Перайсьці да зьместу

Поліяміеліт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Поліяміэліт»)
Чалавек з атрафаванай праз поліяміеліт нагой.

По́ліяміелі́т (стар.-грэц. πολιός + µυελός — шэры + сьпінны мозаг) — паралюш сьпіннога мозга ў выніку заражэньня яго шэрага рэчыва поліявірусам. Заражэньне адбываецца праз страўнікава-кішачны тракт і праз дыханьне ад іншага хворага чалавека-вірусаносьбіта. Вірус размнажаецца ў лімфатычным глотачным кольцы і рэгіянарных ліфматычных вузлах, пранікае ў кроў. Пашыраны сярод дзяцей, таму для папярэджаньня хваробы дзецям робяць прышчэпку[1].

У 1950-х гадах вацыну супраць поліяміеліту распрацаваў ураджэнец Беластоку Альбэрт Сабін. У 1957 годзе яго проціполіяміелітная пераральная (прымаецца ўнутр) вакцына пасьпяхова прайшла выпрабаваньні ў Чылі, Нідэрляндах, Японіі, Мэксыцы, СССР і Швэцыі. Праз тры гады сродак атрымаў дазвол на распаўсюд у ЗША[2]. У 2002 г. хваробу перасталі выяўляць у Эўропе[3]. На 2010 г. у 10% выпадкаў хвароба мела сьмяротны зыход, у 40% прыводзіла да інваліднасьці. Штогод хваробу працягвалі выяўляць 3 краінах Азіі (Аўганістан, Індыя і Пакістан) і 1-й краіне Афрыкі (Нігерыя). У 2010 г. адтуль захворваньне трапляла ў 6 краінаў Афрыкі (Лібэрыя, Малі, Маўрытанія, Сьера-Леонэ, Сэнэгал і Чад) і 2 краіны Азіі (Нэпал і Таджыкістан)[4]. На 2012 г. выпадкі хваробы перасталі выяўляць у большасьці краінаў сьвету[3].

Хвароба прадухіляецца адпаведнай прышчэпкай, якая ў Беларусі робіцца ў 3, 4 і 5 месяцаў, у 1,5 і 2 гады ды ў 7 гадоў. Таксама варта мыць рукі перад ежай, пазьбягаць харчаваньня бруднай садавінай і купаньня ў бруднай вадзе. Арэхі, зяленіва і сухафрукты варта абліваць кіпенем, бо ўзбуджальнік гіне пры награваньні, але захоўваецца пры высушваньні і замарозцы[4].

Дасьледаваньнем хваробы ў Беларусі займаліся Восіп Протас і Эсфіра Фэльдман. Пры канцы 1990-х гадоў адзначаецца зьнікненьне выпадкаў хваробы[1]. 21 чэрвеня 2002 г. Сусьветная арганізацыя здароўя надала ўраду Беларусі пасьведчаньне аб адсутнасьці ў краіне мясцовага поліявірусу[1].

  1. ^ а б в г Анатоль Астапаў. Поліяміеліт // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12. — С. 80. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
  2. ^ Кастусь Лашкевіч. Тутэйшыя ў сьвеце. Альбэрт Сабін // Tut.by, 22 студзеня 2009 г. Праверана 21 лютага 2016 г.
  3. ^ а б Сьвятлана Барысенка. Прышчэпка ад гепатыту В — небясьпечная? // Зьвязда : газэта. — 24 студзеня 2012. — № 14 (27129). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ а б Вольга Шаўко. Дзікі вірус поліяміеліту мяжу Беларусі пакуль не перайшоў // Зьвязда : газэта. — 22 чэрвеня 2010. — № 119 (26727). — С. 5. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Поліяміелітсховішча мультымэдыйных матэрыялаў