Хата
Ха́та — жылая, пераважна зрубная пабудова.
Хата ў Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Верагодна першай формай драўлянага жытла на Беларусі стаў просты курэнь. Далей атрымаў распаўсюджаньне аднакамэрны дом зрубнай канструкцыі. Са зьяўленьнем сенцаў пляніроўка хаты ўскладнілася: узьнікла двухкамэрнае і трохкамэрнае жытло. Апошнія тыпы былі найбольш распаўсюджанай формай жыльля беларусаў на працягу сярэднявечча і Новага часу.
Як тып жыльля гістарычна разьвілася зь зямлянкі (паўзямлянкі). На асаблівасьці плянаў і канструкцый уплываюць сацыяльна-эканамічныя і прыродна-кліматычныя ўмовы, будаўнічыя матэрыялы пэўных рэгіёнаў. Беларуская хата вызначаецца дасканаласьцю апрацоўкі будаўнічых матэрыялаў, пра- парцыянальнасьцю формаў, выразнасьцю кампанентаў, дэкаратыўным аздабленьнем. Функцыянальныя, канструкцыйныя і дэкаратыўныя элемэнты хаты (франтоны, ліштвы, вільчыкі, дымнікі, падзоры і інш.) часта ўпрыгожаны архітэктурнай разьбой. Важны элемэнт дэкору хаты — мастацкая шалёўка: пэўным нахілам дошак ствараюцца разнастайныя ўзоры (квадраты, ромбы, трохвугольнікі і інш.).
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На Беларусі з 1-2 ст. вядома 1-камэрнае жытло зь печчу бяз коміна (курная хата) і вузкімі акенцамі з засаўкамі. З 16 ст. існавалі таксама 2 і 3-камэрныя хаты (хата+сенцы+хата) (хата+сенцы+гаспадарчая пабудова — клець, варыўня). З 19 ст. пераважала т. зв. белая хата, якая мае печ з комінам. Будавалі хаты найчасьцей з хвоі і елкі. Хата на падмурку пашырана з 19 ст. Крылі хаты саломаю, чаротам, дранкай, гонтай, чарапіцай, з 20 ст. выкарыстоўваюць бляху. Да канца 19 ст. быў пашыраны тып падлогі земляны і глінабітны, які зьмяніла дашчаная падлога на лагах.
Інтэр’ер
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інтэр’ер традыцыйнай хаты строга рэглямэнтаваны. У куце каля дзьвярэй стаяла печ, вусьцем да прыпечнага акна, побач быў т. зв. бабін кут. Па дыяганалі ад печы знаходзілася покуць — пачэснае месца ў хаце, там стаялі стол, нерухомыя лавы пры сьценах, услон. Ад печы ўздоўж глухой сьцяны разьмяшчаліся палаці. На сьцяне каля дзьвярэй мацавалася паліца, дзе трымалі посуд і іншае начыньне. Інтэр’ер хаты паступова дапаўняўся інш. мэбляй. Удасканальвалася ўнутраная прастора хаты: некапітальнымі перагародкамі выдзялялі кухню, спальню, сьвятліцу. Знадворку перад уваходам пачалі прыбудоўваць ганак і веранду.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Магілеўчык В. Санітарна-гігіенічныя ўмовы хаты і двара беларускага сялянства. / С. Плаўнік // Наш Край : штомесячнік Цэнтральнага Бюро Краязнаўства пры Інстытуце Беларускай Культуры. — Менск: чэрвень—ліпень 1926. — № 6—7 (9—10). — С. 3—20.
- Беларусы / Рэдкал.: Бандарчык В. К., Лакотка А. І., Пiлiпенка М. Ф.. — Менск: Тэхналогія, 1997. — Т. 2: Дойлідства. — С. 242—291. — 391 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6234-28-Х
- Якімовіч, Ю. А. Драўлянае дойлідства беларускага Палесся. Мн., 1978.
- Харузин, Алексей. Славянское жилище в Сѣверо-Западномъ краѣ. Изъ матеріаловъ по исторіи развтія славянскихъ жилищъ. — Вильна: Типо-Литографія «Н. Мацъ и К°», 1907. — 342 с.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |