Беларуска-казаскія дачыненьні
Беларусь |
Казахстан |
---|---|
Дыпляматычныя місіі | |
Амбасада Беларусі ў Казахстане | Амбасада Казахстану ў Беларусі |
Амбасадары | |
Амбасадар Анатоль Нічкасаў | Амбасадар Ермухамет Ертысбаеў |
Беларуска-казаскія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні між Беларусьсю і Казахстанам.
Гандаль
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2019 год у Казахстане дзейнічала 8 сумесных зборачных вытворчасьцяў беларускай тэхнікі, у тым ліку ААТ «БелАЗ» (Жодзіна), ААТ «Менскі трактарны завод», ААТ «Гомсельмаш», ААТ «Менскі аўтамабільны завод» і ААТ «Бабруйскаграмаш». На казаскім рынку шырокі збыт мелі тавары пад беларускімі таварнымі знакамі «Контэ» (панчохі, Горадня), «Марка» (абутак, Віцебск), «Мілавіца» (ніжняя бялізна), «Марк Фармэль» (адзеньне, Узда), «Пінскдрэў» (мэбля), «Гомельдрэў», «Керамін» (керамічная плітка), «Беллесвыраб», «Алютэх» (сэкцыйныя вароты), «Камунарка» (цукеркі) і «Санта Брэмар» (рыбныя кансэрвы). Тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў у Казахстане ўлучала каля 40 гандлёвых дамоў, прадстаўніцтваў і ўласных фірмовых крамаў, а таксама звыш 170 дылерскіх установаў[1].
У 2018 годзе беларуска-казаскі таваразварот вырас на 30 % да $896 млн. Пагатоў беларускі экспарт вырас на 32,2 % да $783,7 млн. Зь Беларусі пераважна пастаўлялі малако і вяршкі ($84 млн), грузавікі ($49,5 млн), трактары і седзельныя цягачы ($40,5 млн), цукар ($32,5 млн), мэблю ($32,4 млн), сыры і тварог ($19,2 млн), шпалеры ($17,2 млн), лекі ($15,8 млн), шыны ($12,4 млн) і кілбасы ($11,6 млн). Імпарт з Казахстану вырас на 15,6 % да $112,3 млн. З Казахстану ў асноўным завозілі нафтапрадукты ($41,1 млн), каменны вугаль ($20 млн), нафтавы газ ($7,1 млн), неапрацаваны алюмін ($6,6 млн), баваўнянае валакно ($4,3 млн) і рэйкі ($4,3 млн). Двухбаковы гандаль паслугамі ўпаў на 15,5 % да $153,2 млн. Беларускі экспарт паслугаў скараціўся на 28,4 % да $98,9 млн. Імпарт паслугаў з Казахстану вырас на 26,2 % да $54,2 млн. Укладаньні з Казахстану ў 2018 годзе вырас у 4,8 разу да $18,8 млн, зь іх наўпроствыя ўкладаньні вырасьлі ў 5,2 разу да $18,3 млн[2].
Беларуская дыяспара
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Беларусы ў Казахстане
На 2019 год у Казахстане дзейнічала 13 грамадзкіх аб’яднаньняў беларускай дыяспары: Нацыянальны культурны цэнтар «Беларусь» (Алматы, Аўэзаўскі раён, вул. Шчэпкіна, д. 27), «Беларускі культурны цэнтар» (Талгар, Алмацінская вобласьць), Культурны цэнтар «Беларусь» (Астана, вул. Жанібек Тархана, д. 29), Культурны цэнтар «Беларусь» (Атбасар, Акмалінская вобласьць), Фонд беларускай культуры «Спадчына» (Караганда, вул. Воінаў-інтэрнацыяналістаў, д. 2), Нацыянальны-культурны цэнтар «Беларусь» (Кастанай, вул. Індустрыяльная, д. 16), Культурны цэнтар «Беларусь» (Паўладар, вул. Естая, д. 95), Беларускі культурны цэнтар «Радзіма» (Петрапаўл, вул. Канстытуцыі, д. 27), Усходне-Казахстанскі беларускі культурны цэнтар (Аскемен, вул. Ушанава, д. 63), Нацыянальны культурны цэнтар «Белая Русь» (Актабе, вул. Жанкожа Батыра, д. 5), Беларускі нацыянальны культурны цэнтар (Актаў, мікрараён 6, д. 26), Беларускі нацыянальны культурны цэнтар (Рыдэр, Усходне-Казахстанская вобласьць) і Беларускі культурны цэнтар «Радзіма» (Астана, зав. Таўерсыздык, д. 50)[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]16 верасьня 1992 году ў Алматы (Казахстан) прадстаўнікі ўрадаў Беларусі і Казахстану падпісалі Пратакол «Аб усталяваньні дыпляматычных дачыненьняў». 9 студзеня 1993 году ў Менску адчынілі Амбасаду Казахстану ў Беларусі (прасп. Пераможцаў, д. 67). 17 студзеня 1996 году бакі падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Аб супрацы ў галіне культуры, навукі і адукацыі». 16 сакавіка 1996 году ў Менску прэзыдэнты Беларусі і Казахстану падпісалі Дамову «Аб сяброўстве і супрацы». 13 ліпеня 1997 году ў Астане адчынілася Амбасада Беларусі ў Казастане (вул. Кенесары, д. 35)[1]. У 1998 годзе ўрады Беларусі і Казахстану заключылі Дамовы «Аб вайсковай супрацы» і «Аб вайскова-тэхнічнай супрацы». 3 траўня 1999 году бакі падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Аб навукова-тэхнічнай супрацы». 13 сьнежня 2000 году ва Ўсходне-Казахстанскай вобласьці заснавалі Беларускае этнакультурнае аб’яднаньне (Аскемен)[4].
