Загадка
Зага́дка — фальклёрная мініятура, якая ў форме пытаньня падае іншасказальнае вобразнае апісаньне пэўных прадметаў ці зьяваў. Іншасказальнасьць у загадцы звычайна ствараецца з дапамогай розных тропаў: мэтафараў, увасабленьняў, мэтанімій, алегорый, параўнаньняў і інш. (Поўна бочачка віна, нідзе дзірачкі няма. — Яйка; Кругленькае, чорненькае, да неба дакінеш. — Вока). Загадкі разьвіваюць назіральнасьць, лягічнае мысьленьне, вобразнае ўяўленьне, кемлівасьць чалавека, вучаць яго разумець паэтычнае іншасказаньне. Як слушна падкрэсьлівае аўтар кнігі «Паэтыка беларускіх загадак» Н. Гілевіч, загадка «ёсьць паэтычны вобраз, можна сказаць — паэзія ў «чыстым» выглядзе, адзін зь яе важнейшых першаэлемэнтаў, без чаго яна перастае быць сама сабою, перастае быць мастацтвам». У народных загадках увасоблены шырокі і арыгінальны погляд народа на прыроду, грамадзтва, навакольны сьвет. Што да формы, то карыстаюцца яны як празаічнай, так і вершаванай мовай, вершам белым і рыфмаваным. Па ўзоры народных некаторыя паэты (В. Жуковіч, М. Чарняўскі і інш.) пішуць літаратурныя загадкі
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4
Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |