Перайсьці да зьместу

Ухань

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ухань
Краіна: Кітай
Кіраўнік: Cheng Yongwen[d]
Плошча:
  • 8569,15 км²
Вышыня: 37 м н. у. м.
Насельніцтва:
Тэлефонны код: 027
Паштовы індэкс: 430000
Нумарны знак: 鄂A
Геаграфічныя каардынаты: 30°35′14″ пн. ш. 114°17′17″ у. д. / 30.58722° пн. ш. 114.28806° у. д. / 30.58722; 114.28806Каардынаты: 30°35′14″ пн. ш. 114°17′17″ у. д. / 30.58722° пн. ш. 114.28806° у. д. / 30.58722; 114.28806
Ухань на мапе Кітаю
Ухань
Ухань
Ухань
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.wuhan.gov.cn

Уха́нь[2] (па-кітайску: 武汉/武漢) — адміністрацыйны цэнтар правінцыі Хубэй, самы населены горад цэнтральнага Кітаю. Разьмешчаны на месцы зьліцьця рэк Янцзы і Ханьшуй. Насельніцтва каля 9,7 млн чалавек (2007), гэта восьмы паводле колькасьці насельніцтва горад КНР.

Тэрыторыя мэтраполіі складаецца з трох частак — Учан (武昌, Wuchang), Ханькоў (汉口, Hankou) і Ханьян (汉阳, Hanyang), якія разам называюцца «Тры гарады Ўханю». Тры часткі знаходзяцца па розных берагах рэк, цэнтар гораду — на раўніне, паўднёвая частка гораду — на ўзвышэньні. Горад акружаны азёрамі і балотамі па лініі старога рэчышча Янцзы.

Тэрыторыя заселеная людзьмі больш за 3000 гадоў таму. Падчас дынастыі Хань Ханьян горад стаў значным портам. У III стагодзьдзі былі пабудаваныя муры для абароны Ханьяну і Ўчаня. Гэтая падзея і лічыцца часам заснаваньня Ўханя. Доўгі час горад славіўся як цэнтар мастацтваў (асабліва паэзіі) і навук.

У XIX стагодзьдзі горад з поўначы на поўдзень працяла чыгунка, і ён стаў важным пунктам перагрузкі грузаў паміж чыгуначным і рачным транспартам.

Мапа Ўханю, намаляваная японцамі ў 1930 годзе.

У 1911 годзе прыхільнікі Сунь Ятсэну арганізавалі Ўчанскае паўстаньне, якое прывяло да падзеньня дынастыі Цын і ўсталяваньня ў Кітаі рэспублікі. У 1920-я гады Ўхань быў сталіцай левага ўраду Гаміньдан, які знаходзіўся ў апазыцыі да Чан Кайшы. Падчас паводкі ў Кітаі ў 1931 годзе, адной з самых сьмяротных у сусьветнай гісторыі, Ухань спачатку стаў прытулкам для ахвяраў паводкі з аддаленых раёнаў, якія пачалі прыязджаць у горад з канца вясны. Але калі сам горад быў затоплены ў пачатку лета, і пасьля катастрафічнага прарыву дамбы раніцаю 27 ліпеня[3], паводле ацэнак, блізу 780 тысяч чалавек засталіся без жытла. Паводка ахапіла вялікую плошчу, а горад быў затоплены вадою цягам амаль трох месяцаў[4]. Празь недахоп ежы і санітарныя цяжкасьці тысячы людзей неўзабаве пачалі паміраць ад хваробаў[5].

За часам Другой кітайска-японскай вайны і пасьля страты кітайцамі Нанкіна ў сьнежні 1937 году Ўхань стаў часовай сталіцай урада Гаміньдана ў Кітаі, а з пачатку 1938 году — яшчэ адным цэнтрам жорсткіх паветраных бітваў паміж сучаснымі манаплянамі-бамбардавікамі і зьнішчальнікамі Імпэратарскіх японскіх войскаў і кітайскімі ВПС, у якіх брала ўдзел савецкая добраахвотніцкая група як самалётамі, гэтак і асабістым складам, паколькі вайсковая падтрымка ЗША зьмяншалася. Цягам году лінія фронту набліжалася да гораду, кульмінацыяй гэтага стала бітва пры Ўхані. Пасьля таго, як Ухань быў узяты японцамі ў канцы 1938 году, ён стаў буйным японскім лягістычным цэнтрам дзеля апэрацыяў на поўдні Кітаю[6]. 18 сьнежня 1944 году ў выніку заплянаванага стратэгічнага кроку і ў якасьці помсты за катаваньні і пакараньне сьмерцю трох захопленых амэрыканскіх пілётаў японскімі жаўнерамі ў горадзе, Ухань бамбаваўся 77-ю амэрыканскімі бамбардавікамі з ухвалы Чан Кайшы. Цягам наступных трох дзён горад працягвалі бамбіць, у выніку чаго былі зьнішчаныя ўсе докі і склады Ўханю, а таксама японскія авіябазы ў горадзе. У выніку паветраных налётаў таксама загінулі тысячы кітайскіх мірных жыхароў[7]. У верасьні 1945 году Ўхань вярнуўся пад кантроль Кітаю.

