Перайсьці да зьместу

Магатэкс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Магілёўскі тэкстыль»)

Каардынаты: 53°55′46″ пн. ш. 30°21′23″ у. д. / 53.92944° пн. ш. 30.35639° у. д. / 53.92944; 30.35639

«Магатэкс»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 1973
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Магілёў
Адрас Ленінскі раён, вул. Грышына, д. 87
Ключавыя фігуры Віктар Маціевіч (генэральны дырэктар), Алег Буянаў[1], Віталь Дзядзінец[2]
Галіна лёгкая прамысловасьць
Прадукцыя абрус, вопратка, падушка, палатно, тканіна і фіранкі
Абарачэньне 106,348 млн рублёў (2020 год; 41,237 млн $)[3]
Апэрацыйны прыбытак 2,164 млн рублёў (2020 год; 0,839 млн $)
Чысты прыбытак -10,981 млн рублёў (2020 год; -4,258 млн $)
Лік супрацоўнікаў 2450 (2021 год)
Матчына кампанія «Беллегпрам»
Даччыныя кампаніі «Белпак» і «Сапатэкс», Кобрынская і Полацкая швачныя фабрыкі

«Магатэкс» — прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1973 годзе ў якасьці «Магілёўскага камбінату шаўковых тканінаў».

На 2022 год быў найбольшым вытворцам тэкстыльных вырабаў у Беларусі. Перапрацоўваў віскозныя і поліэтэрныя ніткі, а таксама баваўняную, поліэтэрна-баваўняную і поліэтэрна-віскозную пражу. Выпускаў хатнія тэкстыльныя вырабы, адмысловую і форменную вопратку, тканіну для адмысловага рыштунку і гарбарных вырабаў, а таксама 7 відаў палатна: аздабляльнае, мэблевае, падкладачнае, плашчавое, трыкатажнае, тэхнічнае і гардзіннае[4].

На 2022 год прадпрыемства ўлучала: 2 службы — 1) камэрцыйную, 2) кіраваньня пэрсаналам; 3 управы — 1) маркетынгу, 2) паставак, 3) швачнай вытворчасьці; 2 аддзелы — 1) прававы, 2) тэхнічнага нагляду[5]. Дзейнічала 7 уласных фірмовых крамаў «Магатэкс» у Бабруйску, Берасьці, Магілёве (4) і Менску[6]. Ва ўсіх 5 абласных цэнтрах Беларусі працавалі склады-таварні для гуртовага продажу[7]. Сумесныя прадпрыемствы працавалі ў Расеі (Масква) і Ўкраіне (Дняпро), а таксама ў Менску. Налічвалася 18 замежных дылераў у 9 краінах: 3 у 3-х краінах Азіі — Армэніі (Ерэван), Казахстане (Алматы) і Ўзбэкістане (Ташкент), а таксама 15 у 6 краінах Эўропы — Летуве (Вільня), Малдове (Кішынёў), Польшчы (Беласток), Расеі (9 у 11 гарадах: Валгаград, Екацярынбург, Масква, Мыцішчы ў Маскоўскай вобласьці, Новасыбірск, Перм, Пяцігорск у Стаўрапольскім краі, Растоў-на-Доне, Санкт-Пецярбург, Сочы ў Краснадарскім краі і Ярцава ў Смаленскай вобласьці), Сэрбіі (Ужыцы) і Ўкраіне (2: Кіеў)[8]. На 2020 год агульная плошча прадпрыемства складала 42,41 гектары. Вытворчая магутнасьць складала 3,3 млн пагонных мэтраў тканіны штомесяц. «Магатэкс» меў 2 швачныя фабрыкі ў Кобрыні і Полацку (Віцебская вобласьць), а таксама 2 сумесныя прадпрыемствы «Белпак» і «Сапатэкс»[3].

На 2022 год «Магатэкс» вырабляў:

  • тканіну для вопраткі — 1) антыстатычную, вогнеахоўную і вогнетэрмастойкую з абаронай ад статычнай электрычнасьці, 2) кісьляахоўную, алея-, вода- і нафтаадштурхоўвальную для вытворчасьці, 3) ад холаду для прафэсійнай вопраткі, 4) баваўняную, поліэтэрна-баваўняную, поліэтэрна-віскозную (сарочкавую) і поліэтэрную для адмысловай вопраткі, у тым ліку біяцыдную, кісьлястойкую, крывеадштурхоўвальную і сыгнальную, а таксама рыштунак і трыкатажнае палатно[9];
  • тканіну для інтэр'еру — 1) адбеленую, адвараную, гладкафарбаваную і набіўную для сталовай бялізны, 2) парцьерную поліэтэрна-баваўняную, поліэтэрна-ільняную і поліэтэрную[10];
  • швачныя вырабы — 1) хатні тэкстыль (кухонны рыштунак, падушкі, сталовую бялізну і фіранкі), 2) адмысловую і спартовую вопратку, 3) сувэніры[11].

