Жызэль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Жызэль
франц. Giselle, ou les Wilis
Л.Пэтыпа і К.Грызі на нотнай вокладцы «Улюбёны вальс Жызэлі» (1841 г.)
Л.Пэтыпа і К.Грызі на нотнай вокладцы «Улюбёны вальс Жызэлі» (1841 г.)
ЖанрБалет
ПаводлеПаэма «Прывіды» (1829 г., Віктор Юго), кніга «Аб Нямеччыне» (1835 г., Гайнрых Гайнэ)
АўтарыЖуль-Анры Вэрнуа дэ Сэн-Жорж(fr), Тэафіль Гат’е
Мастак-пастаноўнікП'ер Сісэры(fr)
КампазытарАдольф Адан(be)
ХарэографЖан Каралі(fr), Жуль Пэро(fr)
АкторыЛюсьян Пэтыпа(fr), Карлёта Грызі(it)
Працягласьць2 гадзіны і 10 хвілінаў[1]
КраінаФранцыя
Мовафранцуская
Год прэм’еры28 чэрвеня 1841 (177 гадоў таму)

«Жызэль, або Вілы» (ням. Geisel — закладніца) — францускі балет 1841 году ў 2 дзеях аб заляцаньні заручонага сылескага князя Альбэрта да сялянкі ў Турынгіі. 28 чэрвеня 1841 г. у парыскім тэатры Каралеўскай акадэміі музыкі адбылася прэм’ера балета на музыку Адольфа Адана. Да канца году адбылося 26 паказаў, у тым ліку ў Вялікім тэатры Бардо (Францыя). За 18 гадоў балет вытрымаў 150 паказаў. У 1842 г. адбыліся першыя паказы ў Марсэлі і 4 сталіцах Эўропы: Турын (Сардынскае каралеўства; цяпер Італія), Лёндан (Вялікабрытанія), Брусэль (Бэльгія), Вена (Аўстрыйская імпэрыя) і Пецярбург (Расейская імпэрыя). 12 сакавіка 1842 г. прэм’ера балета адбылася ў ангельскім Тэатры яе вялікасьці (Ўэстмінстэр, графства Мідлсэкс; цяпер Вялікі Лёндан). 18 сьнежня 1842 г. — у Вялікім тэатры ў Пецярбургу (Расейская імпэрыя). Цягам 1843 г. прэм’ера прайшла ў Ліёне (Францыя), Міляне (Лямбарда-Вэнэцыянскае каралеўства, Аўстрыйская імпэрыя; цяпер Італія) і Вэнэцыі, Бэрліне (Каралеўства Прусія; цяпер Нямеччына) і Маскве (Расейская імпэрыя). 17 студзеня 1843 г. адбыўся першы паказ у мілянскім тэатры «Ля Скаля». 25 лістапада 1843 г. — у Вялікім тэатры ў Маскве. У 1844 г. паказы прайшлі ў Гаазе (Нідэрлянды), Флярэнцыі (Вялікае княства Тасканскае; цяпер Італія) і Генуі (Сардынскае каралеўства; цяпер Італія). За 1845 г. прэм’ера адбылася ў Стакгольме (Швэцыя), Рыме (Папская вобласьць), Дубліне (Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Ірляндыі; цяпер Ірляндыя) і Лісабоне (Партугалія). У 1846 г. прайшлі паказы ў 4 гарадах ЗША: Бостан (штат Масачусэтс), Філадэлфія (штат Пэнсыльванія), Чарлзтан (штат Заходняя Вірджынія) і Нью-Ёрк. 1 студзеня 1846 г. паказ адбыўся ў бостанскім тэатры «Говардзкі атэнэюм». 13 красавіка 1846 г. — у Паркавым тэатры ў Нью-Ёрку. У 1847 г. прэм’ера адбылася ў Каралеўскім тэатры Даніі (Капэнгагэн) і Вялікім тэатры ў Варшаве (Царства Польскае, Расейская імпэрыя; цяпер Польшча). Паказ у Варшаве прайшоў 20 студзеня. У 1953 г. Дзяржаўны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі ўпершыню паставіў балет «Жызэль, або Вілы» ў Менску[2].