10 чэрвеня 2009 году ўрады Беларусі і Казахстану заключылі Пагадненьне «Аб супрацы ў галіне вышэйшай і пасьляўнівэрсытэцкай адукацыі». У траўні 2011 году А. Лукашэнка наведаў Казахстан з афіцыйным візытам. У траўні 2012 году пры Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце адчынілі Цэнтар казаскай мовы, гісторыі і культуры. 8-11 лістапада 2012 году старшыня ўраду Беларусі Міхаіл Мясьніковіч наведаў Казахстан з афіцыйным візытам. У ходзе візыту пры Эўразійскім нацыянальным унівэрсытэце ў Астане адчынілі Цэнтар мовы і культуры Беларусі. 25-26 красавіка 2013 году старшыня ўраду Казахстану Серык Ахметаў наведаў Беларусь. У траўні 2012 году з афіцыйным візытам Беларусь наведаў казаскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў. У верасьні 2013 году прайшлі Дні культуры Казахстану ў Беларусі. 3-4 кастрычніка 2013 году А. Лукашэнка наведаў Астану, дзе сустрэўся з казаскім прэзыдэнтам Нурсултанам Назарбаевым. У ходзе візыту пры Казаскім агратэхнічным унівэрсытэце адчынілі Беларуска-казаскі цэнтар падрыхтоўкі інжынэрных кадраў. На час сустрэчы ў Казахстане працавала 14 сумесных прадпрыемстваў, у тым ліку зборачныя вытворчасьці кар’ерна-шахтавай тэхнікі, збожжаўборачных камбайнаў, трактароў, рухавікоў і ліфтаў[5]. 10-12 красавікf 2014 году адбыліся Дні культуры Беларусі ў Казахстане[6].
13 жніўня 2017 году ў Астане старшыні ўрадаў Беларусі і Казахстану Андрэй Кабякоў і Бахытжан Сагінтаеў падпісалі Пагадненьні «Аб супрацы ў галіне дасьледаваньня і выкарыстаньня касьмічнай прасторы» і «Аб супрацы ў галіне СМІ». 29-30 лістапада 2017 году адбыўся афіцыйны візы казаскага прэзыдэнта ў Беларусь. Па выніках візыту прэзыдэнты Беларусі і Казахстану падпісалі Дамову «Аб сацыяльна-эканамічнай супрацы»[7]. На 2019 год пры Амбасадзе Казахстану ў Беларусі працаваў вайсковы аташэ Мухан Жасузакаў[8]. У Берасьці дзейніча Консульства Казахстану (вул. К.Маркса, д. 82)[9].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Беларусь-Казахстан // Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, 2019 г. Праверана 5 сакавіка 2019 г.
- ^ Двухбаковая гандлёва-эканамічная супраца ў 2018 годзе (рас.) // Амбасада Беларусі ў Казахстане, 2019 г. Праверана 5 сакавіка 2019 г.
- ^ Грамадзкія аб'яднаньні беларусаў у Казахстане (рас.) // Амбасада Беларусі ў Казахстане, 2019 г. Праверана 5 сакавіка 2019 г.
- ^ Аб 15-годзьдзі Беларускага этнакультурнага аб'яднаньня ва Ўсходнім Казахстане (рас.) // Амбасада Беларусі ў Казахстане, 2019 г. Праверана 5 сакавіка 2019 г.
- ^ Сяргей Кізіма. Гарызонт магчымасьцяў // Зьвязда : газэта. — 8 кастрычніка 2013. — № 189 (27554). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Двухбаковая супраца ў галіне навукі, адукацыі і культуры (рас.) // Амбасада Беларусі ў Казахстане, 2019 г. Праверана 5 сакавіка 2019 г.
- ^ Двухбаковыя дачыненьні (зь Беларусьсю) (рас.) // Міністэрства замежных справаў Казахстану, 2019 г. Праверана 5 сакавіка 2019 г.
- ^ Вайсковы аташэ (у Менску) (рас.) // Міністэрства замежных справаў Казахстану, 5 студзеня 2018 г. Праверана 5 сакавіка 2019 г.
- ^ Кантакты (ў Беларусі) (рас.) // Міністэрства замежных справаў Казахстану, 2019 г. Праверана 5 сакавіка 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Звароты грамадзянаў (рас.) // Амбасада Беларусі ў Казахстане, 2019 г. Праверана 5 сакавіка 2019 г.
- Нацыянальны культурны цэнтар «Беларусь» у Алматы
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
|