych i rękopiśmiennych Muzeum Narodowego w Rapperswilu. — Rapperswil: Fundusz Wydawniczy Muzeum Narodowego w Rapperswilu, 1913. — С. 278. — 510 с.
- ^ Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя. — Martin, Slovakia, 2012.— 320 с, іл.
- ^ Памяць герояў паўстання 1863 года ўшануюць у Маладзечанскім раёне.
- ^ Паўстанне 1863 г. Юбілей ужо не за гарамі!
- ^ Польскія і літоўскія дыпламаты ўшанавалі 158-ю гадавіну Студзеньскага паўстання
- ^ Lietuvos ir Lenkijos diplomatai Baltarusijoje pagerbė 1863 m. sukilimo dalyvių atminimą
- ^ Могілкі старыя хрысціянскія, Плябань