Перайсьці да зьместу

Nizkiz

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Nizkiz
Гады з 2008-га
Краіна
Месца ўтварэньня Магілёў, Беларусь
Мова беларуская, расейская
Жанр рок-музыка
Выдавец студыі «Арзамас 16» (Магілёў) і «Дом міксу» (Польшча), лэйбл «Пяршак» («34mag»)
Удзельнікі Аляксандар Ільлін, Леанід Несьцярук, Сяргей Кульша і Зьміцер Халяўкін
nizkiz.com

Nizkiz[1] (Нізкіз[2][3]) — беларускі музычны гурт, заснаваны ў 2008 годзе ў Магілёве. Выдаў альбомы «Nizkiz» (2012), «Лірыка» (2015), «Сыноптык» (2017) і «Самнамбула» (2019). У 2018 годзе выпусьціў два відэакліпы па-беларуску на песьні «Небясьпечна» і «Люстэрка». У лютым 2020 году кліп «Небясьпечна» перасягнуў 1 млн праглядаў на «Ютубе».

У студзені 2024 году рэжым Лукашэнкі затрымаў траіх удзельнікаў гурту: Аляксандра Ільліна, Сяргея Кульшу і Дзьмітрыя Халяўкіна[4]. Памагатыя рэжыму Лукашэнкі спачатку судзілі ўдзельнікаў гурту згодна з адміністрацыйным артыкулам аб распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх матэрыялаў», а ўвесну таго ж году — выраклі за ўдзел у пратэстах 2020 году да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» і ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмістаў»[5].

У 2008 годзе ў Магілёве стварылі гурт «Нізкіз», песьні якога сталі ставіць на хвалях мясцовага «Нашага радыё». Гурт выступіў на магілёўскіх фэстах «Нашыя ў горадзе», «АдНАШАны» й «Трэці прыход». У 2013 годзе «Нізкіз» прайшоў беларускі адбор на 2 замежныя фэсты — «Эмэргэнза» й «Суседні сьвет».

2 лістапада 2013 году ў менскім клюбе «Рэпаблік» (вул. Прытыцкага, д. 62) гурт «Нізкіз» сыграў сваю першую беларускамоўную песьню «Гуантанама» на канцэрце, што ладзіўся он-лайн-парталам «Ультра-музыка». Бубнач і мэнэджэр гурту Зьміцер Халяўкін патлумачыў, што песьню напісалі напярэдадні сумеснага канцэрту з гуртам «Бяз назвы» («БН»). Пасьля канцэрту песьню запісалі ў студыі[6].

12 сьнежня 2013 году песьня «Гуантанама» патрапіла ў 4-ы тур чарту на музычным партале «Тузін гітоў». Аўтар песьні й сьпявак гурту Аляксандар Ільлін патлумачыў яе назву: «Гэтую мэтафару мы скарысталі, каб падзяліцца ўнутранымі перажываньнямі, распавесьці пра тую турму, якая ёсьць унутры чалавека, пра межы ды рамкі, якія мы самі для сябе выдумляем»[7].

27 сьнежня 2013 году гурт «Нізкіз» перамог зь песьняй «Гуантанама» ў 4-м туры аўдыёчарту «Тузіна гітоў», таму музыкі вырашылі запісаць відэакліп на гэтую песьню. Таксама ўдзельнікі гурту задумалі наступную беларускамоўную кампазыцыю[8]. 7 лютага 2014 году «Нізкіз» прадставіў сваю 2-ю песьню па-беларуску «Паветра» на ўручэньні ўзнагароды «Даём рады». 10 лютага песьня «Гуантанама» перамагла ў 7-м туры аўдыёчарту «Тузіна гітоў». Тады гурт вырашыў запісаць песьню «Паветра» й яшчэ адну песьню па-беларуску з гукапрадусарам Яўгенам Сухавеем, а таксама падрыхтаваў трыплет-альбом. На люты й сакавік прызначылі канцэрты ў Берасьці й Гомлі. На сакавік прызначылі запіс відэакліпу «Гуантанама»[9].

21 траўня 2014 року гурт «Нізкіз» прадставіў свой 2-і беларускамоўны самотнік «Цяпер і далей» на «Эўрарадыё». Аляксандар Ільлін назваў яго «гімнам людзям, якія здольныя на сьмелыя ўчынкі» й сваёй улюбёнай песьняй. Гурт абвясьціў, што працуе над новым альбомам, палову якога мелі скласьці песьні па-беларуску[10]. Словы да песьні «Цяпер і далей» дапамог скласьці паэт Віталь Рыжкоў. 23 траўня «Нізкіз» выступіў на фэсьце «Дзень радыё»[11]. 7 чэрвеня 2014 году ў Маскве «Нізкіз» выступіў у парку Горкага, дзе больш прыязна прымалі песьні па-беларуску[12]. Цягам лета 2014 году песьня «Цяпер і далей» заняла 12-е месца сярод найбольш праслухоўваных на аўдыёканале «Тузіна гітоў» у «Саўндклаўдзе»[13]. 9 кастрычніка 2014 году песьня «Цяпер і далей» патрапіла ў аўдыёчарт «Тузіна гітоў». Па выніках папярэдняга сэзону песьня «Гуантанама» апынулася ў тузіне гітоў 2013/2014 гадоў. Да канца восені гурт вырашыў даць канцэрты ў 6 гарадох Беларусі — Берасьці, Менску, Віцебску, Рагачове, Гомлі й Наваполацку. Ужо гатовы новы альбом прызначылі да канцэртнай прэзэнтацыі на 2015 год[14]. Па выніках восені 2014 року песьня «Цяпер і далей» заняла 11-е месца ў «Тузіне гітоў» на «Саўндклаўдзе»[15]. 10 сьнежня 2014 году выйшла складанка «Сёмы Прэм’ер Тузін», у «Залатым Тузіне» якой песьня «Гуантанама» заняла 11-е месца па выніках гіт-параду 2014 году[16]. 22 сьнежня 2014 року песьня «Цяпер і далей» перамагла ў 6-м туры аўдыёчарту «Тузіна гітоў». Адначасна «Нізкіз» адправіў свой новы альбом на зьвядзеньне[17].

Узімку 2014/2015 гадоў песьня «Цяпер і далей» стала 9-й найбольш праслухоўванай сярод «Тузіну гітоў» на «Саўндклаўдзе»[18]. 23 ліпеня 2015 году паэт Глеб Лабадзенка ўлучыў песьню «Цяпер і далей» у мэгатур «Тузіна гітоў» за званьне найлепшай песьні году[19]. 1 жніўня 2015 году «Нізкіз» выступіў на фэстывалі «Дружба» ў цэнтры экалягічнага турызму «Станькава»[20]. 14 студзеня 2016 году «Нізкіз» выдаў 4-ю беларускамоўную песьню «Цемра»[21]. 29 лютага 2016 году «Нізкіз» перамог у альбомным і 7-м песенным чартах «Тузіна гітоў» з альбомам «Лірыка» й песьняй «Цемра». Музыкі пачалі ствараць новы альбом, для запісу якога запусьцілі грамадзкае фундаваньне на партале «МаеСэнс». Увесну вырашылі выступіць у абласных цэнтрах Беларусі[22]. 24 чэрвеня 2016 году «Нізкіз» адыграў 40 хвілінаў у якасьці госьця на фінале конкурсу «Засьпявай 3.0», які ладзілі на менскай плошчы Свабоды[23].