Вежа Жоўтага жураўля.

На позьніх этапах Грамадзянскай вайны ў Кітаі генэрал Бай Чунсі імкнуўся да мірнага ўрэгуляваньня, прапаноўваючы Камуністычнай партыі кіраваць паўночным Кітаем, а нацыяналістычнаму ўраду захаваць паўднёвы Кітай. Гэтая прапанова была адхіленая, і 15 траўня 1949 году Бай і ягоны гарнізон адступілі з гораду. Войскі Народна-вызваленчай арміі ўвайшлі ў Ухань у другой палове дня ў панядзелак 16 траўня 1949 году[8]. У 1967 годзе ва Ўхані падчас культурнай рэвалюцыі адбыліся масавыя хваляваньні. Пры іх падаўленьні (разгром мясцовых партыйных органаў, арганізацыяў хунвэйбінаў і цзяофаняў) упершыню была выкарыстана войска для задушэньня актыўнасьці народных мас і наступнай ліквідацыі хунвэйбінаў у 1969 годзе.

Горад пацярпеў ад разбуральных паводак, якія цяпер мусілі кантралявацца праектам Тры цясьніны, пабудаваным у 2008 годзе[9]. Зімовыя штормы 2008 году ў Кітаі пашкодзілі абсталяваньне водазабесьпячэньня, у выніку чаго да 100 тысяч чалавек засталіся без вады. Горад пакутваў на буйныя паводкі ў 2010 і 2011 гадах, пры гэтым у 2011 годзе часткі места засталіся без электрычнасьці[10].

Напрыканцы 2019 году ў горадзе пачалася эпідэмія каранавірусу 2019-nCoV, якая прывяла да шматлікіх сьмерцяў. З 22 студзеня горад быў ізаляваны войскам і спэцслужбамі: не працуе чыгунка, скасаваныя авіярэйсы, перакрытыя дарогі.

ВУП гораду складае 396 млрд юаняў. Гэта істотны эканамічны, гандлёвы, фінансавы, транспартны, тэхналягічны і адукацыйны горад Цэнтральнага Кітаю.

Найважнейшыя галіны прамысловасьці: зборка аўтамабіляў, оптыка, электроніка, фармацэўтыка, біяінжынэрыя, вытворчасьць новых матэрыялаў, мэталюргія.

У горадзе знаходзяцца 35 вышэйшых навучальных устаноў, мноства тэхналягічных зон і інавацыйных інкубатараў. Па сукупным узроўні разьвіцьця навукі і тэхналёгіі Ўхань займае трэцяе месца ў Кітаі[11].

Міжнародны аэрапорт(en), чацьверты паводле значнасьці ў краіне пасьля пэкінскага, шанхайскага і гуанчжоўскага.

Дзьве чыгуначныя станцыі, вядзецца будаўніцтва цэнтральнага вакзалу гораду. У сьнежні 2009 году адкрыта другая ў Кітаі лінія хуткаснага цягніка (на момант адкрыцьця — самага хуткага ў сьвеце: 394 км/г, на 100 км/г хутчэй за любы іншы хуткасны цягнік), якая зьвязала Ўхань і Гуанчжоў. Лінію плянуюць працягнуць да Пэкіну.

  1. ^ 国务院第七次全国人口普查领导小组办公室 中国人口普查分县资料—2020 (кіт.)北京市: 中国统计出版社, 2022. — 983 с. — ISBN 978-7-5037-9772-9
  2. ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3 — табліца «Адміністрацыйны падзел Кітая»
  3. ^ Graves 1982. С. 270.
  4. ^ Graves 1982. С. 269—270.
  5. ^ Courtney, Chris (2018). «The Nature of Disaster in China: The 1931 Yangzi River Flood». Cambridge University Press. — ISBN 978-1-108-41777-8.
  6. ^ «The US Firebombing of Wuhan, Part 1». China in WW2.
  7. ^ Fenby, Jonathan (2004). «Chiang Kai-Shek China’s Generalissimo and the Nation He Lost». New York: Carroll & Graf. — С. 447.
  8. ^ Hu, Puchen (胡甫臣) (1981). 武汉地下斗争回忆录. Hubei People’s Press. — С. 383. 统 – 书号 11106·136. 共军于下午二时初刻自两端入城.
  9. ^ «三峡工程的防洪作用将提前两年实现-经济-人民网». People’s Daily.
  10. ^ «Heavy rainfall hits Wuhan, causing waterlogging and power interruption». Xinhua.
  11. ^ The Thoroughfare to Nine Provinces--Wuhan City

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]