Ларыса Фінкельштэйн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ларыса Фінкельштэйн
Exhibition TRANSCENSUM FortePROUN Palace of Art 30.04.2014 Larisa Finkelshtein.JPG
2014 год
Дата нараджэньня 13 жніўня 1950 (72 гады)
Месца нараджэньня Ёшкар-Ала, Марыйская АССР, Расейская СФСР, Савецкі Саюз
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1973)
Занятак мастацтвазнаўка, мастацкі крытык, галерыст, калекцыянэр мастацтва, прафэсарка ўнівэрсытэту, дызайнэрка
Навуковая сфэра культуралёгія
Месца працы галерэя «Брама» (1991—2021)
Вядомая як стваральніца 1-й у Беларусі прыватнай мастацкай галерэі «Брама» ў 1991 годзе
Навуковы кіраўнік Лаўрэнці Абэцэдарскі і Ізраіль Барысавіч Элентух[d]
Вучні Хрысьціна Высоцкая[1]
Сайт minsk2000.to/brama/

Ларыса Давыдаўна Фінкельштэйн (нар. 13 жніўня 1950, Ёшкар-Ала, цяпер Рэспубліка Марый Эл, Прыволская фэдэральная акруга, Расея) — беларуская мастацтвазнаўца.

Стваральніца 1-й у Беларусі прыватнай мастацкай галерэі «Брама» ў 1991 годзе[2]. Арганізатарка 1-й выставы карцінаў Марка Шагала ў Беларусі ў 1993 годзе[3]. Сяброўка Беларускага саюзу мастакоў і Беларускага саюзу дызайнэраў (1998), Беларускага саюзу літаратурна-мастацкіх крытыкаў (1998) і Міжнароднай асацыяцыі мастацтвазнаўстваў (Расея)[4].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ў сям'і інжынэраў Адэскага заводу кінаапаратуры (Украінская ССР), якія эвакуяваліся на пачатку Нямецка-савецкай вайны ў Марыйскую АССР (Расейская СФСР). Пасьля вайны сям'я вярнулася ў Адэсу. Пазьней былі пераезды паводле новай працы бацькі ў падмаскоўскі Загорск, Ізюм у Харкаўскай вобласьці (Украінская ССР), Менск (Беларуская ССР) і казаскую Алма-Ату. У 1968 годзе паступіла ў Казаскі дзяржаўны ўнівэрсытэт на нямецкае аддзяленьне гістарычнага факультэту. У 1969 годзе сям'я паўторна пераехала ў Менску, таму перавялася на навучаньне ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Яе выкладнікамі былі прафэсар Лаўрэнці Абэцэдарскі і мастацтвазнаўца Ізраіль Элентух. У 1973 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «гісторыя мастацтва» і працаўладкавалася экскурсаводкай у новаадчынены менскі Палац мастацтва. Праводзіла па 3 экскурсіі за раз. Пачала весьці лекцыі па гісторыі Дэкаратыўна-дастасоўнага мастацтва. Заснавала аддзел мастацтвазнаўцаў Палаца мастацтва і стала праводзіць конкурсы мастакоў[5]. У 1974 годзе выступіла куратаркай пасьмяротнай выставы твораў тэатральнага мастака Барыса Малкіна ў будынку Саюза мастакоў БССР на Цэнтральнай плошчы Менску[6]. У 1970-я гады чытала лекцыі пра забароненых у Савецкім Саюзе мастакоў Хаіма Суціна і Марка Шагала родам зь Беларусі[7]. У 1988 годзе зладзіла выставу «Экспэрыментальны тэкстыль» у менскім Палацы мастацтваў[8].

Інтэрвію тэлеканалу «Белсат» (2013 год)

У 1991 годзе стварыла 1-ю ў Беларусі прыватную мастацкую галерэю «Брама». У 1993 годзе зладзіла 1-ю выставу карцінаў Марка Шагала ў Беларусі. У 1998 годзе стала сяброўкай Беларускага саюзу дызайнэраў, Беларускага саюзу літаратурна-мастацкіх крытыкаў і Міжнароднай асацыяцыі мастацтвазнаўстваў (Расея). У жніўні 2000 году зладзіла ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі выставу 10 50-гадовых мастакоў Беларусі «Паўстагодзьдзя са стагодзьдзем», якую фінансаваў Амэрыканскі габрэйскі камітэт. Пры гэтым, амаль усе ўдзельніцы і ўдзельнікі выставы мелі беларускае паходжаньне, у тым ліку аўтарка габэленаў Тацяна Белавусава[9]. У 2012 годзе зрабіла мастацкі пленэр «Мэтафары і мэтамарфозы» ў двары менскага Палаца мастацтваў. У 2013 годзе тамсама зладзіла пленэр скульптуры «Гульні з дажджом»[8]. 22 кастрычніка — 24 лістапада 2014 году ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі правяла выставу «Разумны мэтал», якую разьмясьцілі ў галэрэях «Ракурс» і «Лябірынт» на 2-м і 3-м паверхах. На адкрыцьці выступілі загаднік катэдры дызайну Інстытуту сучасных ведаў Леанід Дзягілеў, музыка Андрэй Плясанаў, старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі, паэтка Людміла Клачко і бард Сяргей Шыла[10]. У выставе ўзялі ўдзел каля 70 мастакоў з усіх 6 абласьцей Беларусі, у тым ліку Аляксей Літвінаў, Валеры Малахаў і Віктар Старухін, а таксама скульптары-станкавісты Віктар Копач, Алег Купрыянаў і Ўладзімер Слабодчыкаў[11]. Сярод іншых, свае працы паказалі мастачкі тэкстылю Ніна Пілюзіна і Людміла Пятруль[12].