У 1973 годзе заснавалі «Магілёўскі камбінат шаўковых тканінаў». 23 жніўня 1980 году «Магілёўскі КШТ» пераўтварылі ў вытворчае аб'яднаньне. 1 студзеня 1987 году прадпрыемства перавялі на гаспадарчы разьлік і самаакупнасьць. У 1989 годзе «Магілёўскі КШТ» пераўтварылі ў арэнднае прадпрыемства[3]. У 1988 годзе прадпрыемства выпускала каля 10 млн мэтраў ткініны штомесяц, а 1992-м штомесячная вытворчасьць скарацілася да 1,2 млн мэтраў праз скасаваньне дзяржаўнага заказу. Для самайстойнага збыту стварылі ўправу маркетынгу і камэрцыйную службу[12]. У 1990 годзе прадпрыемства мела шматнакладную газэту «Наватар», якая ў 2000 годзе называлася «Пульс Магатэксу»[13].

У 1991 годзе «Магілёўскі камбінат шаўковых тканінаў» заснаваў сумеснае прадпрыемства «Белпак» разам з магілёўскім вытворчым аб’яднаньнем «Хімвалакно» і 2-ма амэрыканскімі прадпрыемствамі — хімічнай кампаніяй «Істман» (штат Тэнэсі) і «Пэпсі-Кола» (штат Нью-Ёрк). Сумеснае прадпрыемства стала адзіным вытворцам гранулаў поліэтылентэрафталяту (ПЭТ) для ўпакоўкі харчовага прызначэньня, у тым ліку плястыкавых пляшак і корак[14]. У 1991 годзе «Магілёўскі камбінат шаўковых тканінаў» заснаваў сумеснае прадпрыемства «Сапатэкс» на сваёй базе разам з магілёўскім вытворчым аб’яднаньнем «Хімвалакно» і партугальскім прадпрыемствам «ІТ міжнародны гандаль» (Порту). У 1995 годзе «Магатэкс» і «Сапатэкс» сталі асобнымі прадпрыемствамі[15]. 30 сьнежня 1998 году ўстаноўчы сход ухваліў пераўтварэньне прадпрыемства ў адкрытае акцыянэрнае таварыства «Магатэкс», якое ажыцьцявілі ў лютым 1999 году[3]. У 2003 годзе «Магатэкс» штомесяц выпускаў каля 3,2 млн мэтраў віскознай і сынтэтычнай тканіны. За мяжу паставілі 65% вырабаў, зь якіх большасьць у Расею. Плашчовую тканіну для адмысловай вопраткі набывалі «Газпрам» і «Лукойл»[16].

Вечаровая панарама «Магатэксу» (2011 год)