6 траўня 2017 року на тэлеканале «Белсат» гурт выступіў у перадачы «Музыка ўжывую» з 4-ма песьнямі, у тым ліку 3-ма па-беларуску: «Гуантанама», «Цяпер і далей» і «Цемра»[24]. 6 чэрвеня 2017 году Аляксандар Ільлін заявіў, што ў новым альбоме «Сыноптык» ягоныя «песьні пра ўнутранае надвор’е, якое кожны можа вызначаць сам: напрыклад, паглядзець у люстэрка зраніцы ды ўсьміхнуцца самому сабе, каб задаць уласны настрой»[25]. 7 чэрвеня 2017 году «Нізкіз» прадставіў свой беларускамоўны гіт «Небясьпечна» ў чарце «Тузіна гітоў». Аляксандар Ільлін з гэтай нагоды згадаў: «Мне думалася пры напісаньні пра чалавека, які з пэўных прычынаў пагрузіўся ў шэрую будзённасьць без усялякіх надзеяў на сьветлае. І вось здараецца невытлумачальнае, як яму здаецца: ён сустракае іншага чалавека, які зьмяняе яго сьветаадчуваньне ў лепшы бок! Для яго гэта так раптоўна, што ён баіцца ўсяго гэтага даўно забытага. Але ўсё ж карціць яму застацца ды паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Як кажуць, калючы ёрш, але юшка смачная»[26]. 17 ліпеня 2017 году паэт Міхал Анемпадыстаў залічыў песьню «Небясьпечна» гурту «Нізкіз» у мэгатур «Тузіна гітоў» за 2017 год[27]. 29 жніўня 2017 году песьня «Небясьпечна» перамагла ў мэгатуры «Тузіна гітоў», куды яе вылучылі 5 з 6 экспэртаў. На пачатку верасьня «Нізкіз» выступіў на некалькіх канцэртах у Менску, а 4 лістапада даў у сталіцы сольны канцэрт[28]. 19 лістапада 2017 року гурт вылучылі на прэмію «Героі году». На той час рэжысэр Арцём Лобач зьняў відэакліп на песьню «Небясьпечна», пад якую выпусьціў тызэр. Гурт выступіў з новай праграмай у Магілёве, Берасьці, Горадні, Віцебску, Браславе й Лагойску. Таксама музыкі далі 4 аншлягавыя сольнікі ў Менску й вырашылі паўторна выступіць у Віцебску й Берасьці ў сьнежні. Улетку гурт удзельнічаў у некалькіх фэстах. Урэшце «Нізкіз» даў стадыённы канцэрт на запрашэньне менскага клюбу «Крумкачы» перад гульнёй чэмпіянату Беларусі па футболе[29].

20 чэрвеня 2018 году ў відэачарт «Тузіна гітоў» патрапіў відэакліп Арцёма Лобача на песьню «Небясьпечна» гурту «Нізкіз»[30]. 30 чэрвеня 2018 году гурт выступіў з гадзіннай праграмай на фэсьце «Наш дзень» у Строчыцы[31]. 7 лістапада 2018 року гурт намінавалі на ўзнагароду «Героі году». Цягам году «Нізкіз» зьбіраў поўныя залі ў абласных цэнтрах Беларусі. Квіткі на тысячную залю ў Менску скончыліся за месяц да канцэрту. Адбыліся пасьпяховыя сольнікі ў 2 местах Расеі — Маскве й Санкт-Пецярбургу. Улетку «Нізкіз» выступіў на фэстывалях «ЛідБір» і «Віва Браслаў» у Беларусі, а таксама на ўкраінскім фэсьце «Атлас Ўікэнд». Над самотнікам «Люстэрка» працаваў партугальскі прадусар Даніель Кардозу. Кліп на песьню «Небясьпечна» дасягнуў 250 000 праглядаў[32]. 5 студзеня 2019 году «Нізкіз» выступіў 2-і раз на тэлеканале «Белсат» у перадачы «Музыка ўжывую», якую ўпершыню зьнялі ў прысутнасьці гледачоў. Сярод 6 песьняў музыкі выканалі 3 па-беларуску: «Люстэрка», «Небясьпечна»й «Так трэба». Сярод іншага музыкі прыгадалі свой выступ 25 сакавіка 2018 году ў Менску на 100-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі[33]. 15 студзеня 2019 году «Нізкіз» прадставіў кліп на песьню «Люстэрка» ў відэачарце «Тузіна гітоў». Пра песьню Аляксандар Ільлін зазначыў:

Калі мы заглядаем у сябе, як у люстэрка, мы можам пабачыць там некалькі асобаў ці нават дэманаў, якія з часам і пад уплывам розных фактараў могуць пачаць з намі суіснаваць! Ну і канечне, у песьні тлумачыцца тое, хто і што можа даць рады пазбыцца гэтага.

Апэратарам кліпу выступіў Аляксандар Алейнікаў. У галоўнай ролі зьняўся актор Беларускага моладзевага тэатру Антон Макуха, а таксама Настасься Белка й Цімур Нядзьведзь[34].

6 красавіка 2019 году гурт даў канцэрт з аншлягам у менскім клюбе «Прайм-Хол». 15 ліпеня 2019 року на сталічнай «Чыжоўка-Арэне» гурт «Нізкіз» выступіў разам з амэрыканскім гуртом «30 сэкундаў да Марсу»[35]. 10 жніўня 2019 году «Нізкіз» выступіў на «А-фэсьце» ў Менску[36]. 23 лютага 2019 году на тэлеканале «Беларусь 1» гурт выступіў у вечаровай перадачы «Макаёнка 9» зь песьняй «Небясьпечна»[37].

  • 15 лютага Nizkiz сабралі 4 тысячы глядачоў у Falcon Club Arena
  • 20 лютага 2020 году кліп на гіт «Небясьпечна» перасягнуў 1 млн праглядаў на Ютубе[38]

29 красавіка 2014 году гурт «Нізкіз» выдаў першы беларускі трыплет-альбом «Гуантанама», які назвалі ў гонар сваёй першай беларускамоўнай песьні. У трыплет-альбом акром песень зь першай плыткі ўвайшлі сынглы «Трымай» і «Гуантанама». Яго магчыма было паслухаць на смартфоне й пляншэце з дапамогай дадатку ў інтэрнэт-крамах «Гугл Плэй», «Эп Стор» і «Ўіндоўз Стор»[39].

Аляксандар Ільлін зьяўляецца аўтарам усіх песень. 

«Гуантанама»
Назва Працягласьць
1. «Гуантанама»   3:22
2. «Держи»    
3. «Токи»    
4. «Думай»    
5. «Это я сам»    
6. «Отдай»    
7. «Больше»    
8. «Шире»    
9. «Не верю»    
10. «Кроме»    
11. «С ума»    
12. «Из алого»    
13. «День over»    
14. «Сеть»    

24 сакавіка 2015 году «Нізкіз» выпусьціў 2-і альбом «Лірыка», які зьмяшчаў 2 песьні па-беларуску — «Цяпер і далей» і «Як спыняецца цішыня». Запіс альбому выканаў гукапрадусар Дзяніс Манёнак[40].

Аўтарам усёй музыкі зьяўляецца Аляксандар Ільлін.

«Лірыка»
НазваСловы Працягласьць
1. «Будь моей звездой»  Аляксандар Ільлін 3:39
2. «Поворачивай»  Аляксандар Ільлін 4:05
3. «Цяпер і далей»  Аляксандар Ільлін, Віталь Рыжкоў 3:20
4. «Лирика»  Аляксандар Ільлін 3:38
5. «Где я»  Аляксандар Ільлін 3:33
6. «Ничего не бойся»  Аляксандар Ільлін 3:55
7. «Як спыняецца цішыня»  Аляксандар Ільлін 4:05
8. «Из-за неё»  Аляксандар Ільлін 3:21
9. «Катрина»  Аляксандар Ільлін 3:43
33 хв.

21 красавіка 2017 году гурт выдаў 3-і альбом «Сыноптык». Тры зь 9-і песьняў альбому былі па-беларуску: «Так трэба», «Цемра» й «Небясьпечна». Усе песьні запісалі на магілёўскай студыі «Арзамас 16». Зьвядзеньне рабіў Канстанцін Пыжоў на польскай студыі «Дом міксу» (Варшава). Разам з гуртам ў запісе ўдзельнічаў клявішнік Максім Аляксееў. У песьнях «Выбірай» «Небясьпечна» падпявалі ўсе ўдзельнікі гурту, а таксама Раман Шошын і Дзяніс Манёнак[25].

Аляксандар Ільлін зьяўляецца аўтарам усіх песень. 

«Сыноптык»
Назва Працягласьць
1. «Здесь»   4:33
2. «Независимым»   3:47
3. «Выбирай»   4:18
4. «Так трэба»   3:43
5. «Абсолют»   3:24
6. «Цемра»   4:12
7. «Никому»   3:02
8. «Небясьпечна»   4:44
9. «Синоптик»   5:02
36 хв.

13 сьнежня 2019 году музыкі выпусьцілі 4-ы альбом «Самнамбула», тры зь 9 песьняў якога былі па-беларуску: «Люстэрка», «Ліпень» і «Раптам». Ко-прадусарам альбому быў Максім Аляксееў. У запісе таксама прымалі ўдзел Яўген Бельскі й Аляксандар Гарадкоў з гурту «Jazz City Band» (выканалі партыі трамбона й трубы адпаведна) і Аляксей Палаўчэня (Osimira, Irdorath), які выканаў партыі бубнаў да песьні «Агонь». 15 лютага 2020 року адбылося яго канцэртнае прадстаўленьне ў Менску[41].

