IKEA
IKEA International Group | |
Тып | прыватная |
---|---|
Дэвіз | Ёсьць ідэя — ёсьць IKEA! |
Заснаваная | 1943 |
Заснавальнікі | Інгвар Кампрад |
Разьмяшчэньне | Лейдэн, Нідэрлянды |
Ключавыя фігуры | Пэтэр Агнэф’ель (прэзыдэнт і выканаўчы дырэктар групы кампаніяў ІКЕА) |
Галіна | розьнічны гандаль дрэваапрацоўчая прамысловасьць |
Прадукцыя | мэбля, прадметы хатняга ўжытку |
Абарачэньне | 28,506 млрд эўра (2013)[1] |
Апэрацыйны прыбытак | 4,011 млрд эўра (2013)[1] |
Чысты прыбытак | 3,302 млрд эўра (2013)[1] |
Лік супрацоўнікаў | 139 000 (2013)[1] |
Матчына кампанія | Stichting INGKA Foundation |
IKEA («ІКЕ́А», часам вымаўляецца як «Ікея») — швэдзкая кампанія, зарэгістраваная ў Нідэрляндах, якая зьяўляецца адной з найбуйнейшых у сьвеце гандлёвых сетак па продажы мэблі й тавараў для дому. Па стане на студзень 2014 году налічвала 349 крамаў у 43 краінах.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кампанія мае швэдзкія карані і падтрымлівае імідж швэдзкае кампаніі ва ўсіх маркетынгавых камунікацыях. Заснаваная ў 1943 годзе Інгварам Кампрадам. Асартымэнт пачынаўся з запалак, рамак ды інш. У 1948 годзе ў продажы ўпершыню зьявілася мэбля, а ўжо ў 1958 годзе адкрылася першая крама Möbel-IKÉA ў Швэцыі. У 1963 годзе кампанія выйшла на міжнародны рынак, пачаўшы з Нарвэгіі. Далей па эўрапейскіх краінах крамы сеткі распаўсюдзіліся ў 1970-я гг.: Швайцарыя (1973), Нямеччына (1974). Напрыканцы 1970-х крамы зьявіліся на іншых кантынэнтах: Японія (1974), Аўстралія ды Ганконг (1975), Канада (1976), Сынгапур (1978).
Назва «IKEA» зьяўляецца акронімам і расшыфроўваецца як «Ingvar Kamprad Elmtaryd Agunnaryd», то бок імя ды прозьвішча заснавальніка і назва фэрмы Эльмтаруд у камуне Агунаруд, дзе ён нарадзіўся.
Уласьнікі й кіраўніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]IKEA належыць нідэрляндзкаму фонду Stichting INGKA Foundation (галаўная кампанія групы — нідэрляндзкая Ingka Holding B. V.).
Ад 2013 году прэзыдэнтам кампаніі зьяляецца Пэтэр Агнэф’ель, які замяніў на гэтай пасадзе Мікаэля Альсана (Mikael Ohlsson). Паводле дадзеных часопісу Forbes на 2014 год, заснавальнік і суўласьнік IKEA Інгвар Кампрад мае маёмасьць на $4 млрд[2].
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кампанія IKEA займаецца дызайнам і рэалізацыяй мэблі ды спадарожных тавараў для дому, разьлічаных на масавага спажыўца. Канцэпцыя мэблі ІКЕА грунтуецца на тым, што большую частку мэблевага асартымэнту пакупнікі зьбіраюць дома самастойна. Таксама тавары перавозяцца ў плыткіх кардонных скрынках, тым самым зьніжаюцца выдаткі на лягістыку ды сэрвіс.
