Горад фэдэральнага значэньня
Горад фэдэральнага значэньня ў Расеі — тып суб’екта Расейскай Фэдэрацыі, які мае асаблівую арганізацыю мясцовага самакіраваньня. З 85 суб’ектаў 3 зьяўляюцца гарадамі фэдэральнага значэньня: Масква, Санкт-Пецярбург і Севастопаль. Акрамя таго, на час арэнды Расеяй комплексу касмадрому «Байканур» і гораду рэспубліканскага значэньня Рэспублікі Казахстан Байканур у зносінах з Расейскай Фэдэрацыяй надаецца статус, адпаведны гораду фэдэральнага значэньня Расейскай Фэдэрацыі. Пры гэтым Байканур не зьяўляецца суб’ектам Расейскай Фэдэрацыі. Органы яго выканаўчай і заканадаўчай улады не прадстаўленыя ў Савет Фэдэрацыі Расеі.
Горад фэдэральнага значэньня складаецца з унутрыгарадзкіх муніцыпальных утварэньняў (у Маскве такіх утварэньняў 125, у Санкт-Пецярбурзе — 111), самі гарады муніцыпальнымі ўтварэньнямі не зьяўляюцца. У мэтах захаваньня адзінства гарадзкой гаспадаркі частка паўнамоцтваў, нададзеных законам органам мясцовага самакіраваньня, захоўваецца за органамі дзяржаўнай улады суб’екту фэдэрацыі.
У лютым-сакавіку 2014 году ў сувязі з захопам мясцовае ўлады ў месьце рэспубліканскага падпарадкаваньня Ўкраіны Севастопаль быў ініцыяваны незаконны паводле заканадаўства краіны рэфэрэндум аб пытаньні пераходу гораду ў склад Расеі (гл. крымскі крызіс), на якім, паводле сьцьвярджэньняў самаабвешчаных палітычных структураў места, падтрымку атрымаў варыянт, што прадугледжваў уваходжаньне ў склад Расеі. 18 сакавіка кіраўніцтва Расеі ўхваліла прашэньне фармальна незалежнай і таксама самаабвешчанай Рэспублікі Крым (у складзе Севастопалю ды рэшты навакольнай Аўтаномнай Рэспублікі Крым) аб уваходжаньні ў склад Расеі, дзе тэрыторыя гораду стала разглядацца як места фэдэральнага значэньня з захаваньнем межаў гораду рэспубліканскага падпарадкаваньня Севастопаль. З прававога пункту гледжаньня фармальна горад захоўваецца ў складзе Ўкраіны з прычыны таго, што фактычны пераход гораду пад кантроль Расеі адбыўся ў супярэчнасьці з заканадаўствам Украіны і міжнароднымі пагадненьнямі (гл. расейская інтэрвэнцыя ва Ўкраіну).