У 2004 годзе на Франкфурцкай выставе хатняга тэкстылю (Нямеччына) 4 тканіны «Магатэксу» трапілі ў эўрапейскі дызайнэрскі каталёг, як адзіныя тканіны з Усходняй Эўропы. У 2005 годзе 65% вытворчасьці «Магатэксу» склала тканіна для адмысловай, працоўнай і форменнай вопраткі. Каля 25% вытворчасьці склала аздабляльная тканіна. Сярод іншага, выпускалі падкладачную і тэхнічную тканіну пад нанясеньне полівінілхлярыду (ПВХ), цырату і штучную скуру. Таксама выпускалі ламель. У Вільні дзейнічаў дылер «Магатэкс-Балтык», а ў расейскай сталіцы 2 дылеры. Каля 80% выручкі прынесьлі продажы тканіны для адмысловага, працоўнага і форменнага адзеньня. За мяжу паставілі 60% вырабаў. «Магатэкс» улучаў 3 фабрыкі — апрацоўчую, ткацкую і швачную. Пры канцы 2005 году адчынілі цэх фарбаваньня пражы. Для дома выраблялі атласнае, гардыннае і жакардавае палатно, а таксама вуаль, тканіну для сталовай бялізны і мэблевую тканіну з набіўнымі, ткацкімі і тэрмадрукаванымі малюнкамі. У якасьці сыравіны выкарыстоўвалі поліэтэрныя ніткі крэпавага кручэньня і прафіляванага сечыва. Тканіну падвяргалі антыстатычнай і брудаадштурхоўвальнай апрацоўцы. Швачная вытворчасьць выкарыстоўвала ўласную тканіну і выпускала пад заказ пераважна адмысловую, вытворчую і форменную вопратку. Сярод іншага, выпускалі хатны тэкстыль: парцьеры, фіранкі, пакрывалы, ложкавую і сталовую бялізну, чахлы для мэблі. Таксама асвоілі пашыў дзіцячай вопраткі. У вытворчасьці абрусаў і сурвэткак пераважна выкарыстоўвалі тканіну «Журавінка». Чаргаваньне атласнага і сацінавага перапляценьня дазваляла спалучаць бліскучыя і матавыя паверхні, а таксама выкарыстоўваць да 50 адценьняў. Сталовая бялізна праходзіла бруда- і алеяадштурхоўвальную апрацоўку. Тканіна для адмысловай і вытворчай вопраткі мела кісьлеабарону і валодала алея-, вода- і нафтаадштурхоўвальнымі якасьцямі. Таксама выраблялі тканіну з вогнеаховай і сыгнальнымі ўласьцівасьцямі. На 2006 год «Магатэкс» меў за мяжой 12 сумесных прадпрыемстваў, зь іх 9 у Расеі і 3 ва Ўкраіне. Таксама дзейнічала прадстаўніцтва ў Летуве, дылер у Малдове і 2 дылеры ва Ўкраіне. За мяжу вырабы пастаўлялі ў 2 краіны Азіі — Сырыю і Турэччыну, а таксама ў 6 краінаў Эўропы — суседнія Летуву, Польшчу, Расею і Ўкраіну ды ў Італію і Нямеччыну. «Магатэкс» пастаўляў камуфляжную ўніформу з тканіны «Грэта» для вайскоўцаў, міліцыі, мытнікаў і памежнікаў Беларусі, Малдовы і Расеі. У 2006 годзе набылі ткацкае абсталяваньне для вырабу фіранкавага палатна шырынёй 340 см замест ранейшых 160 см, што дазволіла выпускаць арганзу і жакардавую тканіну. «Магатэкс» атрымаў заказ на пашыў фіранак для 86 гасьцініцаў Масквы, якія мелі пабудаваць за 5 гадоў. Таксама 35% кавярняў і страўняў Масквы набывалі ў Магілёве абрусы[17].

У сьнежні 2008 году «Магатэкс» вырабляў 120 відаў тканіны і 600 узораў вопраткі. На прадпрыемстве працавала звыш 3500 чалавек[18]. У 2010 годзе на 3-х фабрыках «Магатэксу» пачалі шыць абрусы, сурвэткі і фіранкі для швэдзкага прадпрыемства «Ікея», якое збывала праз 14 сваіх гіпэрмаркетаў у Расеі[19]. 14 красавіка 2011 году Ўправа свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» унесла «Магатэкс» у Адзіны дзяржаўны рэестар юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў за № M 70011605[3]. У траўні 2011 году ў Быхаве адчынілі шавецкі цэх «Магатэксу» на 40 чалавек, які пашырылі да 87 чалавек у 2015 годзе дзеля вытворчасьці сталовай бялізны і фіранак на заказ швэдзкага прадпрыемства «Ікея». Пры гэтым, 2014 годзе ў Быхаве ўсталявалі 10 адзінак японскага абсталяваньня[20]. 8 верасьня 2011 году Міністэрства фінансаў Беларусі абнародавала Пералік 93-х юрыдычных асобаў, якія забясьпечваюць функцыянаваньне стратэгічна значных галінаў гаспадаркі, у склад якога ўлучылі «Магатэкс»[21].

30 сьнежня 2011 году Ўправа СЭЗ «Магілёў» ухваліла Рашэньне № 19-гр аб уліку «Магатэкса» ў якасьці рэзыдэнта СЭЗ[3]. За 2008—2012 гады «Магатэкс» уклаў каля 40 млн даляраў у пераабсталяваньне, зь якіх 20 млн $ склала дзяржаўная пазыка[22]. 7 траўня 2014 году на швачнай фабрыцы «Магатэксу» ўсталявалі аўтаматызаванае насьцілачнае абсталяваньне з Францыі для падрыхтоўча-раскройнай вытворчасьці. Абсталяваньне вытворчасьці АТ «Лектра» дазваляла праводзіць раскрой перасоўнай аўтаматычнай рэжучай галоўкай пад кіраваньнем кампутара, што скараціла ча раскрою на 50% і зьвяла ролю абслуговага пэрсаналу да загрузкі стойкі рулёна тканіны[23]. У лістападзе 2014 году ў склад «Магатэксу» ў ўвайшла Полацкая швачная фабрыка (Віцебская вобласьць)[3]. У 2016 годзе ў крамы «Ікея» ў Нямеччыне, Польшчы і Расеі збылі каля 1/3 вырабаў. Пастаўкі за мяжу склалі 75% вытворчасьці, зь якіх большасьць накіроўвалі ў Расею. У траўні 2017 году «Магатэкс» атрымаў замежны заказ на выраб млн ахоўных нагавіцаў, пры гадавой магутнасьці вытворчасьці ў 500 000 нагавіцаў[19]. У лістападзе 2017 году ў склад «Магатэксу» ўвайшла Кобрынская швачная фабрыка (Берасьцейская вобласьць)[3].