Па стане на студзень 2014 году IKEA валодае 349 крамамі ў 43 краінах, а на сайце кампаніі разьмешчана болей за 12,000 тавараў. За 2007 год сайты IKEA наведалі больш за 470 млн чалавек. Для вытворчасьці сваіх тавараў кампанія апрацоўвае блізка 1% драўніны, якая выкарыстоўваецца на Зямлі, што робіць IKEA найбуйнейшым карыстальнікам драўніны ў сусьветным розьнічным гандлі [3]. Найбольшымі паводле плошчы крамамі ІКЕА зьяўляюцца:
- Stockholm Kungens Kurva, Швэцыя: 55,2 тыс. м²
- Shanghai Baoshan, Кітай: 55 тыс. м²
- Shanghai Pudong Beicai, Кітай: 49,4 тыс. м²
У 2013 годзе IKEA адкрыла свой першы гандлёвы цэнтар у Вільні, які з плошчай у 2,5 тыс. м² і 200 супрацоўнікамі стаў найбуйнейшай мэблевай крамай у краінах Балтыі.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кіраўніцтва ІКЕА не разглядае выхад на беларускі рынак у бліжэйшыя гады. Прычыны гэтага — у высокіх мытных пошлінах і немагчымасьці арганізаваць уласную вытворчасьць у Беларусі для зьніжэньня коштаў[4].
Украіна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]IKEA заявіла пра свой намер выйсьці на ўкраінскі рынак на пачатку 2005 году. Паводле першапачатковых плянаў першая крама мусіла адкрыцца ў Кіеве ў 2006 годзе. Аднак працэс зацягнуўся праз праблемы з выдзяленьнем зямельнай дзялянкі.
У верасьні 2007 генэральны дырэктар пададдзелу IKEA у Расеі й СНД Пэр Каўфман паведаміў, што кампанія атрымае зямельную дзялянку пад Адэсай, аднак у 2010 годзе стала вядома пра прыпыненьне гэтага праекту[5].
Расея
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Расеі зацікаўленасьць IKEA прадстаўляюць яе даччыныя кампаніі — ААТ «ИКЕА Дом», ААТ «ИКЕА Мос» ды ААТ «ИКЕА Торг». Першы комплекс IKEA адчыніўся ў Хімках у сакавіку 2000 году. Па стане на 2014 год у Расеі дзейнічала 14 крамаў сеткі (у тым ліку 3 у Маскве, 2 у Санкт-Пецярбургу ды па адной у Екацерынбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасыбірску, Краснадары, Растове-на-Доне, Казані, Омску, Уфе, Самары).
Назва тавараў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва тавараў кампаніі складаецца з аднаго-двух словаў. Большасьць назваў — швэдзкага паходжаньня. Хоць ёсьць колькі прыкметных выключэньняў, асноўная частка прадукцыі названая ў адпаведнасьці з адмыслова распрацаванай сыстэмай:
Катэгорыя | Назва | Прыклад |
---|---|---|
Мяккая мэбля, часопісныя столы, плеценая мэбля, кніжныя паліцы, дзьвярныя ручкі | Швэдзкія назвы | Кліпан |
Ложкі, шафы, мэбля для перадпакою | Нарвэскія тапонімы | Чусіг |
Абедзенныя сталы ды крэслы | Фінская тапонімы | Мэльторп |
Кніжныя шафы | Прафэсіі | Бэргсбу |
Прадметы для лазенкі | Назвы скандынаўскіх азёраў, рэк ды затокаў | Грундталь |
Кухні | Тыдагольм | |
Крэслы, сталы | Мужчынскія імёны | Юлес |
Тэкстыль, шторы | Жаночыя імёны | Гуніла |
Садовая мэбля | Назвы швэдзкіх астравоў | |
Дываны | Дацкія тапонімы | Альвінэ |
Асьвятленьне | Музычныя, хімічныя ды мэтэаралягічныя тэрміны, меры вагі, назвы дзён, месяцаў і сэзонаў | Юсос Увос |
Пасьцельная бялізна, пакрывалы, падушкі | Назвы кветак, расьлінаў, каштоўных камянёў | Мюскмальва |
Прадметы для дзяцей | Назвы сысуноў, птушак ды прыметнікі | Тыта Фолк |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г IKEA Group Yearly Summary (анг.)
- ^ The World’s Billionaires by Forbes(недаступная спасылка) (анг.)
- ^ IKEA Group Yearly Summary. Page 23 (анг.)
- ^ IKEA напрямую придет в Беларусь «лет через 10»? (рас.)
- ^ Ikea адклала выхад на ўкраінскі рынак (укр.)