Банан (плод)
Бана́н — ядомы плод, садавіна. З пункту гледжаньня батанікі зьяўляецца ягадай[1][2]. Расьце на некалькіх відах вялікіх травяных кветкавых расьлін, якія належаць да роду банан[3]. У некаторых краінах бананы могуць выкарыстоўвацца ў прыгатаваньні ежы і завуцца плянтанамі. Бананы вельмі розныя паводле памеру, колеры і цьвёрдасьці, але звычайна бываюць выцягнутымі і выгнутымі. Мякаць бананаў багатая на крухмал. Яна пакрытая лупінай, якая бывае зялёнай, жоўтай, чырвонай, ружовай і карычневай у сьпелых бананаў. Бананы растуць па некалькі штук наверсе расьліны. Амаль усе ядомыя бананы, якія ня ўтрымліваюць насеньне, паходзяць ад двух дзікіх відаў — Musa acuminata і Musa balbisiana. Большасьць бананаў, якія спажываюцца ў ежу, у залежнасьці ад свайго геному адносяцца да гэтых двух відаў, а таксама да віду Musa × paradisiaca, які зьяўляецца іхнім гібрыдам. Раней таксама выкарыстоўвалася пазначэньне Musa sapientum.
Бананы паходзяць з Індамалайі і Аўстраліі. Лічыцца, што ўпершыню бананы сталі вырошчваць у якасьці культурнай расьліны ў Папуа-Новай Гвінэі[4][5]. Сёньня бананы вырошчваюцца па меншай меры ў 107 краінах[6], пераважна ў якасьці садавіны, але таксама ў якасьці сыравіны для вырабу валакна, для вытворчасьці бананавага віна, бананавага піва і ў якасьці дэкаратыўнай расьліны.
Няма дакладнага адрозьненьня паміж «бананамі» і «плантанамі». У Амэрыцы ды Эўропе «бананамі» звычайна завуцца мяккія салодкія дэсэртныя бананы, асабліва бананы Кавендыш, якія зьяўляюцца галоўнай крыніцай даходу краінаў, якія вырошчваюць бананы. У адрозьненьне ад іх бананы Musa cultivars з больш цьвёрдымі пладамі завуцца «плантанамі». У іншых рэгіёнах, напрыклад, у Паўднёва-Ўсходняй Азіі вырошчваецца і спажываецца ў ежу значна больш відаў бананаў, так што двух словаў не хапае для іх разьдзяленьня, адпаведна існуюць некалькі словаў у мовах Паўднёва-Ўсходняй Азіі для пазначэньня бананаў.
Слова «банан» таксама выкарыстоўваецца для пазначэньня расьліны, на якой растуць бананы[7]. Такім чынам, паняцьце пашыраецца на іншыя віды роду Musa — бананы scarlet (Musa coccinea), ружовыя бананы (Musa velutin) ды бананы Fe’i. Таксама часам бананамі завуць прадстаўнікоў роду Ensete, сярод якіх сьнежны банан (Ensete glaucum) і несапраўдны банан (Ensete ventricosum), які мае камэрцыйнае значэньне. Абодва віды адносяцца да сямейства бананаў Musaceae.
Культываваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бананы ёсьць аднымі з самых старажытных расьлінаў, які пачалі вырошчвацца чалавекам. Іхняй радзімай лічацца астравы Малайскгаа архіпэляга, дзе, як лічаць навукоўцы, старажытныя жыхары вырошчвалі іх і спажывалі як дадатак да рыбнай дыеты[8][9]. Падарожнічаючы астравамі Ціхага акіяну, яны запасаліся вядомай ім садавінай і такім чынам спрыялі распаўсюджваньню бананаў. Першым з сучасных навукоўцаў, які ўсталяваў геаграфічнае паходжаньне бананаў, стаў Мікалай Вавілаў, які ў 1920-х — 1930-х гадох дасьледаваў розныя рэгіёны сьвету й апісаў вынікі ў працы «Цэнтры паходжаньня культурных расьлінаў»[10][11].
Першыя пісьмовыя згадкі аб гэтым плодзе дайшлі да нашага часу ў будыйскім каноне на мове палі, які адносіцца да V—VI стагодзьдзяў да н. э. — верагодна, да таго часу бананы з дапамогай мараплаўцаў ужо былі інтрадуцыяваны ў Індыі. Пазьней бананы ўжо даволі часта згадваюцца ў старажытных рукапісах на розных мовах. Напрыклад, у індыйскім эпасе Магабгарата й Рамаяна гаворыцца пра тое, што будыйскім манахам дазволена піць напой, прыгатаваны з бананаў. Бананы апісваюцца ў «Натуральнай гісторыі расьлінаў» старажытнагрэцкага філёзафа й аднаго з заснавальнікаў батанікі Тэафраста, які жыў у IV стагодзьдзі да н. э.. Кітайскі тактык і пісьменьнік Ян Фу (кіт. 杨阜), які жыў у часы кітайскай дынастыі Лян, то бок у 502—557 гады, у сваёй «Энцыкляпэдыі незвычайнага» ўпершыню згадвае аб разьвядзеньні бананаў у гэтай краіне. Рымскі пісьменьнік Плініюс Старэйшы ў склад «Натуральнай гісторыі» згадвае пра тое, што Аляксандар Македонскі падчас свайго паходу ў Індыю ў 327 годзе да н. э. паспрабаваў гэтую садавіну й нават прывёз яе з сабой у Эўропу[12]. Калі да таго часу ў заходнім сьвеце не адзначана відавочнага абазначэньня для банана, то ў Плініюса Старэйшага ён упершыню згадваецца як «паля» (лац. pala). Гэтая назва да гэтага часу захавалася ў адной з індыйскіх моваў малаялам.
Некаторыя навукоўцы лічаць, што бананы былі таксама вядомыя й у Паўднёвай Амэрыцы да прыходу эўрапейцаў. Сьцьвярджэньні абгрунтоўваюцца тым, што рэшткі бананавага лісьця знаходзілі ў пэруанскіх індзейскіх магільніках. Акрамя таго, некаторыя лічаць, што пад «райскай садавінай», у Старым Запавеце спакушаўся да Адама й Евы ў раі менавіта банан[13][14]. Апошняе сьцьвярджэньне вельмі спрэчнае, паколькі ні старажытныя эгіпцяне, ні старажытныя габрэі аб бананах нічога ня ведалі.
Пасьля 650 году бананы былі завезены з Індыі ў Палестыну й на ўсходняе ўзьбярэжжа Афрыкі — на гэты раз дзякуючы арабам, якія актыўна гандлявалі рабамі й слановай косткай. Да часу актыўнага дасьледаваньня Заходняй Афрыцы эўрапейцамі, якое прыйшлося на XV стагодзьдзе, бананы там ужо былі добра вядомыя. Пасьля 1402 году партугальцы прывезьлі бананы з Гвінэі на Канарскія астравы, дзе заняліся іхным вырошчваньнем, а ў 1516 годзе — праз толькі 24 гады пасьля адкрыцьця Амэрыкі Калюмбам — завезьлі гэтую садавіну на востраў Гаіці. Апошняе падарожжа ўзначальваў гішпанскі місіянэр манах Томас дэ Бэрлянга (гішп. Tomas de Berlanga). Аб актыўным вырошчваньні бананаў у Паўднёвай Амэрыцы ўжо ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя пісаў у сваёй «Хроніцы Пэру» Пэдра дэ Сьеса дэ Леон у 1553 годзе[15].
