Перайсьці да зьместу

Каранавірусная інфэкцыя (2019)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ковід-19»)
Выява віруса выяўленая з дапамогаю электроннага мікраскопа. Для добрага бачаньня вірус размалявалі жоўтым колерам.

Каранавірусная інфэкцыя — рэсьпіраторная інфэкцыя, якая выклікаецца каранавірусам.

Можа працякаць як лёгка, гэтак і цяжка. Ускладненьні могуць уключаць запаленьне лёгкіх, якое цягне за сабой востры рэсьпіраторны дыстрэс з рызыкай сьмерці[1]. На пачатку студзеня 2020 году ўрад Кітаю паведаміў Сусьветнай арганізацыі здароўя (Жэнэва, Швайцарыя) пра ўспышку запаленьня лёгкіх ва Ўхані (правінцыя Хубэй) ў выніку каранавіруса[2]. Інкубацыйны пэрыяд складаў да 14 дзён[3].

Папярэджаньне заражэньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заражэньне каранавірусам прадухіляюць рэгулярнае мыцьцё рук з мылам, адмова ад ужываньня недагатаванага мяса, нашэньне мэдычнай маскі ў грамадзкім месцы, пазьбяганьне застуджаных людзей і ўстрыманьне ад наведваньня людных месцаў[2]. Таксама карысна абеззаражваць адзеньне і жытло прынамсі 70%-ай рашчынай воцату або сьпірту, трымацца на адлегласьці звыш мэтра ад іншых людзей у грамадзкім месцы, пазьбягаць дотыку да твару або дакранацца праз аднаразовую сурвэтку і насіць пальчаткі[4]. У дадатак да нашэньня масак і рэсьпіратараў для прадухіленьня заражэньня лекары раілі прамываць нос фізыялягічным або мыльным растворам пасьля паходу на вуліцу. Таксама зьвярталася ўвага на карысьць прыёму вітамінных комплексаў, якія ўлучалі аскарбінавую кісьлю, вітамін Д і цынк[5].

Са сьнежня 2020 году зьявілася прышчэпка ад каронавірусу, якой да лютага 2021 году ахапілі 2% насельніцтва Зямлі[6]. Супрацьвірусны імунітэт захоўваўся 6—8 месяцаў і вызначаўся антыцеламі ды лімфацытамі, якія захоўваліся даўжэй[5]. На 13 красавіка 2021 году прышчапілі звыш 780 млн чалавек, якія складалі 10% насельніцтва Зямлі[7].

Для выяўленьня ДНК і антыгенаў каронавіруса бралі мазок з носа. Шляхам палімэразнай ланцуговай рэакцыі (ПЛР) вызначалі антыцелы да віруса, якія сьведчылі пра перахварэласьць або хваробу. Кампутарная тамаграфія лёгкіх праводзілася пры запаленьні іх злучальнай тканкі. Агульны аналіз крыві выкарыстоўвалі, каб выявіць ступеню павышэньня ліку лейкацытаў у пэрыфэрычнай крыві і нэўтрафільных лейкацытаў пры зьніжэньні ліку лімфацытаў. Біяхімічны аналіз крыві праводзілі, каб адсачыць зьмяненьне ліку С-рэактыўнага бялку, фэрыцыну і Д-дымэраў, як маркера трамбозу[5].

Мапа распаўсюджаньня пандэміі ў сьвеце

На 21 студзеня 2020 году налічвалася 222 пацьверджаных заражэньняў каранавірусам, у тым ліку 218 было ў Кітаі, 2 у Тайляндзе і па 1 у Паўднёвай Карэі і Японіі. Зь іх 4 выпадкі хваробы былі сьмяротнымі. У кітайскім Ухані (правінцыя Хубэй) сярод іншых захварэла 15 лекараў[2]. 30 студзеня 2020 году лік хворых дасягнуў каля 7700 чалавек у Кітаі і звыш 200 у іншых краінах. Ад хваробы загінула 170 чалавек[3].

11 сакавіка 2020 году Сусьветная арганізацыя здароўя (Швайцарыя) абвясьціла ўспышку каранавіруснай інфэкцыі пандэміяй. На 21 чэрвеня 2020 году лік заражаных перавысіў 8,9 млн чалавек, зь іх звыш 467 000 заражаных людзей памерлі (сьмяротнасьць 5,2%). Найбольш заражаных выявілі ў ЗША — звыш 2 млн (22%), Бразыліі — звыш 1 млн (11%) і Расеі — звыш 584 000 (7%)[8]. На 27 студзеня 2021 году лік заражаных перавысіў 100 млн чалавек, зь якіх звыш 2,1 млн памерлі. Найбольш захварэлых было ў: ЗША — звыш 25,8 млн, Індыі — звыш 10,6 млн і Бразыліі — звыш 8,8 млн[9].