Дэкарацыі 1-й дзеі балета «Жызэль, або Вілы» ў Опэры Парыжа (1949 г., Аляксандар Бэнуа)

Дзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вацлаў Ніжынскі ў ролі Альбэрта (1910 г.)

Першая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малады сылескі князь Альбэрт пераапранаецца ў кашулю вяскоўца ў сельскай хаце ў Турынгіі. Затым Альбэрт знаёміцца зь сялянкай Жызэляй пад выглядам юнака Люа з суседняй вёскі. Лясьнік знаходзіць шпагу з гербам у хаце, дзе Альбэрт пераапранаўся. Курляндзкі князь прыяжджае з дачкой Батыльдай у вёску пасьля паляваньня. Заручоная з Альбэртам нявеста Батыльда дорыць Жызэлі свае каралі. На сялянскім сьвяце лясьнік паказвае Альбэрту знойдзеную шпагу і трубіць у рог. Перад Альбэртам паўстае яго нявеста Батыльда. Жызэль траціць розум і памірае пад уражаньнем ад падману Альбэрта.

Другая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апоўначы лясьнік прыходзіць на магілу Жызэлі. Тры вілы(pl) Мірта, Зюльма і Муана падымаюцца з магілаў побач. Лясьнік адразу кідаецца на ўцёкі. Валадарка вілаў Мірта выклікае з магілы прывід Жызэлі, якую робіць вілай. Альбэрт раскайваецца ў падмане на магіле Жызэлі. Тым часам вілы наганяюць лясьніка, якога кідаюць у возера. Жызэль просіць вілаў адпусьціць Альбэрта. На досьвітку вілы зьнікаюць разам з Жызэляй[1].

Ролі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

К.Грызі ў ролі Жызэлі ў 1-й дзеі балета (1842 г.)

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1953 г. Дзяржаўны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі ўпершыню паставіў балет «Жызэль, або Вілы» ў Менску. За часам Беларускай ССР ролю Жызэлі выконвалі Людміла Беразоўская(be), Тацяна Ягорава, Нані Дадзішкіліяні і Інэса Душкевіч[2]. У 1987 г. балетмайстарка Ірына Калпакова(ru) ўзнавіла на памостках Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі 4-ю па ліку пастаноўку балету «Жызэль», якая працягвала ставіцца цягам 25 гадоў да сакавіка 2012 году[3].

22 кастрычніка 1998 г. балетмайстарка Ніна Дзьячэнка ўпершыню паставіла балет «Жызэль» на памостках Дзяржаўнага тэатру музычнай камэдыі Беларусі (цяпер БДАМТ) ў Менску. 14 ліпеня 2010 г. Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатар (БДАМТ) зрабіў прэм’еру спэктакля ў Горадні. Цана квітка склала 25 000 рублёў[4] ($8,35). На 2016 г. у пастаноўцы працягвалі ўдзельнічаць дырыгент Мікалай Макарэвіч і мастачка Вольга Жалонкіна. Ролі выконвалі: Уладзіслаў Жураў (Альбэрт), Рырыка Іта (Жызэль), Цімафей Вайткевіч (лясьнік), Уладзімер Крупскі (князь Курляндыі), Вольга Яновіч (Батыльда), Вольга Сярко (Бэрта), Сяргей Глух (Ўільфрыд), Тацяна Ермалаева (Мірта), Ірына Вайтэкунас (Зюльма) і Віялета Герасімовіч (Муана).

