Ліда (футбольны клюб)
Ліда | |
Поўная назва | Футбольны клюб «Ліда» |
---|---|
Заснаваны | 1962 |
Горад | Ліда, Беларусь |
Стадыён |
«Старт» Умяшчальнасьць: 2960 |
Старшыня | Іван Дубатоўка |
Галоўны трэнэр | |
Чэмпіянат | Першая ліга |
· 2024 | 6 месца |
Афіцыйны сайт |
«Ліда» — футбольны клюб зь Беларусі. Заснаваны ў 1962 годзе. Базуецца ў месьце Лідзе, якое знаходзяцца ў Гарадзенскай вобласьці. Адзін з наймацнейшых клюбаў часоў БССР, 4-разовы чэмпіён БССР (1983, 1985, 1986, 1989), а таксама пераможца й прызэр розных турніраў БССР. У 1990-х гадох клюб часьцяком выступаў у Найвышэйшай лізе айчыннага чэмпіянату, апошні раз датуецца сэзонам 2000 году. На сёньня каманда гуляе ў Першай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За савецкім часам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клюб у горадзе Ліда быў утвораны ў 1962 годзе пад назвай «Чырвоны сьцяг». Назва пратрымалася ўсяго год і ў 1963 годзе клюб быў перайменаваны ў «Вымпел». Пагуляўшы пад гэтым імем 8 сэзонаў, у 1971 годзе каманда надоўга атрымала назву «Абутнік». Назвай каманда была абавязана свайму спонсару Лідзкай абутковай фабрыцы. Каманда выступала ў розных турнірах Беларускай ССР. Першы значны посьпех прыйшоў у 1972 годзе. «Абутнік» выйшаў у фінал Кубка БССР, але саступіў «Тарпэда» (Жодзін) зь лікам 0:2. Празь дзесяць гадоў жодзінцы зноўку абыгралі лідчанаў у фінале Кубка БССР зь лікам 3:0.
У 1983 годзе «Абутнік» у чэмпіянаце БССР выйшаў у фінал, дзе сустрэўся зь менскай «Арбітай». Першы матч у Лідзе скончыўся зь лікам 0:0, а сустрэча ў Менску завяршылася ўнічыю 1:1, такім чынам, гол забіты на чужым полі, прынёс лідчанам золата. У 1984 годзе «Абутнік» быў мацнейшы за жодзінскае «Тарпэда» ў фінале Супэркубку БССР. У 1985 годзе лідчане ў групе чэмпіянату БССР набралі 36 пунктаў, а паказчык мячоў склаў 58:12. У фінале «Ліда» прымала ў сябе «Тарпэда» й атрымала перамогу зь лікам 2:0. У матчы ў адказ у Жодзіне «Абутнік» атрымаў паразу — 1:2, але дзякуючы агульнаму ліку стаў двухразовым чэмпіёнам БССР.
У 1986 годзе ў фінале Супэркубка БССР быў абыграны салігорскі «Шахцёр». У чэмпіянаце каманда зноўку прабілася ў фінал. У саперніках быў бабруйскі «Шыньнік». Перамогшы на выезьдзе й дома 1:0, лідчане заваявалі трэцяе чэмпіёнства. У 1987 годзе менскі «Спадарожнік» набраў столькі ж пунктаў як і «Абутнік», але вырваў выхад у фінал дзякуючы лепшай розьніцы мячоў. У наступным годзе каманда зноўку фінішавала другой, трохі саступіўшы ўсё таму ж «Спадарожніку». У 1989 годзе ў Ліду прыйшоў апошні вялікі футбольны посьпех, чэмпіянат упершыню праводзіўся выключна па колавай сыстэме, без стыкавых матчаў і групаў. «Абутнік» апярэдзіў «Спадарожнік» у выніковай табліцы на адзін пункт і стаў чатырохразовым чэмпіёнам БССР.
Часы незалежнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Здабыцьцё Беларусьсю незалежнасьці аўтаматычна азначала ўзмацненьне чэмпіянату, таму што самыя моцныя каманды больш не гулялі ў турнірах СССР, ва ўсіх быў адзіны турнір — чэмпіянат Беларусі па футболе. З моманту стварэньня ў 1992 годзе па 2000 год прафэсійным футбольным клюбам кіраваў Іван Прохараў. У першым нацыянальным чэмпіянаце, які адбыўся ў 1992 годзе, «Абутнік» фінішаваў на 12 месцы з 16 камандаў. Каманда паказвала добры футбол са знакамітымі супернікамі. У другім чэмпіянаце каманда ня здолела ўтрымацца ў найвышэйшым дывізіёне.
