Перайсьці да зьместу

Мінэрал

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мінэралы

Мінэрал (ад позьнелац. minera — «руда») — прыроднае геалягічнае цела, амаль аднароднае паводле хімічнага складу і фізычных уласьцівасьцяў, утворанае ў выніку фізыка-хімічных працэсаў у глыбіні і на паверхні Зямлі. У цэлым, мінэралы ў натуральным парадку сустракаюцца ў чыстым выглядзе[1]. Мінэралы найбольш часта зьвязваюць з горнымі пародамі ў сувязі з наяўнасьцю мінэральных рэчываў у іх[2]. Гэтыя пароды могуць складацца з аднаго тыпу мінэралаў, альбо могуць быць сукупнасьцю двух і больш розных тыпаў мінэралаў, прасторава падзеленых на розныя тэрмадынамічныя фазы. Мінэральыня злучэньні, якія сустракаюцца толькі ў арганізьме жывых істотаў, звычайна выключаюцца зь ліку мінэралаў, але некаторыя з іх часта бываюць біягеннымі (напрыклад, кальцыт) альбо зьяўляюцца арганічнымі злучэньнямі з пункту гледжаньня хіміі (напрыклад, мэліт). Акрамя таго, жывыя істоты часьцяком сынтэзуюць неарганічныя мінэралы (напрыклад, гідраксілапатыт), якія таксама сустракаюцца ў горных пародах. Навука, якая вывучае мінэралы называецца мінэралёгіяй.

Колькасьць адкрытых мінэралаў расьце штогод і ў цяперашні час іхная колькасьць складае амаль 5 тысячаў, зь іх найбольш пашыраныя: сылікаты (каля 90% агульнай колькасьці мінэралаў[3]), вокіслы і гідравокіслы, сульфіды і іхныя аналягі, фасфаты, арсэнаты, ванадаты. Кіроўным органам ёсьць Міжнародная мінэралагічная асацыяцыя, якая мусіць вызначаць і падтрымліваць намэнклатуру мінэральных відаў. Мінэралы адрозьніваюцца адзін ад аднаго рознымі хімічнымі і фізычнымі ўласьцівасьцямі. Адрозьненьні ў хімічным складзе і крышталічнай структуры даюць падставы да вылучэньня розных відаў, і пэўныя ўласьцівасьці мінэралаў ў сваю чаргу, залежаць ад геалягічнага асяродзьдзя фармаваньня мінэрала. Зьмены ў тэмпэратуры, ціску і велічыні складу скалаў выклікаюць зьмены ў ейнай мінэралёгіі. Калі хімічнае злучэньне можа адбывацца ў прыродзе з рознымі крыштальнымі структурамі, кожная структура лічыцца рознымі мінэральнымі відамі. Гэтак, напрыклад, кварц і стышавіт ёсьць двума рознымі мінэраламі, якія складаюцца з аднаго і таго ж злучэньня, дыяксіду крэмна. Хімічны склад мінэральнага віду можа некалькі зьмяняцца за кошт уключэньня невялікай колькасьці прымешак. Канкрэтныя разнавіднасьці гэтага віду часам маюць уласныя і афіцыйныя назвы[4]. Да прыкладу, амэтыст ёсьць фіялетавай разнавіднасьцю мінэральных відаў кварца. Некаторыя віды мінэралаў могуць мець розную прапорцыю двух і больш хімічных элемэнтаў, якія займаюць эквівалентныя пазыцыі ў структуры мінэралу.

У вузкім сэнсе, мінэралам зьяўляецца прыроднае хімічнае злучэньне спэцыфічнай крышталічнай структуры з дастаткова выразна вызначаным хімічным складам, якое ўтварылася ў выніку праявы геалягічнага працэсу[5]. Мінэралы без дакладнай крышталічнай структуры, напрыклад, апал і абсыдыян, больш слушна называць мінэралаідамі[6]. У шырокім сэнсе панятку да мінэралаў адносяцца таксама вадкасьці, як то нафта, мінэральная вада, а таксама прыродны газ.

На тэрыторыі Беларусі ў зямной кары вядомыя некалькі соцень мінэралаў, многія зь іх зьяўляюцца пераважнымі кампанэнтамі карысных выкапняў: каменнай солі (галіт), калійных соляў (сыльвін), фасфарытаў (апатыт), далямітаў і інш.

  1. ^ Wenk, Hans-Rudolf; Bulakh, Andrei (2004). «Minerals: Their Constitution and Origin». Cambridge University Press. — С. 10. — ISBN 978-0-521-52958-7.
  2. ^ Stephenson, Tim; Stephenson, Carolyn. «Rocks & Minerals». Gem Rock. Creetown Gem Rock Museum.
  3. ^ «Silicates». Encyclopædia Britannica.
  4. ^ «Definition of mineral variety». Mindat.org.
  5. ^ John P. Rafferty, ed. (2011): «Minerals». In the series Geology: Landforms, Minerals, and Rocks. Rosen Publishing Group. — С. 1. — ISBN 9781615304899.
  6. ^ Austin Flint Rogers and Paul Francis Kerr (1942): «Optical mineralogy», 2nd ed. McGraw-Hill. — С. 374. — ISBN 978-1114108523.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мінэралсховішча мультымэдыйных матэрыялаў