Нягледзячы на тое, што ў тропіках бананы хутка заваявалі папулярнасьць, у эўрапейскіх і амэрыканскіх краінах з умераным кліматам яны яшчэ доўгі час заставаліся вельмі рэдкім экзатычным прадуктам, паколькі адным з асноўных патрабаваньняў да іхнага транспартаваньня й захоўваньня зьяўляецца падтрыманьне сталай тэмпэратуры не вышэй за 14 °C[8]. Толькі ў другой палове XIX стагодзьдзя, з вынаходзтвам халадзільных установак і будаўніцтвам чыгунак, зьявілася стабільная магчымасьць дастаўкі гэтай садавіны на паўночныя рынкі спачатку ЗША, а потым і Эўропы.
Вырошчваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як прадукты харчаваньня, бананы культывуюць у тропіках на вышыні да 2 тысячаў мэтраў над узроўнем мора. Спрыяльнымі ўмовамі для вырошчваньня гэтых расьлінаў лічаць тэмпэратуры ад 26 да 35 °C днём і ад 22 да 28 °C ноччу[16]. Пры тэмпэратуры ніжэй за 16 °C рост расьліны значна запавольваецца, а пры 10 °C — спыняецца зусім. Толькі асобныя гатункі, як то раджапуры, здольныя вытрымліваць нізкія тэмпэратуры каля 0 °C. Вышыня над узроўнем мора, на якой расьліны прыжываюцца, залежыць ад даўгаты — звычайна яна не перавышае 920 мэтраў, не зважаючы на тое, што на гавайскім востраве Маўі яны растуць на вышыні да тысячы мэтраў, а ў Папуа-Новай Гвінэі — да двух тысячаў мэтраў над узроўнем мора[17]. Вялікае значэньне для культываваньня гэтай садавіны таксама мае пэўны рэжым вільготнасьці, то бок засушлівы сэзон не павінен доўжыцца больш за тры месяцы ў годзе, а сярэдняя норма ападкаў павінна складаць ня менш за 100 мм у месяц[18].
У выпадку кароткачасовага пахаладаньня бананавыя плянтацыі спрабуюць абаграваць, затапляючы іх вадой або абпальваючы дымам. Многія культуры адчувальныя да моцнага ветру — неглыбокая каранёвая сыстэма няздольная ўтрымаць расьліну на месцы, і толькі лісьце, якое ірвецца ўздоўж прожылкаў, памяншае ціск на расьліну. Для вырошчваньня ў прамысловых маштабах патрабуецца добра асушаная, пажадана кіслая глеба. У глебе, небагатай мінэральнымі рэчывамі, расьліны пры добрым доглядзе таксама будуць расьці, аднак у гэтым выпадку іхняя культывацыя можа стаць эканамічна невыгоднай. Ураджайнасьць пладоў можа дасягаць да 40 тысяч кіляграмаў на гектар плошчы штогод[17].
Пэрыяд поўнага пасьпяваньня пладоў, пачынаючы з пасадкі, звычайна займае 10—12 месяцаў, а для некаторых гатункаў можа складаць 17—19 месяцаў. Для плянтацыяў выбіраюць як урадлівыя землі ў рачных далінах, гэтак і раўнінныя ўчасткі й схілы пагоркаў. Калі зямля ня схільная да эрозіі, перад пасадкай яе добра аруць. Размнажэньне ў асноўным праходзіць вэгетатыўна, радзей насеньнем. Як правіла, пасадка вырабляецца перад або ў пачатку сэзону дажджоў, бо ў гэтым выпадку саджанцы атрымліваюць неабходную ім колькасьць вільгаці. Шчыльнасьць насаджэньняў вар’іруе ў шырокіх межах і залежыць ад шматлікіх фактараў, як то пры згушчанай пасадцы паляпшаецца супраціў ветру, аднак павялічваецца адчувальнасьць да захворваньняў. На адным гектары можа расьці ад 600 да 4400 расьлінаў[18].
Падчас росту плянтацыі старанна праполваюць, дзеля барацьбы з пустазельлямі ўжываюць розныя мэтады, як то прымяненьне гербіцыдаў, мульчаваньне (абкладаньне каранёў) сухім бананавым лісьцем і нават выкарыстоўваюць гусей, якія ахвотна ядуць некаторае пустазельле, пры гэтым не чапаючы бананаў. Калі глебы недастаткова ўрадлівыя, то іх актыўна ўгнойваюць. Склад мінэральных рэчываў, якія выкарыстоўваюць для падкорму, залежыць ад кожнага канкрэтнага выпадку, то бок гэта могуць быць азот, каль або фосфар.
Калі ў расьлінаў зьяўляюцца плады, іх абавязкова падпіраюць драўлянымі ці бамбукавымі шастамі, каб яны не зламаліся пад цяжарам пладоў, а самі плады для лепшай захаванасьці пакрываюць старым сухімі лістамі, брызэнтам, мешкавінай альбо плястыкавай плёнкай. Зразаюць плод яшчэ зялёным, калі ён пасьпеў толькі на 75% — у такім выглядзе ён лягчэй транспартуецца й даўжэй захоўваецца. Бананы дрэнна захоўваюцца, бо ў месцах мэханічных пашкоджаньняў скуркі хутка ўзьнікаюць пацямненьні, якія загніваюць[19]. Каб бананы не страцілі свой таварны выгляд, іх апрацоўваюць цытрынавым сокам або апускаюць у вуглякіслую мінэральную ваду[20].
Індустрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Росквіт індустрыі бананаў бярэ свой пачатак у другой палове XIX стагодзьдзя, калі з вынаходзтвам халадзільных установак зьявілася магчымасьць транспартаваньня гэтага тавару ў рэгіёны з умераным кліматам. Ейнымі заснавальнікамі лічаць двух амэрыканцаў — Ларэнца Бэйкера й Майнора Кейта, якія незалежна адзін ад аднаго ў 1870 і 1872 гадох заняліся транспартаваньнем гэтай садавіны з краінаў Лацінскай Амэрыкі й Вэст-Індыі ў ЗША. Першы зь іх дастаўляў тавар з Ямайкі ў Бостан, а другі заснаваў плянтацыю ў Коста-Рыцы й перавозіў прадукты морам у Новы Арлеан й Нью-Ёрк. Першыя перавозкі былі занадта рызыкоўныя, бо ў выпадку неспрыяльнага ветру караблі затрымліваліся ў шляху, і тавар хутка псаваўся[9].
Аднак ужо да пачатку XX стагодзьдзя бізнэс стаў хутка разьвівацца, і па выразе О. Гэнры нават зьявіўся тэрмін «бананавая рэспубліка», які адносіцца да эканамічна слабых дзяржаваў, цалкам залежных ад экспарту гэтай садавіны. Бурны рост індустрыі працягнуўся й у XX стагодзьдзі, толькі з 1961 па 2001 гады вытворчасьць тавару вырасла больш чым у 3,5 разы[21].
У цяперашні час бананы вырошчваюць практычна ва ўсіх краінах зь вільготным трапічным кліматам. Паводле дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, агульны аб’ём выгадаваных бананаў у сьвеце ў 2001 годзе верагодна склаў каля 99 млн тон гэтай садавіны. Далёка не ўсе краіны займаюцца экспартам гэтай прадукцыі, то бок Індыя, Бразылія, Кітай і Тайлянд вырошчваюць яе толькі для ўнутранага спажываньня[12]. Аднак паводле аб’ёму прадукцыі Індыя й Бразылія, а таксама Эквадор, займаюць найвышэйшыя пазыцыі ў сьвеце, то бок доля Індыі складае 23%, а Бразыліі й Эквадора — па 9%[21]. Каля 80% усяго экспарту прыпадае на краіны Лацінскай Амэрыкі — у асноўным гэта Эквадор (28,5%), Коста-Рыка (13,9%), Калюмбія (10,0%) і Гватэмала (5,8%). Вялікі аб’ём экспарту таксама прыходзіцца на Філіпіны (11,7%). Шмат якім астраўным краінам бананы прыносяць ільвіную долю даходаў ад экспарту, як то Сэнт-Люсіі, якая складае амаль палову агульнай выручкі ад экспарту (49,6%). Асноўныя імпартэры прадукцыі зьяўляюцца Эўразьвяз (33,9%), ЗША (28,3%) і Японія (7,1%).
Выкарыстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ужываньне ў ежу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У многіх краінах бананы зьяўляюцца адной з асноўных крыніцаў харчаваньня, то бок толькі ў Эквадоры гадавое спажываньне гэтага прадукту складае 73,8 кг на душу насельніцтва. Істотную долю спажываньня бананы таксама складаюць у Бурундзі (89,4 кг), Самоа (85,0 кг), Каморскіх астравах (77,8 кг) і на Філіпінах (40,6 кг).
Ядомыя гатункі бананаў умоўна падзяляюцца на дзьве асноўныя групы: дэсертныя, якія ўжываюцца, галоўным чынам, у сырым або сушаным выглядзе, і плянтайны, якія перад ужываньнем патрабуюць тэрмічнай апрацоўкі. Мякаць дэсэртных гатункаў вельмі салодкая на смак, зьмяшчае вялікую колькасьць вугляводаў, вітаміну C і некаторыя неабходныя арганізму мінэральныя рэчывы, як то фосфар, жалеза, каль, кальц і магн. Плянтайн (ад гішп. plantar — саджаць), як правіла, ёсьць плодам зь зялёнай або чырвонай лупінай і крухмалістай, жорсткай і несалодкай мякацьцю; перад ужываньнем у ежу іх смажаць, вараць або апрацоўваюць парай. Акрамя ўжываньня ў ежу, плянтайны часьцяком выкарыстоўваюць у якасьці корму для хатняй жывёлы[8].
Амаль усе ў цяперашні час бананы, як то дэсэртныя гатункі, гэтак і плянтайн, зьяўляюцца варыяцыямі аднаго культыгену (штучнага віду, створанага чалавекам) Musa × paradisiaca, які зьяўляецца гібрыдам банана завостранага (Musa acuminata), банана Бальбіса (Musa balbisiana) і радзей банана Маклая (Musa maklayi)[22][8].
Стравы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У краінах з умераным кліматам бананы часьцей за ўсё ўспрымаюцца як дэсэртны прадукт, які ўжываюць у ежу ў сьвежым вычышчаным выглядзе альбо выкарыстоўваюць у якасьці дабавак у кандытарскія вырабы й марозіва. Аднак у тропіках часьцей за ўсё знаходзяць прымяненьне плянтайны — бананы, якія патрабуюць папярэдняй тэрмічнай апрацоўкі.
На астравах Карыбскага мора іх вараць у лупіне, пры гэтым часам дадаючы разнастайныя прыправы, як то соль, воцат, чорны перац, аліўкавы алей, цыбуля, часнок. У Коста-Рыцы з іх вырабляюць гэтак званы «мёд» — густы сыроп, які ўтвараецца пасьля доўгага варэньня вычышчаных пладоў. Падсмажаныя ў аліўкавым алеі бананы лічацца звычайным гарнірам да розных страваў. У многіх краінах Лацінскай Амэрыкі, як то Гандурасе, Дамініканскай Рэспубліцы, Калюмбіі, Коста-Рыцы, Кубе, Нікарагуа, Панаме, Пэру, Пуэрта-Рыка, Трынідадзе і Табага, Эквадоры і Ямайцы, даволі папулярна страва пад назвай мадурас (гішп. maduros) — сасьпелыя й вычышчаныя плянтайны разразаюць на касыя долькі таўшчынёй у 3—4 мм, пасыпаюць сольлю й пякуць на алеі да стварэньня залаціста-карычневай скарыначкі. Перад ужываньнем іх кладуць на талерку, пакрытую папяровым ручніком[23][24]. У Вэнэсуэле вядомай нацыянальнай стравай зьяўляецца ё-ё (гішп. Yo-Yo) — паміж двума дзелькамі смажаных бананаў кладзецца кавалачак мяккага белага сыру, і ўсё гэта замацоўваецца драўляным калыпком.