Пры канцы лютага 2020 году швачную вытворчасьць перапрафілявалі на выраб шматразовых павязак для твару, у тым ліку падразьдзяленьні ў Быхаве, Кобрыні (Берасьцейская вобласьць) і Полацку. Пры гэтым, у сувязі з пандэміяй каронавірусу наладзілі ўласную вытворчасьць марлі і павязак з бавоўна- і віскозазьмяшчальнай тканіны ды з марлі. Вырабленыя мэдычныя маскі пастаўлялі ў аптэкі УП «Фармацыя». Штодзённую вытворчасьць цягам году нарасьцілі да 80 000 мэдычных масак[24]. У 2020 годзе «Магатэкс» стаў 3-м прадпрыемствам лёгкай прамысловасьці Беларусі паводле велічыні вытворчасьці[25]. На 2020 год агульная плошча прадпрыемства складала 42,41 гектары. У 2020 годзе загрузка вытворчасьці тканінаў склала 59,8%. Вытворчая магутнасьць складала 3,3 млн пагонных мэтраў тканіны штомесяц. Пастаўкі ў Расею склалі 48,4% адгрузкі тканіны (10,9 млн пагонных мэтраў). Сярод скарыстаных 3,2 млн тонаў поліэтэрных нітак 97,7% прыпала на долю «Сьветлагорск-Хімвалакна» (Менская вобласьць). Сярод 2,8 млн тонаў скарыстанай пражы 39,9% прыпала на «Гранітэкс» (Горадня), 30,3% — расейскі «Істэкс» (Нагінск, Маскоўская вобласьць), 26,5% — «БелАмікс» (Баранавічы), 2% — «Унівэрсал Арт-Тэкстыль» (Узбэкістан), 0,9% — «Сапатэкс» і 0,4% — «Аршанскі льнокамбінат» (Віцебская вобласьць). На долю баваўнянапапяровай і мяшанай пражы прыпала 50,1% перапрацаванай сыравіны. У 2020 годзе вытворчасьць тканіны скарацілася да 24,67 млн пагонных мэтраў, а вытворчасьць швачных вырабаў амаль падвоілася да 1,924 млн асобнікаў[3].

«Магатэкс» меў Дом культуры тэкстыльнікаў, у якім на 2009 год працавала 15 мастацкіх гуртоў, у тым ліку 3 народных: харэаграфічны ансамбль «Рунь» (кіраўнік Віктар Папоў) з аркестрам суправаджэньня (кіраўнік С. Малкін), заснаваны ў студзені 1983 году[26], духавы аркестар «Гелікон» (кіраўнік Якаў Ашкіназі), хор вэтэранаў (кіраўніца Алена Буднік) і фальклёрны ансамбль «Крамяны» (кіраўніца Ірына Рандаўцова), а таксама тэатар эстрадных мініяцюраў «Эпатаж» (кіраўнік Сяргей Русевіч), фоль-гурт «Асіміра» (кіраўнік Андрэй Палаўчэня), клюб «Вэтэран» (кіраўніца Алена Новікава), дзіцячая харэаграфічная студыя «Зярнятка» (кіраўніца Т. Ф. Папова), дзіцячы танцавальны гурт «Раіснка» (кіраўніца Г. М. Ліхачова), сьпеўная студыя «Сола» (кіраўнік С. В. Чарных), «Мелос» (кіраўнік Е. І. Гарленка), брас-гурт «Дыліжанс» (кіраўнік А. Я. Ашкіназі), дзіцячы фальклёрны ансамбль «Крамякчыкі» (кіраўніца Ірына Рандаўцова) і школа танцу жывата (кіраўніца Н. В. Блашчынская)[27].

Улетку 2011 году «Магатэкс» стаў галоўным супольнікам музычнага фэстывалю «Бард-рыбалка» на Чыгірынскім вадасховішчы ў Быхаўскім раёне (Грудзічына)[28]. У ліпені 2016 году фэстываль «Вялікая бард-рыбалка» сабраў звыш 5000 гледачоў і музыкаў зь 10 краінаў[29].

  1. ^ Нашая каманда (рас.) // ААТ «Магатэкс», 2022 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  2. ^ Урад прызначыў прадстаўнікоў дзяржавы на буйных прадпрыемствах // Беларуская служба Радыё «Свабода», 17 студзеня 2021 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  3. ^ а б в г д е ё ж з Віктар Маціевіч, М.Л. Васільева. Мэмарандум ААТ «Магатэкс» 2021 году (рас.) // Канцэрн «Беллегпрам», 2021 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  4. ^ Аб прадпрыемстве (рас.) // ААТ «Магатэкс», 2022 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  5. ^ Кантакты (рас.) // ААТ «Магатэкс», 2022 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  6. ^ Нашыя крамы (рас.) // ААТ «Магатэкс», 2022 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  7. ^ Склады гуртовага продажу (рас.) // ААТ «Магатэкс», 2022 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  8. ^ Сумесныя прадпрыемствы і дылеры (рас.) // ААТ «Магатэкс», 2022 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  9. ^ Тканіны для вопраткі (рас.) // ААТ «Магатэкс», 2022 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  10. ^ Тканіны для інтэр'еру (рас.) // ААТ «Магатэкс», 2022 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  11. ^ Швачныя вырабы (рас.) // ААТ «Магатэкс», 2022 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  12. ^ а б Нэлі Зігуля. «Не рабіце таго, чаго не жадалі б сабе» // Зьвязда : газэта. — 18 лістапада 2014. — № 218 (27828). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ Віталь Цыганкоў. Ведамасныя і завoдзкія шматтыражныя выданьні // Беларуская служба Радыё «Свабода», 6 сакавіка 2000 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  14. ^ СП «Белпак» // Магілёўская абласная бібліятэка, 2005 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  15. ^ СП «Сапатэкс» // Магілёўская абласная бібліятэка, 2005 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  16. ^ Эканамісты. Прамыслоўцы. Прадпрымальнікі горада Магiлёва // Магілёўская абласная бібліятэка, 2005 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  17. ^ ААТ «Магатэкс» // Магілёўская абласная бібліятэка, 2007 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  18. ^ Ад крызісу выратуюць вайсковыя заказы // Беларуская служба Радыё «Свабода», 9 сьнежня 2008 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  19. ^ а б «Магатэкс» зьбіраецца вырабляць тканіну для абіўкі канапаў «Ікея» // Газэта «Наша ніва», 22 траўня 2017 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  20. ^ Лёгкая прамысловасьць Быхаўскага раёну // Магілёўская абласная бібліятэка, 2016 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  21. ^ БелаПАН. Мінфін вызначыў 93 стратэгічна значныя беларускія ААТ // Газэта «Наша ніва», 8 верасьня 2011 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  22. ^ Нэлі Зігуля. «Захаваньне прамысловасьці зьяўляецца складнікам посьпеху ў разьвіцьці любой краіны» // Зьвязда. — 23 ліпеня 2020. — № 141 (29255). — С. 2.
  23. ^ БелаПАН. Магілёўскі «Магатэкс» набыў новае францускае абсталяваньне для сваёй швачнай фабрыкі // Газэта «Наша ніва», 7 траўня 2014 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  24. ^ ААТ «Магатэкс» часова перапрафілявана на вытворчасць сродкаў індывідуальнай аховы // БелТА, 13 красавіка 2020 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  25. ^ У Беларусі ў лёгкай прамысловасьці працуе каля 91 тыс. чалавек // БелТА, 15 чэрвеня 2020 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  26. ^ Харэаграфічны ансамбль «Рунь» // Магілёўская абласная бібліятэка, 2012 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  27. ^ Мастацкая самадзейнасьць Магілёва // Магілёўская абласная бібліятэка, 2009 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  28. ^ Зьміцер Лукашук. Барды Беларусі зладзяць фэст «Бард-рыбалка» // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 5 жніўня 2011 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  29. ^ Вольга Емяльянава. «Вялікую бард-рыбалку» ў Быхаўскім раёне наведалі больш як 5 тыс. чалавек // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 1 жніўня 2016 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Навіны (рас.) // ААТ «Магатэкс», 31 студзеня 2022 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.
  • Каталёг тавараў (рас.) // «Магатэкс-сэрвіс» (Менск), 2022 г. Праверана 4 сакавіка 2022 г.