Стаўшы ў наступным турніры чэмпіёнамі Першай лігі, каманда вярнулася ў Найвышэйшую лігу й паказала ў сэзоне 1994—1995 гадоў найлепшы вынік у сваёй гісторыі — 8 месца, маючы на сваім рахунку 10 перамог, 10 нічыіх і 10 паразаў. У наступным сэзоне лідчане захавалі месца ў Найвышэйшай лізе, а ў 1996 годзе гэтае зрабіць былі няздольныя.
У 1997 годзе каманда з новай назвай «Ліда» заняла трэцяе месца ў Першай лізе, а ў 1998 годзе клюб стаў чэмпіёнам Першай лігі, усталяваўшы абсалютны рэкорд усіх чэмпіянатаў Першай лігі, прайшоўшы са старту 20 тураў без паразаў. Затым два наступныя сэзоны «Ліда» правяла ў Найвышэйшай лізе, атрымаўшы ў 1999 годзе яскравыя перамогі над БАТЭ й менскім «Дынама». Зоркамі каманды ў той час былі Вітольд Хахлач, Сяргей Петрушэўскі і толькі пачынаўшы ў той час свой зорны шлях у дарослым футболе будучы капітан БАТЭ й гулец зборнай Беларусі Аляксандар Юрэвіч, а таксама галоўны форвард Зьвіяд Бурдзэнідзэ, які за два гады ў Першай лізе вызначыўся 36 разоў. У 2000 годзе «Ліда» ў апошні раз гуляла ў Найвышэйшай лізе. Калі да 2005 году каманда ставіла перад сабой задачу выхаду ў Найвышэйшую лігу, але пасьля пачала змагацца за выжываньне ў Першай лізе. Гэтак у 2006 годзе ўпершыню «Ліда» апусьцілася ў клясе ніжэй за Першую лігу. У 2007 годзе каманда вярнулася ў Першую лігу, але ў 2010 годзе зноўку была паніжаная ў клясе. У 2011 годзе дзякуючы намаганьням Дзьмітрыя Дзенісюка, які забіў 30 мячоў, «Лідзе» атрымалася заняць першае месца й вярнуцца ў Першую лігу. У пачатку сэзону 2012 году клюб прабіўся ў 1/4 фіналу Кубка Беларусі, дзе саступіў наваполацкаму «Нафтану», а ў чэмпіянаце ўдалося замацавацца ў Першай лізе, заняўшы выніковае 11 месца.
У пачатку 2013 году быў адкрыты новы стадыён «Старт», дзе «Ліда» стала ладзіць свае хатнія матчы нароўні з ранейшым стадыёнам «Юнацтва». У сэзоне 2013 году «Ліда» мела добры склад, у якім галоўным чынам выступалі ўласныя выхаванцы. Дружына мела добры старт, не атрымаўшы аніводнай паразы за першыя 10 тураў. Шмат у чым гэта адбылося дзякуючы намаганьням нападніка Ігара Крывабока, які хутка ачоліў табліцу бамбардзіраў усёй Першай лігі. Але ў ліпені Крывабок перайшоў у наваполацкі «Нафтан», а «Ліда» згуляла некалькі дрэнных матчаў, у тым ліку прыгуляла ў розыгрышы Кубка Беларусі ад «Смаргоні» 0:5. У жніўні гульня каманды зноў уладкавалася. Замест Крывабока лідэрства ў камандзе ўзяў іншы вэтэран — Дзьмітры Кавалёнак. У выніку «Ліда» выйшла на чацьвертае месца і нават навязвала барацьбу «Віцебску» за трэці радок. Тым ня менш, у канцы турніру камандзе прыйшлося бараніць сваё чацьвертае месца ад «Бярозы-2010». Толькі дзякуючы перамозе ў апошнім туры над «Гарадзеяй» зь лікам 2:0 «Ліда» здолела заняць чацьвертае месца, якое сталася найлепшым для каманды з 2001 году.
