Верхнянёманская нізіна
Верхнянёманская нізіна — нізіна ў Гарадзенскай і на захадзе Менскай абласьцей Беларусі, уздоўж ракі Нёман.
Мяжуе на поўначы зь Сярэднянёманскай нізінай і Лідзкай раўнінай, на паўночным усходзе з Ашмянскім і Менскім узвышшамі, на ўсходзе і паўднёвым усходзе з Капыльскай градой і прылеглымі раўнінамі, на поўдні і захадзе з Наваградзкім, Слонімскім, Ваўкавыскім і Гарадзенскім узвышшамі Беларускай грады. Працягласьць з усходу на захад 160 км, з поўначы на поўдзень ад 15 да 55 км. Вышыні рэльефу вагаюцца ад 160 м на ўсходзе да 94 м на захадзе.
Галоўная рака — Нёман з прытокамі Сулай, Вусай, Бярэзінай, Гаўяй, Дзітвай, Лебядой, Котрай і іншымі (праваруч), Вушай, Сэрваччу, Моўчадзьдзю, Шчарай, Зальвянкай, Росьсю, Сьвіслаччу і іншымі (леваруч). Найвялікшае возера — Кромань.
Лясістасьць 35%, хваёвыя, ялова-хваёвыя і мяшаныя лясы, дубровы. У абалонах алешнікі і хмызьняковыя зарасьнікі чаргуюцца з лугамі і забалочанымі дзялянкамі.
На тэрыторыі Верхнянёманскай нізіны біялягічныя заказьнікі Налібоцкі і Ліпічанская пушча.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Верхнянёманская нізіна // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992.
- Верхненёманская низина // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.