Аляксандар Ільлін зьяўляецца аўтарам усіх песень. 

«Самнамбула»
Назва Працягласьць
1. «Зимняя»   4:37
2. «Огонь»   3:50
3. «Немею»   3:25
4. «Люстэрка»   4:07
5. «Полночь»   3:57
6. «Ліпень»   4:19
7. «Интроверт»   3:51
8. «Раптам»   4:15
9. «Спойлер»   5:10
37 хв.

У 2013 годзе «Нізкіз» выдаў па-расейску кліп «Гэта я сам», у 2015-м — лірык-відэа на песьню «Лірыка».

1 сакавіка 2018 року гурт «Нізкіз» прадставіў відэакліп на песьню «Небясьпечна». Рэжысэр Арцём Лобач зьняў кліп на прапанову мэнэджэркі гурту Міры Шульц. Здымкі занялі 2 дні ў лістападзе 2018 году. У першы дзень здымалі з ранку да вечару лясныя, марскія й гарадзкія сцэны. Другі дзень прысьвяцілі заключным кадрам пад Магілёвам Першапачатковы кошт кліпу ў $1500 кратна перавысілі. Над кампутарнай графікай для замены прасторы працаваў Уладзімер Куляшоў. Мантаж заняў наступныя 3 месяцы. Паводле задумы кліпу, чалавек стварыў штучны інтэлект (ШІ), які пераўзышоў яго ў здольнасьцях і мяняе навакольле. ШІ гуляе з чалавекам, як з марыянэткай, але той скарае ШІ сваёй бясстрашнасьцю. Праз пляску ў лістападаўскім лесе й на дахах Менску задуму ўвасобілі прафэсійныя танцоры Неж Іваноў і Вольга Рабецкая зь .Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатру[42].

10 верасьня 2018 году гурт прадставіў відэакліп на самотнік «Люстэрка» пра самапазнаньне. Яго зьняў рэжысэр Андрэй Грынько[43].

У 2019 годзе выйшлі 2 кліпы па-расейску «Інтравэрт» і «Нямею».

7 лютага 2014 году «Эўрарадыё» ўручыла гурту «Нізкіз» узнагароду «Даём рады» за самотнік году, якім стала песьня «Гуантанама»[44].

12 сьнежня 2017 году партал «Тузін гітоў» узнагародзіў гурт прэміяй «Героі году» за найлепшую песьню 2017 году, якой стала кампазыцыя «Небясьпечна»[45].

1 сьнежня 2018 году «Тузін гітоў» абраў «Нізкіз» пераможцам у намінацыі «Найлепшы гурт году», за што 12 сьнежня ўручыў яго музыкам узнагароду «Героі году»[46].

5 студзеня 2014 году аглядальніца «Белгазэты» Тацяна Заміроўская параўнала беларускамоўны дэбют «Гуантанама» гурту «Нізкіз» з ангельскімі выканаўцамі: «у беларускай афарбоўцы яны аўтаматам параўноўваюцца ўспрыманьнем з заходнімі гуртамі кшталту „Placebo“». Яна дадала, што «песьня пра турму выдатная, лепш за іншыя песьні гурту»[47]. 4 сакавіка 2014 року пісьменьніца з Гішпаніі Анхэля Эсьпіноса ўпадабала песьню «Гуантанама» сярод твораў 3-х чартаў «Тузіна гітоў» у лютым і заўважыла: «У нас рэдка знаходзіцца трэк такой чысьціні»[48]. 30 чэрвеня 2014 году сьпявак Зьміцер Нікановіч адзначыў, што атрымаў задавальненьне ад песьні «Гуантанама», і дадаў: «Мой бацька называе іх „беларускай Нірванай“, я ў чымсьці зь ім згодны»[49]. 4 ліпеня 2014 году кіраўнік менскага рок-клюбу «ТНТ» Яўген Агапаў вылучыў «Нізкіз» за песьню «Гуантанама» сярод 60 кампазыцыяў у чарце «Тузіну гітоў» і адзначыў: «можна іх слухаць ад „А“ да „Я“»[50]. 15 сьнежня 2014 году журналіст газэты «Культура» Алег Клімаў заўважыў: «З групы можа выйсьці баявая, стадыённага ўзроўню каманда. Вось толькі час для гэтага сыходзіць і нешта не чуваць, каб нехта з прадусараў ўзяўся б як сьлед за раскрутку гэтага сымпатычнага калектыву»[51].