Узімку 2014 году «Ліду» пакінулі дасьведчаныя гульцы, як то Віталь Надзіеўскі і Віталь Тарашчык завяршылі кар’еру, а ўжо перад самым пачаткам сэзона ў склад гарадзенскага ««Нёмна» павярнуўся Кавалёнак. У выніку каманда, хоць і захавала большую частку гульцоў, ужо ня здолела змагацца за высокія месцы і большую частку сэзонк правяла ў сярэдзіне табліцы. Але, правальны канец сэзонк адкінуў «Ліду» на 14 месца пры 16 удзельніках. У сэзоне 2015 году ў «Лідзе» адбылася зьмена на трэнэрскай пасадзе, то бок замест Андрэя Пятрова каманду ачоліў былы брамнік клюбу Максім Лычоў, які раней уваходзіў у трэнэрскі штаб. Не зважаючы на тое, што з клюбу сышла значная колькасьць футбалістаў, гэта было кампэнсавана запрашэньнем шэрагу выканаўцаў, як то Эдуард Чудноўскі і Сяргей Кавалюк. «Ліда» няўдала пачала сэзон, атрымаўшы дзьве паразы на пачатку, але потым стала здабываць перамогі, і першае кола дружына скончыла на трэцім месцы, якое давала мажлівасьць прасунуцца ў Найвышэйшую лігу. Падчас летняга трансфэрнага вакна Кавалюк перайшоў у гарадзенскі «Нёман», і другое кола «Ліда» правяла няўдала, хутка выбыўшы з барацьбы за мэдалі. Сэзон каманда скончыла на шостым месцы. У пачатку сэзона 2016 году галоўным трэнэрам «Ліды» быў прызначаны Віталь Тарашчык. Аднак, ужо ў чэрвені ён пакінуў сваю пасаду, на той момант каманда знаходзілася ў сярэдзіне табліцы. У жніўні 2016 году новым трэнэрам стаўся Вячаслаў Герашчанка. Пры ім «Ліда» доўгі час знаходзілася ў ніжняй палове, але пасьпяховы фініш дазволіў камандзе ўзьняцца на шосты радок.
Сэзон 2017 году «Ліда» пачала пад кіраўніцтвам Пятра Качуры. Пасьля неблагога пачатку каманда стала трываць паразы, а некаторы час «Ліда» нават займала апошні радок табліцы. Улетку замест Качуры новым трэнэрам стаў Сяргей Саладоўнікаў. Лідзкі клюб паводле вынікаў сэзону заняў 14 месца і захаваў месца ў Першай лізе. Перад пачаткам сэзону 2018 году «Ліда» істотна ўзмацніла склад, запрасіўшы шмат гульцоў з досьведам гульні ў Найвышэйшай лізе. Дружына разглядалася як адзін з прэтэндэнтаў на барацьбу за выхад у Найвышэйшую лігу. Аднак, ад самага пачатку турніру «Ліда» стала саступаць асноўным канкурэнтам. Далей сэзон прайшоў даволі пасьпяхова, каманда ўпэўнена замацавалася на чацьвертым радку і ў канцы амаль нагнала «Белшыну», але ўсё ж фінішавала на чацьвертым месцы. У пачатку 2019 году «Ліду» пакінула большая частка гульцоў, каманду замест Сяргея Саладоўнікава зноў узначаліў Вячаслаў Герашчанка. Склад быў назьбіраны ў асноўным з маладых гульцоў, а таксама выхаванцаў лідзкага футболу. Дружына не разглядалася як прэтэндэнт на высокія месцы, аднак здолела добра распачаць сэзон, доўгі час месьцілася ўверсе табліцы. У ліпені 2019 году Герашчанка стаў галоўным трэнэрам летувіскай «Палангі», кіраваць «Лідай» застаўся ягоны памочнік Юры Каратай. У другой палове сэзону «Ліда» мела горшыя вынікі і фінішавала ў чэмпіянаце сёмай.
У сэзоне 2020 году ў каманды значна абнавіўся склад, былі запрошаны ў асноўным маладыя гульцы, а таксама расейскія выканаўцы. Трэнэрам быў зацьверджаны Юры Каратай. Каманда пачала турнір з штрафам у тры пункты за ўдзел у дамоўленых матчах у сэзонах 2017 і 2018 гадоў. На працягу сэзону «Ліда» замацавалася ў сярэдзіне табліцы, паказваючы нестабільныя вынікі, то бок перамогі над камандамі верхняй паловы чаргаваліся з паразамі і матчамі ўнічыю з аўтсайдэрамі. У кастрычніку Каратай быў адхілены ад трэнэрскай пасады, а ягоныя абавязкі стаў выконваць Сяргей Петрушэўскі. Каманда зноўку скончыла сэзон на сёмым месцы. У сэзоне 2021 году камандай працягваў кіраваць Сяргей Петрушэўскі. Клюб страціў асноўных футбалістаў, якіх зноў зьмянілі маладыя, пераважна гарадзенскія гульцы. Год пачаўся для каманды няблага, але пазьней клюб трапіў у ніжнюю частку табліцы. Адначасова адбылося пагаршэньне фінансавага становішча, праз што ўлетку каманду пакінула некалькі дасьведчаных майстроў, а пазьней, у кастрычніку, празь нявыплату заробку былому трэнэру клюбу Паўлу Лісоўскаму на «Ліду» была накладзеная забарона на трансфэры[1]. Апошняя траціна турніру была праваленая, каманда трывала паразы і скончыла сэзон на 11 месцы пры 12 удзельніках. Сэзон 2022 году «Ліда» пачала пад кіраўніцтвам новага трэнэра Віталя Рашкевіча. Дружына апынулася ўнізе табліцы, аднак часам адбірала пункты ў фаварытаў. У ліпені Рашкевіч быў звольнены, а выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнэра стаў ягоны памочнік Аляксей Дабравольскі. Чэмпіянат лідзкая каманда скончыла на 10 месцы пры 13 удзельніках. Сэзон 2023 году «Ліда» пракрочыла ў сярэдзіне табліцы, паўтарыўшы вынік папярэдняга сэзону.
