Перайсьці да зьместу

Рашаўцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рашаўцы
трансьліт. Rašaŭcy
Дата заснаваньня: перад 1683 годам
Краіна: Беларусь
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код:

Рашаўцы — даўні хутар; месьціўся каля сучаснага паселішча Марытон, што ў Буркоўскім сельсавеце Брагінскім раёну Гомельскай вобласьці Беларусі. Перастаў існаваць да сярэдзіны XIX ст.

Карона Каралеўства Польскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб «Сьвяты Юрый» (Георгій Перамаганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука[a].

Найранейшая зьвестка пра хутар Ruszowcy[b] з 5 дымамі (×6 — каля 30 жыхароў), прыналежны да włości Choynickiej[c] князя Канстанціна Яна Шуйскага, харунжага берасьцейскага, сустрэтая ў люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай 1683 года. Якая сума зь яго выплачвалася ня ўказана[1].

Наступная згадка ў інвэнтары Астраглядаўскага маёнтку пазначана 1698 годам, калі добры перадаваліся князем Дамінікам Шуйскім у кіраваньне пану Зыгмунту Шукшце. Тады 8 гаспадароў[d] вёскі Рашаўцы выплачвалі чыншу 47 злотых і 7 з паловай грошаў, мядовай даніны 11 бельцаў, а іншыя павіннасьці выконвалі «iako w Wielkim Boru», г. зн. – па 3 дні на розных працах што да паншчыны і яшчэ падводная павіннасьць. Паводле рэвізіі Хвойніцкага маёнтку, завершанай 2 красавіка 1716 года, з тых жа 8 двароў выбіралася 55 злотых чыншу і 11 бельцаў мёду[e]. Згодна з інвентаром маёнтку Хвойнікі cum attinentiis (з прылегласьцямі) ад 20 сакавіка 1721 года, пададзенага былым пасэсарам біскупам валоскім Юзафатам Парышэвічам, плябанам астраглядавіцкім, князю Мікалаю, сыну Дамініка, Шуйскаму, падданыя зь вёскі Рашаўцы Сямён і Даніла Мазурэнкі, Якаў Добаш (Doboszczenko), Іван Макарчук, урочнік Сямён, Хрыч Захаранка, акрамя дзякла жытам, грэчкай і інш., выплачвалі 34 злотых, 15 грошаў чыншу, 7 бельцаў даніны мядовай, а адпрацовачныя павіннасьці выконвалі «iak w Ostrohladowiczach». Тутэйшы зямянін Панко Булыга «z odczyny» плаціў толькі 2 бельцы мёду, бо быў «na wsłudze»[2].

Тарыф падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва на 1734 год засьведчыў прыналежнасьць вёскі Рашаўцы (Rzeszowce) да маёнтку Хвойнікі князя Ігнацыя, сына Дамініка, Шуйскага[3].

У 1754 годзе з 10 двароў (каля 60 жыхароў) хутара Рашаўцы (Ryszowce) Хвойніцкага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 1 злоты і 17 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 6 злотых і 8 грошаў[4].

З дакумэнту Оўруцкага гродзкага суда, датаванага 14-м ліпеня 1763 года, вядома, што пасэсарам у Паселічах і Рашаўцах быў пан Рыфальскі. 19 жніўня 1765 і 25 лютага 1769 года адпаведна ад імя старосты ніжынскага князя Войцеха Шуйскага, апекуна, і старосты загальскага князя Адама Шуйскага, дзедзіча Хвойніцкіх і Астраглядаўскіх добраў, заяўленыя пратэсты на адрас пана Адама Міхала Ракіцкага, рэгента ВКЛ, за насланьне брагінскіх падданых на грунты вёсак Рашаўцы і Міхнавічы, халуп і хлявоў разбурэньне, сена і збожжа забраньне ды іншых розных гвалтаў учыненьне[5].

Паводле перапісаў габрэйскга насельніцтва 1765 і 1778 гадоў у Рашаўцах жылі адпаведна 7 і 2 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хвойніцкага кагалу, а ў 1784 годзе тут застаўся «chrzescianin na szynku», які пагалоўшчыне не падлягаў[6]. Магчыма, на колькасць габрэяў у вёсцы, як і на прыняцьце хрысьціянства адным зь іх (напэўна, галавой сямейства), паўплывала Каліеўшчына 1768 года, што была апошнім і наймацнейшым уздымам гайдамацкага руху ва Ўкраіне.

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб уласны роду Прозараў.
Рашаўцы ў расейскай рэвізіі 1795 году.
Рашаўцы на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.
Рашаўцы ў касьцёльнай кнізе 1798 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Рашаўцы ў складзе Рэчыцкай акругі апынулася ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе адміністрацыйна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[7].

У крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, хутар Рашаўцы згаданы сярод уладаньняў пана Людвіка[f] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе[g] Прозаравай[9], спадчыннай іх уладальніцы. Тады хутар меў 9 двароў з 16 душамі мужчынскага і 17 душамі жаночага полу падданых. Яго разам з слабадой Рашаў, вёскамі Вялікая і Малая Карчова трымаў у трохгадовай (02.04.1793–02.04.1796) арэндзе за плату ў 4077 злотых амсьціслаўскі стольнік Юстыніян, сын Юзафа, Фурс, а эканомам быў шляхціч Самуэль, сын Андрэя, Бараноўскі. Прозьвішчы жыхароў Рашаўцаў — Чыгіроўскі (Чыгарэўскі), Дубянок, Максімовіч, Дашук, Галдзецкі, Дзібінскі (Дубінскі), Танкевіч, Прыяздка, Васілеўскі[10]. У мэтрычных запісах Астраглядавіцкай Сьвята-Траецкай царквы 1797 году засьведчана, што да яе прыходу належалі і Рашаўцы «владения господина Прозора»[11]. У мэтрычным запісе Астраглядавіцкага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, пазначаным 10-м студзеня 1798 году, паведамляецца пра хрост ксяндзом-дамініканам Бруна Лявіцкім немаўляці Антаніны, дачкі шляхетных Яна і Юстыны Навіцкіх, кумамі пры тым выступілі Сільвэстар Бутовіч і Марыяна Малішэўская de villa Rzeszowce[12]. Пражываньне ў Рашаўцах каталіцкай шляхты можа сьведчыць пра наяўнасьць там фальварку ўжо ў канцы XVIII ст.

Паводле тэксту ведамасьці Астраглядавіцкай царквы 1804 году, Рашаўцы месьціліся за 3 вярсты ад яе[13].

Прозараўскі ф. Маратон зь вёскамі Дуброўным і Рашаўцамі ў арэндзе ў Антонія Прыбароўскага. 1811 г.

Пра хутар Рашаўцы маюцца зьвесткі ў сялянскай рэвізіі 1811 году[14]. Згодна з шляхецкай рэвізіяй, датаванай 3 сьнежня 1811 году, фальварак Маратон з 89 рэвізскімі душамі ў прыналежных да яго вёсках Дуброўнае і Рашаўцы трымаў у арэндзе ад паноў Прозараў Антоні Прыбароўскі (42 г.)[15]. У дакумэнце, пазначаным 13 сакавіка 1812 году, запісана, што той фальварак Маратон з прылегласьцямі, які належаў пані Людвіцы з князёў Шуйскіх, жонцы абознага Караля, Прозаравай, аддадзены ў трохгадовую арэнду былому паручніку войскаў польскіх пану Антонію Прыбароўскаму за штогадовую выплату 900 рублёў серабром[16]. Прысутныя Рашаўцы на мапе-дзесяцівярстоўцы Ф. Шубэрта 1826-1840 гадоў. На 1834 год жыхарамі ў Рашаўцах — 24 мужчыны і 25 жанчын з прозьвішчамі Бандарэнка, Бардак, Дашук, Добыш, Галдзецкі, Гарэцкі, Чыгарэўскі[17].

Рашаўцы на мапе Ф. Шубэрта.

У мэтрычных кнігах Астраглядавіцкай царквы 1844 году колькі разоў згаданыя Рашаўскі фальварак і вёска Рашаўцы[18]. Напэўна, гэта той фальварак, які паны Прозары называлі слаўным імем Маратон (Марафон)[h].

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.», аднак, вёска Рашаўцы, што да прыходу царквы ў Астраглядавічах, ужо не названая[19].

  1. ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
  2. ^ Магчыма, уладальнікі, князі Шуйскія, заснавалі яго, пасяліўшы ў больш людным месцы, непадалёк ад Астрглядавічаў, жыхароў паўночнай лясной вёскі Рашаў, згадванай сярод добраў паноў Харлінскіх яшчэ ў 1618 г.
  3. ^ Тут маецца на ўвазе прыватны маёнтак.
  4. ^ Сярод іх удава Захарыха, насупраць імя якой пазнака — ubostwo.
  5. ^ Згодна з раскладам, зямянін Павел Паланкевіч аддаваў хіба 2 бельцы мёду, бо быў «na wsłudze», а чынш зьбіраўся толькі з 7 сялянскіх гаспадарак і мусіў быць меншым, – 43 злотых. Яшчэ 12 зл. дасталіся нядаўняму пасэсару князю Станіславу Шуйскаму, скарбніку берасьцейскаму?
  6. ^ Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
  7. ^ Француская форма імя прысутнічае ў паперах імпэратрыцы Кацярыны ІІ, у лістах яе генэралаў і самой Людвікі Канстанцыі[8]
  8. ^ Мусіць, сытуацыя падобная той, якая склалася ў выпадку зь Берасьцечкам, калі паны Прозары ўжывалі слаўнае імя Рацлавіца, а сяляне трымаліся звыклага Бервсьцечка. Розьніца, аднак, ёсьць, бо вёска Рашаўцы ў хуткім часе проста перастала існаваць, а фальварак застаўся...
  1. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 489
  2. ^ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 126адв., 127, 132адв., 142, 142адв.
  3. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  4. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 191
  5. ^ Аrchiwum Główne Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 73, 74, 76
  6. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  7. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  8. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 13. S. 3, 4, 76, 78, 97, 154, 158, 160; таксама гл. дакумэнты наступнага сэквэстру: Sygn. 14.
  9. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  10. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр. 59. А. 136-136адв., 198-200адв., 202-203
  11. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 494. А. 53адв, 54, 55 і інш.
  12. ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 186
  13. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40442. А. 58
  14. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 261. Ч. 2 А. 1046-1046адв. Спр. 262. А. 195адв.-196
  15. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 183
  16. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 9
  17. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 339. А. 837-841
  18. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 14. Спр. 425. А. 274адв., 275 адв., 276, 278, 288, 289адв.
  19. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 700