14 студзеня 2015 году рэдактар Радыё «Свабода» Сяргей Дубавец даў адзнаку песьні «Цяпер і далей»: «„Нізкіз“ трапляюць дакладна ў кропку. Такая музыка і павінна панаваць на беларускіх каналах, і ня толькі на беларускіх»[52]. 23 лютага 2015 году журналіст музычнага парталу «Experty.by» Ягор Цьвілька заўважыў: «Выдатны ўзор стадыённага року паказалі „Нізкіз“. „Цяпер і далей“ гучыць тлуста й смачна ды вельмі просіцца на вялікую сцэну»[53]. 28 траўня 2015 року галоўны рэдактар парталу «Тузін гітоў» Сяргей Будкін адзначыў, што ў 2-м альбоме «Лірыка» прысутнічалі «надзвычайная ўвага да якасьці гучаньня і разьлік на стадыёны». З гэтай нагоды Сяргей Будкін заявіў, што каманда «Нізкіз» «засьведчыла сваё права звацца гонарам мясцовай альтэрнатыўнай сцэны». Ён падкрэсьліў, што альбом гучыць «з ґлябальным размахам, але без пантоў … зладжана й ґарманічна». Урэшце Будкіна зьдзівіла, што «на канцэртах „Нізкіз“ гучыць гэтак жа, як у запісе», за што выказаў «саўндпрадусару альбому Дзянісу Манёнку — безумоўны рэспэкт». Сяргей Будкін палічыў, што "наймацнейшая песьня на альбоме «Цяпер і далей». Таксама ён згадаў, што заслугоўвае ўвагі неапублікаваны да выпуску альбому нумар «Як спыняецца цішыня», «зроблены з матэматычным разьлікам — вытанчана і выверана … лагодна і кранальна, пры тым нораў кампазыцыі ўсё адно застаецца напятым ды эмоцыі праз край»[40]. 21 ліпеня 2015 году паэтка Наста Кудасава аддала кампазыцыі «Цяпер і далей» 2-е месца сярод найлепшых песьняў лета й заявіла, што гэта «абсалютны гіт, песьня, зь якой ня хочацца расставацца»[54]. 6 кастрычніка 2015 року крытыкі музычнага парталу «Experty.by» аддалі 1-е месца альбому «Лірыка» гурту «Нізкіз» сярод найлепшых беларускіх альбомаў 1-га паўгодзьдзя[55].

2 лютага 2016 году лідэр гурту «Порт Манэ» Аляксей Варсоба станоўча ацаніў песьню «Цемра» гурту «Нізкіз» у аўдыёчарце «Тузіна гітоў»: «Добрая праца вакаліста — выразнае выкананьне, трымае эмоцыю, разумее вобраз, можа і ўмее яго выказаць пры дапамозе вакалу»[56]. 18 красавіка 2016 году рэдактар парталу «Куку.орг» Павал Сьвярдлоў таксама ўпадабаў песьню «Цемра»: «Гэтым трэкам хлопцы граюць на полі „Акіяну Эльзы“, і ўкраінцы іх, натуральна, перайграюць. Але за спробу дзякуй»[57]. 15 ліпеня 2017 году мастачка Наста Шастак адзначыла песьню «Небясьпечна» гурту «Нізкіз» за «цэласьць» і надала ёй 7-е месца ў мэгатуры «Тузіна гітоў» за 2017 год[58]. 18 ліпеня музыка Дзіма Ску вылучыў песьню «Небясьпечна» ў тузін свайго рэйтынгу для ўдзелу ў мэгатуры[59]. 22 ліпеня 2017 году дызайнэр Уладзімер Цэсьлер згадаў песьню «Небясьпечна» ў сваім тузіне найлепшых з усіх песень сэзону 2016/2017 гадоў[60]. 24 ліпеня старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі адзначыў: «У песьні „Нізкіз“ — „Небясьпечна“ — пачуў даволі распазнавальны вакал у нашых тэрэнах, надрыўны, што зрываецца на фальцэт, „чэсны“. Падобны да вядомых мне брытанскіх рок-адраджэнцаў 2000-х»[61].

  1. Андрэй Скурко. «Дзівосныя кветкі беспаветранай прасторы» // «Тузін гітоў», 6 траўня 2016 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  2. Падарунак ад Яўгена Сухавея гурту «Нізкіз» // «Эўрарадыё», 8 лютага 2014 г. Праверана 27 лютага 2021 г.
  3. Яраслаў Іванюк. Ілёна Карпюк на Басовішчы // Беларуская служба Польскага радыё, 18 ліпеня 2014 г. Архіўная копія ад 18 ліпеня 2014 г. Праверана 27 лютага 2021 г.
  4. Затрымалі траіх удзельнікаў вядомага беларускага гурта Nizkiz Радыё Свабода
  5. Белорусскую группу Nizkiz, чья песня «Правілы» стала гимном протестов 2020 года, включили в реестр «экстремистов». Суд назначил музыкантам «домашнюю химию» Meduza
  6. Яўген Шапчыц. Чарговы магілёўскі прарыў — «Нізкіз» напісалі 100% гіт // Музычны партал «Тузін гітоў», 5 лістапада 2013 г. Праверана 10 сакавіка 2020 г.
  7. «Турма ўнутры нас» // «Тузін гітоў», 12 сьнежня 2013 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  8. Эфэкт «Гуантанамы» // «Тузін гітоў», 27 сьнежня 2013 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  9. «Нізкіз» экранізуюць «Гуантанаму» і выдаюць альбом у трыплеце // «Тузін гітоў», 10 лютага 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  10. Маша Калесьнікава. Прэзентацыя на Эўрарадыё: Сынгл «Цяпер і далей» ад «Нізкіз» // «Эўрарадыё», 21 траўня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  11. «Нізкіз» запісаў гімн сьмелым // «Тузін гітоў», 23 траўня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  12. «На расейскую не перакладаліся б» // «Тузін гітоў», 9 чэрвеня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  13. Топ-12 беларускіх песень гэтага лета // «Тузін гітоў», 30 жніўня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  14. Гімн людзям, здольным на сьмелыя ўчынкі // «Тузін гітоў», 9 кастрычніка 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  15. Топ-12 песень гэтай восені // «Тузін гітоў», 1 сьнежня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  16. Сяргей Будкін. «Сёмы Прэм’ер Тузін» — інтэрнэт-прэм’ера складанкі // «Тузін гітоў», 10 сьнежня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  17. Пераможцы чарту «Нізкіз»: «Будзем сьпяваць па-беларуску і надалей» // «Тузін гітоў», 10 сьнежня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  18. Топ-12 песень зімы 2014/2015 // «Тузін гітоў», 2 сакавіка 2015 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  19. Глеб Лабадзенка. «Ненавязьлівы Тузін» // «Тузін гітоў», 23 ліпеня 2015 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  20. Фэстываль «Дружба» запрашае на пікнік пад Менскам // «Тузін гітоў», 15 ліпеня 2015 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  21. Ад цемры зарок // «Тузін гітоў», 14 студзеня 2016 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  22. Двайная перамога «Нізкіз» // «Тузін гітоў», 29 лютага 2016 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  23. «Нізкіз» сыграе разам зь фіналістамі «Засьпявай 3.0» // «Тузін гітоў», 12 чэрвеня 2016 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  24. Пэрфэкцыяністы зь «Нізкіз» // «Тузін гітоў», 6 траўня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  25. 1 2 Глаўней за ўсё надвор’е дома // «Тузін гітоў», 6 чэрвеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  26. Калючы ёрш, але юшка смачная // «Тузін гітоў», 7 чэрвеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  27. Міхал Анемпадыстаў. «Цэльны Тузін» // «Тузін гітоў», 17 ліпеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  28. «Небясьпечна» ад «Нізкіз» — найлепшая песьня сэзону 2016/2017 // «Тузін гітоў», 29 жніўня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  29. Намінанты на «Гурт году» на прэміі «Героі году — 2017» // «Тузін гітоў», 19 лістапада 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  30. Танцы на даху // «Тузін гітоў», 20 чэрвеня 2018 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  31. Як справы, гурт «Нізкіз» // «Эўрарадыё», 29 чэрвеня 2018 г. Праверана 1 красавіка 2020 г.