Былыя назовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Чырвоны сьцяг» (1962—1963)
- «Вымпел» (1963—1971)
- «Абутнік» (1971—1996)
- «Ліда» (з 1997 году)
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Актуальны на 11 жніўня 2024 году
|
|
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сэзон | Ліга | Месца | Г | В | Н | П | РМ | Пкт | Кубак |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2012 | Першая | 11 | 28 | 8 | 6 | 14 | 32–49 | 30 | 1/16 |
2013 | Першая | 4 | 30 | 15 | 7 | 8 | 53–38 | 52 | 1/16 |
2014 | Першая | 14 | 30 | 10 | 1 | 19 | 46–64 | 31 | 1/16 |
2015 | Першая | 6 | 30 | 15 | 5 | 10 | 65–53 | 50 | 1/16 |
2016 | Першая | 6 | 26 | 11 | 5 | 10 | 26–33 | 38 | 1/16 |
2017 | Першая | 14 | 30 | 6 | 10 | 14 | 28–39 | 28 | 1/32 |
2018 | Першая | 4 | 28 | 18 | 4 | 6 | 45–18 | 58 | 1/16 |
2019 | Першая | 7 | 28 | 12 | 8 | 8 | 49–32 | 44 | 1/16 |
2020 | Першая | 7 | 26 | 9 | 7 | 10 | 37–42 | 31[a] | 1/32 |
2021 | Першая | 11 | 33 | 4 | 9 | 20 | 33–75 | 21 | 1/16 |
2022 | Першая | 10 | 24 | 6 | 8 | 10 | 35–43 | 26 | 1/16 |
2023 | Першая | 10 | 32 | 12 | 5 | 15 | 44–48 | 41 | 1/16 |
Галоўныя трэнэры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Юры Каратай (в. а. зь ліпеня 2019 году)[2]
- Вячаслаў Герашчанка (студзень — ліпень 2019 году)[3]
- Сяргей Саладоўнікаў (жнівень 2017 году — студзень 2019 году)[4][5]
- Пётар Качура (студзень — ліпень 2017 году)[6]
- Вячаслаў Герашчанка (жнівень — сьнежань 2016 году)[7]
- Юры Каратай (в. а. у ліпені 2016 году)[8]
- Віталь Тарашчык (люты — чэрвень 2016 году)[9]
- Дзьмітры Макаранка (в. а. у кастрычніку 2015 году — студзені 2016 году)[10]
- Максім Лычоў (люты 2015 году — кастрычнік 2015 году)[11]
- Андрэй Пятроў (да лютага 2015 году)
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «Ліда» пазбаўленая 3 пунктаў праз удзел гульцоў у дамоўленых матчах у 2017—2018 гадах
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Футбол. На "Лиду" наложен запрет на трансферы (рас.) Прессбол.
- ^ «Лиду» покинули главный тренер и лучший бомбардир (рас.)
- ^ Вячеслав Геращенко стал новым главным тренером ФК «Лида» (рас.)
- ^ Сергей Солодовников подписал контракт с «Лидой» (рас.)
- ^ Сергей Солодовников покинул «Лиду» (рас.)
- ^ Петр Качуро возглавил «Лиду» (рас.)
- ^ Вячеслав Геращенко возглавил «Лиду» (рас.)
- ^ Таращик покинул пост главного тренера «Лиды» (рас.)
- ^ Виталий Таращик назначен главным тренером «Лиды» (рас.)
- ^ Максим Лычев покинул пост главного тренера «Лиды» (рас.)
- ^ Максим Лычев — новый главный тренер «Лиды» (рас.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная старонка (рас.)
- Канал на YouTube (рас.)