У Пэру распаўсюджана страва на кожны дзень — чапо. Зь зялёных плянтайнаў здымаюць лупіну, вараць каля 20 хвілінаў, пасьля чаго таўкуць. Атрыманае пюрэ й ёсьць чапо. Бывае двух відаў: звычайнае й салодкае. Для салодкага варыянту бяруцца сьпелыя плянтайны.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Banana from 'Fruits of Warm Climates' by Julia Morton. Hort.purdue.edu. Архіўная копія ад 15 красавіка 2009 г.
- ^ Armstrong, Wayne P. Identification Of Major Fruit Types Wayne's Word: An On-Line Textbook of Natural History Праверана 30 жніўня 2015 г.
- ^ банан. Merriam-Webster.
- ^ Tracing antiquity of banana cultivation in Papua New Guinea (анг.). Australia & Pacific Science Foundation. — Прасочваньне гісторыі вырошчваньня бананаў да Папуа-Новай Гвінэі.
- ^ Musa species (bananas and plantains) // Species Profiles for Pacific Island Agroforestry. — Hōlualoa, Hawai'i: Permanent Agriculture Resources (PAR), 2006.
- ^ FAOSTAT: ProdSTAT: Crops (анг.). Food and Agriculture Organization (2005).
- ^ Merriam-Webster Online Dictionary
- ^ а б в г Bananas and plantains (Musa spp.) Hands with yellow fingers. The Mildred E. Mathias Botanical Garden. Архіўная копія
- ^ а б What is the history of the banana? Food Resource. Oregon State University, Corvallis, OR. Архіўная копія
- ^ Вавилов, Н. И. Ботанико-географические основы селекции. — М. — Л.: Государственное издательство совхозной и колхозной литературы, 1935.
- ^ Петунин В. Селекция и биотехнология — Интересные факты из жизни растений. Архіўная копія
- ^ а б The Origin of Bananas (анг.) Complete Guide to Bananas. banana.com. Праверана 10 лістапада 2012 г.
- ^ Gewertz, Ken. Taxonomist Carl Linnaeus on show at HMNH. Harward University.
- ^ Linnaeus grows bananas and comes up with a "modern" thermometer. Uppsala Universitet.
- ^ Хроника Перу. Часть Первая. kuprienko.info
- ^ The Texas Riviera. «Musa Banana»
- ^ а б Musa species (banana and plantain) Species Profiles for Pacific Island Agroforestry.. traditionaltree.org. Праверана 2006 г.
- ^ а б Morton, J. F. 1987. С. 29—46.
- ^ Циганенко В.О., Солових З.Х. 1990. С. 224.
- ^ Food Lover’s Companion. Food Lovers Companion information about banana. Barron’s Educational Series, Inc.
- ^ а б Info Comm. Market of Banana"
- ^ Кляса Аднадольныя. Банан Moscow State University Botanical Server.
- ^ Rosengarten, D. 2005. С. 142.
- ^ Maduros (plantain). banana.com.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Циганенко В.О., Солових З.Х. Страви із фруктів та овочів.. — К.: Техніка, 1990. — ISBN 5-335-00561-0
- Morton, Julia F. Fruits of Warm Climates. — Florida Flair Books, 1987. — 505 с. — ISBN 978-0961018412
- Rosengarten, David. It's All American Food: The Best Recipes for More than 400 New American Classics. — Little, Brown and Company, 2005. — 512 с. — ISBN 978-0316159203