  32. Шорт-ліст прэміі «Героі году — 2018» // «Тузін гітоў», 7 лістапада 2018 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  33. Героі году ў беларускай музыцы ў «BML Прэміюм» // «Тузін гітоў», 5 студзеня 2019 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  34. Убачыць дэманаў і ўратавацца // «Тузін гітоў», 15 студзеня 2019 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  35. Маша Калесьнікава. Джарэд Лета абраў гурт «Нізкіз» для разагрэву на канцэрце ў Менску // «Эўрарадыё», 2 траўня 2019 г. Праверана 1 красавіка 2020 г.
  36. Мікіта Пастухоў, Іна Нячай. Фэсты Беларусі і Ўкраіны // «Тузін гітоў», 23 жніўня 2019 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  37. «Нізкіз» - Небясьпечна // Шоў «Макаёнка 9», 23 лютага 2019 г. Праверана 1 красавіка 2020 г.
  38. Арсень Чупрыгін. Хто сьпявае па-беларуску // Газэта «Зьвязда», 21 лютага 2020 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  39. «Нізкіз» выдалі першы беларускі трыплет-альбом // «Тузін гітоў», 29 красавіка 2014 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  40. 1 2 Сяргей Будкін. Новы тып беларускага рок-гурта // «Тузін гітоў», 28 траўня 2015 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  41. «Нізкіз» выпусьцілі новы альбом ў пятніцу, 13-га // «Эўрарадыё», 13 сьнежня 2019 г. Праверана 1 красавіка 2020 г.
  42. Прэзэнтацыя кліпа: «Нізкіз» – Небясьпечна // Часопіс «34mag», 1 сакавіка 2018 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  43. Новыя песьні восені-2018 // «Тузін гітоў», 1 лістапада 2018 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  44. Прэмія «Даём рады»: «Ляпісы» — гурт году, альбом году ў «Літвінтроля» // «Тузін гітоў», 8 лютага 2014 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  45. Узнагароджаны «Героі году»: Мікіта і «Тонкіход» // Партал «Experty.by», 13 сьнежня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  46. «Нюрнбэрг» — адкрыцьцё, «Нізкіз» — героі 2018 году // «Тузін гітоў», 1 сьнежня 2018 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  47. Тацяна Заміроўская. Аксамітная перамога простага, спакойнага і добрага // «Тузін гітоў», 5 студзеня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  48. Анхэля Эсьпіноса. «Нам не стае добрае музыкі, таму што яна ўся ў вас» // «Тузін гітоў», 4 сакавіка 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  49. Пераможцу «Тузіна гітоў» Дзьмітрыя Нікановіча ўпадабаў Канстанцін Мэладзэ // «Тузін гітоў», 30 чэрвеня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  50. Яўген Агапаў. «Рокавы тузін» ад рок-клюбу «ТНТ» // «Тузін гітоў», 4 ліпеня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  51. Алег Клімаў. «Беларуская альтэрнатыва не пазбавілася клінічных праяваў» // «Тузін гітоў», 15 сьнежня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  52. Сяргей Дубавец. «У беларускую музыку вярнулася энэргетыка і якасьць» // «Тузін гітоў», 14 студзеня 2015 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  53. Ягор Цьвілька. «Без тыраніі мовы не здарылася б шмат якіх песень» // «Тузін гітоў», 23 лютага 2015 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  54. Наста Кудасава. «Штодзённы Тузін» // «Тузін гітоў», 21 ліпеня 2015 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  55. «Нізкіз», «Супэр Бэсэ» і Вайцюшкевіч ачолілі рэйтынг беларускіх альбомаў-2015 // «Тузін гітоў», 6 кастрычніка 2015 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  56. Аляксей Варсоба. «Колькасьць нязьменна перарасьце ў якасьць» // «Тузін гітоў», 2 лютага 2016 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  57. Павал Сьвярдлоў. «Стыльскі на мове — гэта пакуль што балерына на лёдзе» // «Тузін гітоў», 18 красавіка 2016 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  58. Наста Шастак. «Гарманічны Тузін» // «Тузін гітоў», 15 ліпеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  59. Дзіма Ску. «Тузін па справе» // «Тузін гітоў», 18 ліпеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  60. Уладзімер Цэсьлер. «Крэатыўны Тузін» // «Тузін гітоў», 22 ліпеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  61. Зьміцер Сурскі. «Нясонны Тузін» // «Тузін гітоў», 24 ліпеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]