27 лютага 2020 году першы выпадак заражэньня каранавірусам у краіне. Ім стаў падарожны зь Ірану. 1 сакавіка 2020 году МАЗ заявіла аб 4-ох хворых[10][11][12]. У Беларусі па стане на 4 сакавіка 2020 году захварэла 6 чалавекі[13][14][15]. На 7 красавіка 2020 году сярод 254 сьмерцяў ад запаленьня лёгкіх 13 (5%) прыпадала на выпадкі, выкліканыя каранавірусам[16].

На 21 чэрвеня 2020 году ў Беларусі правялі 861 703 выпрабаваньні на каранавірус цяжкага вострага рэсьпіраторнага сындрому-2 (9,2% насельніцтва Беларусі). Паводле Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, у ходзе выпрабаваньняў выявілі 58 505 заражаных (6,7%). Зь іх 37 666 чалавек ачуняла і 346 памерла (сьмяротнасьць 0,6%)[8]. На 27 студзеня 2021 году ў Беларусі ўзялі 4 399 367 пробаў на каронавірус (46,7% насельніцтва). Хваробу выявілі ў 241 133 чалавек (5,4% абсьледаваных). Зь іх 227 068 ачуняла і 1678 памерла (сьмяротнасьць 0,7%). У тым ліку за содні ачуняла 2143 чалавекі і 1651 захварэў[9]. 11 сакавіка 2021 году выявілі першыя выпадкі брытанскага штаму каронавіруснай інфэкцыі-2019. РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі пацьвердзіў яго наяўнасьць у некалькіх іншаземцаў з Польшчы, Украіны і Эгіпту пасьля поўнагеномнага сэквэнаваньня. Гэты штам зь лістапада 2020 году выявілі ў больш як 100 іншых краінах[17]. 25 сакавіка 2021 году менскі завод «Белмэдпрэпараты» пачаў выпуск прышчэпкі ад каронавірусу[18].

Лячэньне каронавіруснай інфэкцыі на даму дапускалася, калі: тленанасычанасьць крыві перавышала 95%, частасьць дыханьня складала менш за 20 рухаў за хвіліну, адсутнічала задышка істэроідныя супрацьзапаленчыя лекі дапамагалі зьбіць тэмпэратуру ніжэй за 39 градусаў. Да 5-га дня хваробы прымянялі «Рэмдэсівір» для прыглушэньня размнажэньня віруса. У якасьці гарачкапаніжальнага лека прапісвалі парацэтамол разам з частым піцьцём. У лякарнях для прадухіленьня залішняй вытворчасьці цытакінаў імуннай сыстэмай выкарыстоўвалі глюкакартыкастэроіды і тацылізумаб, а для папярэджаньня трамбозу крывяносных ссудзінаў — супрацьзгусальныя лекі. Цягам 1,5 месяцы пасьля ачуняньня прапісвалі лекі, які паніжаюць згусаньне крыві, каб прадухіліць тромбаўтварэньне[5].

Антыбіётыкі супраць вірусаў не выкарыстоўваюць[19]. Пры наяўнасьці запаленьня лёгкіх, дыхавіцы, крывіхарканьня, павышанага харканьня макроты, прыкмет гастраэнтэрыту або зьменах псыхічнага стану патрэбна лячэньне ў лякарні.

Заражэньне каронавірусам можа выяўляцца ў трох асноўных відах:

  • вострая рэсьпіраторная вірусная інфэкцыя лёгкага стану з наяўнасьцю сымптомаў прастуды;
  • частковае запаленьне лёгкіх без пагрозы для жыцьця;
  • поўнае (цяжкае) запаленьне лёгкіх з вострым рэсьпіраторным дыстрэс-сындромам і з пагрозаю для жыцьця.

Адзначалася 2-фазнасьць хваробы, калі першыя дні застуды зьмяняліся ўстойлівасьцю, пасьля чаго на 8—12-ы дзень тэмпэратура павышалася да 40°C і зьніжалася тленанасычанасьць крыві. Істотнай была доля хворых з паносам і скурным высыпам. У 80% хворых адзначалася інфэкцыя дыхальных шляхоў у выглядзе сухога кашлю, страты нюху, галаўнога болю, закладзенасьці носу, слабасьці і высокай тэмпэратуры. Астатнім патрабавалася шпіталізаваньне праз запаленьне злучальнай тканкі лёгкіх. Павышаная вытворчасьць цытакінаў імуннай сыстэмай выклікала ліхаманку і слабасьць, галаўны і цяглічны боль. Залішні сынтэз цытакінаў выклікаў цытакінавы шторм, які вёў да шматсыстэмнага запаленьня ўнутраных органаў, што пагражала жыцьцю. Пры гэтым адзначалася тэмпэратура звыш 39 градусаў і раптоўнае зьніжэньне згусальнасьці крыві, рэзкае нарастаньне С-рэактыўнага бялку і інтэрлейкіну 6. У іншым выпадку назіраўся трамбоз дробных крывяносных ссудзінаў, які пашкоджваў галаўны мозаг, лёгкія і ныркі ажно да шматсыстэмнага запаленьня ссудзінаў. Пры гэтым супрацьзгусальныя лекі ўзьдзейнічалі слабей. Каля 20% перахварэлых да 12 тыдняў (3-х месяцаў) зазнавалі пасьляінфэкцыйны сындром, які выяўляўся праз: скажэньне паху і смаку, страту нюху, боль у суставах і цягліцах, галаўны боль, цяжар за грудзінай, адчуваньне няпоўнага ўдыху, задышку і слабасьць. Часам адзначаліся праявы ссудзінаў і пухіры на скуры, выпадзеньне валасоў і зубоў. Зрэдку сустракаўся панос, бяссоньніца, спалох, арытмія, скачкі ціску, тахікардыя, страта памяці і падліхаманкавая тэмпэратура да 37,2 градуса. Акрамя лёгкіх, ад каронавіруснай інфэкцыі найчасьцей цярпелі: ныркі — у брулях зьяўляўся бялок, печань — павышаліся пячоначны фэрмэнты, скура — узьнікаў высып, ссудзіны галаўнога мозгу — здараліся бяссоньніца і панічныя атакі[5].

Параўнаньне з грыпам

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каранавірус і грып падобныя па клінічных праявах хваробы, заразы могуць працякаць:

  • ціха і лёгка
  • хвароба ў лёгкай або цяжкай форме, у тым ліку з рызыкай сьмерці.

Вірусы, якія выклікаюць абодва захворваньня, таксама перадаюцца падобным чынам:

  • кантактным шляхам,
  • паветрана-кропельным
  • праз прадметы або паверхні разам з мікробамі

Каранавірус і грып не перадаецца праз прадметы без удзелу мікробаў. Вірус сам па сабе ня можа існаваць, для яго захаваньня патрэбныя нозьбіты — мікробы, жывёлы, людзі, г. зн. жывыя істоты.

  1. ^ Каранавірус
  2. ^ а б в Прафіляктыка па недапушчэньні распаўсюджваньня каронавіруса // Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, 21 студзеня 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2020 г.
  3. ^ а б Аб мерах па папярэджаньні распаўсюджваньня каронавіруса // Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, 30 студзеня 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2020 г.
  4. ^ Зянон Пазьняк. Эпідэмія Covid-19. Нью-Ёрк, 6.ІV.2020 // Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ, 7 красавіка 2020 г. Архіўная копія ад 7 красавіка 2020 г. Праверана 12 красавіка 2020 г.
  5. ^ а б в г д Прафесар пра наступствы COVID-19, эфектыўныя лякарствы і чаканне трэцяй хвалі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 24 лютага 2021 г. Праверана 28 красавіка 2021 г.
  6. ^ Кожны 50-ы жыхар Зямлі ўжо вакцынаваны ад каронавіруса // БелТА, 12 лютага 2021 г. Праверана 19 лютага 2021 г.
  7. ^ Колькасьць заражэньняў каронавірусам у сьвеце расьце сёмы тыдзень запар // Газэта «Зьвязда», 13 красавіка 2021 г. Праверана 13 красавіка 2021 г.
  8. ^ а б У Беларусі — 58 505 выпадкаў захворваньня на каранавірусную інфэкцыю. Выздаравелі 37 666 чалавек // Газэта «Зьвязда», 21 чэрвеня 2020 г. Праверана 22 чэрвеня 2020 г.
  9. ^ а б У Беларусі за суткі — 1651 выпадак захворваньня на кавін-19, выздаравелі 2143 чалавекі // Газэта «Зьвязда», 27 студзеня 2021 г. Праверана 28 студзеня 2021 г.
  10. ^ Чацвёрты выпадак каранавіруса пацверджаны ў Беларусі
  11. ^ МІНЗДАРОЎЯ АБ ТЕСЦІРВАННІ НА КАРОНАВІРУС
  12. ^ Міністэрства аховы здароўя: У беларускі з Віцебска адзін з тэстаў на каранавірус даў станоўчы вынік
  13. ^ У Беларусі з-за сітуацыі з каранавірусам узята пад назіранне 14,5 тыс. чалавек
  14. ^ Каранік: Лабараторна пацверджаныя выпадкі каранавіруса адносяцца да кантактаў першага ўзроўню
  15. ^ Міністэрства аховы здароўя: У беларускі з Віцебска адзін з тэстаў на каранавірус даў станоўчы вынік
  16. ^ Уладзімер Мацьвееў. Лукашэнка: агульная сьмяротнасьць у Беларусі за І квартал зьнізілася на 4 працэнты, ад пнеўманій - на 9 працэнтаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 7 красавіка 2020 г. Праверана 8 красавіка 2020 г.
  17. ^ У Беларусі выяўлена некалькі першых выпадкаў інфікавання «брытанскім» штамам COVID-19 // Газэта «Зьвязда», 11 сакавіка 2021 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  18. ^ «Белмэдпрэпараты» пачалі прамысловы выпуск расейскай вакцыны супраць каронавіруса // БелТА, 25 сакавіка 2021 г. Праверана 25 сакавіка 2021 г.
  19. ^ «Маскі — не глупства»: эпідэміёлаг аб тым, як можа перадавацца каронавірус

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]