13 сьнежня 2011 г. у Магілёве адчынілі філіял Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі. Пастаноўкай адкрыцьця на памостках Магілёўскага абласнога палаца культуры стаўся балет «Жызэль», квіткі на які каштавалі 50 000 рублёў[5] ($5,93). 30 сакавіка 2012 г. балетмайстар Мікіта Далгушын(ru) (1938—2012) прадставіў на памостках Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі прэм’еру 5-й пастаноўкі «Жызэль, або Вілы». У пастаноўцы таксама ўдзельнічалі дырыгент Мікалай Калядка і мастак Вячаслаў Окунеў[1]. У балет вярнулі пантаміму першай парыскай пастаноўкі. Касьцюмы аднавілі паводле гравюраў аднаго зь першых спэктакляў. На 2 вядучыя ролі ўвялі 6 складаў актораў. Партыю Альбэрта таньчылі Антон Краўчанка, Ігар Артамонаў, Алег Яромкін, Аляксандар Бутрымовіч, Канстанцін Кузьняцоў і Ігар Аношка. У ролі Жызэлі выступалі Вольга Гайко, Людміла Кудраўцава, Ірына Яромкіна, Ганна Фокіна, Кацярына Алейнік і Марына Вежнавец. Ролю лесьніка выконвалі Дзяніс Клімук, Антон Краўчанка, Іван Савянкоў і Ягор Азаркевіч[2]. З 28 лістапада па 6 сьнежня 2015 г. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі зладзіў гастрольныя паказы балету «Жызэль» у 5 гарадах Гішпаніі: Мурсія, Алікантэ (аўт.суп. Валенсія), Памплёна (аўт.суп. Навара), Лягроньнё (аўт.суп. Рыёха) і Тэраса (аўт.суп. Каталёнія)[6]. 26 верасьня 2016 г. прэм’ера балета «Жызэль» адбылася ў Віцебску на памостках Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа[7].

Экранізацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Жызэль, або Вілы» (1956) — відэазапіс балета трупы Вялікага тэатра Масквы падчас гастроляў у Лёндане (Ангельшчына). Ролю Жызэлі выконвала Галіна Ўланава (1910—1998).
  • «Жызэль» (1969) — фільм амэрыканскага рэжысэра Х’юга Ніблінга (1931—2016) паводле пастаноўкі балетмайстра Дэвіда Блэра ў Амэрыканскім тэатры балету (Нью-Ёрк).
  • «Жызэль» (1974) — экранізацыя балета Вялікага тэатра Масквы паводле пастаноўкі балетмайстра Леаніда Лаўроўскага (1905—1967).
  • «Жызэль» (1982) — фільм швэдзкага рэжысэра Матса Эка (нар. 1945).

Славутыя выканаўцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ганна Паўлава ў ролі Жызэлі

Ролю Жызэлі выконвалі: расейкі Ганна Паўлава (1881—1931), Тамара Карсавіна (1885—1978), Вольга Сьпясіўцава (1895—1991) і Натальля Макарава (нар. 1940); ангелькі Алісія Маркава (1910—2004) і Марго Фантэйн (1919—1991), кубінка Алісія Алёнса (нар. 1921), полька Вольга Савіцкая (1932—2015) і італьянка Карля Фрачы (нар. 1936).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Жызэль, або Вілы // Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі, 2016 г. Праверана 4 лістапада 2016 г.
  2. ^ а б в Ларыса Цімошык. Танец са сьмерцю // Жырандоля. — 7 красавіка 2012. — № 12 (141). — С. 6.
  3. ^ Даніла Арцімовіч. Мяняем «Жызэль» на «Жызэль» // Мастацтва : часопіс. — Чэрвень 2012. — № 6 (351). — ISSN 0208-2551.
  4. ^ Кацярына Стасевіч. Балет «Жызэль» упершыню ў Горадні // Інтэрнэт-газэта «Твой стыль», 13 ліпеня 2010 г. Праверана 4 лістапада 2016 г.
  5. ^ Дзяніс Васількоў. Філіял Вялікага тэатра опэры і балета адкрыўся ў Магілёве пастаноўкай «Жызэль» // БелаПАН, 14 сьнежня 2011 г. Праверана 4 лістапада 2016 г.
  6. ^ Балет «Жызэль» Вялікі тэатр Беларусі пакажа ў пяці гішпанскіх гарадах // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 30 лістапада 2016 г. Архіўная копія ад 29 лістапада 2016 г. Праверана 4 лістапада 2016 г.
  7. ^ Жызэль // Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа, 2016 г. Праверана 4 лістапада 2016 г.

Вонкавыя крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]