З народным мастаком Леанідам Шчамялёвым (2013 год)

У лютым 2015 году зладзіла ў галерэі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі выставу «Сьнежнае лета» з удзелам такіх тэкстыльных мастакоў Віцебска і Менска, як Ніна Пілюзіна і Яўген Шунейка, а таксама студэнткі Аляксандра Захарава і Хрысьціна Высоцкая, выкладніцы Вераніка Багачова, Марыя Барысенка і Вольга Данілюк[13]. У 2015 годзе зладзіла 4-ы пленэр «Размовы ў зялёных» у славацкім горадзе Сьпіска Нова Вэс (Кошыцкі край). Па вяртаньні ў Беларусь адпаведную выставу правялі ва ўсіх абласных музэях Беларусі і ў галерэі «Лябірынт» Нацыянальнай бібліятэкі. У жніўні—верасьні 2016 году правяла 5-ы пленэр «Італьянскі экзэрсыс» у Балёньні ў галерэі «Артэбо». Яе ўдзельнікамі зь беларускага боку сталі Яўген Дабравольскі і Мікалай Дробыш. 12 сьнежня 2016 году ў менскай галерэі «Ўнівэрсытэт культуры» адкрыла выставу скульптураў «Італьянскі экзэрсыс». Да яе далучыліся Леанід Рыжкоўскі, Віктар Копач, Васіль Васільеў зь Віцебску і тэкстыльніца Тацьцяна Козік. За 2016 год зладзіла каля 10 экспазыцыяў[8].

26 студзеня 2017 году адчыніла ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі мастацкую выставу «Наперадзе Парыж, за вокнамі Эўропа», якую склала паводле вынікаў 1-га Міжнароднага пленэра[14]. На выставе паказалі звыш 50 працаў беларускіх і кітайскіх мастакоў, якія бралі ўдзел у пленэры на колах праз Мюнхэн, Брусэль, Амстэрдам, Варшаву і Парыж[15]. У верасьні 2017 годзе да 950-годзьдзя Менску правяла выставу «Вокны Менску». На ёй паказалі карціны такіх беларускіх мастакоў, як Май Данцыг, Адам Глёбус, Георгі Іваноў і Валянціна Бартлава зь Віцебску. Для выставы карціны са сваіх збораў перадалі Андрэй Плясанаў, Яўген Ксяневіч, Максім Дорахаў, Юры Бокач, Міхаіл Шайко і Ігар Бархаткоў. Адмыслова да выставы свае карціны напісалі Жанна Марозава, Тацьцяна Ўруціна і Тацьцяна Турава. Свае творы прывезьлі Тацьцяна Козік з Полацку і Натальля Камінская са Смалявічаў, а таксама Марыя Тарлецкая[16]. Сярод іншых, у галерэі «Высокае месца» свае працы паказалі Зоя Літвінава, Сяргей Балянок і Рыгор Іваноў[17]. Таксама на выставе прысутнічалі творы такіх мастакоў, як Уладзімер Акулаў, Гаўрыла Вашчанка, Аляксандар Кішчанка, Уладзімер Стальмашонак, Сяргей Малішэўскі і Генадзь Хацкевіч. Свае фатаграфіі паказалі Георгі Ліхтаровіч, Валеры Вядрэнка і Ўладзіме Парфянок[18].

17 сакавіка 2018 году ў галерэі «Ўнівэрсытэт культуры» адчыніла выставу графікі і жывапісу «Паралельныя гісторыі» з творамі 5 беларускіх мастачак Марынай Канавалавай Натальлі Каржыцкай, Алы Кушнер, Юліі Нявейкі і Натальлі Шапавалавай[19]. У красавіку тамсама на Кастрычніцкай плошчы Менску зладзіла экспазыцыю «Форма часу»[20]. У сакавіку 2019 году ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры зрабіла выставу карцінаў 13-гадовага Максіма Лагуна «Вакол мяне»[21].

Ад 19 верасьня да 19 кастрычніка 2019 году ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Беларусі выступіла куратаркай выставы «Прастора ў скульптуры» з 35 працаў 25 беларускіх і замежных творцаў. Свае творы паказаі скульптар-станкавіст Аляксандар Шапо, скульптар Андрэй Вараб'ёў, мастак Ігар Адамовіч, тэкстыльніца Тацьцяна Козік, Дзяніс Кандрацьеў, Ганна Кліменка, Ігар Лявонцьеў і мастак Аляксандар Малей[22]. У траўні 2019 году Нацыянальны гістарычны музэй Беларусі адчыніў экспазыцыю «Беларуская Парыская школа», якую падрыхтавала Ларыса Фінкельштэйн[23]. 9 ліпеня ў Берасьцейскім абласным грамадзка-культурным цэнтры адчыніла выставу «Берасьце па-беларуску i па-француску». На ёй свае творы выставілі мясцовыя мастакі Ўладзіслаў Куфко, Аксана Гайдуковіч, Андрэй Герасіменка, Алеся і Антаніна Гуршчанковы, Аляксей Жарэла, Сяргей Касьцюк, Мікалай і Пётар Кузьмічы, Леанід Тарабука і Аляксандар Улыбін[24]. Ад 12 студзеня па 1 сакавіка 2021 году ў галерэі «Ракурс» НББ прайшла выстава «30 гадоў першай беларускай галерэі» да юбілею галерэі «Брама» Ларысы Фінкельштэйн. За гэты час каля 500 творцаў сталі ўдзельнікамі каля 300 выставаў, у тым ліку міжнародных[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вольга Антоненкава. «Мы выхоўваем генэратараў ідэй» // «Настаўніцкая газэта», 6 лютага 2021 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  2. ^ Ганна Ільляшэвіч. «Кветкавы рай» адкрыўся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 сакавіка 2014 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  3. ^ Вольга Мядзьведзь, тэлеканал «Беларусь 1». Сьвет адзначае 130 гадоў са дня нараджэньня Марка Шагала // Белтэлерадыёкампанія, 7 ліпеня 2017 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  4. ^ а б Выстава «30 гадоў першай беларускай галерэі» адкрылася ў НББ // БелТА, 13 студзеня 2021 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  5. ^ Яўгенія Шыцька. Моц непагаснага энтузіязму // Літаратура і мастацтва. — 21 студзеня 2022. — № 3 (5160). — С. 1, 12.
  6. ^ Эмануіл Ёфэ. «Іду на Пола» // Культура. — 6 лютага 2021. — № 6 (1497).
  7. ^ Ніна Мажэйка, тэлеканал «Беларусь 1». Выстава Роні Голдфінгер праходзіць у сталічнай галерэі «Дом карцін» // Белтэлерадыёкампанія, 4 чэрвеня 2017 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  8. ^ а б в Аляксей Хадыка. З сонечнай Італіі — у сьнежны Менск // Газэта «Новы час», 12 сьнежня 2016 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  9. ^ Юрась Барысевіч. Навіны 18 жніўня 2000 г. // Беларуская служба Радыё «Свабода», 18 жніўня 2000 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  10. ^ Разумны мэтал // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 23 кастрычніка 2014 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  11. ^ Мікола Чэмер. Кнігі і мэтал // «Настаўніцкая газэта», 27 кастрычніка 2014 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  12. ^ Вера Ланкоўская. Цуд з мэталалому // Літаратура і мастацтва : газэта. — 28 лістапада 2014. — № 47 (4796). — С. 16. — ISSN 0024-4686.
  13. ^ Пётра Васілеўскі. Згарманізаваць адценьні белага // Культура : газэта. — 7 сакавіка 2015. — № 10 (1188).
  14. ^ Ларыса Фінкельштэйн: «У дадзеным выпадку не мастак галоўны, а галоўнае - горад і як на яго паглядзелі розныя людзі» // Радыё «Культура», 26 студзеня 2017 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  15. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Першы міжнародны экспэрымэнтальны «пленэр на колах» падвёў вынікі // Белтэлерадыёкампанія, 7 лютага 2017 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  16. ^ Вікторыя Аскера. Расчыніць акно // Літаратура і мастацтва. — 15 верасьня 2017. — № 37 (4940). — С. 16.
  17. ^ Ірына Кацяловіч. Горад, за вокнамі якога неабсяжныя тысячы таямніц // Жырандоля. — 30 верасьня 2017. — № 37 (384).
  18. ^ Тацьцяна Козік. У «Высокім месцы» можна зазірнуць у «Вокны Менска» // Радыё «Рацыя», 4 верасьня 2017 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  19. ^ Мікола Чэмер. Пяць жанчын-мастакоў — пяць паралельных гісторый // «Настаўніцкая газэта», 17 сакавіка 2018 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  20. ^ Аляксей Хадыка. Куды завітаць на выходныя // Газэта «Новы час», 20 красавіка 2018 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  21. ^ ВС. «Я малюю ўсё, што ўнутры мяне і навокал» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 23 лютага 2019 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  22. ^ Выстаўка канструктыўнай скульптуры адкрылася ў Менску // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 верасьня 2019 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  23. ^ Аляксей Хадыка. Прамень сьвятла ў пандэмiчнай цемры // Газэта «Новы час», 4 траўня 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.
  24. ^ Аляксей Хадыка. Антывiруснае мастацтва ў Берасьці // Газэта «Новы час», 11 ліпеня 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]